ве́рхні, ‑яя, ‑яе.

1. Які знаходзіцца зверху, размешчаны на версе. Верхні слой. Верхні камень (у млыне). Верхняя губа. □ Дзед з Міколкам падаліся на гару, на верхнюю палубу. Лынькоў.

2. Які надзяваецца зверху на што‑н. Верхняя кашуля. Верхняе адзенне. □ Люба скінула верхнюю вопратку і сця[гну]ла з пляча кашулю. Чорны. // Прызначаны для нашэння зверху. Верхні трыкатаж.

3. Блізкі да вытокаў. Раскаты гарматных стрэлаў.. даляталі сюды аднекуль злева, з верхняга цячэння ракі. Лынькоў.

4. Аб гуках, нотах: высокі. Верхні рэгістр.

5. Вышэйшы пункт вагання чаго‑н. Верхні ціск крыві. Гук верхняга пад’ёму.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́стань 1, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расставацца — расстацца; расставанне. Пры ростані не гаварылі, дзе сустрэнуцца, бо ведалі — заўтра абавязкова ўбачацца на гэтым жа самым месцы. Адамчык.

2. Час, праведзены далёка ад блізкіх. І ростань доўгая здаецца хвіляю. Каму сказаць мне слова, што табе бярог? Барадулін. Толькі ў прыгодніцкіх раманах праз дзесяць год ростані маці не пазнае роднага сына, брат — брата. Шамякін.

ро́стань 2, ‑і, ж.

Месца перакрыжавання дзвюх або некалькіх дарог. А ўнук яго з вінтоўкаю залёг За вадакачкаю, на ростані дарог. Панчанка.

•••

На ростанях — у стане вагання, няўпэўненасці пры выбары далейшага шляху.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ро́стань, ро́станькі, ро́стынькі, ростанкі, растане́, ростані ’месца скрыжавання дзвюх або некалькіх дарог’ (ТСБМ, Стан., Касп., БРС, Гарэц., Нік., Бяльк., Нар. Гом., Нас., Яшк., Байк. і Некр., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Кос., Мікуц.; полац., Янк. 2), ростань ’дарога на бязлеснай мясцовасці’ (віц., Рам.); ро́стыні, растанькі ’скрыжаванне дарог’ (гарад., рэч., ЛА, 2); растанькі́, растаньке́, рыстанкі́, растанцы́, растанцэ́, ро́станькі, ро́станкі, ро́стункі, растані́, ро́стані, растайне́, раста́нішча ’месца, дзе дарогі разыходзяцца, ростані’ (ЛА, 2); на ро́станях ’у стане вагання пры выбары далейшага шляху’; ро́стань ’час, праведзены далёка ад блізкіх’ (ТСБМ). Ст.-рус. росстани, ростани ’скрыжаванне дарог, ростані’ (1524 г.), рус. дыял. росста́нка ’скрыжаванне дарог, ростань’, ро́сстань, роста́нь ’разгалінаванне дарог’, росстани ’месца за вясковымі весніцамі, дзе развітваліся з нябожчыкам’; польск. rozstaj, rozstajne drogi, ст.-польск. drogi rozstanne; славен. razstânek ’раставанне’, razstáti se, razstâjati se, серб. ра̀станак і харв. rȃstanak ’расстанне, разлука’, ра̀стајаті се ’разлучацца’. Можна дапусціць першаснае прасл. *orz‑stajь ’перакрыжаванне дарог’; на гатую лексему пазней паўплывала аддзеяслоўнае ўтварэнне *prz‑stanьje ’расстанне’, і ў частцы дыялектаў у выніку кантамінацыі ўтварылася *orz‑stanjь > ростань. Сюды ж пазнейшае ростань ’расстанне, разлука’ (Гарэц.), ’усялякае расстанне’ (Мядзв.). Параўн. расстанне, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разма́х, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. размахваць — размахнуць і размахвацца — размахнуцца (у 1 знач.).

2. Велічыня хістання, вагання якога‑н. цела; амплітуда. Размах маятніка.

3. Адлегласць паміж крайнімі пунктамі чаго‑н. разгорнутага, распасцёртага, разнятага. Размах крылаў арла. □ Хадакі занялі пракосы на ўвесь размах рук. Пальчэўскі. // Прастора, на якой распасціраецца што‑н. Поле ляжала роўнае як кінуць вокам, шэрае і радаснае ў сваім бязмежным размаху. Адамчык.

4. перан. Шырыня, смеласць ва ўчынках, дзейнасці; адсутнасць абмежаванасці, вузкасці ў праяўленні. Размах будаўніцтва. □ Любіў Максім Багдановіч народную песню за яе меладычнасць, эпічны размах і лірычную цеплыню. Майхровіч. З кожным днём культурнае жыццё вёскі набывала ўсё большы размах. Сергіевіч.

•••

З размаху; з усяго размаху — а) размахнуўшыся, з сілаю. Грысь першы раз у сваім жыцці з размаху секануў па той рэчы, якую з такой любоўю сам рабіў. Кулакоўскі; б) з разгону, з разбегу. Вярблюд і бухнуў у раку з размаху. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перы́яд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Адрэзак часу, у які што‑н. адбываецца або які чым‑н. абмежаваны. Перыяд росквіту. Гістарычны перыяд. Аднаўленчы перыяд. □ Камуністычная партыя кіравалася і кіруецца ленінскім вучэннем аб пераходным перыядзе ад капіталізму да сацыялізма. «Звязда».

2. Спец. Адрэзак часу, на працягу якога завяршаецца які‑н. паўторны працэс. Перыяд вагання. Перыяд абарачэння штучнага спадарожніка вакол Зямлі.

3. Спец. Час, на працягу якога адкладваюцца асадкі геалагічнай сістэмы; частка эры, якая дзеліцца ў сваю чаргу на эпохі. Ледніковы перыяд. Мелавы перыяд мезазойскай эры. Каменнавугальны перыяд палеазойскай эры. Сілурыйскі перыяд. Юрскі перыяд.

4. У матэматыцы — група лічбаў, якія нязменна паўтараюцца ў адной і той жа паслядоўнасці ў бесканечных дзесятковых дробах. Перыяд трыганаметрычнай функцыі.

5. У граматыцы — складаная сінтаксічная канструкцыя, часткі якой звязаны паміж сабой граматычна, лексічна і інтанацыйна.

6. У музыцы — пабудова, якая ўвасабляе закончаную музычную думку.

•••

Вегетацыйны перыяд — перыяд росту і развіцця расліны.

Інкубацыйны перыяд — скрыты перыяд хваробы ад моманту заражэння да паяўлення яе першых прыкмет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)