паказа́цца, ‑кажуся, ‑кажашся, ‑кажацца; зак.

1. З’явіцца, стаць бачным. З суседніх двароў паказаліся зацікаўленыя людзі. Бядуля. Пакуль.. [Язэп і Кастусь] збіраліся, на дарозе паказаліся першыя сялянскія фурманкі. Якімовіч. Хмары спаўзлі за гарызонт, і на халодным небе паказаўся сярпок месяца. Алешка. // Прасачыўшыся знутры, выступіць на паверхні чаго‑н. Паказаліся на вачах слёзы. // Абазначыцца. Паказаліся ўсходы жыта. // перан. Адбіцца, выявіцца (пра якія‑н. пачуцці). Мука тугі нязмернае паказалася на твары ў Агапы. Мурашка.

2. Прыйсці, з’явіцца дзе‑н., выйсці куды‑н., да каго‑н. Лазавенка паказаўся [на полі] толькі адзін раз, — у першы дзень дапамогі. Шамякін. Я ўвесь час прабыў за перагародкаю і не паказаўся на кухню. М. Стральцоў.

3. Даць каму‑н. паглядзець на сябе, агледзець сябе. У пісьме маці.. пісала, каб.. [Лёдзя], калі можна, падышла да акна — хоць бы паказалася. Карпаў. // Прыйсці для агляду. Паказацца неўрапатолагу.

4. Здацца, уявіцца. Не такое ўжо вялікае мястэчка Рудня, як яно паказалася мне тады, калі мы з бацькам ездзілі ў млын. Жычка. / у безас. ужыв. Некаторым можа паказацца, што Міколку заўсёды жылося весела і бесклапотна. Лынькоў. // Паўстаць у якім‑н. выглядзе, стварыць пэўнае ўражанне. Гофман паказаўся Фелістовічу дзелавым чалавекам. Паслядовіч. Хлопец паказаўся мне вельмі прыгожым, нават падумалася, што кожнаму ён можа кінуцца ў вочы. Кулакоўскі.

5. Аказацца на самай справе. А ён [Мамаеў курган] паказаўся на яве Такім, як усе курганы. Калачынскі.

•••

Паказацца на вочы — з’явіцца перад кім‑н., у каго‑н.

Паказацца (з’явіцца) на гарызонце — выявіцца ў якой‑н. сферы дзейнасці, аказацца ў коле якіх‑н. людзей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перспекты́ва, ‑ы, ж.

1. Від у далячынь з якога‑н. месца; даль. Я вяртаюся на месца, дзе канал злучаецца з Бярэзінай, і спыняюся на невялікім мыску, створаным берагам ракі і берагам канала. Адсюль адкрываецца далёкая перспектыва ўверх і ўніз па плыні. В. Вольскі. Юткевіч выйшаў за вайскоўцам у доўгі напаўцёмны калідор. У перспектыве свяціліся шкляныя дзверы. Мікуліч.

2. Спосаб адлюстравання аб’ёмных прадметаў на плоскасці з улікам уяўных змяненняў іх велічыні, абрысаў, выразнасці ў залежнасці ад ступені аддаленасці ад наглядальніка. Законы лінейнай перспектывы. // Аб’ёмнасць, суадносіны аб’ёмных прадметаў і іх частак. Адсутнасць перспектывы.

3. Раздзел начартальнай геаметрыі, які вывучае правілы і спосабы праекцыі прадметаў на плоскасць.

4. пераважна мн. (перспекты́вы, ‑тыў); перан. Планы, віды на будучае. Перспектывы далейшай работы. Перспектывы на ураджай. □ Ля вогнішча ідзе гутарка пра перспектывы развіцця рыбнай гаспадаркі на возеры. В. Вольскі. // Будучае, магчымасці, спрыяльныя ўмовы развіцця чаго‑н. у далейшым. Яно і добра, што ёсць з каго браць прыклад, — светлая перспектыва заўсёды заве наперад. Кулакоўскі. [Заранік:] — Зона.. [машынна-трактарнай станцыі] глухая, вельмі пацярпела ад акупацыі, але з перспектывамі... Хадкевіч. Рабочыя памяталі аб даваенных крызісных гадах, аб жахлівых нягодах беспрацоўнага жыцця, пазбаўленага ўсякіх перспектыў і надзей. Лынькоў. Бацька не бачыў у агранаміі тэхнікі, а таму і ніякіх перспектыў. Пестрак. // Тое, што, па меркаванню каго‑н., павінна наступіць. Адзіночка, а пасля перспектыва васьмігадовага вандравання з астрога ў астрог страшылі .. [Гурына]. Машара. Доктара ніколі не захапляла перспектыва цягаць аднаго за другім шчупакоў або акунёў. Васілевіч.

•••

У перспектыве — у будучым, у далейшым. [Паддубны] прадчуваў, што ў перспектыве будуць неймаверныя цяжкасці і небяспекі. Пестрак.

