апа́львацца несов., страд. ота́пливаться, отопля́ться; обжига́ться; обу́гливаться; см. апа́льваць

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ацяпляць, апальваць

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

апа́льванне ср.

1. ота́пливание, отопле́ние;

2. обжига́ние, о́бжиг м.;

3. обу́гливание;

1-3 см. апа́льваць

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Апа́л. Рус. дыял. опал ’апаленае месца’, укр. опал ’ацяпленне, паліва’, польск. opał ’тс’, чэш., славац. opal (спец.) ’акаліна’, ’загар’, в.-луж. wopał ’апёк’. Бязафікснае ўтварэнне ад дзеяслова апаліць, апальваць. Пры замацаванні значэння ’паліва’ магчымы польскі ўплыў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паце́пліць ’вытапіць (грубку)’ (Нас.; мядз., паст., Сл. ПЗБ). Рус. потеплить (свечку перад іконай) ’запаліць, каб свечка пагарэла, а потым пагасіць яе’. Да цяпло, цёплы (гл.). Магчыма, гэта калька-балтызм, параўн. літ. šildyti, apšildytiапальваць, тапіць’ — šiltis, šiluma ’цяпло’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

апа́л 1, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апальваць — апаліць.

2. Тое, чым што‑н. апальваецца (дровы, драўнінныя адыходы, торф і пад.); паліва. Але яшчэ пытае люты. Зіму прывёўшы на прычал, Ці добра, людзі, вы абуты? Як вы багаты на апал? Колас.

3. Апрацоўка гліняных вырабаў высокай тэмпературай.

апа́л 2, ‑у, м.

Празрысты шклопадобны камень (звычайна малочнага колеру з блакітнаватым ці жаўтаватым адлівам), некаторыя гатункі яго лічацца каштоўнымі. А там Урал Хавае скарбы руд, Тапаз, апал, Цудоўны ізумруд. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жыга́ць ’калоць, кусаць, апякаць, бліскаць’, жага́ць (кліч., Жыв. сл., 126), жэ́гаць (барыс., Шатал.) ’бліскаць; смаліць’, жо́гаць ’удараць’ (КТС). Рус. дыял. жи́гать, жага́ть ’кусаць, джаліць, калоць; пячы (аб крапіве); кідаць, біць’, укр. жига́ти ’апякаць; кусаць, калоць’, в.-луж. žahać ’абпальваць, пратраўляць’, чэш. žihatiапальваць, распальваць, бліскаць’, žáhati ’паліць, рабіць жар’, славац. žihať ’паліць, калоць, кусаць’, žíhať ’апякаць’, славен. ‑žagati, ‑žigati (у прэфіксальных утварэннях), серб.-харв. жи́гати (у прэфікс, утварэннях ‑жизати) ’калоць (пра боль), пячы, паліць’. Ст.-слав. ‑ѫизати, ‑жагати (у спалучэнні з прэфіксамі) ’паліць, абпальваць’. Ст.-рус. жигати ’паліць’, у прэфіксальных утварэннях таксама ‑жизати, ‑жагати ’паліць’. Параўн. палаб. zazăt ’паліць’, н.-луж. žagliś ’гарэць’, в.-луж. žehlić ’гарэць’, рус. дыял. жа́грить ’моцна паліць (печ)’, серб.-харв. жа̏грити ’паліць’, польск. дыял. żagawka ’куслівае насякомае’. Безлай (Jezik in slovstvo, 16, 1970/71, 4, 94–95) пастуліруе старажытнасць як žigati, так і žagati, што мае дастатковае абгрунтаванне, таму бел. жыгаць і жагаць не вынік нядаўніх фанетычных працесаў, а рэфлекс старажытных форм. Паходжанне кораня няяснае. Лічаць з і.-е. *dheg​k‑ ’гарэць’, аб чым гл. жгаць1, аднак прапанаваныя рашэнні нельга лічыць канчатковымі. Вакалізм кораня ўказвае на розныя чаргаванні: > > *a; > *i; > ь > ∅ > e > e/o; ō > а: жэгаць, жагаць, жыгаць, жгаць, жэгаць, укр. згага (гл. жага); два з іх прадстаўлены ў формах жыгаць, жагаць. Аб вакалізме жегѫ гл. яшчэ Іванаў, Славянский, балтийский і раннебалканский глагол, 1981, 129. Адносна кансанантызму ці не трэба бачыць у *gēg‑ > *žag‑ і г. д. рэдуплікацыю кораня, выкліканую экспрэсіўна-інтэнсіфікуючымі момантамі? Такім коранем мог быць *g​her‑ (параўн. гарэць, грэць, гаршок, гарачы), тым больш што ‑р‑ у серб.-харв. жа̏грити ’паліць’ тлумачаць (Скок, 3, 674) як «устаўное», магчыма, ад грејати ’грэць’; параўн. яшчэ жэгліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хо́лад, ‑у, М ‑дзе; мн. халады, ‑оў; м.

