галалёдзіца, ‑ы, ж.

Ледзяная корка на паверхні зямлі, не пакрытая снегам; галалёд. Зноў прыціскаў марозік, і галалёдзіца шклом пакрывала дарогі. Дуброўскі. // Стан пагоды, калі паверхня зямлі, дрэў і інш. пакрыта ледзяной коркай. У той дзень была галалёдзіца, тратуары зрабіліся слізкімі і Валіку прыходзілася ўвесь час асцерагацца, каб не пакаўзнуцца. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакаўзну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Не ўстаяць, не ўтрымацца на коўзкім месцы; паслізнуцца. У той дзень была галалёдзіца, тратуары зрабіліся слізкімі і Валіку прыходзілася ўвесь час асцерагацца, каб не пакаўзнуцца. Жычка.

2. перан. Разм. Дапусціць памылку ў паводзінах, якіх‑н. дзеяннях. [Бацька:] — Глядзі толькі не пакаўзніся, справа гэта не такая простая. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асцерага́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Раіць асцерагацца каго‑, чаго‑н., перасцерагаць ад чаго‑н. шкоднага, небяспечнага, што здольна зрабіць зло. — Ты толькі, Міхась, не накідвайся адразу на яду, — асцерагаў Міхася Пятрусь. Колас. Але май на ўвазе, што яна, Зося, нічога не забыла і ніколі не забудзе. І мільёны не забудуць. І ты не асцерагай яе ад мінулага. Яна не баіцца яго. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасцерагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; пр. перасцярог, ‑сцерагла, ‑ло; заг. перасцеражы; зак., каго.

Даць параду асцерагацца чаго‑н. такога, што можа прычыніць шкоду; папярэдзіць аб небяспецы. — Не заводзься з імі! — перасцерагла дзеда бабка Наста. Колас. Дзяўчына без гуку перасцерагла хлопцаў, прыўзняўшы палец да вуснаў. Мурашка. // Засцерагчы ад небяспекі. Я стаў каля хлопчыка так, каб засланіць сабою дарогу і перасцерагчы на выпадак, калі б ён захацеў бегчы на сярэдзіну. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Варава́ць1 ’абстаўляць умовамі, меркаваць’ (КЭС), варавацца ’насцярожвацца’ (КТС); ’асцерагацца, не асмельвацца’ (КПС); ’сцерагчыся, абавязвацца’, павароўвацца ’пабойвацца, асцерагацца’ (КЭС). Усе значэнні развіліся на падставе вараваць ’ахоўваць, зберагаць’, запазычання са ст.-в.-ням. warôn ’тс’, прадстаўленага ў большасці славянскіх моў: рус. варовать ’слухацца; захоўваць, абараняць’, ст.-рус. варовати ’тс’, укр. варувати, варовати(ся) ’тс’, ва́ра ’сцеражыся’, польск. warować ’умацоўваць; абумоўліваць’, чэш. varovati ’папярэджваць’, varovati se ’берагчыся’, славац. varovať ’сцерагчы; наглядаць за дзіцём’, серб.-харв. ва̏рати, варо̀вати ’ахоўваць’. Магчымасць шырокіх семантычных зрухаў пацвярджаецца аналагічнымі працэсамі ў іншых мовах; параўн. балг. ва́рам, ва́рвам (< серб.-харв.): ’ахоўваць > ахоўваць дзяцей > суцяшаць адцягваць увагу > ашукваць, хлусіць’ (БЕР, 1, 119). Гл. Фасмер, 1, 275; Рудніцкі, 1, 312; Брукнер, 601; Корбут, PF, 4, 515; Скок, 3, 565–566.

Варава́ць2 ’прытрымліваць плыт якарамі’ (КСТ). Да вараваць1. Магчыма таксама семантычнае запазычанне з польск. warować ’умацоўваць’.

*Варава́ць3, вароваць ’падсоўваць на сталюгах калодку пры дапамозе тапара’ (КСТ). Існуе вялікае гняздо слоў з гэтым коранем: рус. вор, во́ра ’плот, агароджа’, верать ’соваць, укладваць’, (за)вереть ’заперці’, вар, варок ’двор для скаціны’, бел. вур, ворйе, ворына ’плот з доўгіх жэрдак’ (Лучыц-Федарэц, Бел.-укр. ізал., 40), укр. вари́йка ’перакладзіна, якой закрываюць вароты’, ст.-рус. воръ ’плот’, польск. (za)wrzeć ’запіраць, закрываць’, чэш. otevřiti ’адкрыць’, балг. въвирам ’усоўваць, упіхваць’ і г. д. Гэта дае магчымасць узнавіць адзін з варыянтаў агульнаславянскага кораня да прасл. *vor‑ са значэннем ’(па)соўваць’. І.‑е. паралелі гл. Фасмер, 1, 273, 293, 350; БЕР, 1, 177–178. Там жа і літаратура.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пільнава́цца, ‑ну́юся, ‑ну́ешся, ‑ну́ецца; незак.

1. Знаходзіцца паблізу чаго‑н., не адыходзіцца. Коні ішлі паціху, а мужчыны ззаду пільнаваліся вазоў. Чарнышэвіч. Ужо вось з тыдзень, як пан Богут Свайго пільнуецца двара І толькі выйдзе на дарогу, Калі надарыцца пара. Колас.

2. Хадзіць следам за кім‑н., не выпускаць з поля зроку; трымацца каго‑н. Дарэмна .. [Лісавета] старалася не хадзіць адна з вячорак або з вечарынак і заўсёды пільнавалася Алены Сташэвічавай. Чарнышэвіч. Вера ўжо раней, як толькі яе разлучылі з Нінай, вырашыла пільнавацца гэтай жанчыны. Мікуліч.

