Відо́вішча ’тое, што паўстае, адкрываецца перад вачамі’; ’паказ, прадстаўленне’ (БРС, КТС). Укр. видовище ’відовішча’, макед. видовиштебачанне; пабачанне’. Прасл. vidovišče утворана ад *vid‑u > vid‑ov‑ і суф. ‑išče, першасным значэннем якога было ’месца, дзе бачна відовішча’ → ’тое, што бачна, што паказваецца, адкрываецца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэлебача́нне ‘трансляцыя рухомых відарысаў, тэлевізія’, ‘установа, што перадае тэлевізійныя праграмы’ (ТСБМ, Мова Сен.). Калька з рус. телеви́дение ‘тс’, што, у сваю чаргу, з’яўляецца паўкалькай з франц. télévision або англ. television ‘тс’, т. зв. еўрапеізмаў-гібрыдаў, утвораных на аснове грэч. τῆλε ‘далёка’ і лац. visio ‘выява, бачанне’ ў пачатку XX ст. (Арол, 4, 54; ЕСУМ, 5, 538). Гл. тэле- і бачыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зрок, ‑у, м.

1. Адно з пяці знешніх пачуццяў, органам якога з’яўляюцца вочы; здольнасць бачыць. Органы зроку. Сапсаваць зрок. □ У майстэрні цемнавата, а зрок у Абрама ўжо быў прытуплены. Дачка запаліла.. лямпу. Пестрак. Нават вачам стала лягчэй, нібы пяшчота свежага вясенняга цяпла прыбавіла ім зроку. Кулакоўскі.

2. Разм. Погляд, позірк. На ганак са стрэльбаю выйшаў стары. Абвёў цівуноў грозным зрокам. Танк.

•••

Бінакулярны зрок — звычайнае бачанне абодвума вокамі.

Поле зроку гл. поле.

(Як) зрокам абняць гл. абняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адпавяда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чаму.

1. Быць у суладнасці, стасавацца з чым‑н.; гарманіраваць. Пейзаж тут новы, і ён на дзіва адпавядае душэўнаму стану галоўнага героя. Кучар. У годзе ёсць адзіная пара, што сталаму адпавядае ўзросту. Русецкі.

2. Быць вартым чаго‑н., падыходзячым для якіх‑н. мэт; задавальняць. [У.І. Ленін] звяртаў асаблівую ўвагу на тое, наколькі светапогляд пісьменніка, яго бачанне рэчаіснасці адпавядаюць думкам і пачуццям народных мас. Івашын.

3. Супадаць, быць роўным, аднолькавым з чым‑н. Цана павінна адпавядаць вартасці тавару. Копія адпавядае арыгіналу. □ Тое.. [ўяўленне] аб рабфаку, што склалася ў Сцёпкі дома, зусім не адпавядала таму рабфаку, які Сцёпка бачыў цяпер перад сабою. Колас.

4. Быць у пэўных суадносінах, сувязі з чым‑н. Большасці цвёрдых адпавядаюць мяккія зычныя, у выніку чаго ўтвараюцца суадносіны зычных у беларускай мове па цвёрдасці і мяккасці. Юргелевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Від1 ’від, перспектыва, якая адкрываецца перад вачамі’ (БРС, КТС, Шат.); ’выгляд’ (БРС, КТС, Сцяшк. МГ, Янк. I); ’агульнае выражэнне твару’ (Шат.); ’твар’ (Янк. I, Яруш., Гарэц., Нас., Бяльк., Мат. Гом., Шатал.); ’паштоўка’ (Мат. Гом.). Укр. вид ’твар’; ’зрок’ рус. вид ’зрок’; ’знешні выгляд’; ’мясцовасць, перспектыва, што адкрываецца перад вачамі’, ст.-рус. видъ ’здольнасць бачыць, зрок’; ’відовішча’; ’знешні выгляд’; ’прывід, здань, праява’, польск. wid ’прывід, здань, дух’; ’святло, зрок’ у выражэнні ani widu, ani slychu ’ні слыху, ні дыху’, уст. ’выгляд, знешні від’, чэш. vid (кніжн.) ’спосаб бачання’; ’відовішча’; ’зрок’; ’выгляд, форма’, славац. vidбачанне, успрыманне на зрок’, (кніжн.) ’зрок, погляд’; ’выгляд’; ’спосаб спаглядання, назірання; светапогляд’, славен. vȋd ’зрок’; ’глядзенне, назіранне, нагляданне’; ’твар, выгляд’; ’краявід, ландшафт’, серб.-харв. ви̑д ’зрок, увага, поле зроку’; ’відно’, макед. вид ’зрок’; ’знешні выгляд’; ’від, гатунак, род’, балг. вид ’знешнасць’; ’выгляд’; ’краявід’, ст.-слав. видъ ’вобраз, знешні выгляд’; ’род, від, характар’; ’форма’; ’нагляданне’; ’агляд’. Прасл. vidъ, роднаснае з літ. véidas ’твар, воблік’, veidaĩ ’шчокі’, лат. veĩds ’форма, вид, выгляд’, грэч. (Ϝ)εἶδος ’вобраз, від, фігура, форма’, ст.-інд. vēda ’выгляд’, vḗdaḥ ’веды’; ’абачлівасць, асцярожнасць’, авест. vaēdah‑ ’валоданне’. І.‑е. *u̯eidos ’тое, што відаць’. Параўн. яшчэ Траўтман, 358; Мюленбах-Эндзелін, 4, 522; Майргофер, 21, 254; Праабражэнскі, 82; Фасмер, 1, 312; Шанскі, 1, В, 93; КЭСРЯ, 80; БЕР, 1, 143.

Від2 (біял.) ’від, разнавіднасць, тып’ (КТС, БРС). Запазычана з рус. вид ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)