ад..., (а таксама ада... і ад’...), прыстаўка.

1. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і абазначае: а) аддаленне ад каго‑, чаго‑н., напрыклад: адысці, адбегчы, адпаўзці, адляцець, адплысці; б) аддзяленне ад прадмета яго часткі або іншага прадмета, цесна з ім звязанага, напрыклад: адвязаць, адкусіць, адкруціць, адрэзаць, адчапіць; в) завяршэнне і спыненне дзеяння, часта з адценнем інтэнсіўнасці або стараннасцю дакладнасці, напрыклад: адгасціць, адгрымець; г) звернутасць дзеяння ў адказ на што‑н., напрыклад: адгукнуцца, аддзякаваць; д) пазбаўленне, вызваленне ад чаго‑н., вяртанне каго‑н. у ранейшы стан, напрыклад: адвучыць (ад дрэнных прывычак), адбіць (ахвоту), адкачаць (тапельца), адагрэцца; е) (з часціцай ‑ся) ухіленне ад чаго‑н., напрыклад: адгаварыцца, адмовіцца (ад удзелу), адпісацца; ж) давядзенне працяглым дзеяннем да страты адчувальнасці, напрыклад: адлежаць (бакі), адседзець (нагу), адбіць (рукі).

2. Ужываецца пры ўтварэнні прыметнікаў з абазначэннем паходжання, сувязі іх з чым‑н., напрыклад: аддзеяслоўны, адметны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасе́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць і перасядзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. Прасядзець, прабыць дзе‑н. даўжэй, чым трэба. // Сапсавацца ад доўгага сядзення (у печы і пад.). Хлеб пераседзеў і адпёкся.

2. каго. Прасядзець, пасядзець даўжэй за каго‑н. Неяк, пераседзеўшы ў бібліятэцы ўсіх, нават самых старанных да вучэння, мы спускалася з Трусам па сходах. Лужанін. [Андрэй] бачыць, як яна ходзіць па лазні, нават не сагнецца — Верна не баіцца духу, пераседзела б на палку любога мужчыну з вёскі. Пташнікаў. Закаханых перасядзець было нельга: яны не развітваліся да світання. Навуменка.

3. што і без дап. Праседзець, прабыць дзе‑н. некаторы час, чакаючы канца чаго‑н. Пераседзець ноч каля агню. Пераседзець дождж у хаце. □ Бацька пераседзеў недзе ў людзей вечар. Чорны. — Труслівага смерць і на печы знойдзе, — адрэзаў Сымон Балатніцкі. — У кустах не пераседзіш. Гурскі. [Дзед Мікалай] расказваў, што перасядзеў у Махавым усю страляніну, пакуль нашы не прыйшлі. Сяркоў.

4. што. Адседзець да здранцвення. Пераседзець нагу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)