1. толькі адз. Нізкая тэмпература навакольнага асяроддзя (паветра, вады і пад.). Назаўтра ўранку, яшчэ раса пяклася холадам, Сівы [хлопчык] ужо ехаў верхам на парсюку — зноў на балота. Падганяў Белага парэпанымі пяткамі пад бакі і зноў смяяўся. Брыль. Калі няма хмар, неба бялее і ад гарачыні і ад холаду. Карпаў. // Халоднае паветра, струмень такога паветра. Сыры вецер дзьмухнуў.. [мельніку] вострым холадам у твар. Чорны. // Месца, дзе тэмпература паветра нізкая, дзе холадна. Паставіць цеста на холад.

2. Вельмі халоднае надвор’е; мароз. Тады перада мною ўставалі, як у вялікі холад, высока паднятыя і сціснутыя плечы. Скрыган. Ноч, працятая пругкім холадам, пазірала ў падвойныя вокны Пракопавай «станцыі». Колас. // звычайна мн. (халады́, ‑оў). Працяты перыяд з нізкай тэмпературай надвор’я. Не страшны смелым ім былі Спякота, халады. Купала. Зіма дужэла патроху. То ціснулі зямлю халады і чыстай беллю — аж адбірала вочы — шырыліся палі, то мокла адліга — снег цямнеў, і, нудны, беспрасветны, церусіў дождж. Мележ. А тут яшчэ наступілі халады і .. [Алёшку] загадалі апальваць кацельную. Лынькоў.

3. толькі адз. Адчуванне дрыжыкаў (ад хваробы, страху і пад.). Лукашык успомніў начных гасцей, і холад прабег у яго па целе. Дамашэвіч.

4. перан.; толькі адз. Душэўная раўнадушнасць, стрыманасць у праяўленне пачуццяў, увагі. А потым прыехала Соня, і як бы штось зрушылася ва мне і ў самой прыродзе: холад чужой бяды адышоў — прапаў неяк лёгка і проста. Вышынскі. // Раўнадушныя, абыякавыя адносіны да каго‑, чаго‑н. Сымон Ракуцька бачыў гэты холад на маладым твары невядомага падарожнага і пачаў траціць сваю ранейшую ажыўленасць. Чорны. Мінулага холаду паміж.. [тэатрам] і гледачом не засталося і ў паміне. Сяргейчык. Ад фільма [«Сад самых салодкіх пладоў»] вее холадам, абыякавасцю. «Маладосць».

•••

Полюс холаду — раён найніжэйшых зімовых тэмператур на Зямлі.

Штучны холад — нізкая тэмпература асяроддзя, цел або рэчываў, што ствараецца шляхам адводу ад іх пэўнай колькасці цеплыні.

Кінуць у холад — пачаць трэсці, калаціць.

Сабачы холад — вельмі моцная сцюжа.