3. Удзяляць увагу чаму‑н. [Ціток:] — [Кандрат] толькі п’е ды ў карты гуляе, а гаспадаркі не пільнуецца. Лобан.

4. Прытрымлівацца чаго‑н., кіравацца чым‑н. — Мы больш за вас на свеце пражылі і ніякіх гэтых правілаў надта не пільнаваліся. Кулакоўскі. [Мірон:] — Як партызанам, так і падпольшчыкам трэба асабліва пільнавацца дысцыпліны, і не звычайнай дысцыпліны, а жалезнай. Лынькоў.

5. Асцерагацца, быць уважлівым. На станцыі трэба пільнавацца, каб не трапіць на вока гаспадару. Лынькоў. — Хіба ж бо гэта канечне трэба было яму пад тое дрэва лезці? Каб пільнаваўся, дык і не папаў бы, во што я вам скажу. Галавач.

6. Зал. да пільнаваць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пі́льна, пі́льня, пі́льно, пі́лна, пілне, пілно ’вельмі, настойліва’, ’неаслабна’, ’уважліва’, ’тэрмінова’, ’не адрываючыся, не паднімаючыся з гнязда’, ’старанна’, ’абавязкова’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мядзв., Юрч., Яруш., Мал., Варл., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС; бялын., Янк. Мат.; Карскі, Труды; Мат. Маг.; Бяльк.), пі́льненечка ’ўважліва’ (Ян.); пільнава́ць, пілнава́ць, пільнява́ць, пільнува́ць, пільнова́ті, пільнува́тэ, пілмава́ць ’наглядаць, вартаваць, сцерагчы, сачыць, падпільноўваць, падсцерагаць’, ’старацца’, ’пасціць’, ’няньчыць’, ’марудзіць’; ’старанна працаваць’, ’трымацца гаспадаркі’ (ТСБМ, Шн. 1, Мядзв., Гарэц., Мал., Яруш., Нас.; барыс., Шн. 2; Бір. Дзярж.; Сцяшк. Сл., Шат., Касп., Варл., ТС, Сл. ПЗБ); пільнава́ццаасцерагацца’ (Варл.), ’прытрымлівацца чаго-н.’ (Шат.), пільнява́цца ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ); пільнува́ння ’падсцераганне’, пільнасць ’асцярожнасць’ (Варл.), ’уважлівасць’ (шальч., Сл. ПЗБ), ’нагляд’ (Скарбы); пільноўка ’вартаванне, нагляданне за чым-н.’ (Нас.); пільны ’неадкладны, тэрміновы’ (навагр., Нар. словатв.), ’акуратны’, ’патрэбны, неабходны’, ’старанны’ (Нас., Шат.) — утворана ад дзеяслова *piliti (Насовіч, 414) > пілі́ць2 (гл.): прасл. *pil‑ьnъ(jь) > укр. пи́льний, рус. пил́ьный, пи́лен, польск., н.-, в.-луж. pilny, чэш., славац. pilný, ц.-слав. пильнъ; *pil‑ьnъ > *pilьno; *pil‑ьnъ > *pil‑ьn‑ova‑ti: укр. пильнува́ти, рус. паўд. пильнова́ть, польск. pilnować, pilować, н.-луж. pilnowaś se, чэш. ляш. piľovať, славац. pilnovať; не выключана магчымасць запазычання з польск. pilnować (Цвяткоў, Запіскі, 60; Мядзведскі; Булыка, Лекс. запазыч., 185). Тэдэска (Language, 27, 18) мяркуе, што прасл. pil‑ьnъ узнікла шляхам рэдукцыі з *pri‑lьg‑ьnъ, параўн. рус. приле́жный ’які старанна прыкладаецца да чаго-н., аддана прысвячаецца чаму-, каму-н.’ Міклашыч (246) супастаўляе pilьnъ з літ. pil̃nas ’старанны, уважлівы’, якое, аднак, з польск. pilny (Фрэнкель, 1, 591). Ондруш (SlW, 1975, 119) узводзіць прасл. *pil‑ьnъ(jь) ад незахаванага дзеяслова *piti ’рэзаць’ з наступным развіццём семантыкі ’баявы, змагар’ > ’настойлівы, старанны’; Шустар-Шэўц (14, 1064) звязвае лексему з літ. pìlti ’ліць, сыпаць’ > ’хутка цячы’ > ’хуткі, імклівы’; Станкевіч (Зб. Бірнбаўму, 1985, 412) выводзіць прасл. *pilьnъ ад *piliti, а апошняе — ад *pil‑/*pyl‑ ’певень’ (пры першаснай сувязі дзеяслова з семантыкай сексуальнага ўзбуджэння). Прымаючы пад увагу канкрэтныя значэнні ў некаторых слав. прыметнікаў: польск. pili ’свой, родны’, niepili ’чужы, незнаёмы, няродны’, чэш. pile ’клопат’, якое Шаўр (Etym. Brunensia, 109 і наст.) уводзіў у і.-е. гняздо *pei̯t‑ ’клапаціцца’, в.-луж. pilny ’тоўсты, тлусты’. Варбот (БСИ–1998–1999. М., 2000, 24–26) уключае ў кола вытворных гняздо і.-е. *pei̯(ə)‑/*pī̆‑ ’тлусцець’, ’знаходзіцца ў вялікай колькасці’ і прасл. *pilъ(jь), пазней — pilь(jь) са значэннем ’тлусты, тоўсты’ = ’адкормлены’, адсюль — ’свой, родны’. Ад *pilъ(jь) паходзіць дзеяслоў *piliti ’клапаціцца, старацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)