паны́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае хмурны, прыгнечаны настрой; сумны, маркотны. Іван сеў, кінуўшы на дол скуранку, побач спынілася панылая, здалося, разгубленая Джулія. Быкаў. // Які выражае хмурны, прыгнечаны настрой. — Пайграй... — панылым голасам прамовіў Сымон. — Пайграй... Чарнышэвіч. Саўчанка адразу абмяк, запалыя, пачырванелыя.. вочы сталі яшчэ больш безуважлівымі і панылымі. Лупсякоў. // Прасякнуты хмурнасцю, прыгнечанасцю; бязрадасны. Каторы ўжо раз за гэтыя суткі ўсеабдымнай тугою ахоплівала.. [Клімчанку] гэтая панылая думка. Быкаў.
2. Які выклікае хмурны, прыгнечаны, тужлівы настрой. Марудна цягнуўся панылы, змрочны дзень. Асіпенка. [Ярмоленка] з тугой глядзеў на гэтыя агні, на вуліцу, якая здавалася яму нязвыкла шырокай і панылай. Сіўцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пану́ры, ‑ая, ‑ае.
1. Непрыветлівы, хмурны, суровы (пра чалавека). Характарам Аркадзь быў другі: не маўклівы і пануры, а гаваркі чалавек. Капыловіч. Дзед зрабіўся больш пануры, пазіраў на свет нейкімі непрытомнымі вачыма. Якімовіч. // Які выражае хмурнасць, суровасць. Пануры погляд. □ Твар у.. [Кашына] быў, як і заўсёды, пануры, можа толькі крыху ўзрушаны. Карпаў.
2. перан. Які выклікае сваім выглядам цяжкае пачуццё, змрочны. Неба на ўсходнім баку, зацягнутае хмарамі, было цёмнае, панурае. Мележ. Паказаліся вясковыя хаты, панурыя, маўклівыя. М. Ткачоў. // Цяжкі, бязрадасны. Панурыя думкі.
3. З апушчанай галавой, панылы. Людзі разыходзіліся з пахавання панурыя, маўклівыя. Лынькоў. Пад скурай у.. [каня] ходарам хадзілі рэбры, галава была панурая. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіратлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, як у сіраты. Сіратлівы выгляд. // Які праходзіць у адзіноце. Сіратлівая старасць. // Поўны пачуцця пакінутасці, адзіноты. Над лугам загаласіла — той самай жніўнаю песняй — жалейка. Сіратлівая, сумная песня!.. Брыль. Не было каму сагрэць яго сіратлівае сэрца. Валасевіч.
2. перан. Які знаходзіцца асобна ад іншых; адзінокі. Далёка сіратлівыя Мігаюць аганькі. Танк. Увосень.. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. // Сумны, маркотны, бязрадасны. Як толькі больш прыкметна адчувалася дыханне восені, з дуба з нейкім сіратлівым, ледзь чутным шорахам зляталі адзін за другім лісты. Даніленка. Мой родны, сіратлівы дом — Бязлісты вяз з пустым гняздом, Але ўжо ловіць прагны слых Ваш лет, далёкія буслы. Вітка. Поле ляжала сумнае, сіратлівае. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змро́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Слаба асветлены; цёмны. Змрочнае памяшканне. □ Змрочны яловы лес перайшоў паступова ў светлы і сухі сасновы бор. В. Вольскі. Змрочная, непрытульная ноч напаткала ўцекачоў у .. цясніне. Быкаў. // перан. Які выклікае цяжкае ўражанне сваёй паныласцю, непрыгляднасцю; шэры, нудны. Змрочны пейзаж.
2. Пануры, хмуры, насуплены. Бацька змрочны, як хмара, хадзіў па хаце. Чарнышэвіч. // Які выражае панурасць, заклапочанасць. На змрочным твары Фаміча То прамільгне прамень надзеі, То наплыве, як цень, адчай. Бачыла. // Поўны цяжкіх пачуццяў; бязрадасны. Змрочны настрой. □ У галаве круцяцца думкі, неспакойныя, змрочныя. Асіпенка.
3. перан. Цяжкі, беспрасветны. Змрочныя гады зняволення. □ І не лёгка верыць успамінам Пра цяжкія, змрочныя часы. Лойка.
