Разгільдзя́й ’нядбайны, безадказны ў працы, справах чалавек’ (ТСБМ), разгільдзя́істы ’нядбайны, безадказны’ (Юрч. СНЛ). Запазычана з рус. разгильдя́й, якое, паводле Фасмера (3, 433), утворана аналагічна растрепа́й ’абарванец’ ад загаднай формы (таксама Праабражэнскі, 2, 175) і, магчыма, звязана з рус. ги́ль ’лухта, глупства’. Папоў (Из истории, 35) прапануе версію паходжання ад татарскага ўласнага імя Уразгильды, Уразгильдей, Разгільдей, Разгільдяй.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
без... (а таксама без’... і бес...; у першым складзе перад націскам бяз..., бяз’..., бяс...), прыстаўка.
Служыць для ўтварэння: 1) прыметнікаў ад назоўнікаў у значэнні: пазбаўлены чаго‑н., які не мае чаго‑н., напрыклад: безадказны, безагаворачны, беззаганны, беззямельны; 2) назоўнікаў з канчаткамі ‑е, ‑а або суфіксам ‑асць, якія азначаюць адсутнасць або недахоп чаго‑н., напрыклад: безграшоўе, бездарожжа, беззямелле, безадказнасць, безуважнасць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)