мо́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад мачыць.

2. у знач. прым. Прыгатаваны шляхам мачэння. Мочаныя яблыкі. Мочаны гарох. □ На стале ў нас акрамя хлеба было ўсё: печанае сала, .. параная бульба, кіслыя гуркі, мочаныя падсалоджаныя брусніцы. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патэ́льня, ‑і, ж.

Тое, што і скаварада. Стол .. [Віта] сабрала багаты: капуста, гуркі, квашаныя брусніцы, патэльня яечні, якая ўсё яшчэ сярдзіта сквірчэла і напаўняла хату апетытным пахам. Шамякін. За сталом бацька быў асабліва вясёлы, жартаваў і ўсё падкладваў мне з патэльні бліны. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Баранюхібрусніцы’ (Бесар.). Параўн. польск. baraniucha ’талакнянка, мядзведжая ягада, Arctostaphylos L.’ Ад бара́н1 (гл.), але матывіроўка назвы няясная. Для брусніц падобнае слова, здаецца, не сустракаецца ў іншых мовах. Таму можна меркаваць, што назва выпадковая і перанесеная з нейкай іншай расліны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Баруўка ’ягаднік брусніцы, Vaccinium vitis-idaea L.’ (Кіс.). Зыходзячы з геаграфіі і формы слова, бясспрэчна, запазычанне з польск. borówka ’тс’ (ад bór ’лес, бор’). Параўн. і ўкр. борівка ’тс’. Да геаграфіі польскіх назваў тыпу borówka гл. Бельчарова, JP, 40 (4), 1960, 284 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чырване́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца, рабіцца чырвоным; афарбоўвацца ў чырвоны колер. Не раз і не два хвалі возера чырванелі ад чалавечай крыві. Даніленка. Брусніцы Даспяваюць, чырванеюць, Як зарніцы. Панчанка.

2. Пакрывацца румянцам, станавіцца чырвоным ад прыліву крыві. Мікіта Мікітавіч чырванеў ад гневу, калі гаворка цяпер заходзіла пра Сасноўскіх. Карпаў. Надзейцы стала горача, твар то чырванеў, то бляднеў, яна зірнула на Калядзіна, шукаючы абароны. Хадкевіч. // перан. Бянтэжыцца, саромецца. [Галя:] — Калі гавораць пра хлопцаў, я заўсёды чырванею. Гарбук. Кухня была агульная, і на гэтай кухні даволі языкатая «палавіна» Івана Леўкіна не раз прымушала чырванець маладзенькую жонку Альберта Аляксандрава. Дадзіёмаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучацца сваім чырвоным колерам, віднецца (пра што‑н. чырвонае). Сярод зялёнага моху ўсюды чырванеюць буйныя спелыя брусніцы. В. Вольскі. У галлі і лісці бялеюць і чырванеюць яблыкі. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́гаднік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Месца, дзе растуць ягады, разводзяцца ягадныя расліны. Абапал пацягнуліся сады, агароды, ягаднікі. Мележ.

2. ‑у, зб. Ягадныя кусты, ягадныя расліны. На ягадніку, які густа накрываў тут зямлю, дзе-нідзе чырванелі брусніцы. Сіняўскі. Падымаецца пад нагамі прытаптаны ягаднік. Пташнікаў.

