Пу́та ’вяроўка, якой звязваюць пярэднія ногі каня, калі ён пасецца’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ), пу́то ’тс’ (Нас., ТС; мазыр., З нар. сл.; Бес.), мн. л. пу́ты ’тс’ (Гарэц.), ’аковы, кайданы’ (Булг.), пу́та ’нізка (грыбоў, рыбы і інш.)’ (ЛА, 1; Сл. ПЗБ), ’непісьменны чалавек’ (Жд. 3), пу́то, мн. л. пу́та ’жалезныя хамуцікі, якімі прымацоўваецца вось да насаду ў возе’ (Сіг.), púto ’рэгулятар на канцы дышла плуга; жэрдкі, што звязваюць кроквы вышэй паловы іх даўжыні’ (Тарн.), у выразе на́ша пу́то пасці́ — пра чаргу пасвіць карову і інш. (тут пута перадаецца як знак чаргі) (жытк., Мат. Гом.); параўн. укр. пу́то, мн. л. пу́та ’пута, кандалы’, рус. пу́то, мн. л. пу́ты ’пута; бесталковы чалавек’, польск. pęto, мн. л. pętaаковы, кайданы’, чэш. pouto, мн. л. pouta ’тс’, славац. púto ’тс’, в.-луж. puto, н.-луж. pyto ’тс’, славен. pọ́ta ’спражка’, серб.-харв. пу̏то ’пута’. Прасл. *pǫto, мн. л. pǫta, вытворнае ад *pęti, *рьnǫ ’нацягваць, напінаць’, гл. пяць, пну, роднаснае ст.-прус. panto ’пута, кайданы’, літ. pántis ’тс’, лат. pineklis ’пута, аковы’, літ. spándyti ’нацягваць’, ням. spannen ’тс’, spinnen ’прасці’ (Фасмер, 3, 412; Бязлай, 3, 95 і інш.). Гл. таксама путаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяры́гі ’жалезныя ланцугі, аковы, якія насілі на целе рэлігійныя фанатыкі’ (БРС, КТС), ст.-бел. верига, вериги ’ланцуг, путы’ (з XV ст.), укр. вериги, рус. вериги ’тс’, арханг. ’смецце ў зерні збожжа’, алан. ’невялікі стог сена’, ст.-рус. верига, вериги ’металічны дрот, ніць’; ’ланцуг’; ’вярыгі’; ’кайданы’ (з XII ст.), славен. veríga ’ланцуг, звяно ланцуга’; ’клямка, засаўка’, серб.-харв. вѐрига ’ланцуг’, вѐриге ’вярыгі’, макед. верига ’ланцуг’; ’горны хрыбет’, балг. верига, веруга ’ланцуг’; ’путы, аковы, кайданы’; ’ланцуг гор’; ’рад падзей’; ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’, ст.-слав. верига, утворанае ад вьрѣти (< verti ’звязваць’) пры дапамозе суф. ‑ига (Шанскі, 1, В, 59). Звязана з літ. vérti ’адчыняць, зачыняць’; ’нанізваць’, лат. vērt ’тс’, грэч. ἀείρω ’злучаю, звязваю’. Са ст.-слав. праз ц.-слав. і ст.-бел. слова прыйшло ў сучасную мову. Фасмер (1, 299) звязвае рус. верига са словам верать ’усоўваць, запіхваць, тыцкаць’. Сюды ж прымыкае вярыжны (брація вярыжнаяКТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скава́ць, скую́, скуе́ш, скуе́; скуём, скуяце́, скую́ць; скуй; скава́ны; зак.

1. што. Зрабіць каваннем.

С. сякеру.

2. што. Злучыць пры дапамозе кавання.

С. звёны ланцуга.

3. каго-што. Надзець кайданы, аковы або злучыць кайданамі з кім-н.

С. злачынцаў.

4. перан., каго-што. Пазбавіць свабоды, лёгкасці ў рухах, дзеяннях.

Трывога скавала мае думкі.

С. сілы ворага.

5. перан., што. Зрабіць цвёрдым, нерухомым, замарозіўшы.

Мароз скаваў возера.

Зямлю скавала (безас.) ранавата.

|| незак. ско́ўваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. ско́ўванне, -я, н. і ско́ўка, -і, ДМо́ўцы, мн. -і, -ко́вак, ж. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

око́вы

1. (кандалы) уст. кайданы́, -но́ў ед. нет; ланцугі́, -го́ў, ед. ланцу́г, -га́ м.;

2. перен. ако́вы, -ваў ед. нет; (путы) пу́ты, -таў; ланцугі́, -го́ў, ед. ланцу́г, -га́ м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Раскава́ны ’вызвалены ад акоў’, ’вольны, нічым не абмежаваны’ (ТСБМ), раску́ты (Байк. і Некр.). Утворана з пераносным значэннем ад раскава́ць < кава́ць, што магло без прыстаўкі азначаць ’закоўваць у ланцугі’. Цікава, што ў гэтым значэнні вядома укр. кува́ти ’тс’, ст.-рус. ковати ’закоўваць у аковы’ (сустракаецца ў Наўгародскім летапісе 1228 г.), ст.-польск. kować ’закоўваць у ланцугі’. Можна меркаваць яшчэ пра больш раннюю семантыку каваць ’абіваць каваным металам’, напрыклад, ст.-рус. ковати ’тс’ (сустракаецца ў Іпацьеўскім летапісе 1175 г.) < прасл. *kovati ’біць’, параўн. каваны жалезам ’абіты жалезам’. Варыянт раску́ты, як ку́ты, куць ’каваць’ (Байк. і Некр.), імаверна, з польск. kuć ’каваць’, што з’яўляецца вынікам выраўновання дзеяслоўных асноў польск. дыял. kować > kuje > kuć. Гл. кава́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ланцу́г, ‑а, м.

