хруста́ль, ‑ю, м.

1. Шкло высокай якасці, якое мае асобы бляск і здольнасць моцна праламляць святло. Бакалы, вазы і кілішкі са штучнага хрусталю пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі. Шамякін.

2. Вырабы з такога шкла. Сервант запоўнены фарфорам, хрусталём. / у вобразным ужыв. Ёсць хараство і ў гэтых зімах, І ў мёртва-белых тых кілімах, Што віснуць-ззяюць хрусталямі Над занямелымі лясамі. Колас.

3. Тое, што і горны хрусталь. Пацеркі з хрусталю.

•••

Горны хрусталь — празрыстая бясколерная разнавіднасць кварцу, якая выкарыстоўваецца для аптычных і ювелірных вырабаў.

[Ад грэч. krýstallos — крышталь.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павуці́на, ‑ы, ж.

1. Сетка з тонкіх нітак або асобная тонкая нітка, утвораная з клейкага рэчыва, якое выдзяляецца павуком. Павуціна плялася ад бэлькі да бэлькі. Бядуля. У кляновых лісцях віснуць павуціны. Куляшоў.

2. перан. Тое, што падобна на такую сетку, нагадвае яе. Павуціна правадоў. Павуціна маршчын. □ Так жа хацелася б змахнуць з таго акенца жалезную павуціну крат, .. разлупіць наросхрыст сцены вагона. Брыль.

3. перан. Тое, што падпарадкоўвае сабе, аблытвае каго‑н. Павуціна хлусні. Павуціна забабонаў. □ У іх фантазіі дзяцінай, Затканай страху павуцінай, Ўстаюць начныя страхі, здані. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́гасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць строгага. Строгасць настаўніка. Строгасць закона. Строгасць ліній. □ І дабрата, і строгасць рыс, І косы, спушчаны ўніз, Што з плеч на грудзі віснуць зграбна, І стужка сіняя ядвабна, І твару ветлага абрыс. Колас.

2. Строгія адносіны да каго‑, чаго‑н., строгае абыходжанне з кім‑н. Сцёпка здрыгануўся, бо запытанне было для яго нечаканым, а ў голасе незнаёмага чалавека .. чулася начальніцкая строгасць. Колас. // Строгі выраз (у позірку і пад.). І не тая яна: гэтая строгасць у позірку [Доні], гэтая беглая стоеная ўсмешка на пахудзелым твары — усё незнаёмае, чужое. Вышынскі.

3. толькі мн. (стро́гасці, ‑ей). Разм. Строгія парадкі, строгія меры. Паліцэйскія строгасці супроць ліберальнага друку ўзмацняюцца не днямі, а гадзінамі. Ленін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нежывы́, ‑ая, ‑ое.

1. Пазбаўлены адзнак жыцця, мёртвы. Пасярэдзіне [лодкі] стаяла закопчанае вядро, у якім пад аерам у вадзе ляжала некалькі ўжо нежывых рыбак — ці то верхаводак, ці то плотак. Чыгрынаў.

2. Які не адносіцца да жывёльнага ці расліннага свету; неарганічны. Нежывая прырода.

3. Пазбаўлены жыццёвых сіл, энергіі, вялы; такі, як у мёртвага. Калі Іліко падышоў, хлопец павольна павярнуў галаву і глянуў на яго. Але і цяпер погляд ягоны заставаўся нежывым. Самуйлёнак. Ногі дрыжалі, слабелі, рабіліся нейкія нежывыя, і .. [Косця] баяўся, каб хаця не ўпасці. Адамчык. // Ненатуральны. У нежывой позе сваёй стаялі над уваходам.. [у касцёл] барэльефныя постаці акамянелых біскупаў. Чорны.

4. перан. Які не дзейнічае, не працуе. Колькі ты ні ідзеш — Сустракаеш пажары, Віснуць здані кругом Нежывых каміноў. Броўка.

5. перан. Цьмяны, бледны (пра святло, колер і пад.). Даволі часта ў бок шашы — то справа, то злева — узляталі белыя ракеты і паволі згасалі, разліваючы трапяткое, нежывое святло. Лынькоў. Леапольд Гушка стаяў перад хатаю на дварэ.. у нежывым месячным святле. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)