Трух ‘ павольная рысь, трушок’ (ТСБМ, Бяльк.), трух‑трух — гукаперайманне для абазначэння бегу дробнай рыссю (ТСБМ), трюх‑трюх — пра язду трушком (мсцісл., Нар. лекс.), трю́ханьня ‘язда трушком’ (Юрч. СНЛ); тру́хаць ‘бегчы трушком’ (ТСБМ, Шат., ТС; віл., Сл. ПЗБ), тру́хыць ‘тс’ (Бяльк.; Юрч. Сін.), пратру́хаць (Нік. Очерки), часцей, аднак, прыслоўе ў форме назоўніка ў Тв. скл.: тру́хам ‘(трухаць) трушком’ (Шат., Гарэц., Др.-Падб., Янк. 1, Байк. і Некр.; лях., Сл. ПЗБ), трухо́м ‘павольным бегам’ (рагач., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), тру́хом ‘тс’ (ТС), тру́хым ‘тс’ (Бяльк.). Укр. трух ‘конскі бег’, трух‑трух, трюх‑трюх, трюхи́‑трюхи́ — выгук для выражэння бегу каня трушком, трюха́ ‘малая рысь каня’, трухце́м, трюхом ‘трушком’, трю́хати ‘бегчы або ехаць рыссю’, рус. тру́хать ‘ехаць дробнай рыссю’, трю́хать ‘трэсціся’, трюх‑трюх, трух‑трух — перадае язду рыссю. Усходнеславянскае гукапераймальнае ўтварэнне, якое ўзнікла, відаць, пры ад’ідэацыі дзеяслова трусіць < прасл. *trǫsiti (sę) ‘трэсціся’ (Фасмер, 4, 110–112; ЕСУМ, 5, 663), параўн. і польск. trząskiem ‘трушком’ (Брукнер, 579). Сюды ж трухла́ ‘подбежкам’ (Сцяшк. Сл.), трухіня́ць ‘ісці подбегам’ (Скарбы; слонім., Жыв. сл.). Гл. таксама труском, трушком.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дыха́нне, ‑я, н.

1. Працэс паглынання кіслароду і выдзялення вуглекіслаты жывымі арганізмамі; газаабмен. // Убіранне і выпусканне паветра лёгкімі. Бацька заснуў. Дыханне яго было слабое, але роўнае і спакойнае. Чарнышэвіч. // Шум, які ўтвараецца пры дыханні. [Соня] мільганула пад акном, ускочыла ў сенцы, і я ўжо чую яе паскоранае бегам дыханне. Ракітны. // Паветра, якое выходзіць з лёгкіх пры выдыху. Лоб быў сцюдзёны, і Алег пакрыў яго далонню, а потым пачаў хукаць, грэць сваім дыханнем. Ермаловіч.

2. перан. Подых, павёў, праяўленне чаго‑н. Дыханне жыцця. Дыханне часу. □ Дзень пачынаўся без хмурынкі на небе, без дыхання вецярка. Шамякін. Недзе далёка чулася дыханне вялікага горада: шум машын, званкі трамваяў. Шыцік. // Набліжэнне, наступленне чаго‑н. Чуецца дыханне восені. □ Ужо чутно вільготнае дыханне хмары, ужо навакол разліты прыемны водар азону. Гамолка.

•••

Штучнае дыханне — сістэма прыёмаў для аднаўлення натуральнага дыхання, якое часова спынілася.

Другое дыханне — аб новых сілах, аб прыліве энергіі, бадзёрасці ў каго‑н. пасля перыяду стамлення, апатыі, няўдачы.

Дыханне заняло (захапіла, перахапіла) гл. заняць.

Дыханне занялося — стала цяжка дыхаць, спынілася дыханне (ад бегу, работы і пад.). У душы ў .. [Шуры] пахаладзела, дыханне занялося, спёрла, нібы хто сціснуў горла. Ставер.

Затаіць дыханне гл. затаіць.

Перавесці дыханне гл. перавесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бе́гаць, бегаю, бегаеш, бегае; незак.