1. Рад аднолькавых металічных звенняў, паслядоўна злучаных адно з адным. Ланцуг якара. □ Дзядзька Алесь з важатым ускацілі камель абрэзанай калоды на сані і прывязалі ланцугом. Якімовіч. // толькі мн. (ланцугі́, ‑оў). Аковы, кайданы. Трое стражнікаў абхапілі з усіх бакоў, надзелі ланцугі.. на чорныя мазолістыя рукі Андронавы. Каваль. Ішлі на пошукі схаваных скарбаў у ланцугі закованыя людзі. Дубоўка. // перан. Тое, што скоўвае свабоду, волю, гняце каго‑н. На зямлі раскутай Носяць шум вятры: «Бальшавіцкім гневам Знят ланцуг пакуты, — Вы — гаспадары!» Колас.

2. Суцэльны рад, сукупнасць каго‑, чаго‑н. Ланцуг электрычных агнёў. □ З дзвярэй фанернага цэха выпаўзаў .. ланцуг пустых ваганетак. Чорны. // Лінія байцоў, размешчаных на пэўнай адлегласці адзін ад другога. Ланцуг аўтаматчыкаў. Рассыпацца ў ланцуг. □ Ланцуг чырвонаармейцаў ляжаў перад узгорачкам. Дудо. // Рад гор. Горны ланцуг.

3. перан. Бесперапыннае ўзаемазалежнае развіццё чаго‑н.; паслядоўны рад падзей, думак і пад. Ланцуг асацыяцый. □ Нават і так званыя шкодныя драпежнікі маюць пэўнае значэнне ў агульным ланцугу заканамернасцей прыроды. В. Вольскі.

4. Спец. Устаноўка з шэрагу злучаных між сабой элементаў, якія ўтвараюць суцэльную лінію. Электрычны ланцуг. Ланцуг правадоў.

5. у знач. прысл. ланцуго́м. У рад, адзін за другім. Беглі хутка ланцугом партызаны. Мележ.

•••

І на ланцугу (ланцугом) не зацягнеш гл. зацягнуць.

На ланцугу не ўтрымаць гл. утрымаць.

Пасадзіць на ланцуг гл. пасадзіць.

Як з ланцуга сарваўся гл. сарвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́ць, скую, скуеш, скуе; скуём, скуяде; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. каваннем; выкаваць. — Скуй мне, золатка, сякеру: Загартуй і навастры. Жычка.

2. Злучыць разам пры дапамозе кавання. Скаваць звенні ланцуга. // перан. Зблізіць, згуртаваць.

3. Надзець кайданы, аковы на каго‑, што‑н. [Дзед:] — І скавалі .. [паны] унучачка, дзеда ланцугамі, і пагналі ажно ў Вільню. Брыль. / у перан. ужыв. І Свіслач, прадчуваючы, што скора Яе скуюць гранітам берагоў, Б’е хваляй, устрывожанай і чорнай, У фермы перакінутых мастоў. Танк. // Злучыць кайданамі з кім‑н. Андрэя скавалі з Дзямянам Гараглядам. Пестрак.

4. перан. Пазбавіць або абмежаваць магчымасць рухацца; пазбавіць свабоды, лёгкасці ў рухах. Але вада была яшчэ ледзяная, скавала ў.. [Людвіка] ўсё цела. Кулакоўскі. [Варка:] — Скаваў мяне страх, не магу з месца скрануцца. Асіпенка. Васіль Зарэвіч не мог крануцца, так яго скаваў боль. Грамовіч. // Пазбавіць магчымасці дзейнічаць; пазбавіць волі, лёгкасці ў дзеяннях. І стогн.. [суседа], жывы чалавечы стогн, раптам скаваў мой язык, звязаў мае словы, занесеныя для ўдару. Васілевіч. [Зарына:] Цяжка мне. Гора думкі скавала... Бачыла. Змрочнае захапленне і даўкая трывога скавалі маю сілу і рашучасць. Савіцкі. // Давесці да стану нерухомасці, анямення. Сон скаваў хлопчыка, замардаванага надмернаю працаю летняе пары. Гарэцкі. На нейкі момант зморанасць скавала ўсё цела. Шамякін.

5. Пазбавіць (праціўніка) магчымасці дзейнічаць свабодна, актыўна. Раптоўны і моцны агонь партызан скаваў гітлераўцаў. Шахавец. — Ваша задача, — звяртаючыся да Міхася Грахоўскага, сказаў Сымон Валатніцкі, — скаваць праціўніка, прыкрыць наш адыход і даць мажлівасць вывесці з-пад удару мірных людзей. Гурскі.

6. перан. Зрабіць цвёрдым, замарозіўшы; накрыць лёдам (раку, возера і пад.). Першы марозік моцна скаваў зямлю. С. Александровіч. / у безас. ужыв. А зямлю ледзь не на метр марозам скавала. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)