Апрана́ць1, апранацца, апрануць, апрануцца, апранаха, магчыма, сюды ж уласнае імя Апраніч (ад *апрана ’адзенне’ — Бірыла, Бел. антр., 2, 22). Рус. дыял. опрянать(ся), опрянуть(ся) ’адзець, накрыць’. Ст.-бел. (XV ст.) опрянути ’асядлаць’ (Карскі, Труды, 313). Ад *ob‑pręt‑nǫti, *prętati ’хаваць’ (гл. апратаць). Трубачоў, пісьм. паведамл. У тлумачэнні Супруна (Веснік БДУ, 1971, 2, 62–64) памылковае сумяшчэнне апранаць1 і апранаць2.

Апрана́ць2, апрануць, опрянуць, опрянуцца ’моцна ўдарыць, ударыцца’ (Касп., Нас.). Ад зафіксаванага ў Насовіча прануць (прянуць) ’ударыць’ (гл.). Супрун (Веснік БДУ, 1971, 2, 62–64) памылкова сумяшчае з апранаць2 слова апранаць1, якое мае іншае тлумачэнне (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́таць1 ’прыбіраць’, ’засоўваць, запіхваць (рукі)’ (Нас.), ’прыбіраць, упарадкоўваць, чысціць’, ’даглядаць’, ’хаваць’ (свісл., Сл. ПЗБ; Шатал., Сцяшк. Сл.), ’ачышчаць ад карэнняў, кустоў’ (Стан.). Параўн. рус. пря́тать, пря́чу ’хаваць’, опря́тный ’ахайны, чысты’, пря́танье ’карчаванне зямлі пад ворыва’, опря́тывать ’прыбіраць, упарадкоўваць’, ’адзяваць нябожчыка’, укр. пря́тати ’прыбіраць, упарадкоўваць’, ’хаваць’, ст.-рус. с(ъ)прѧтати; польск. sprątać ’прыбіраць’, sprzęt ’начынне, прыбор’, серб.-харв. прѐтати ’закопваць, засыпаць попелам’, спре̏тан ’лоўкі’, славен. spréten ’годны, лоўкі, жвавы’, балг. опре́там се ’падрыхтоўваюся да працы’, ст.-слав. прѧтати ’ціснуць, прыгнятаць; перашкаджаць’. Прасл. *prętati з першасным значэннем ’рваць, вырываць, расчышчаць зямлю пад сяўбу’ (Мяркулава, Этимология–1974, 70), магчыма, звязанае з *prędati, *pręsti (гл. пратаць2 ’біць’), паводле Куркінай (Балто-слав. иссл., 15, 201), з першаснай семантыкай ’рэзка рухаць, тузаць’. Іншая пашыраная версія — аб роднасці з прут (*prǫtъ); гл. Праабражэнскі 2, 145 і наст.; Брукнер 436; аднак Фасмер (3, 396) указвае на семантычны недахоп гэтай этымалогіі — *prętati не мае значэння ’аплясці, плясці’. Супастаўленне з с.-в.-ням. sprenzen (Мацэнаўэр, LF, 14, 403; Младэнаў, 515) Фасмер (там жа) таксама лічыць сумнеўным, паколькі апошняе звязана са слав. *prędati (гл. пра́даць). Агляд іншых версій гл. ESJSt, 12, 710–711. Гл. таксама апратаць.

Пра́таць2, пря́таць ’біць, лупцаваць’ (Нас., Бяльк., Юрч.), ’біць бялізну’ (Інстр. 1). Этымалагічна тое ж, што і пратаць1; змяненне значэння адбылося ў выніку семантычнай кантамінацыі з дзеясл. праць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)