мажны́, ‑ая, ‑ое.
Рослы, поўны, моцнага целаскладу. Побач з мажным, шыракаплечым Міхалам Арына здавалася мініяцюрнай, стройнай і маладой. Карпаў. Упусціўшы мужчын, мажная, раздабрэлая буфетчыца зашчапіла за імі дзверы, адышлася за стойку. Навуменка. За сталом сядзелі трое ў ваенным, і ўсе трое былі мажныя, самавітыя, сур’ёзныя. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
змардава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад змардаваць.
2. У знач. прым. разм. Змучаны, знясілены. Працавала [Кацярына] на багатых, Марна сілы кладучы, Змардаванаю дахаты Прыпаўзала ўначы. Броўка. Арына не спала ўсю ноч. Раніцаю ўстала змардаваная, пахудзелая. Карпаў. // Які выражае змучанасць, знямогу. На бледным, як палатно, худым і змардаваным твары блішчалі адны вочы. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мініяцю́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мініяцюры (у 1, 2 знач.). Мініяцюрны жывапіс.
2. Маленькі і прыгожы. Побач з важным, шыракаплечым Міхалам Арына здавалася мініяцюрнай, стройнай і маладой. Карпаў. // Вельмі малы. Пасля прыязнай таварыскай гутаркі ў рабочым клубе мы пайшлі на сустрэчу з гданскімі пісьменнікамі. Там пілі кофе з мініяцюрных кубачкаў і слухалі канцэрт. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лы́чка, ‑а; Р мн. ‑чак; н.
1. Памянш. да лыка.
2. пераважна мн. (лы́чкі, ‑чак). Вузкія папярочныя нашыўкі на пагонах. Яны прыйшлі ўтрох. Адзін — на пагонах тры белыя лычкі, а ў тых двух — сівыя пагоны, як і іх фрэнчы. Баранавых.
3. Абл. Кольца, круг. Арына паклала ў міску кавалак сала, кавалак мяса і лычка кілбасы. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узва́р, ‑у, м.
Адвар з ягад, траў і пад. Часам заходзіць да іх суседка, Вальчына матка, прынясе матцы якога ўзвару з зёлкаў, забярэ малых, накарміць. Арабей. На Мішку ж стрэл падзейнічаў задужа,.. калі казаць па сакрэту, дык нават жыватом захварэў, і доўга адпойваў яго доктар чарнічным узварам. Лынькоў. // Кампот з сушаных фруктаў ці ягад. — А ў нас, у вёсцы, больш аладкі ды ўзвар з груш-дзічак прыносілі, — зажурылася на хвілінку Арына. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
начы́нне, ‑я, н., зб.
1. Набор прадметаў, інструментаў для выканання якой‑н. работы. Улетку цесляры вандравалі са сваім начыннем — пілкаю і сякерамі — па ўсёй ваколіцы. С. Александровіч. Начыння ў кузні было не вельмі многа: два меншыя молаты і адзін вялікі. Сабаленка.
2. Сукупнасць прадметаў хатняга, гаспадарчага, ваеннага і пад. ўжытку. Цётка Арына бразгала на кухні начыннем, нешта гаварыла напаўголас, відаць, толькі для сябе. Асіпенка. Пад нагамі розная вайсковая амуніцыя і начынне: сёдлы для кухань і кулямётаў, лапаты, кіркі і нейкія жалязякі, густа змазаныя аўтолам. С. Александровіч. Усялякія прабіркі, колбы, адным словам — шкляное начынне, патрэбнае для лабараторнай працы, дзяўчаты стаўлялі на паліцы ў кладоўцы. Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
настро́й, ‑ю, м.
1. Унутраны, душэўны стан. На кожным твары, у кожнай хаце адчувалася: у людзей узняты перадсвяточны настрой. Васілевіч. Арына адразу заўважыла, што муж не ў гуморы, і, як звычайна ў ў апошні час, пастаралася развеяць яго кепскі настрой. Карпаў. // Разм. Добры гумор. Свайго вясёлага настрою Схаваць не можа наш рыбак. Колас. [Сухадольскі:] Ты ўжо дасягнула свайго — сапсавала мне настрой. Крапіва.
2. Накіраванасць думак, пачуццяў і пад. каго‑н.; настроенасць. Толькі пазней мы даведаліся, што Гурскі прад’явіў некаторыя з нашых работ на педсавеце, абвінавачваючы нас у крамольных настроях. Мядзёлка. Агульны напрамак творчасці маладых паэтаў — правільны. Але бываюць выпадкі, калі ў іх лірыцы пачынаюць гучаць нездаровыя настроі. «Маладосць».
