лесасе́ка, ‑і, ДМ ‑сецы, ж.

Участак, выдзелены для высечкі лесу, участак высечанага лесу. Чатыры сасны засталіся стаяць пасярод лесасекі. Шамякін. Там, дзе не баяцца птушкі чалавека, Дзе вякамі сонна ціхі бор драмаў, Там была дзялянка — наша лесасека. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Со́тка ‘сотня’ (ТСБМ, Сцяшк., Шат.), ‘пляшка (100 г гарэлкі)’ (Ян.), ‘адна сотая частка якой-небудзь адзінкі, меры (гектара і пад.)’ (ТСБМ, Ян.), звычайна со́ткі мн. л. ‘выдзелены ўчастак зямлі для апрацоўкі’, ‘прысядзібны ўчастак’ (Сл. ПЗБ). Укр., рус. со́тка ‘тс’. Да соты (гл.) з суф. ‑к‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

аддзе́л, ‑а, м.

1. Падраздзяленне ў структуры якой‑н. установы або прадпрыемства. Аддзел кадраў. Планавы аддзел. Раённы аддзел народнай асветы.

2. Адна з частак, на якія падзяляецца што‑н. цэлае на аснове пэўных прыкмет. Аддзелы галаўнога мозгу.

3. Састаўная частка чаго‑н. (магазіна, музей, выстаўкі), дзе знаходзяцца аднародныя прадметы. Аддзел беларускага жывапісу. Галантарэйны аддзел.

4. Раздзел у навуцы, прысвечаны пэўнаму колу пытанняў. Генетыка — аддзел біялагічнай навукі. // Раздзел у газеце або часопісе, у якім змяшчаюцца артыкулы, аб’яднаныя тэматычна. Літаратурна-крытычны аддзел газеты.

5. Уст. Выдзелены бацькам сыну надзел зямлі. Мікодым, як большы сын, па спрадвечнай завядзёнцы пайшоў на аддзел і паставіў сабе хату не поруч з бацькавай, а ў другім, канцы водруба. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паме́р, ‑у, м.

1. Велічыня чаго‑н. у адным або некалькіх вымярэннях. У сасновым бары, каля самай сядзібы запаведніка, выдзелены для.. [гадавальніка] участак зямлі, памерам у адзін гектар. В. Вольскі. Без канца і меры.. [дрэўцы] рассявала тут усюды старая таполя, памераў незвычайных. Чорны.

2. Ступень развіцця, велічыня, маштаб якой‑н. з’явы, здарэння і г. д. Аляксей падумаў, якія вялізныя памеры наступлення і — колькі тут войск, людзей, што .. нецярпліва, парыўна яшчэ чакаюць сваёй пары!.. Мележ. Бадай што няма большай небяспекі, чым тая, памераў якой яшчэ не ведаеш. Карпюк.

3. Мерка, нумар якога‑н. прадмета. З раніцы да позняга вечара топчуць.. [двор] падэшвы чаравікаў самых розных фасонаў і памераў — ад 18‑га да 38‑га нумару. Жычка.

4. Спец. Камбінацыя тых ці іншых элементаў (націскных і ненаціскных або доўгіх ці кароткіх складоў), якая паўтараецца ў вершы і з’яўляецца асновай вершаванага рытму. Перабрана мноства класічных памераў ад ямба да анапеста. У. Калеснік. Кожная з дарэвалюцыйных паэм Купалы пісалася адным намерам. Бярозкін. // Тая ці іншая колькасць і размяшчэнне рытмічных адзінак у музыкальным такце, якія ўтвараюць рытмічны лад музычнага твора.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