[Фр. perspective.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́сціць, пешчу, песціш, песціць; незак.

1. каго. Любоўна даглядаць, гадаваць каго‑н. Нічога асаблівага [Аўстра] не жадае: самой хадзіць па хаце, завіхацца каля печы, карміць і песціць дзяцей. Кучар. // пераважна з адмоўем «не». Ствараць для жыцця, дзейнасці каго‑н. вельмі спрыяльныя ўмовы. Лёс не песціў вандроўнікаў космасу. Гамолка. Жыццё дарэмна іх [дзяўчат] не песціць, Яны не ў кветніку цвітуць. Пысін. Як малодшую, .. [Зіну] песцілі можа больш, чым трэба было, не адмаўлялі ні ў чым, хаця ў хаце было не густа. Шыцік. // Патураць усім жаданням каго‑н., балаваць; распешчваць. Песцяць дачку, псуюць яе. Як жа, адзіная дачка, толькі ёю і дыхаюць. Лынькоў. // перан.; што. З любоўю даглядаць, ахоўваць што‑н. Думаў Дзям’ян пра шмат што: пра зямлю, якую песціў і любіў; пра дом свой, пабудаваны за савецкія часы. Кавалёў. Старыя любяць сваю справу, старанна даглядаюць машыну, песцяць яе. Шынклер.

2. каго. Праяўляць ласку, лашчыць, галубіць каго‑н. Аляксей часта браў Люду на калені, песціў, гаварыў з ёю. Мележ. Славік пайшоў па руках, яго песцілі, падкідалі, як мячык. Гурскі.

3. перан.; каго-што. Дзейнічаючы на органы пачуццяў, выклікаць прыемныя адчуванні (пра вецер, сонца і пад.). Вецер песціць твар. □ Карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой, песцячы погляд мяккасцю і разнастайнасцю фарбаў. Васілевіч. Сонца, быццам знарок, свеціць проста ў твар, сагравае цябе, песціць. Лупсякоў.

4. перан.; што. Жадаць здзяйснення чаго‑н. прыемнага; пялегаваць. Песціць надзею ў сэрцы. Песціць мару. □ Кожны глядзеў на полымя, песцячы свае пакуль нікому не адкрытыя думкі. Пестрак.

•••

Песціць вочы — пра што‑н. прыгожае, прыемнае на выгляд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патра́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.

Разм.

1. Папасці, пацэліць. Агата, як ўтрапёная, бегала па хаце, нацягвала на сябе кофту, але не магла патрапіць у рукавы. Сабаленка. [Бадзюля] доўга яшчэ трымаў трубку, пасля хацеў павесіць на рычаг, не патрапіў, і яна, бразнуўшы, упала на лаву. Пташнікаў.

2. Апынуцца дзе‑н., трапіць куды‑н. Калі каму трэба патрапіць на самы бераг да рачных трамваяў, трэба пераходзіць па спецыяльных жалезных мастках, перакінутых праз вуліцу. Лынькоў. — Ну і дзіва! Як гэта ты [Анэтка] патрапіла да нас? Хадкевіч.

3. Дагадзіць, унаравіць каму‑н. — Можаш ісці, Харчанка, — кажа маёр салдату. — А мне, мабыць, гаспадыня паможа тут разабрацца. — Можа, не патраплю я вам? Скрыган. [Чарнавус:] — Я так і на сходзе сказаў: старасць! Не магу я ўжо цяпер паспець усюды, патрапіць усім... Кулакоўскі.

4. Змагчы, здолець зрабіць што‑н., даказаць што‑н. Я б патрапіў сказаць, Што і я чалавек, Што і мне гараваць Надаела ўвесь век. Купала. Путрамант падкрэслівае, што Танк першы ў заходнебеларускай літаратуры патрапіў глыбока ўнікнуць у стыхію беларускай мовы і тварыць з яе высокія мастацкія вартасці. Шырма. Пытанне было такое недарэчнае, такое неспадзяванае, што ніхто не патрапіў у першую хвіліну знайсці на яго адказ. Колас. [Раіна:] «Заруба маніць вам, Бо толькі я патраплю адшукаць Дарогу ў лагер, ведаючы там І дрэва кожнае і кожны пень». Танк.

•••

Патрапіць у тон (пад густ) — сказаць ці зрабіць што‑н. дарэчы, прыемнае каму‑н. Анатоль адказваў скупа, быццам баяўся не патрапіць .. [Рыгору] у тон. Асіпенка. Захоча Богут, зробіць ласку, Адно патрап яму пад густ. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрозь, прысл. і прыназ.

1. прысл. Усюды, кругом. Тут скрозь зелянелі садкі і агародчыкі з ярка-чырвонымі ружамі і пахучымі гваздзікамі. Якімовіч. Увосень скрозь пахлі смалой новыя сцены. Чорны.