Цярпець холад і голад гл. цярпець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тапі́ць1 ’апускаць у ваду, прымушаць тануць, губіць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Ян., Бяльк., Федар. 4): тапіць русалку ’(траецкі) звычай’ (Сержп. Прымхі), ’навадняць, заліваць вадой’ (Нас.), топі́ць ’губіць у вадзе’, ’затапляць, заліваць вадой’ (ТС), тапі́цца ’гінуць у вадзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4), ’ехаць па гразкай дарозе’ (Нас.), топі́цца ’гінуць у вадзе’ (ТС), топі́тісʼе ’тс’ (Вруб.). Укр. топи́ти ’прымушаць захлынуцца; заліваць (пра ваду)’, рус. топи́ть ’прымушаць тануць’, польск., в.-луж. topić ’засоўваць у ваду’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’тс’, славен. topíti ’акунаць’, серб.-харв. то̀пити ’затапляць’, макед. топы ’засоўваць у ваду’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’тапіць’, якое звязана з *topnǫti ’тануць’. Корань *top‑ у гэтым значэнні Фасмер звязвае з аманімічнымі прасл. *top‑ ’награваць’ і *topь ’балота’, ’месца, дзе растаў снег, лёд’ (Фасмер, 4, 78–79). Паводле Шустара–Шэўца (1504), схема развіцця семантыкі ’награваць’ > ’расплаўляць’ > ’затапляць’ > ’тапіць’. Паводле Борыся (638): ’растапляць’ — ’апускаць у растопленае’ — ’пагружаць у ваду’. Праславянскі корань *top‑ супастаўляюць таксама з прасл. *tep‑ ’біць’ > польск. tepać ’тс’ (Брукнер, 573; Младэнаў, 636; Варбат, ОЛА, Исследов. 2003–2005, 220) з развіццём значэння ’біць, прыбіваць’ — ’трамбаваць’ — ’тапіць’.

Тапі́ць2 ’награваючы, распускаць, расплаўляць; вытопліваць або ператопліваць (масла, сала і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), топі́ць ’тс’ (ТС). Укр. топи́ти ’расплаўляць’, рус. топи́ть, польск. topić ’растопліваць, плавіць’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’растопліваць, плавіць’, славен. topíti ’награваць, плавіць’, серб.-харв. то̀пити ’растопліваць, плавіць’, макед. топи ’тс’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’награваючы, распускаць, расплаўляць’, паводле Борыся (638), каўзатыва ад незахаванага прасл. *tepti ’быць цёплым’, параўн. *teplъ (гл. цёплы) і далей роднасныя ст.-інд. tápati (tápyati) ’награвае і награваецца, гарыць’, tāpáyati ’спальвае’, авест. tãpayeiti ’тс’, лат. tepeo, ‑ēre ’быць цёплым’ да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’. Гл. таксама Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484; Глухак, 633; ЕСУМ, 5, 599.

Тапі́ць3 ’паліць (у печы і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Барад., Пятк. 2, Жд. 1; усх.-бел., палес., ЛА, 4): баню тапіць (гом., Д.-Хадак.), ’палячы дровы, ацяпляць’ (Сл. ПЗБ), топі́ць ’паліць у печы’ (ТС), топі́ті ’тс’ (Вруб.), топі́ты, топы́ты ’паліць у печы’ (Сл. Брэс.), тапі́цца ’ацяпляцца’ (Мат. Гом.), топі́цца ’паліцца (пра печ)’ (ТС). Параўн. укр. топи́ти ’падтрымліваць агонь’, рус. топи́ть ’паліць (у печы і пад.)’, польск. дыял. topić (w piecu) ’паліць (у печы)’, в.-луж. tepić ’паліць, апальваць’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topit ’тс’, славен. topiti ’награваць’. Ад прасл. *topiti з сінкрэтычным значэннем ’награваць, абпальваць; плавіць’, з далейшымі роднаснымі сувязямі (гл. тапіць2) да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’ (ЕСУМ, 5, 599; Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484). Няясныя адносіны з тапіць1 тлумачаць развіццём семантыкі праз стадыю тапіць2 (асабліва ў адносінах да снегу, лёду) і прыродных наступстваў гэтага працэсу (затапленне, паводка). Ластоўскі (Выбр. тв., 417) меркаваў пра табуізацыю слова паліць (параўн. палаць ’гарэць буйным полымем’, гл.) шляхам замены яго словамі тапіць (“быццам кідаць агонь у ваду”) і цепліць (гл.) з мэтай пазбегнуць т. зв. слоўнай магіі (каб не запалілася хата), параўн. мокнуць у значэнні ’гарэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)