То́чка1 ’мядзведка, Gryllotalpa gryllotalpa’ (Сержп., Байк. і Некр., Мат. Гом., ТС, ПСл; бяроз., Ск. нар. мовы; лельч., Жыв. НС), ’крот’ (ТС), ты́чка ’тс’ (іван., ЖНС), ту́чка ’мядзведка’ (ТС), ты͡эчка ’тс’ (лун., Арх. Вяр.), tòčka, tu͡ečka ’крот’ (Тарн.), ’сараканожка, Myriapoda’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. дыял. ту͡очка ’мядзведка’, то́чка ’палёўка’, каш. točk ’крот’, ’мыш Cletrionomys glareolus’, палаб. tücai̯kă ’крот’, славац. дыял. točka ’тс’. Да тачы́ць ’грызучы, праядаючы, рабіць дзіркі, пашкоджваць што-небудзь’ (гл.) < прасл. *točiti, адным са старажытных значэнняў якога акрамя ’прымушаць цячы, бегчы’ (< *tekti ’цячы, бегчы’) было ’круціць, пракручваць’. Паводле Папоўскай–Таборскай (Бел.-польск. ізал., 106), гэта перыферыйны праславянскі (палабска-кашубска-палескі) архаізм або, магчыма, арэальная праславянская інавацыя (Szkice, 2, 35), падтрыманая наяўнасцю ідэнтычна матываваных ням. Wühler, Wühlwurm, Erdwühler ’крот’. Борысь (SEK, 5, 154) мяркуе пра незалежнае развіццё назвы на славянскіх тэрыторыях. Цікавасць уяўляе выпадак этымалагічнай магіі: “як пачынаюць закормліваць на ўбой вепрука ці свінню, то даюць ім зьесці точку, каб яны хутко сыцелі” (Сержп. Прымхі, 151); тут назва набліжана да тук, тучыць, гл.

То́чка2 ’кропка’ (Бяльк.), ’колік, які служыць межавым знакам’ (Некр.), ’метка ў канцы адмеранага ўчастка’ (люб., Бел. дыял., 2); у выразах: точка ў точку ’вельмі падобны’ (ТС), ni papaŭ ŭ tòczku ’не змог нешта зрабіць, сказаць; няўдала ажаніўся’, tòczka ŭ tòczku ’пра штосьці добра падабранае, напр., коней (калі адзін аднаго даганяе, але застаюцца на аднолькавай адлегласці, то так гавораць)’ (ваўк., Федар. 4). Параўн. укр. то́чка ’пункт, кропка’, рус. то́чка, чэш. teczka, славен. tóčka, серб.-харв. та̏чка, балг. то́чка, макед. точка ’тс’. Прасл. *tъčьka < *tъčь (< *tъknǫti/*tykati) ’месца, куды ткнулі’, параўн. ты́чка ’знак забароны’ (Жд. 2). Паводле семантыкі аналагічна лац. punctum ’кропка’ < pungere ’калоць’ (Фасмер, 4, 90; Махэк₂, 638; Чарных, 2, 254; ЕСУМ, 5, бі 1). Гл. таксама точ, тоц.

То́чка3 ’магазін’ (Сцяшк. Сл.), ’радыёкропка’ (Сл. ПЗБ, Вруб.), з рус. то́чка ’тс’, скарочана з афіцыйна-канцылярскіх назваў: торго́вая то́чка, радиото́чка ’тс’.

То́чка4 ’гайня, зграя сабак, ваўкоў у час цечкі’ (слонім., Шн. 3; Сл. ПЗБ; слонім., Жыв. сл.; зэльв., слонім., ЛА, 1; Сцяц.). Параўн. укр. дыял. ті́чка, те́чка ’гайня ваўкоў; касяк рыб’. Да тачы́цца (< тачы́ць < *točiti) ’круціцца’, што ўрэшце да *tekti, *tokъ (гл. цякаць, цячы, ток2) (ЕСУМ, 5, 578; Страхаў, Palaeoslavica, 13, 2, 20). Гл. це́чка.

То́чка5 ’кружок, які дзеці выкарыстоўваюць пры катанні’ (ваўк., Арх. Федар., Вруб.). Да тачыць (гл.); параўн. асабліва польск. taczać ’гнаць наперад нешта круглае, куляць’, toczyć ’каціць’, toczek ’кружок, колца’.

То́чка6 ’вяха, якая забараняе карыстацца дарогай’ (Шат), ’забіты ў дно ракі кол для прывязі рыбацкага чаўна’ (мазыр., Яшк.), ’тычка на фасоль’ (Мат. Гом.). Да у‑ткну́ць, ты́каць, ад асновы якіх утварылася (з суф. *‑jь) *točь ’месца, куды ўваткнулі што-небудзь’, пазней — ’тое, што ўтыкалі’. Відаць, сюды ж: то́чка ’ўчастак зямлі (для пасадкі, поліва ці ўборкі буракоў), выдзелены для апрацоўкі яго адным работнікам у калгасе’ (лельч., ЛА, 2); гэты ўчастак мог быць абазначаны ўваткнутымі вешкамі. Гл. таксама тычка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)