3. Схільнасць, жаданне рабіць што‑н. Вечарам, пасля работы, Рыгор вярнуўся на кватэру. Быў настрой нікуды не выходзіць. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
румя́ны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты румянцам, з румянцам на твары. Косцік і Шурка, румяныя з марозу, убеглі ў хату і пачалі апранацца: Косцік у лес, а Шурка ў школу. Брыль. Круглы румяны твар хлопца ажно ззяў. Хомчанка. // перан. З чырвоным бокам (пра яблыкі, грушы і пад.). І такія на ёй яблыкі растуць — чырвоныя ды румяныя. Якімовіч.
2. Ярка-чырвоны, ружовы. У акно ўжо зазірала сонца, круглае, румянае. Сачанка.
3. Чырванаваты, з залаціста-карычневым адценнем (пра колер печаных і смажаных вырабаў). Маці заўсёды пякла.. вялікія пампушкі з белай пшанічнай мукі, такія пахучыя, румяныя. Шамякін. — Ну, хваліся, — папрасіла Арына, паставіўшы назад на пліту блюда з румяным і адмыслова аздобленым парасём. Карпаў.
румя́ны 2, ‑аў; адз. няма.
Ружовая ці чырвоная касметычная фарба для твару.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уго́лас, прысл.
1. Вымаўляючы гучна, так, каб было чутно для другіх. [Колас:] — Чытай уголас і папраўляй, а я буду сачыць па кнізе. Лужанін. Убачыўшы, што я бяру напрамак да машыны,.. [чалавек] яшчэ старанней замітусіўся, а потым уголас пачаў лаяць шафёра: — Хіба гэта вадзіцель! Партач, а не вадзіцель! Кулакоўскі. // Так, што можна пачуць. Марыць уголас. □ Стары [ляснік] прывык да адзіноты, цішыні і таму думае ўголас. Хомчанка. // Гучна, моцна, голасна. Часамі [Самабыль] заліваецца смехам уголас, а часам проста смяецца моўчкі. Колас. Адна толькі Ганька сядзіць у мыцельніку, і адну яе толькі ніхто не заўважае. Гэта няўвага так крыўдзіць Ганьку, што яна не можа больш стрымацца. Яна плача горка, плача ўголас... Васілевіч. Але Арына не гаварыла нічога. Толькі рыдала, горка, уголас. Мележ.
2. перан. Адкрыта, на людзях. [Лёнік] не забываў пра .. [рагатку], але загаварыць аб ёй уголас не адважваўся. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калаці́цца, калачуся, калоцішся, калоціцца; незак.
1. Дрыжаць, хістацца, трэсціся. Ад артылерыйскай стральбы калаціліся сцены. Лынькоў. // Часта, сударгава ўздрыгваць (пра рукі, ногі, цела і пад.). Калаціцца ад страху. □ Калі Арына дакранулася да яе [Ледзіных] плячэй, то пад рукой адчула, як дачка калоціцца ў немым плачы. Карпаў. У нецярплівым чаканні моцна грукае сэрца і калоцяцца рукі. Шамякін. // Моцна біцца (пра сэрца). Рукі яго [Хвашча] трэсліся, вочы ліхаманкава разгараліся, сэрца калацілася, гатовае выскачыць. Лупсякоў.
2. Разм. Біцца, сварыцца. — Зямля ж, брат, вольнаю з’явілася ў свет, дык навошта дзяліць яе, рэзаць на шматкі, калаціцца з-за яе? Колас. [Сыны] калаціліся і грызліся адзін з адным за сваю .. гаспадарку. Чорны.
3. перан. Непакоіцца, хвалявацца за каго‑, што‑н. Калі .. [камендант] заходзіў у вёску — сяляне баяліся паказацца, калаціліся за сваё дабро. Бажко. // над кім-чым. Клапаціцца аб кім‑н., старанна, клапатліва ахоўваць каго‑н. Калаціцца над дзецьмі, унукамі. // Берагчы што‑н., ашчадна расходаваць. Калаціцца за кожную капейку. □ Безумоўна, большасць калгасаў тут бачыла беражлівае сэрца Вароніча, які за кожную дробязь у гаспадарцы калоціцца і стаіць, як за сваё. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)