4. перан. Накіраваны супраць прагрэсу, чалавечнасці; жорсткі, рэакцыйны. Яркае ўяўленне аб самаахвярнай барацьбе рэвалюцыйнай моладзі супраць змрочных сіл рэакцыі стварае сцэна ў адным з віленскіх рэстаранаў. Хромчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сму́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адчувае смутак; маркотны, сумны (пра чалавека). Матрона, смутная, пастаяла трохі, покі не схавалася фігура Івана за выступам яру, куды павярнула дарога, а потым пайшла на свой агарод збіраць зелле. Колас. Хлопцы смутныя: загінуў атаман. Дзяргай. // Які выражае смутак; выкліканы смуткам, журбою. Смутныя вочы. Смутная ўсмешка. // Поўны смутку, журбы. Годзе кіснуць, марнець, Песні смутныя пець, — Ладзіць новую час гаспадарку! Купала. // Бязрадасны, які навявае сум. Блізка, блізка восень, Смутная часіна! Колас. Шэры, смутны, павісаў над полем вечар. Навуменка. У кватэры, дзе ўсё лета панаваў смутны, нежылы парадак, адразу сярдзіта загуў пыласос. Карпаў.
2. Поўны беспарадку; мяцежны. Смутныя часы.
3. Разм. Невыразны, няпэўны. [Астапа] не пакідала смутная трывога. Была яна нейкай глухой, невыразнай. Лынькоў. У Язэпа пацямнела ў вачах. Адразу ж прыгадаліся размовы ў Іванёнкаў — смутныя, няясныя, з недагаворкамі. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сумны, невясёлы, нярадасны, бязрадасны, сумотны, смутны, засмучаны, маркотны, замаркочаны, журботны, нудны, тужлівы, горасны, жалобны, жаласны, жаласлівы, няўцешны, панылы, пануры; хаўтурны (разм.); жалосны (абл.); чорны, цёмны, змрочны, хмурны, пахмурны, хмуры, пахмуры, спахмурнелы, схмурнелы, нахмураны, меланхалічны, мінорны (перан.) □ як хмара, як пад зямлёй, не ў гуморы
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)
су́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адчувае сум, смутак; смутны, маркотны. Надзя .. была сумная і сядзела моўчкі, у яе сёння была непрыемная размова з бацькам. Шахавец. // Які мае схільнасць смуткаваць. [Веры Антонаўне] ўспамінаўся першы муж — сумны дома і апатычны на рабоце. Карпаў.
2. Які выражае сум, смутак. [Вера] выходзіць з машыны. Бледная, з вялікімі сумнымі вачыма. Мікуліч. Джыавані хацеў сказаць, што ён павінен быў сустракаць чалавека, але, зірнуўшы на сумныя твары сваіх блізкіх, прамаўчаў. Лынькоў. — Мо недзе прыпыніліся яны [сыны], Салодка спяць, а сумны матчын голас Хіба ўстрывожыць светлыя іх сны? Кірэенка. // Жалобны, смутны. Вось сумнае наша застолле — Старыя, малыя сышліся, І пара да самае столі Стаіць над жалобнаю місай. Вітка.
3. Які мае ў сабе што‑н. сумнае; поўны суму. Паплылі думкі, сумныя, адчайныя, нейкія недарэчныя. Гамолка. / у знач. наз. су́мнае, ‑ага, н. Разам з усім станоўчым, радасным, што сустракалі [дэлегаты] ў сваім падарожжы, было нямала і сумнага. Брыль. // Які праходзіць у смутку, суме; бязрадасны, цяжкі. Сумнае дзяцінства. □ Два лёсы — новы і стары; сённяшняе жыццё як процілегласць сумнаму мінуламу. Перкін. // Непрыемны, прыкры. Сумныя весткі. □ Я стаў перад сумным фактам: многае з таго, што раней пісалася, прыйшлося абмінуць, у кніжку не ўключыць. Скрыган. [Рыма:] — Я з сумнаю навіною да вас... Гартны.
4. Які выклікае, навявае сум, смутак. Тракт сумны загушкаў Паэта ў дарозе. Прыпынак. І — Пушкін Ужо на Лучосе. Калачынскі. Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло. В. Вольскі.
5. Які выклікае нуду; нецікавы. Ніколі раней .. [Маша] не чула ад .. [Васіля] гэткіх слоў і лічыла чалавекам сухаватым, .. сумным у жыцці. Шамякін. На момант работа здалася Ларысе сумнай і непатрэбнай. Даніленка.
6. Заганны, нядобры; ганебны. Сумная слава.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)