нерастава́ць, ‑туе; незак.

Адкладаць і апладняць ікру (аб рыбах). Кожны спрактыкаваны рыбалоў ведае, што большасць нашых рыб нерастуе вясной і толькі адзін мянтуз адкладвае ікру ў сярэдзіне зімы. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сле́цце (сьле́цьце) ‘плады’ (Arche, 2007, 3), сьле́ціва ‘зеляніна, гародніна’, сьле́ціўя ‘тс’ (Ласт.). Параўн. рус. дыял. сле́тье ‘ураджай; жыта; гародніна’. Відаць, да лета ‘летняя пара, пара спеласці’ (гл.); меркаванні Пацюпы (Arche, 2007, 3, 209) пра сувязь з укр. літь ‘цечка’, лі́титиапладняць’ могуць мець падставы пры ўмове паходжання гэтых слоў ад лі́то (гл. лета), параўн. ЕСУМ, 3, 272. Параўн. таксама сле́тнік (сьле́тнік) ‘стары зняможаны конь, якога куплялі танна вясной для выкарыстання летам’ (полац., Шатал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапта́ць1 ’прымінаць нагамі, дратаваць’, ’зношваць абутак’, ’груба зневажаць, прыніжаць’, ’наспех упіхваць, складваць’ (ТСБМ, Ласт.), ’тупаць, мясіць’ (Некр. і Байк.), ’уціскаць, ушчыльняць нагамі’, ’драць абутак’ (Варл.), ’утрамбоўваць, націскаць’, ’выконваць хатнюю працу’ (Сл. ПЗБ), ’есці ўсухамятку’ (Марц.), ’есці’ (Сл. рэг. лекс.), ’выціскаць мёд з сотаў’ (ст.-дар., ЛА, 1), ’заганяць рыбу ў сетку, боўтаючы нагамі’ (полац., З нар. сл.), топта́ць ’утрамбоўваць, ушчыльняць’, экспр. ’есці’ (ТС), ст.-бел. топтати ’наступаць нагой’ (Сл. Скар.), ’нацягваць, націскаць’ (Альтбаўэр). Укр. топта́ти, рус. топта́ть, польск. deptać, чэш. deptati, славац. deptať, в.-луж. teptać, н.-луж. teptaś, славен. teptáti ’наступаць нагамі’, балг. тъптя́, тъ́пча ’тс’, ’пічкаць, есці’, ст.-слав. тъпътати ’ступаць, гнясці’. З прасл. *tъpъtati ’тс’, праз чаргаванне галосных звязана з *tupati ’тупаць’. Гукапераймальны дзеяслоў, паралельны да *topati ’топаць, тупаць’. Далей супастаўляюць са ст.-інд. tupáti, tópati, túmpati, tumpáti ’раніць’, з грэч. τΰπτω ’б’ю, сяку’, лат. staũpe ’сляды конскіх капытоў’ (Фасмер, 4, 80; Брукнер, 87; Махэк₂, 115; ЕСУМ, 5, 601).

Тапта́ць2апладняць (пра птушак)’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), тапта́цца ’блуднічаць, тварыць пералюбы’ (Ласт.), сюды ж топту́н ’певень’ (Мат. Маг.). Параўн. польск. дыял. deptać ’тс’, каш. deptać, dejptaćапладняць (пра птушак)’. Эўфемізм, утвораны праз звужэнне або канкрэтызацыю значэння дзеяслова тапта́ць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Но́раст ’нераст’ (Касп.; полац., З нар. сл.; мядз., Сл. ЦРБ; брасл., Сл. ПЗБ), ’ікра (рыб, жаб)’ (брасл., Сл. ПЗБ), рус. норост, норос, порость ’нераст; ікра рыб ці жаб’. Звязваюць з рус. норохтиться ’збірацца што-небудзь зрабіць, хацець, мець намер; храбрыцца, збіраючыся на якую-небудзь справу; спяшацца’, якое дакладна адпавядае літ. narstytis праставаць’, сюды ж польск. narościćапладняць (пра курэй)’, серб.-харв. naraščat se ’спарвацца (пра курэй)’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *norstь (гл. нораў), якое можна супаставіць з літ. norėti ’хацець, прагнуць’ і з прасл. *погиъ (гл. нораў). Звязана чаргаваннем з *nerstь, гл. нераст (Фасмер, 3, 84). Параўн. таксама: Атрэмбскі, WSl, 10, 273–274; Варбат, ОЛА, 1975, 134–136; Шаўр, Slavia, 49, 208–214; SP, 25, 33–37.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́рскаць ’крапіць’ (Нас., Шымк. Собр., ТСБМ, Шат., Бяльк.; брасл., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; Растарг.), ’гаварыць з запалам’ (Жд. 2), ’пырхаць, ціха смяяцца’ (Жд. 3), пы́рскацца ’задавацца’ (смарг., Сл. ПЗБ), пы́рскнуць ’пакрапіць’ (Шат.), ’кінуцца’ (шальч., Сл. ПЗБ), выклічнік пырсь (Нас.; мсцісл., Нар. лекс.), пы́рскі ’дробныя кроплі вады’ (ТСБМ, Варл., Шат., Бяльк., Стан.), пырсклівы ’гультаяваты’ (смарг., Сл. ПЗБ), пыршча́ць ’імжэць (пра дождж)’ (Шат.), укр. пи́рскати ’пырскаць, пырхаць’, рус. пы́рскать ’тс’, польск. parskać ’тс’, чэш. prskati ’тс’, славац. prskať ’тс’, в.-луж. porskać ’тс’, н.-луж. parskaś ’тс’, славен. pŕskati ’пырскаць (слінай), пырхаць’, серб.-харв. пр́скати ’тс’, балг. пръ́скам ’тс’, макед. прска ’пырскаць, крапіць; узрывацца’. Прасл. *pъrskati ’пырскаць, пырхаць’ чаргуецца з *porskati (гл. порскаць), параўн. літ. pur̃kšti ’пурхаць, фыркаць, імжэць’, лат. pùrskât ’тс’; узыходзіць да асновы і.-е. *per‑s‑ ’імжэць, пырскаць’ (Бязлай, 3, 129; Фасмер, 3, 334; 420); Банькоўскі (2, 504) мяркуе пра зыходнае прасл. *pṛ‑sk‑, што тлумачыць варыянтнасць ст.-польск. pyrskać, другасных pryskać, parskać. Смаль–Стоцкі (Приміт., 169) гукаперайманне для “хуткага акраплення” укр. прись‑прись трактуе як выгук пастухоў (няўпэўнена звязвае з пріч ’прэч’), што дазваляе пагадзіцца з Трубачовым аб магчымай “ранняй семантыцы” ’апладняць’ для дзеясловаў з асновамі *pъrk‑, *pъrl‑, *pъrsk‑ (Зб. памяці Талстога, 312), параўн. рус. при́скать ’тс’, серб.-харв. пр̏скати ’тс’, славен. pŕskati ’спарвацца (пра коз)’, чэш. мар. prskati se ’тс’. Бязлай (3, 129) лічыць *pъrskati ’тс’ інтэнсівам да прасл. *pъrkati ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тапта́ць, тапчу, топчаш, топча; незак.

