мільгаце́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Свяціць няроўным, перарывістым святлом; іскрыцца. Цяпло ішло ад грубкі. У ёй патрэсквалі дровы. Чырвоныя водбліскі мільгацелі на сцяне, на падлозе. Каршукоў. Вунь як быццам мільгацяць у гушчары агеньчыкі. Ці не ваўкі? Гамолка.

2. З’яўляцца ў полі зроку і знікаць, праносіцца перад вачыма. Свішча за сцяною вецер, бразгае на слупе бляшаны абажур, мільгацяць кадры старой кіналенты. Аляхновіч. Зноў дарога. Лугі.. і зялёныя пушчы, шырокія палі спелай збажыны мільгацяць за акном. Мыслівец. // перан. Хутка праносіцца ў памяці. Мільгацяць у галаве здагадкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́пар, ‑а, м.

1. Труба канічнай формы, якая служыць для ўзмацнення гуку. У руках цыбатага хлапца апынуўся бляшаны рупар, і, прыставіўшы яго да вуснаў, ён загудзеў: — Таварышы! Перш за ўсё правядзём спаборніцтва бегуноў. Мікуліч. // перан.; чаго. Кніжн. Той, хто перадае, выказвае, распаўсюджвае чые‑н. ідэі, погляды. З гаворкай Якубовіча ніяк не згаджаецца Антон Корж, вобраз якога ў апавяданні па сутнасці з’яўляецца рупарам ідэй аўтара. Лойка. Агітацыйна-масавая графіка перыяду грамадзянскай вайны была рупарам ідэй Камуністычнай партыі. Шматаў.

2. Разм. Рэпрадуктар у выглядзе такой трубы. У пасёлку каля слупа з рупарам стаяла некалькі мужчын і жанчын з дзецьмі. Кулакоўскі. — Дарэчы, чаму ў вас на кухні ніколі рупар не выключаецца? Грамовіч.

[Ад гал. roerper.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сту́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да стукнуць (у 1–3 знач.).

2. Рабіць стук, шум пры ўдарах, штуршках; удараць са стукам. На дварэ стараставай сядзібы шорхаў гэбель, шыпела піла, стукалі малаткі. Самуйлёнак. Гаспадыня вынесла ў сенцы талеркі, графінчык, нешта рабіла там, тупала, стукала посудам. Арабей. / Пра механізмы і іх часткі. Ля клуба стукаў рухавік. Пташнікаў. У .. цішыні неяк ненатуральна гучна стукаюць ходзікі — нібы падкрэсліваюць імклівасць кожнай хвіліны. Шыловіч. / Пра аўтаматычную зброю. Гранаты рваліся бесперастанку раз за разам, і дробна стукалі аўтаматы. Чорны. / Пра сэрца, пульсуючую кроў. Ад бегу і шпаркай хады шчокі .. [Макаркі] разгарэліся, як мак, і сэрца стукала моцна і часта. Колас. // безас. Пра адчуванне шуму, штуршкоў, удараў (у галаве, вушах і пад.) пры моцна пульсуючай крыві. У скронях стукала, як малаткамі. Лобан.

3. Удараць (у дзверы, акно і пад.), стукам выказваць просьбу ўпусціць куды‑н. Ціток стукаў у бляшаны верх кабіны і прасіўся: — Дай ногі выпрастаць. Ды перакусім. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)