расшырэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расшыраць — расшырыць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. расшырацца — расшырыцца. // Паталагічнае павелічэнне памераў (сэрца, сасудаў і пад.). Расшырэнне вен.
2. Расшыраная частка чаго‑н. Труба з расшырэннем.
•••
Расшырэнне Сусвету — павелічэнне з цягам часу адлегласці паміж касмічнымі аб’ектамі (зоркамі, галактыкамі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Све́нка (свэ́нка) ‘укладка жыта з дванаццаці снапоў’ (кам., Шатал.). Хутчэй за ўсё, ад свінка ў дыялектным вымаўленні, параўн. свіння 2. Менш верагодна сувязь з віць, вянок (гл.). Параўн. рус. вен ‘вянок’, балг. свеник ‘добра скручаная вязка травы, прыгатаваная для ўючнай перавозкі’ (БЕР, 6, 540). Гл. яшчэ свянаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ве́нік ’венік’. Рус. ве́ник, укр. ві́ник ’тс’, чэш. věnik ’пучок, вязанка’; параўн. і ст.-рус., ст.-слав. вѣникъ. Слав. *věnikъ — утварэнне ад прасл. *věnъ ’вянок, сплеценае галлё і г. д.’ (рус. вен, польск. wian ’вянок’), якое адносіцца да *viti *vьi̯ǫ ’віць’ (і.-е. *u̯ei̯‑ ’тс’; гл. віць). Акрамя *venikъ, сюды належыць *věnъkъ ’вянок’, *věnьcь ’вянок, вянец’. Гл. Брандт, РФВ, 25, 217; Праабражэнскі, 1, 108; Фасмер, 1, 291.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Свяна́ць (свѣнаць) ‘асаджваць вылятаючы з вулля рой, які заўсёды садзіцца накшталт вянка’ (Нас.), свяна́цца (свѣна́цьца) ‘садзіцца (аб пчаліным раі)’ (Нас.). Насовіч параўноўваў гэта слова з вянец, якое далей звязана з віць (гл.). Параўн. таксама рус. вен ‘вянок’ і свенка (гл.). Менш верагодна, аднак фармальна бліжэй, сувязь з с.-балг. свѣнити сѧ ‘адхіляцца’, што да ст.-слав. свѣнѥ ‘прэч, вонкі, акрамя, збоч’, параўн. БЕР, 6, 540; Фасмер, 3, 572.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пу́гі ’пра рукі з набухлымі венамі’ (пруж., ЛА, 3), ’расшырэнне вен’ (навагр., Жыв. сл.). Магчыма, да пугі ’сцябліны без лісцяў’, гл. пуга 1 паводле знешняга падабенства Пятлёва (Этимология–1985, 17) збліжае з рус. пуга ’пуха ў яйцы’, ’падушка, на якой плятуць карункі’, укр. опу́гатися ’цёпла адзецца, апрануць на сябе шмат’, на базе агульнага значэння ’выпукласць, патаўшчэнне’, што пры ўліку польск. pęga ’лытка’, старое pąga ’тс’ здаецца цалкам верагодным. Аднак таксама польск. pęgi ’сляды на скуры ад удараў бізуном’ (фіксуецца з 1455 г.), якое Банькоўскі (2, 537) выводзіць з pęgi ’прылада для бічавання са шматлікімі шарыкамі на раменьчыках’, дае перавагу першай версіі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
срэ́бра, ‑а, м.
1. Высакародны метал шаравата-белага колеру з бляскам. З унікальных мастацкіх вырабаў увагу спыняў вялікі крыж са срэбра і золата. «Помнікі». Але і гандаль рабамі не задавальняў партугальцаў, якія прагнулі захапіць усю краіну з яе багатымі залежамі срэбра. «Маладосць». // перан. Што‑н. бліскуча-белае, колерам ці бляскам падобнае на гэты метал. Сонца стала ўставаць, Ззяла срэбрам трава. Лойка. Дождж срэбра сваё ледзяное На ядраным лузе рассыпаў. Калачынскі. / Пра сівізну. Не, гэта не срэбра на скронях, не вузлы сініх вен на руках і нават не сетка маршчынак ля вачэй. Данілевіч. Барада заслала грудзі, Срэбра ў чорнай барадзе. Бялевіч.
2. зб. Вырабы з гэтага металу. Сем дываноў, фарфор і срэбра, А што за мэбля ў яго! Панчанка. // перан. Пра багацце, раскошу. І ўжо ніяк нельга падумаць, што жыхары Серабранкі хадзілі тут у срэбры ды золаце... Новікаў. [Тапурыя:] — Я вольны марак і просты чалавек, і не змагу я жыць у срэбры і золаце. Самуйлёнак. // Пасярэбраныя шаўковыя ніткі для вышывання, ткання.
3. зб. Разменная манета са сплаву, у якім галоўнай састаўной часткай з’яўляецца срэбра або нікель. У гэтай скрыні былі сх[а]ваны .. лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пацеркі. Колас. Сапе Мядзведзь, звініць ланцуг, Цыган паважна звоніць срэбрам. Крапіва.
4. перан. Меладычнасць, гучнасць, чысціня (пра гук, голас і пад.). Голас у Насці срэбрам разышоўся па хаце. Чорны. А над намі льюцца срэбрам Птушак галасы. Журба.
•••
Жывое срэбра — ртуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)