Вярхо́віца ’верх галавы, сярэдзіна верхняй часткі галавы, дзе бывае лысіна’ (навагр., стаўб., З нар. сл.); ’лоб’ (стаўб., КЭС), верхо́віца ’цемя’ (петрык., Шатал.) узнікла ў выніку субстантывацыі прыметніка *вярховы ’верхні’ (< vьrx‑ovъ‑) пры дапамозе суф. ‑іц‑а (< ic‑a). Да верх (гл.). Параўн. ст.-рус. верхъ ’цемя, макаўка’ (з XVI ст.), верховица ’цемя, макаўка, верхняя частка галавы’ (з XVII ст.), рус. вяц., горк. верховка ’цемя галавы раскольніка, якое выстрыгалася, паводле звычаяў веры, як у ксяндза’, літ. viršū́ ’вяршок, макаўка, вершаліна’, viršùgalvis, galvóvtršis ’цемя, макаўка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сям’я́, і́; мн. се́м’і (з ліч. 2, 3, 4 сям’і́), сяме́й і се́м’яў; ж.

1. Група людзей, якая складаецца з мужа, жонкі, дзяцей і іншых сваякоў, якія жывуць разам. У .. [Міканора] была, па-вясковаму, невялікая сям’я: тры сыны і дачка. Ракітны. За вайну Азаркевіч страціў усю сям’ю. Гурскі.

2. перан.; каго або якая. Група, арганізацыя людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, дзейнасцю, дружбай. З кожным днём расла сям’я будаўнікоў: прыбывалі вялікімі групамі і ў адзіночку хлопцы і дзяўчаты з камсамольскімі пуцёўкамі і з гарачым жаданнем будаваць. Грахоўскі. Гэта быў дзень, калі кожны яшчэ і яшчэ раз адчуў сілу роднага калгаса, адзінства і згуртаванасць дружнай калгаснай сям’і. Краўчанка. Зноў ты будзеш, Беларусь, Квітнець з сям’ёй народаў вольных. Танк.

3. Група жывёл, птушак, якая складаецца з самца, адной або некалькіх самак і дзіцянят, што жывуць разам. І найчасцей сустрэне [Алежка] там ласёў, цэлую іх сям’ю: самца ў гордай кароне рагоў, карову з цялушкай — пасуцца ў драбналессі. Вышынскі. / Пра пчол. Рыгор зазірнуў за імшанік. І тут стаяць два новыя домікі. Не пустыя. Сем’і новыя. Пчол густа-густа. Б. Стральцоў. // Група раслін аднаго віду, якія растуць разам. От .. [малады чалавек] убачыў пры дарозе сям’ю грыбоў. Чорны. Я па лесе іду... Рыжых сосен сям’я Над маёй галавой крылле звесіла. Панчанка. // перан. Сукупнасць аднародных, падобных прадметаў, з’яў. Гара Фазіс. Сівая вершаліна ў сям’і гор Сванетыі. Самуйлёнак.

4. У лінгвістыцы — група роднасных моў. Сям’я славянскіх моў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)