Касма́ты ’касматы’ (ТСБМ, БРС, Касп., Сл. паўн.-зах.). Параўн. у іншых слав. мовах: рус. косма́тый, ст.-рус. косматыи, укр. косматій ’тс’; ст.-чэш. kosmatý, славац. kosmatý, в.-луж. kosmaty, н.-луж. kósmaty, ст.-польск. kosmaty, польск. kosmaty, ц.-слав. косматъ, балг. косма́т, макед. космат, серб.-харв. ко̀смат, ко̏смат, славен. kosmàt. Прасл. *kosmatъ(jь) з’яўляецца вытворным пры дапамозе суф. ‑atъ ад прасл. *kosma/*kosmъ. Паводле Трубачова, там жа, можна гаварыць у даным выпадку аб тым, што слав. слова працягвае і.-е. дыял. kosmātos. Цікава, што слав. *kosmatъ вельмі нагадвае лац. comātusваласаты, доўгавалосы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

касма́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З доўгай густой поўсцю; лахматы. Касматы сабака. Касматы мядзведзь. □ На загнетку, прыпёршыся да засланкі, дрэмле касматая, падобная на лісу, кошка. Чыгрынаў. // Зроблены са шкуры з доўгай і густой поўсцю (пра адзенне). Касматая шапка. Касматы кажух.

2. Аброслы доўгімі валасамі; валасаты. Касматая галава. □ [Адам Блецька] аброс і схуднеў, стаў касматы і страшны. Чорны. // Растрапаны, ускудлачаны (пра валасы). Касматая барада. Касматыя валасы.

3. Пакрыты ворсам, кароткімі валаскамі (пра тканіну). Касматы ручнік.

4. перан. З густым, няроўным лісцем, веццем. Глухой сцяной .. касматага хвойніку пачынаўся балотны лес. Галавач. Глуха шумелі, стагналі касматыя яліны. Лынькоў. // Які мае выгляд шматкоў, касмыкоў, з краямі ў выглядзе шматкоў (пра туман, воблакі і пад.). Узрываліся самалётныя бакі, высока ўскідваючы касматыя лапы агню. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., каго-што.

1. Зрабіць гнутым, надаць выгляд дугі, вугла. Сагнуць дрот. □ І ўпершыню мой валасаты прашчур Падняўся і сагнуў рагаты сук. Грахоўскі. Даўней грыўню мог [Сямён Ямкавы] сагнуць пальцамі. Чорны. // Зрабіць што‑н. шляхам згінання. Сагнуць дугу. □ Распарыў [Янка] палазы ў печы. Сагнуў, габлюе цэлы дзень. Корбан. // Нахіліць да зямлі. Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх вецце абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк. Калі тонкага дрэва не сагнеш, то тоўстага не адужаеш. Прыказка.

2. Нахіляючыся, выгнуць спіну. Ніжэй сагнулі спіны жнейкі, шыбчэй зашорхалі сярпы. Бядуля.

3. Зрабіць згорбленым, згорбіць. Гэта быў чалавек вышэй сярэдняга росту, гады не высушылі і не сагнулі яго дзябёлую постаць, трымаўся ён проста і хадзіў яшчэ шпарка і ўпэўнена, хоць і абапіраўся на кій. Шамякін. / у безас. ужыв. Вярнуўся Змітрок у Добры Дуб. Дзеці абадраныя, Хрысціна хваравітая, і самога ледзьве не сагнула. Гроднеў.

4. Скласці пад вуглом у суставе (пра канечнасці). — Дык у мяне ж рука — во! — сагнуў у локці руку Сашка. — Праўда ж, моцны я? Даніленка.

5. Пашкодзіць, зрабіць пагнутым. [Бацька] — Каб ты бачыў, сынок, сашнік сагнуў як ёсць, у камень недзе ўправіўшы. Чорны.

6. перан. Зламаць стойкасць, сілу, зрабіць каго‑н. пакорным. Нястача і гора сагнулі яго. □ Нашых плеч не сагнулі Ні замець, Ні снег, Ні скавыш. Глебка. Непакорных, гордых не магло Нішто ў змаганні з ворагам асіліць, Зламаць, сагнуць. Танк. Не, не стопчуць красы тваёй брудныя боты. Не, народа майго аніхто не сагне! Панчанка.

•••

Сагнуць (скруціць) у бараноў (казіны) рог; сагнуць у дугу; сагнуць у крук; сагнуць у абаранак — уціскам, строгасцю прымусіць каго‑н. пакарыцца, падпарадкавацца.

Сагнуць у тры пагібелі — падвергнуць жорсткай эксплуатацыі, уціску; прымусіць пакарыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)