1. Тое, што і бегчы, з той розніцай, што бегаць азначае дзеянне, якое адбываецца шматразова ці ў розных напрамках. Бегаць навыперадкі. □ Забыліся, мусіць, каровы, што ў Ігнася пуга доўгая і што моцна ён бегае. Мурашка. / Пра рух машын. А на рэчцы на Арэсе Бегае маторка. Купала. Бегае шпарка на полі жняярка, Жыта паклоны ёй шле. Журба. // Разм. Часта бываць у каго‑н., хадзіць да каго‑н., наведваць каго‑н. [Зося:] — Замаразкі пачыналіся першыя... а я кожную суботу да сваіх бегала вечарамі... Чорны. // Разм. Прабаўляць час, наведваючы каго‑, што‑н., гуляючы дзе‑н. Бегаць па хатах. □ [Маці:] — Вось што, Тараска: годзе ўжо табе каля рэчкі бегаць, лепш занёс бы ты дзядзьку полудзень на Высокі Бераг. Колас. // Быць на паслугах у каго‑н. У драўляным дамку побач чырвонага касцёла.. [Люба] нанялася падмятаць.., бегаць на пасылках. Чорны. // Разм. Шпарка хадзіць, маючы які‑н. клопат, пільную справу, выконваючы пэўную працу. Так.. [Карн] і бегаў цэлымі днямі з калгаса ў калгас, даючы парады і дапамагаючы наладзіць справы. Дуброўскі. // Разм. Увіхацца, абслугоўваць, даглядаць каго‑н. [Дзед:] — Я дам табе, хлопча, бочку мяса і бочку крынічнай вады, але ты папасі адно лета маіх валоў. Бо сам я сляпы: мне цяжка з імі бегаць. Якімовіч. // Разм. Заляцацца да каго‑н. [Лявон:] — Думаеш, ніхто не ведае, што ты [Юзік] за Аленай Сташэвічавай бегаеш? Чарнышэвіч. // Разм. Знаходзіцца ва ўзрушаным стане, усхвалявана рухацца. Бясконца збянтэжаны бегае па пакоі ў сваім гарадскім доме Няслаўскі. Мурашка.

2. Займацца бегам як спортам. [Наташа] стала фізкультурніцай: хутчэй за ўсіх бегала, вышэй скакала, выдатна плавала. Шамякін. // Імкліва рухацца на каньках, лыжах.

3. Разм. Хутка рухацца (аб прадметах, пальцах, вачах і пад.). Мне ўжо не трэба думаць, на які клавіш націскаць, — пальцы самі бегаюць. Жычка. Пяро ў руках Рыбіна бегае хутка. Пестрак. [Тодаравы вочы] няўпэўнена бегалі па тварах, кані ён аглядаўся на залу. Крапіва. // Разм. Мільгацець (пра рух святла, ценяў, падзенне сняжынак і інш.). Бледныя водсветы палахліва бегалі па вершалінах дрэў. Лынькоў. Густыя цені Бегаюць па сценцы. Колас. Сняжынкі белыя Над полем бегалі, Ляталі, лёгкія І мітусіліся. Глебка. // Разм. Адлюстроўвацца, праяўляцца ў выразе твару (пра ўсмешку). Другі быў кароценькі і шустры, з крываватым носам і гладка пабрыты. На яго губах бегаў салодзенькі смяшок. Колас. А на [Зосіным] твары .. так і трапятала, так і бегала заварожлівая ўхмылка. Гартны. // Разм. Распаўсюджвацца, ахопліваць сваім дзеяннем. Па сцяне ад гароду пад суднікам і па шырокіх дзвярах бегаў агонь. Пташнікаў.

4. Разм. Пра перыяд палавой актыўнасць ў кароў.

•••

Бегаць як падсмалены — знаходзячыся ва ўзрушаным стане, хутка насіцца.

Мурашкі бегаюць па спіне (скуры, целе) гл. мурашкі.

Па завуголлю бегаць — пазбягаць працы.

Па нітачцы бегаць — быць паслухмяным, дысцыплінаваным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)