ка́ша, ‑ы, ж.

1. Густая страва з круп, звараных у вадзе або малацэ. Ячная каша. Манная каша. □ Марына паставіла талерку прасянай кашы на малацэ, жоўтай, .. з салодкім пахам. Ермаловіч. Кашы маслам не сапсуеш. Прыказка. // Страва з тоўчанай варанай бульбы. Бульбяная каша.

2. перан. Разрэджаная маса чаго‑н., падобная з выгляду на гэту страву. Вада шырока разальецца, І снег на кашу пабярэцца. Колас. Пад нагамі чвякала каша з мокрага снегу і гразі. Курто.

3. перан. Беспарадак, неразбярыха, калатня. Ён здзіўляўся таму, што жывым і цэлым выбраўся з усёй гэтай кашы. Лынькоў. — От каб цяпер наляцелі самалёты, нарабілі б кашы, — сказаў Шыманскі. Гурскі.

•••

Бярозавая каша — розгі.

Даць бярозавай кашы каму гл. даць.

Заварылася кашы — пачалася якая‑н. непрыемная, заблытаная, клапатная справа.

Заварыць кашу гл. гаварыць.

Каша ў галаве чыёй, у каго — хто‑н. блытана разважае, не мае яснасці ў разуменні чаго‑н.

Кашы не зварыш з кім гл. зварыць.

Мала кашы еў (з’еў) гл. есці.

Хапіць шылам кашы гл. хапіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пла́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Перамяшчацца ў розных напрамках па паверхні вады або ў вадзе, робячы адпаведныя рухі рукамі і нагамі (лапамі, плаўнікамі і пад.). [Кузняцоў] плаваў доўга, потым зноў адпачываў на траве і ўсё думаў, думаў... Капусцін. Гусі асцярожна спускаліся з берага і плавалі каля кустоў лазы і крушыны — паволі веславалі ружовымі лапкамі ў светлай вадзе. Даніленка. // Знаходзіцца на паверхні якой‑н. вадкасці, не апускаючыся на дно. Ля чорнай кладкі плавала Гусінае пяро. Пысін. // Мець здольнасць трымацца на паверхні вады або іншай вадкасці; не тануць. Корак плавае. Вучыцца плаваць. // Ехаць па вадзе на чым‑н. Плаваць на чоўне.

2. Разм. Служыць на судне. [Герасім Дзмітрыевіч] плаваў на ваенным караблі мінёрам. Б. Стральцоў.

3. перан. Плаўна перамяшчацца ў паветры (пра птушак, лятальныя апараты і пад.). Дробны каршачок плаваў над асіннікам. Чорны. // перан. Трымацца ў паветры або перамяшчацца пад уздзеяннем ветра. У блакітным небе плавалі пуховыя хмары. Гурскі. Раніцамі плавалі над свежай зямлёй туманы. Хведаровіч. // перан. Разыходзіцца, даносіцца (пра гукі, пахі). Павекі самі па сабе паволі плюшчацца, а мяккі звон-шум у паветры плавае, калыша. Мурашка.

4. перан. Разм. Выказвацца аб чым‑н. павярхоўна, блытана, не закранаючы сутнасці. Плаваць на экзамене. □ — А матэрыялісты лічылі, што матэрыя гэта... — не па сваёй саліднасці жаласлівым галаском пачаў «плаваць» Каралёў. Карпюк.

•••

Мелка плаваць — не мець дастатковых здольнасцей, сіл, ведаў у якой‑н. справе; займаць нязначнае службовае або грамадскае становішча.

Плаваць як сыр у масле — жыць у вялікім дастатку, у раскошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блы́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. толькі мн. Бязладна пераплятацца (пра ніткі, валасы, дарогі і пад.). У лагчынах, далёка, туліліся да зямлі палявыя хаты, — далі там былі дымна-сінімі, і вузкімі стужкамі блыталіся дарогі. Чорны.

2. Чапляцца за што‑н., заблытвацца. Ногі спатыкаліся на барознах, блыталіся ў густым бульбяніку і непрыемна нылі пад каленьмі. Брыль. [Провад] блытаўся ў парастках маладых раслін. Новікаў. З шашы на наш гарод за хату мякка каціўся белымі клубкамі пыл, блытаўся ў густым частаколе. Адамчык.

3. Збівацца; рабіць, гаварыць няправільна, няясна, недакладна. Брыгадзіры дакладвалі па чарзе і, непадрыхтаваныя, блыталіся, увачавідкі выдумваючы лічбы і стараючыся давесці, што нічога страшнага няма. Хадкевіч. [Стэфа:] — Другое пытанне было па тэхніцы бяспекі. Я не блыталася, адказвала хутка і дакладна. Савіцкі. Васька блытаўся, чырванеў і ніяк не мог выказаць таго, што хацеў. Пянкрат.

4. Траціць яснасць, дакладнасць, рабіцца бязладным (пра думкі, словы і пад.). З явай блытаўся сон. Куляшоў. Усё пачало блытацца ў.. свядомасці [Барыса]. Мікуліч. Раман ішоў дамоў, і супярэчлівыя думкі блыталіся ў яго галаве. Чарнышэвіч.

5. Разм. Пераходзіць з месца на месца, сланяцца; блукаць. Каго мог цікавіць мурзаты падлетак, які блытаўся з вёскі ў вёску, свецячы парванымі каленямі. Дуброўскі. Мікіта доўга блытаўся па затонскіх хатах, покі не знайшоў старшыню праўлення Лукаша Гулака. Колас. Ды яшчэ ці мала людзей блыталася па нізкіх кустах, па мокрых алешнікавых паплавах, у гушчарніках лазовых за рэчкамі. Чорны.

6. Разм. Падтрымліваць сувязь з людзьмі, паводзіны якіх выклікаюць неадабрэнне. Блытацца з падазронай кампаніяй.

7. Разм. Невыразна, блытана вымаўляць, гаварыць (пра язык). Хутка язык пачынаў блытацца, і поп плёў абы-што. Галавач.

8. Зал. да блытаць.

•••

Блытацца пад нагамі — замінаць, перашкаджаць каму‑н.

Ногі блытаюцца гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)