1. што. Прымінаць нагамі, ходзячы, бегаючы па чым‑н. Толя крадком, міжвольна зірнуў ёй [Людзе] услед, — на светлы плашчык, што разлятаўся над загарам быстрых ног у басаножках, якія тапталі густую, нізкую траву. Брыль. А колькі травінак і кветак тапталі .. [хлопцы] за лета, не ведаючы, як яны называюцца. Чарнышэвіч. // Псаваць, глуміць; знішчаць, дратаваць. Таптаць пасевы. Таптаць грады. □ Жывёла кідаецца ў бакі, топча спелае жыта. Паўлаў. [Мужчына:] — Ты што гэта, Андрэй, траву топчаш, а не ідзеш касіць! Чарот. // Заціраць, раўнаваць, рабіць непрыкметным. Андрэй пераступаў з нагі на нагу — таптаў па пяску сляды ад веласіпеда. Пташнікаў. // каго. Катаваць, біць нагамі. Нявіднага тапталі нагамі і білі, але з такім разлікам, каб пакінуць жывым. Колас. // Разм. Ступаючы, пэцкаць нагамі. Таптаць падлогу.

2. перан.; што. Наўмысна знішчаць, разбураць, часова заняўшы, акупіраваўшы тэрыторыю. Люты вораг топча нашы палі, паліць гарады і сёлы, забівае савецкіх людзей, знішчае наша дабро, здабытае ў працы. Сяргейчык. [Алешын:] А сёння вораг топча край шчаслівы, Зямля ў пажарах нішчыцца мая. Бачыла. // Топчучы, тушыць, затоптваць. Мядзведзь наступіў нагамі на агонь, атросся і пачаў таптаць вогнішча. Бядуля.

3. што. Збіваць, зношваць абутак. [Полька Корзун:] — Я хадзіў бы дадому па суботах, але тата сварыцца, нашто, кажа, боты таптаць. Чарнышэвіч.

4. што. Пракладваць хадзьбою, пратоптваць; хадзіць. Таптаць сцежку. □ Тапчу я на ўсходзе дарогі Уздоўж, нацянькі, папярок. Астрэйка. Зарастаюць дарожкі імхом, што тапталі калісь партызаны. Машара.

5. перан.; што. Пагарджаючы, груба зневажаць, уніжаць. Мабыць, і .. [жанчына] звязана, як і Зіна, з тым снапом жыта, з жнівом, якое не дае спакою, калі вораг дратуе зямлю, топча чалавечую годнасць... Скрыган.

6. што. Шчыльна ўтоптваць нагамі. — Трэба добра пад сцяну ды пад страху запіхаць, — кажа бацька і, учапіўшыся аберуч за лаціну, топча сена, глыбока лезучы нагамі пад застрэшша. Брыль. Прыйшоў [Маеўскі] туды [у адрыну] і ўбачыў там дзевак, што якраз тапталі сена. Дзеўкі заўважылі хлопца і ўзрадаваліся магчымасці падурэць. Караткевіч. // Топчучы, складаць сена, салому (у стог, сцірту). — Цябе, Халімон, не паставяць. Гаворыць чалавек... — Дык яго, — ківае на мяне тата. — А ты, калі ўпраўны, стог пойдзеш таптаць. Мыслівец.

7. што. Разм. Неакуратна, наспех упіхваць, складваць што‑н. Таптаць рэчы ў чамадан.

8. каго. Разм. Апладняць самку (пра птушак).

•••

Таптаць у гразь каго — уніжаць чыю‑н. годнасць; узводзіць паклёп на каго‑н., знеслаўляць каго‑н.

Таптаць чые сцежкі — ісці па чыіх‑н. слядах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)