Пярга́ ’пылок з кветак, сабраны пчоламі і прынесены ў вулей для падкормкі маладых пчол’ (лід., слуц., Сл. ПЗБ; Скарбы), перга́ ’тс’ (дзятл., барыс., рагач., Сл. ПЗБ; петрык., калінк., Шатал.; брэсц., навагр., ЛА, 1), ’пылок, перамешаны з мёдам’ (ПСл, Ян.), пэрга́, пырга́ ’пылок, корм для маладых пчол’ (Сл. Брэс., Клім.), pýrha ’пылок, якім пчолы засыпаюць соты’ (Маш.); сюды ж пярха́ ’ношка на лапках пчалы’ (ЛА, 1), укр., рус. перга́, польск. pierzga ’тс’, дыял. percha ’тс’ (відаць, з укр.). Мяркуецца, што не можа разглядацца асобна ад перга́ ’перхаць’ (лельч., петрык., ЛА, 1; ТС), пе́ргоць ’тс’ (ТС), рус. перга́ ’парша, перхаць, кароста’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *pьrga з агульным значэннем ’тое, што аддзяляецца, адскоквае’, хутчэй за ўсё, аддзеяслоўны назоўнік да *pьrgati, *pьrgnǫti ’растрэсквацца (пра скуру, кару), лушчыцца, абсыпацца’, параўн. польск. pierzgnąć ’абсівераць, стаць шорсткім (пра скуру)’, магчыма, і pierzchnąć ’стаць шорсткім, лушчыцца (пра скуру)’, а таксама ’пырснуць, адляцець; уцячы’ (Брукнер, 405, 411); паводле Банькоўскага (3, 562), апошняе з *pьrxati, pьršeti, гл. пярхаты. Суадносяцца з літ. spìrgii ’трэскацца, распадацца’, лац. spergere ’аддзяляць, раскідваць, рассыпаць’, што да і.-е. *(s)perg‑ ’адлучаць, рассыпаць’ (Банькоўскі, 2, 563), прадстаўленага і ў пірга́ць ’штурхаць’, гл. (Гарачава, Этимология–1985, 69–70; Варбат, Этимология–2000–2002, 24–25). Можна супаставіць з *pьrxa як варыянтам ад і.-е. *per‑ з іншым дэтэрмінатывам (Траўтман, 206; Шульгач, RS, 51, 96). Сувязі з серб.-харв. дыял. пр̏га ’мука з расліны Sorghum; каша з такой мукі’, славен. pŕga ’казіныя бубачкі; насенне’ і ’мука з сушанай садавіны; ляпёшка’ (разглядаюцца як амонімы, гл. Фурлан–Бязлай, 3, 118–119, на думку Куркінай, Этимология–1994–1996, 200, беспадстаўна, бо ўзыходзяць да *pьrga ’нешта дробнае’ ), балг. пъ́рга ’жыта, якое пачало толькі спець, але яшчэ не зацвярдзела’, ст.-слав. пръга ’пражмо’, стараж.-рус. перга ’тс’, чэш. prha ’расліна Атака; хлеб з мукі, змолатай з падсушанага новага зерня’, што параўноўваюцца з літ. spirgà ’гарачыня’, spirgéti ’пражыцца, пячыся’, spróga ’адростак, атожылак’, spùrgas ’пупышка’, грэч. ασπάραγος ’парастак’ і інш., акрамя ст.-інд. parāgas ’пылок з кветак’ (гл. Фасмер, 3, 235; Махэк₂, 483; Скок, 3, 38–39; БЕР, 6, 77), застаюцца семантычна далёкімі. Гл. і пе́рга, пярха́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́хнуць1 ‘пераставаць гарэць, свяціць’, ‘гаснуць’ (Некр. і Байк.; в.-дзв., Сл. ПЗБ, ТС, Варл.): его зорка тухне (Сержп. Прымхі), ‘слабець, памяншацца’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Некр.), ‘спадаць (пра пухліну)’, ‘змяншацца’ (беласт., Сл. ПЗБ), ту́хнуті ‘гаснуць’ (Вруб.). Параўн. укр. ту́хнути ‘гаснуць’, ‘спадаць (пра пухліну)’, рус. ту́хнуть ‘гаснуць’, стараж.-рус. потухнути ‘патонуць’, ‘сціхнуць’; ц.-слав. потухнѫти ‘спадаць (пра пухліну)’; польск. tęchnąć ‘тс’, чэш. tuchnouti ‘гаснуць’, ‘губляцца, знікаць’, мар.-славац. duchnúť ‘гаснуць’. Прасл. *tuxnǫti, другаснае *tǫxnǫti ‘спадаць, змяншацца’ знаходзіцца ў сувязі з каўзатывам прасл. *tušiti ‘сцішыць, супакоіць, прыглушыць, прыгасіць’ (гл. тушы́ць) (Борысь, 630; Сной₂, 790); параўноўваюць з роднаснымі формамі літ. tausýtis ‘сціхаць (аб ветры)’, прус. tusnan ‘спакойны’, ст.-ірл. ‘ціхі, маўклівы’ (< *tauso‑), ст.-інд. tōṣáyati ‘заспакойваецца’, авест. tušňa‑, tušni‑ ‘ціхі’ (Фасмер, 4, 128; Махэк₂, 660; Скок, 3, 528; Трубачоў, Этимология–1965, 61; ЕСУМ, 5, 687).

