Аста́цца. Праслав. ostati sę — зваротная форма да *o‑stati, o‑staviti, утворанага з прэфіксальным o‑ ад дзеяслова *stati (> стаць). Ад гэтага дзеяслова ўтвораны дзеепрыметнік остатъ, адкуль астатак (остатъкъ) (КЭСРЯ, 316) і астача (*остатја). Параўн. падаць, падатак, падача. Дзеепрыметнік даў аснову і для ўтварэння з суфіксам ‑ьн‑ прыметніка остатьний > астатні ’апошні’ (Булахаў, Працы IM, 7, 142; Анічэнка, Праблемы філал., 9). Ад остатъкъ утворана остаточьныи (Карскі, Труды, 372; Булахаў, Працы IM, 7, 141) і астаткавы (остатък‑ов‑ъ); ст.-бел. остатечный ’апошні’ — з польскай (Гіст. лекс., 96), дзе ъ > е. Ад гэтага ж дзеяслова ўтворана было осталь ’тое, што засталося’ (Даль; гл. КЭСРЯ, 315), адкуль астальцы ’астатак’ (Касп.), ст.-рус. остальць ’той, што застаўся’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэ́шта, ‑ы, ДМ ‑шце, ж.

1. Частка чаго‑н., якая засталася, не выкарысталася; астача, астатак. Саша, даўшы пакаштаваць соку Ленцы, панесла рэшту Лялькевічу, які бандарнічаў пад паветкай. Шамякін. Салдаты дзялілі свой паёк на дваіх, а рэшту аддавалі дзецям і жанчынам. Кухараў. // Тое (тыя), што асталося (асталіся) пасля падзелу, адыходу каго‑, чаго‑н. [Сушко:] — Скажы, дзе рэшта з вашай кампаніі і дзе хаваецца награбленае вамі дабро? Колас. Уся рэшта групы — восем чалавек — трымалася чынна, не выскаквала з гутаркамі. Пестрак. — Гэтымі днямі выезд у поле, — гаварыў Апанас. — Мусіць, Нахлябічавы і Сегенецкага коні самая сіла. [Якуб:] — Самая сіла. Рэшта ўсё — так сабе. Чорны.

2. Частка якога‑н. адрэзка часу ці адлегласці, якая засталася яшчэ нявыкарыстанай ці непераадоленай. А вось рэшту дня дык ужо дома .. [Ганку] не ўтрымаеш. Якімовіч. Садовіч захапіўся новаю ідэяю і ўсю рэшту дарогі гаварыў аб ёй з высокім пафасам. Колас.

3. Здача. — Малады чалавек! — паклікаў яго прадавец. — Вы ж хоць рэшту вазьміце. Ваданосаў.

•••

У рэшце рэшт — у канчатковым выніку, нарэшце. — Якая, у рэшце рэшт, мне справа да ўсяго гэтага?! — ускіпеў Балуеў. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)