3. ‑а. Разм. Той, хто збірае або любіць збіраць ягады. Цэлымі днямі ўлетку або пад восень у пералеску чуліся галасы ягаднікаў і грыбнікоў. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Брусні́ца. Рус. брусни́ка, укр. брусни́ця, польск. bruśnica, чэш. brusnice і г. д. Слав. *brus‑ ’брусніца’ тлумачыцца як этымалагічна звязанае з брус (гл.), *brъs‑nǫti ’здзіраць’, *brusiti ’гладзіць, тачыць’ (ягады брусніцы быццам лёгка зрываюцца). Як семантычную паралель параўн. ням. Streichbeere (да streichen гладзіць’). Бернекер, 90; Траўтман, 36; Праабражэнскі, 1, 47; Фасмер, 1, 221; Махэк₂, 70 (апошні лічыць назву «праеўрапейскім» словам). Форму брушні́ца ’брусніца’ (Сцяшк. МГ, Нас., Бяльк.) Кюнэ (Poln., 46) лічыць запазычаннем з польск. brusznica. Да слав. *brusьnica ’брусніца’. Бернекер (90) адносіць па паходжанню і бел. брусне́ць ’чырванець; загараць’, брусне́лы ’чырванаваты; загарэлы’ (Нас.). Гл. яшчэ Лучыц-Федарэц. Бел.-рус. ізал., 64.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суні́цы ’расліна Fragaria vesca L. і яе плады’ (ТСБМ, Кіс., Ласт., Нік., Оч., Растарг., Сержп., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ’тс’, ’клубніцы’ (ТС), суні́ца ’ягада расліны Fragaria vesca L.’ (Нас., Некр. і Байк., Нік., Оч., Федар. 4, Пятк. 2, Шымк. Собр., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’ягада клубніц, Fragaria collina L.’ (Ласт.), зуніца ’ягада Fragaria vesca L.’ (Меер Крыч.), суні́чка ’тс’ (Тур.). Укр. суни́ця, рус. паўдн. і зах. суни́ка, суни́ца (толькі смал. і бранск., г. зн. беларусізмы, гл. Мяркулава, Очерки, 117–118), польск. дыял. sunica, sonica, ст.-польск. sunica, sumnica, sumniczki, н.-луж. sunica, палаб. saunaićă (*sunica) ’клубніцы’, серб.-харв. sȕnica ’маліна’, балг. дыял. суни́ца ’суніцы; брусніцы’, рэдка ’садовыя клубніцы’, дыял. зу́ница ’маліна’, макед. суница ’лясныя ягады, Fragaria vesca L.’. Славянскія рэліктавыя словы ў адпаведных нямецкіх дыялектах: Saneitschen, Szameitschen, Schärneitschen, Sannerzen, Somgetzen (гл. Шустар-Шэўц, 1378). Існуе некалькі этымалагічных версій, аднак цяжка якой-небудзь з іх аддаць перавагу. Прасл. *sunica ’суніцы; клубніцы’, якое, як мяркуюць, роднаснае ст.-інд. śōna‑ ’чырвоны, ярка-чырвоны’, çōņitam ’кроў, смала дрэва’ (гл. Патабня, РФВ, 4, 283; Развадоўскі, RO, 1, 94), якія далей да і.-е. *ḱeu‑no‑s ’светлы, бліскучы’; гл. Покарны, 594; Скок, 3, 362; Шустар-Шэўц, Зб. Слаўскаму, 335–338. Брукнер (526), Бярнар (RÉS, 27, Зб. рэканструявалі назву як *sǫ‑ і *nicь да прасл. *niknǫti ’нікнуць’, параўн. тлумачэнне Ластоўскага: “суніцыя ягады, якія пахілены ніц, тварам уніз” (Ласт., 794). Да гэтай жа версіі схіляецца Мяркулава (там жа), якая ўзнаўляе як прасл. *sǫnica ’ягада, якая нікне да зямлі’ (параўн. пазёмкі, рус. земляніка). Бязлай (Eseji, 135) на падставе славен. samónicaбрусніцы, Vaccinium vitis-idaea L.’, ст.-польск. sumnice, sumniczki ’суніцы’ мяркуе пра зыходнае *samonikva, г. зн. ’ягады, якія растуць (з’яўляюцца, прарастаюць, гл. узнікаць) самі па сабе’, гл. таксама ў Праабражэнскага (1, 607), сумненні ў Фасмера (3, 804). Паводле Бонка (SEPS, 5, 237), у аснове матывацыі — размнажэнне пры дапамозе адросткаў (“вусоў”), у выніку чаго расліна “sunie się (płoży się) po ziemi” (гл. сунуць). Непрымальная думка Эндзеліна (RS, 10, 221), які параўноўваў з лат. sūna(s) ’мох’, sûnûkslis ’нарыўным пузырок’, якія таксама не маюць пэўнай этымалогіі, да таго ж суніцы не растуць у моху. Пра ранейшыя спробы этымалагізацыі, у тым ліку вывядзенне са ст.-прус. sunis ’сабака’ (як бы ’сабачыя ягады’), гл. Папоў, Из истории, 51. Гл. таксама Крывіцкі, PC, 2002, 8, 39–41 (мяркуецца пра інавацыю перыяду ВКЛ, што пярэчыць агульнаславянскаму распаўсюджанню). Гл. таксама сініца2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

налі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; пр. наліўся, ‑лілася, ‑лілося; заг. наліся; зак.

1. Нацячы, пранікнуць куды‑н. Налілася вада ў пограб.

2. Напоўніцца якой‑н. вадкасцю. Лодка налілася вадой.

3. перан. Змяніць колер, афарбоўку. Хмара налілася густою сінню. □ Залацістай чырванню налілася неба за Свіслаччу. Новікаў.

4. Напоўніцца сокамі (пра плады, зерне і пад.). Яблыкі наліліся. □ Наліліся сокам Спелыя брусніцы, І абапал сцежак Выраслі грыбы. Грахоўскі. Жыта стала ўжо бурае, і нават адсюль відаць, што колас наліўся; ён не тырчыць старчма, а хіліцца на пругкай сцябліне. Асіпенка.