Ту́хнуць2 ‘загніваць і непрыемна пахнуць’ (ТСБМ, Касп.), ‘тхнуць, гніць’ (Некр. і Байк.), ‘смярдзець, псавацца’ (Яруш., Гарэц.), ‘выдаваць смурод (ялавічына, рыба і інш.)’ (Нас., Бяльк.), ту́хнуці ‘тс’ (беласт., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ту́хнути ‘псавацца, рабіцца нясвежым’, рус. ту́хнуть ‘псавацца, пратухаць’, польск. tęchnąć ‘тс’, чэш. tuchnouti ‘тс’, славац. tuchnúť ‘тс’, в.-луж. tychnuć ‘пратухаць’, харв. tuhnuti ‘смярдзець, пахнуць гніллю’, серб. тукнути ‘тс’, славен. túhniti, tóhniti ‘смярдзець’. Разглядаецца як вытворнае ад папярэдняга слова з развіццём значэння ‘гаснуць, слабець, спадаць’ > ‘псавацца з-за адсутнасці праветрывання, плеснявець, смярдзець’ (Янышкава, Prasl. dijalektizacija, 117, гл. таксама Борысь, 631, інакш — Махэк₂, 660, які бачыў у гэтых формах незалежныя амонімы). Меркаванне аб розным паходжанні тухнуць1 і тухнуць2 прапануецца ў Фасмер, 4, 128; Арол, 4, 122; процілеглыя думкі пра паходжанне слоў у Бязлай (4, 244) дэманструюць Сной: прасл. *tъxnǫti ‘згаснуць’ > ‘набыць слабы пах’ з другасна назалізаваным *tǫxnoti, і Фурлан: прасл. *tuchъ ‘смурод, задуха’ звязвае з прасл. *tukati ‘таўчы, біць’, што параўноўваецца са славен. udárati ‘смярдзець, пахнуць чым-небудзь’; да апошняга гл. тухляк у розных значэннях.

Ту́хнуць3 ‘спаць (гаворыцца з пагардай)’ (Нас., Рэг. сл. Віц.), ‘доўга спаць’ (Васільковая сп., Мат. Гом., Мат. Маг.), ‘спаць беспрабудна’ (Варл., Некр.), сюды ж то́хнуць ‘спаць, задаючы храпака’ (Нас.), тухля́ць ‘доўга спаць’ (Сцяшк. Сл.), ту́хляць ‘ляжаць, пазбягаць працы, валяцца’ (Зайка Кос.), тухля́к (tuchlák) ‘соня, сонька’ (ваўк., Федар. 4). Параўн. рус. смал., пск. ту́хнуць ‘спаць’. Відавочна, рэгіянальны экспрэсіўны наватвор на базе тухнуць1 ‘супакойвацца’, таго ж паходжання рус. смал. вы́тухнуться ‘выспацца’ (Анікін, РЭС, 9, 205). На экспрэсіўны характар слова паўплывала таксама тухнуць2 і тухлы (гл.), параўн. укр. аргат. пу́хнути ‘спаць’ (Горбач, Арго школярів).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)