мяле́ць, ‑ее; незак.
Рабіцца мелкім, неглыбокім (пра вадаёмы). Рэчка мялела з кожным годам, на вачах у людзей. Шамякін. Улетку вада выпараецца, азярцо мялее, зарастае аерам і трыснягом. Рунец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мнагаво́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае многа вады; паўнаводны (пра рэкі, вадаёмы). Быстры мнагаводны Нёман не захапляў доктара-рыбалова. Васілевіч.
2. Багаты вадой, вільгаццю; які добра арашаецца. Мнагаводны край.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вадасцёк, ‑а, м.
1. Пакатае месца, па якім сцякае вада. // Прыстасаванне для сцёку вады (труба, жолаб).
2. Сістэма канаў, рышткоў, труб для адвядзення каналізацыйнай, грунтавой вады з населеных месц у прыродныя вадаёмы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прато́ка, ‑і, ДМ ‑тоцы, ж.
1. Разгалінаванне рэчышча, а таксама рака, якая злучае два вадаёмы. Возера ляжыць у баку ад ракі і злучаецца з ёю глыбокай пратокай. Гамолка.
2. Спец. Вузкая злучальная поласць, канал. Жоўцевая пратока.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Прато́ка ’рака, якая злучае два вадаёмы; канал’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Нас.), прото́ка ’тс’ (ТС). Параўн. рус. прото́ка, ст.-польск. przetoka, чэш. průtok, славац. prietok ’працяканне; канал’, балг. про́ток ’праліў’. Вытворнае з суф. ‑а ад працякаць з чаргаваннем галосных. Узнаўляецца прасл. *protokъ (БЕР, 5, 790), *pertoka (Банькоўскі, 2, 916).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
апылі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.
1. Зрабіць апыленне (у 1 знач.). «Кольки ж.. яны зробяць вылетаў за дзень! — думае.. [Міхалка]. — Колькі кветак апыляць, колькі мёду назносяць у соты!» Якімовіч.
2. Пакрыць пылападобным атрутным саставам расліны, глебу, вадаёмы з мэтай знішчэння шкодных насякомых або ўзбуджальнікаў хвароб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Калдабы́чкі, кылдабы́чкі ’дзіцячая гульня’ (Бяльк.). Ілюстрацыя («Ты ня ўмеіш гуляць у кылдабычкі», с. 241) не дае ніякага ўяўлення аб рэаліі. Фармальна суадносіцца з асновай калдаб‑, калдыб‑ (вытворныя азначаюць ’розныя выбоіны, вадаёмы і да т. п.’), аднак па значэнню гэта супастаўленне ўдалае. Параўн. рус. колдыбахнуть ’кінуць што-н. з шумам у ваду, бухнуць’, колдыбышиться ’качацца, калыхацца’ (’гушкацца’?). Калі лічыць, што тут структура з складанай суфіксацыяй, аснову слова можна было б параўнаць з рус. кастрам. колдун ’у дзіцячай гульні — палка, якая доўга застаецца пад вадой, калі яе кідаюць канцом у ваду’. Не выключана, што неабходна бачыць тут структуру, якая ўзнікла ў выніку метатэзы, аднак і такое меркаванне не праясняе пытання.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
вы́сахнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. высах, ‑сахла; зак.
1. Стаць сухім, прасохнуць. Памалу высахла зямля, Зарунелі чорныя абрывы. Танк. // Спыніць існаванне, страціўшы вільгаць (пра вадаёмы). Як высеклі лес, дык і раўчук высах. Чарнышэвіч. // Выпарыцца, знікнуць (пра ваду, вільгаць). Слёзы высахлі ў малой, Пачала смяяцца: — Раз не страшна ёй [вавёрцы] адной, Мне чаго баяцца!.. Муравейка.
2. Звяць, засохнуць (пра расліны). Дробныя ігліцы яловых лапак высахлі і асыпаліся, услаўшы дно [ш]алашоў тоўстым пухкім пластом. Колас.
3. перан. Схуднець. Да таго чалавек высах за лета, да таго аброс барадою, што сустрэнь яго хто ў лесе.., то мог бы памерці ад перапалоху. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схлы́нуць, ‑не; зак.
1. Сцячы з сілаю; хлынуўшы, збегчы (пра ваду). Снег .. неяк увачавідкі растаў і схлынуў патокамі ў рэчкі і вадаёмы. Сабаленка. Андрыян Цітавіч думаў аб тым, як неўзабаве канал будзе закончаны і па ім схлынуць спрадвечныя гнілыя воды балота. Марціновіч. // перан. Адначасова пайсці аднекуль (пра вялікую масу людзей). Аляксандр пачапіў мяшэчак на адно плячо, перакінуў вінтоўку і, калі схлынуў натоўп, падаўся к выхаду. Грахоўскі. Як схлынуць турысты, прыеду я ў вёску Хатынь У надвечар чысты — пад неба гарачую стынь. Гаўрусёў. // перан. Хутка, адразу знікнуць, аслабнуць (пра стан, пачуццё). Калі першая ўзрушанасць схлынула, хлопцы сталі распытваць Міколу. Навуменка.
2. Хутка прайсці. Перад дажджом крымская прырода страціла фарбы .. Але схлынуў лівень, выбліснула сонца, і вочы зноў захапляе бясконцая, невымерная, невымоўная сінеча. Лужанін. // перан. Мінуцца, скончыцца. Назаўтра, як толькі схлынула навала тэлефонных званкоў, Васіль Пятровіч сам пайшоў у сектар адводу зямель. Карпаў. Крыху пацішэла, першая хваля гаворкі схлынула, узбуджэнне паступова спала. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сох, ‑ла; незак.
1. Рабіцца сухім, траціць вільгаць; высыхаць (пра што‑н. мокрае). Над палаткамі сохлі недаробленыя палазы. Чорны. Ля кастроў гаманілі вясёлыя хлопцы, сохла мокрая вопратка. Брыль. Увачавідкі сохне трава ў валках. Васілевіч. // Рабіцца занадта сухім, трацячы неабходную вільгаць; смагнуць. Нешта сціскала сэрца, у галаве стаяў сапраўдны тлум, ад смагі сохлі губы. Хадкевіч. Зямля пачала прыкметна параваць і сохнуць. Мележ. / у безас. ужыв. У горле сохне. // Рабіцца цвёрдым, трацячы вільгаць; засыхаць. Хлеб сохне. // Выпарацца, высыхаць (пра вадкасць, вільгаць). Раса на лузе сохне. / Пра вадаёмы. Рэчка сохне. Сажалка сохне.
2. Вянуць, гінуць (пра расліны). [Юрка:] — Мы з Наташай былі ў парку, што летась увосень пасадзілі камсамольцы. Дрэўцы сохнуць. Ніхто не налівае. Пяць таполяў зусім засохла... Бяганская.
3. перан. Разм. Худзець (ад хваробы, цяжкай працы, перажыванняў). На тутэйшай зямлі Дзве сястрыцы жылі, Як забытыя ў лесе, каліны; Жыватворных крыніц Не было для сястрыц, Яны вялі і сохлі націнай. Купала. Маці ўпотайкі выцірала слёзы, ёй здавалася, што Алёша ад працы сохне. Шамякін. // Пакутаваць ад кахання, ад гора. Сохнуць сэрцы ў разлуцы, у горы. Астрэйка. Патанцавалі вечар у школе, а праводзячы дадому, Аніс сказаў: — Даўно праз цябе сохну. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)