5. перан. Напоўніцца якой‑н. якасцю (здароўем, сілай, злосцю і пад.). Зноў наліліся сілаю мускулы, выпрасталася спіна, перасталі ныць ногі, рассеяўся дакучлівы тлум у галаве. С. Александровіч. Начальнік раптам пачырванеў, яго надзьмуты і змораны твар наліўся абурэннем. Быкаў.

•••

Наліцца кроўю — пачырванець ад прыліву крыві. Абраза і гнеў запоўнілі сэрца хлопчыка. Яго вочы наліліся крывёю, сціснуліся кулачкі. Шамякін.

Наліцца слязамі — напоўніцца слязамі (пра вочы). Міця адчуў, што вочы наліліся слязамі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́ць, збяру, збярэш, збярэ; збяром, збераце; зак.

1. каго-што. Запрасіць прыйсці, прыехаць; склікаць каго‑н. Сабраць гасцей. Сабраць радню. Сабраць таварышаў па вучобе. □ [Мазавецкі:] — Вы, пане Сурвіла, не думайце, што мы прагадаем, калі збяром на гэтую куплю вялікі гурт. Чорны. // Склікаць удзельнікаў, членаў якой‑н. арганізацыі для працы. Сабраць нараду. Сабраць кансіліум. □ Гэтай жа ноччу Мікіта Мінавіч сабраў партыйны сход брыгады. Кулакоўскі. Палкоўнік Кавальчук збярэ свой баявы штаб — усіх камандзіраў брыгад і атрадаў, — і яны супольна што-небудзь прыдумаюць. Ваданосаў. // Прымусіць сабрацца, сагнаць у адно месца (людзей, жывёлу). Хто з немцаў уцёк, а многіх у палон забралі, абяззброілі. Сабралі ў кучу, наладзілі допыт. Лынькоў. // Прыцягнуць увагу. Крыкі здзіўлення, радасці сабралі сюды ўсё насельніцтва. Маўр. // Арганізаваць, аб’яднаць у адно цэлае што‑н. разрозненае. Стаяла задача — сабраць усе нашы сілы, упершыню каардынаваць дзеянні і ўдарыць па гарнізонах адначасова. Казлоў. // Абагуліць. Мы сабралі палоскі-шнуры У адно, у шырокае поле, Каб хадзілі ў нас трактары Па бязмежным калгасным прыволлі. Астрэйка. // Сканцэнтраваць каго‑, што‑н. у адным месцы. На вузкім участку фронту вораг сабраў значныя сілы і рыхтаваў наступленне. Жычка.

2. што і чаго. Накапіць, паступова збіраючы, адшукваючы. Сабраць бібліятэку. Сабраць калекцыю марак. □ І ў Міхала раптам з’явіліся аднекуль грошы.. Ён-то збіраў, але не мог гэтулькі сабраць. Чорны. Залатоўку схавай кожны дзень, дык і то вунь колькі збярэш! Галавач. // Назносіць чаго‑н. для чаго‑н. [Свірчэўская] згрупавала вакол сябе надзейных людзей, якія прагнулі працы, і па літары сабрала друкарню, дастала паперу, фарбу. Гурскі.

3. што. Атрымаць ад каго‑н. што‑н. Сабраць членскія ўзносы. // Апытаўшы ўсіх, многіх, даведацца пра што‑н. Сабраць подпісы. Сабраць прапановы. Сабраць звесткі. □ Петыцыя племені вамеру была правалена. Яна не сабрала патрэбнага ліку галасоў. Лынькоў. // Сыскаць што‑н. пазычанае, узятае кім‑н. Сабраць даўгі. Сабраць раздадзеныя кнігі.

4. што. Размясціць блізка адно ля другога; злучыць у што‑н. Сабраць кветкі ў букет. □ Сабрала сонца ўсе свае прам[я]ні ў адзін пучок. Якімовіч. // перан. Атрымаць выяўленне ў чым‑н. Увосень, пад поўдзень, як збярэ свае сілы сонца, — разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. Раўчук, як яшчарка, ў лагчыну слізгае І доўга там штурхаецца пад снегам, Пакуль збярэ вясёлую паводку. Чэрня. Колеры лета рабіна сабрала І чырванее па сонцы яна. Агняцвет. / у вобразным ужыв. Найлепшыя краскі з батрацкіх шнуроў Сабрала ў вянок Беларусь. Танк.

5. што. Зняць ураджай з палёў, садоў; намалаціць збожжа. Мы ўсе працавалі нястомна І сабралі ўраджай, Небывалы для нашых палёў. Танк. [Сакольчык:] — Каб сабраць гэтае сена, мы павінны выставіць сотні касцоў, бо касілкі ўсюды не пусціш. Асіпенка. Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш. Прыказка. Сёй у добрую пару — збярэш хлеба гару. Прыказка. // Прыняць што‑н. адкуль‑н. Сабраць пасуду са стала. □ [Тодар:] — Папалуднаваўшы, ячмень збераце з току, ды яшчэ аўса ўмалоцім трохі сёння. Крапіва.

