Тавалга, ст.-бел. таволга ’дзяржанне пугі або аршын, зроблены з вятроўніку’ (1578 г.; Булыка, Лекс. запазыч.). З цюркскіх моў, параўн. чагат. tabulɣu, тат., баш. tubylɣy ’вятроўнік, бружмель’ (Булыка, там жа, 105). Параўн. і рус. таволга́, та́волга ’расліна Spiraea’ таксама цюркскага паходжання, абазначае розныя расліны з вельмі моцнай драўнінай (Фасмер, 4, 8; Анікін, 521).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́ка1, лы́ко, лэ́ко, лы́чка ’луб з карой маладых, лісцевых дрэў (ліпы, лазы), з якога плялі лапці’, ’вязка, нізка’ (ТСБМ, Шат., Бес., Яруш., Бяльк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), лы́кі ’скруткі лыка’ (Касп.). Укр. ли́ко, рус. лы́ко, лы́ка (ж. род), польск. łyko ’тс’, lyka ’путы, няволя’, н.-, в.-луж. łyko, łyka ’лыка’, чэш. lýko ’тс’, ’вяроўка з лыка’, славац. lyko, славен. líkọ, lȋčje, серб.-харв. ли̏ка, устар. ли̏ко, макед. лико, лика, балг. ли́ко, лика́ ’тс’, ’вяроўка з лыка’, ’канапляная, шаўковая нітка’; рус. разан. лы́ко і макед. радопск. лика ’ліпа’. Прасл. lyko унутраны слой кары з маладых дрэў (ліпы)’ (Слаўскі, 5, 401–405 з аглядам л-ры). З і.-е. паралелей захаваліся толькі балт. з другасным ‑n‑: літ. lùnkas, лат. lûks ’лыка’, ст.-прус. lunkan ’тс’ і, паводле некаторых этымолагаў (гл. Фасмер, 2, 540–541), таксама ст.-інд. lúñcati ’рве, лушчыць, здзірае, лупіць’, ст.-в.-ням. (род. склон lōwes) ’мяздра, лыка’, — усе да і.-е. lū‑k‑o < *leuk‑ ’светлы’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 164–166). Сюды ж лы́чышнік ’лычнік, які дзярэ лыкі на продаж’ (Бяльк.). Гл. таксама Скок (2, 301), Шустар-Шэўц, 11, 783; Бязлай, 2, 141; БЕР, 3, 400.

Лы́ка2 ў выразе: лы́ка ты сьвіноя (Шат.). Да лыч2 (гл.).

Лы́ка воўчае ’ваўчаягада звычайная, Daphne mezereum L.’ (віц., барыс., мін., Кіс.). Укр. лико вовче, польск. wilcze łyko, н.-луж. wʼelkowe łyko, чэш. vlčí lýko, серб.-харв. лико ву̀чје, балг. диво лико ’тс’, славен. volčja likaбружмель лясны’. Прасл. vl̥ʼčje lyko ’ваўчаягада звычайная’. Аналагічна ням. Wolfsbast ’тс’ (Слаўскі, 5, 404; Махэк, Jména, 152).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свідзі́на1 ‘дрэва Cornus sanguinea’, ‘кустовая або дрэвавая расліна сямейства кізілавых, Cornus sanguinea’ (ТСБМ, Маш., ТС, Кіс.), сві́дзіна ‘тс’ (Касп.), сві́дніца, саві́давае дзерава ‘расліна Thelycrania sanguinea Four.’ (Кіс.), свідзі́набружмель лясны, Lonicera xylosteum L.’ (Кіс.), свід ‘крушына, Frangula Mill.’ (Інстр. 2). Укр. свид, свиди́на, рус. свиди́на ‘Cornus sanguinea’, польск. świdwa, świdnina, в.-луж., н.-луж. swid, палаб. swaid, чэш. svíd, славац. svíb ‘тс’, серб, сви̏ба, харв. svȉba (< *svidъve; Глухак, 598), славен. svíba ‘кізіл’, балг. дыял. свит (свид) ‘свідзіна’. Прасл. *svidъ, *svidy, Р. скл. svidъve (Міклашыч, 330 і наст.; БЕР, 6, 558). Фасмер (3, 577) звязвае з серб.-харв. сви̑бань ‘май’, славен. svíbən ‘тс’, чым тлумачыцца канцавое б(в). Таму што дрэва мае чырвоныя галінкі, дапускаюць роднасць з літ. svidùs ‘бліскучы, светлы’, svidéti, svidú ‘блішчаць’, ст.-прус. sidis ‘свідзіна’, ст.-англ. sviotol ‘ясны, яўны’, магчыма, лац. sīdus ‘свяціла’ і г. д., гл., напрыклад, Траўтман, 296; Голуб-Копечны, 363. Супраць Махэк (Jména, 171), які параўноўвае з ням. шваб. Weinholz ‘свідзіна’ (wein < wih) і лічыць слова праеўрапейскім. Трубачоў (Этимология–1970, 7) рэканструюе *svidva < і.-е. *(s)u̯ei̯du̯‑, дзе ‑du̯‑ магло трансфармавацца ў ‑dъv‑, а ў выніку асіміляцыі ў некаторых славянскіх мовах даць ‑b‑. Гл. таксама Сной у Бязлай, 3, 350; ЕСУМ, 5, 189 (*svidy > *svidъva > *svidba > svib).

Свідзі́на2 ‘касільна’ (саліг., ДАБМ, камент., 833). Магчыма, роднаснае ўкр. свид ‘вялікая добра завяленая палка’, далей сувязі няясныя; магчыма, сюды ж укр. у свид (у свид жати жито — недаспелым), свидо́ви́й, свидува́тий ‘недаспелы, зеленаваты’, ‘малады, малажавы’ або выводзіцца з папярэдняга слова — ‘цвёрды, як свідзіна’, параўн. ЕСУМ (5, 190), а таксама азначэнні: свідзіна слізка і моцна (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)