абве́траны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абветрыць.

2. у знач. прым. Які зазнаў уздзеянне ветру. Палаў заход на парусе далёкім, Абліў віном абветраны граніт. Бядуля.

3. у знач. прым. Агрубелы, шурпаты, пацямнелы ад даўняга знаходжання на ветры, холадзе. Абветраныя, патрэсканыя вусны Ганны, нервова смыкнуўшыся, застылі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

счарсцве́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў чэрствым, страціў першапачатковую мяккасць. Жалезны стол, счарсцвелы хлеб і томік Гейнэ на стале. Вялюгін. Хлопцу, занятаму ядою, Счарсцвелы аржаны праснак, Што праганяў ён сырадоем, Напамінаў знаёмы смак Святога матчынага хлеба З салодкім смачным малаком. Аўрамчык. // перан. Які стаў бяздушным, нячулым. Старое, счарсцвелае за доўгія гады жыцця сэрца [Параскі] нібы памаладзела і соладка калацілася. Сабаленка.

2. Зацвярдзелы, агрубелы. Вясна... Пачарнелі сляды На счарсцвелым зімовым снягу. І цурочкі бурлівай вады На пратораны шлях павязуць. Хведаровіч. Між камення выбівалася на .. [вуліцы] ўлетку нямоглая трава, а за тратуарамі, на счарсцвелых грудках, яна бралася нават цэлымі лапікамі, кусцістымі і густымі. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́рсткі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае нягладкую паверхню; шурпаты. Уздоўж плота разасланым палатном ляжаў тратуар: асфальт быў шэры і шорсткі, як каровін язык. Адамчык. Дуб лугавы. Сланечнік з лісцем шорсткім. Пысін. // Не эластычны, не мяккі, агрубелы, жорсткі (пра скуру, а таксама пра часткі цела, пакрытыя такой скурай). Рука ў .. [Балюты] была цёплая, цвёрдая і шорсткая — у дробных белых пісягах. Пташнікаў. // Які мае грубую, калючую паверхню або ворс; колкі навобмацак. А .. [Зося], тручыся шчакою аб шорсткі шынель, усё паўтарала тое ж самае. Карпаў. Дотык.. [дзядзькавай] калючай шорсткай барады я, здаецца, і цяпер адчуваю на сваім твары. Дамашэвіч. // Калючы, цвёрды. Снег не здаваўся такім мяккім, як раней, а шорсткім і грубым. Асіпенка. Цёплы снег увесь у цёмных крапках, Шорсткі, наздраваты і тугі, Ціха асядае. Толькі ў шапках Журацца далёкія стагі. Грахоўскі.

2. перан. Рэзкі, рашучы; з цвёрдым характарам. [Андрэенка] быў энергічны, шпаркі ў рашэннях, часам шорсткі і гарачы, аднак да першага сакратара ставіўся з павагай. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шурпа́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае нягладкую, з невялікімі няроўнасцямі паверхню. Шурпатыя дошкі. □ [Сцяпан] прыгнуў арэшыну, .. абшастаў рукою лістоту — раз-пораз пальцы намацвалі шурпатыя цвёрдыя каробачкі. Гіль. Трымаючыся за моцныя сукі, я ступіў да Зоні па тоўстым шурпатым камлі. Адамчык. // Нягладкі, агрубелы (пра скуру, цела, пакрытае такой скурай). А тут шурпатыя Трахімавы пальцы спрытна хапаюць яго за вуха, рыжая з сівізною барада набліжаецца аж да самага Уладзікавага носа і страшна шыпіць. Крапіва. Далонь.. [Надзежды Іванаўны] была шурпатая, мазолістая — жанчына не цуралася любой працы. Шамякін. Гладзіў.. [сына], цалаваў валасы, шурпатую абветраную шчаку. Лынькоў. // З густым ворсам (звычайна грубым, калючым). Ночы пад канец лета святлейшыя, пад раніцу халаднавата — не ратуе нават шурпатая даматканая коўдра. Навуменка. Было прыемна цяпер скінуць цесныя чаравікі, абкруціць нагу сухой і шурпатай анучкай, надзець шырокі.. бот. М. Стральцоў.

2. перан. Недапрацаваны, з хібамі, недахопамі. Толькі сэрца зловіць Шчырую прыязнасць у шурпатай мове. Буйло. Войцік прачытаў.. [матэрыял] і, нібы сам сабе, заўважыў, што для пачатку атрымалася нядрэнна, толькі стыль шурпаты. Машара. Гаварыў [Міход] ветла, спагадліва, ніводнага шурпатага слоўца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)