6. што і чаго. Пазбіраць, падбіраючы з зямлі або зрываючы. Калі даспеюць сочныя суніцы — Няма каму знайсці іх і сабраць. Кірэенка. Сама ж [Марына] пайшла пад азярыну Сабраць хоць шчаўя да стала. Колас. Як ішоў па мурожнай траве, Не сабраў табе ў прыгаршчы рос... Не парай ты за гэта мяне, — Сваё сэрца табе я прынёс. Русак. // Падабраць што‑н. рассыпанае, раскіданае. Сабраць цацкі. □ Ігнась цярпліва чакаў чарговае кпіны і ўжо сабраў каменьчыкі, каб пакласці ў кішэню, як Паўлюк узяў яго за руку і высыпаў іх перад сабою. Мурашка. Сабралі [людзі] тое, што засталося ад папа, прывезлі ў двор і пахавалі. Машара. // Прыбраць, прывесці ў парадак. Турсевіч сабраў са стала кнігі, акуратна злажыў іх і палажыў на палічку. Колас. Мірон таксама старанна палажыў сушыцца свой хлеб і нават сабраў усе крошкі. Маўр.

7. што. Злучаючы асобныя часткі, дэталі, атрымаць што‑н. цэлае (механізм, машыну і пад.). Сабраць радыёпрыёмнік. Сабраць затвор. □ Там на вашых вачах збяруць і матор, і бліскучы, як шкло, радыятар. Панчанка. // Паставіць, скласці якое‑н. збудаванне з асобных, разрозненых частак. Тым часам увішныя робаты прыгналі гідраплан. Потым сабралі будыніну, дзе людзі маглі б адпачываць, устанавілі там пульты і экраны прыбораў назірання. Шыцік.

8. каго-што. Падрыхтаваць у дарогу. Сабралі ў дарогу Петруся, як роднага сына. Нікановіч. [Аленка] загадзя сабрала свае кнігі і рэчы і чакала дня ад’езду. Колас. Праз некалькі дзён Яша сабраў свае манаткі і развітаўся з дзіцячым домам. Кулакоўскі. // Упакаваць, спакаваць для дарогі (пра рэчы). Сабралі чамаданы, у асобны кошык упакавалі Сашкаў мяч, легкавічок, стрэльбачку, што страляе ад папяровых кружочкаў. Даніленка. // Скласці, пакласці ў адно месца (рэчы, прадметы). Сабраць кнігі ў сумку. □ Покуль паводзіць і гадзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк. Падышла Галя да яблынькі — і ўсе яблыкі ўпалі да яе ног. Сабрала яна іх у прыпол, прынесла гусару. Якімовіч.

9. што. Паставіць, падаць на стол (пасуду, стравы). Стол .. [Віта] сабрала багаты: капуста, гуркі, квашаныя брусніцы, патэльня яечні, якая ўсё яшчэ сярдзіта сквірчэла і напаўняла хату апетытным пахам. Шамякін. // Прыгатаваць яду. Вячэру сабраць. □ Маці раніцай сабрала Бацьку полудзень. Кірэенка.

10. перан.; каго-што. Унутрана мабілізаваць сябе для чаго‑н. (пра сілы, волю, энергію і пад.). Тварыцкі.. сабраў апошнія сілы і кінуў Толіка Скуратовіча ў «чортава вока». Чорны. Лукашык намагаўся сабраць свае думкі. Дамашэвіч. Ды мне не страшна: нешта застанецца Пасля мяне ад дум маіх і спраў, Ад парыванняў, што ў душы сабраў. Бураўкін.

11. што і без дап. Зрабіць зборкі, пашыць у зборкі. Сабраць плацце ў таліі. // Зморшчыць скуру на твары. Фамін наморшчыў лоб, сабраў зморшчынкі над пераноссем. Кухараў. Насустрач крочыць мой таварыш, у зморшчыны свой лоб сабраў. Панчанка.

12. што. Асцярожна зняць што‑н. з якой‑н. паверхні. Сабраць смятану з малака.

•••

(І) зубоў не сабраць — атрымаць моцны ўдар. — Дык ён табе як бразне — зубоў не збярэш. Я ведаю гэтага Курмышкавага каня, — сказаў бацька. Кулакоўскі.

(І) касцей не сабраць — не астацца цэлым. [Рыль:] — Што пхаешся, панская падэшва? Ды я цябе як піхну, дык ты і касцей сваіх не збярэш! Колас.

Сабраць на стол — падрыхтаваць стол да яды, накрыўшы яго абрусам, расклаўшы прыборы і паставіўшы стравы. — Зося! — паклікаў Мікула. — Можа б ты памагла нам сабраць на стол? Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)