2. прысл. Разм. Заўсёды, праз увесь час. [Віктар] скрозь прыглядаўся да .. [Зеленюка], сачыў за кожным ягоным рухам. Зарэцкі. [Касцюкевіч:] — Я сябе скрозь сам правяраю — у мяне ўсё запісана. Скрыган.

3. прыназ. з В. Праз, цераз што‑н. Скрозь галіны дрэў скупа прабіваўся тужлівы бляск месяца. Колас. Скрозь сівую сетку дажджу я ўгледзеў у полі, ля куста вербалозу, жанчыну... Сачанка. // Ужываецца пры абазначэнні якой‑н. з’явы, стану і пад., за якімі можна заўважыць што‑н. [Андрыян] даганяе .. [Юльку] і крычыць скрозь гул матора і ляскат жалеза: — Сядай, падвязу! Марціновіч. Скрозь гэты хор [конікаў] Андрэй пачуў угары лёгкі посвіст. Дуброўскі. Як скрозь сон пачуў гэты крык Міколка. Лынькоў.

4. прыназ. з В. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння, стану і пад., якое змяняецца, чаргуецца, суправаджаецца іншым дзеяннем, станам і пад. — Я хачу, каб калгас... — скрозь кашаль гаварыў [Лаўрэн], — каб жыў калгас. Баранавых. — Рабі што хочаш, а я не астануся адна, — скрозь слёзы гаварыла Таня. Новікаў. — Гэта ж Сямён! — чуе Маша скрозь дрымоту свой голас і прачынаецца. Мележ.

•••

Гатоў скрозь зямлю праваліцца гл. гатовы.

Глядзець скрозь пальцы на каго-што — тое, што і глядзець праз пальцы на каго-што (гл. глядзець).

Праваліцца мне скрозь зямлю гл. праваліцца.

Скрозь зубы — тое, што і праз зубы (гл. зуб).

Як скрозь зямлю праваліўся гл. праваліцца.

Скрозь зямлю бачыць — тое, што і бачыць пад зямлёю (гл. бачыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сро́дак, ‑дку, м.

1. Прыём, спосаб дзеяння, захады для ажыццяўлення, дасягнення чаго‑н. І Вадап’ян усімі сродкамі стараецца .. прыблізіць тую часіну, калі ён паставіць свой дом на гэтым вось пляцы, што стыкаецца з пляцам пана Тарбецкага. Колас. Пратэст .. выказваўся адзіным для маленства сродкам — плачам. Брыль. Нават перад ворагам бараніцца не ўсякімі сродкамі можна рэвалюцыянеру. Машара.

2. Тое, што служыць якой‑н. мэце, неабходнае для дасягнення, ажыццяўлення чаго‑н. Вельмі важным сродкам палітычнай работы сярод насельніцтва ў тыле ворага быў падпольны бальшавіцкі друк. Залескі. Хто ж зрабіў з цябе сродак зла і знішчэння, О грымучы, бязлітасны кат — вадарод! Караткевіч. // Прадмет, прыстасаванне і пад. або сукупнасць іх, неабходныя для ажыццяўлення якой‑н. дзейнасці. Сродкі сувязі. Транспартныя сродкі. □ Сацыялізм назаўсёды палажыў канец панаванню прыватнай уласнасці на сродкі вытворчасці, гэтай крыніцы расколу грамадства на варагуючыя класы. Праграма КПСС. // Лекі, медыцынскія прэпараты або медыкаменты, неабходныя для лячэння. Лячэбныя сродкі. □ [Вейс:] — Хвораму арганізму патрэбна ў першую чаргу кровапусканне.., Яно вылечвае ад усіх хвароб. Гэта выдатнейшы сродак,.. ён варты ўсёй вялікай медыцына. Лынькоў. // перан. Магчымасці, рэальныя ўмовы. Мастацкія пераклады .. — верны шлях узаемаўзбагачэння літаратур, моцны сродак умацавання ўзаемадавер’я паміж народамі. Палітыка.

3. толькі мн. (сро́дкі, ‑аў). Грошы, капітал, матэрыяльныя каштоўнасці. Сродкі існавання. Жыць не па сродках. □ Савецкая дзяржава адпускае на асвету вялікія сродкі. «Беларусь». Старшыня абяцаў: сродкаў, кажа, калгас не пашкадуе на бібліятэку. Васілевіч. Васіль надзвычай асцярожна выдаткаваў сродкі, лічачы кожную капейку. Шамякін.

•••

Агнявыя сродкі — агнястрэльная зброя, якая знаходзіцца ў распараджэнні пэўнага вайсковага падраздзялення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сця́цца 1, сатнуся, сатнешся, сатнецца; ‑нёмся, ‑няцеся; пр. сцяўся, сцялася, ‑лося; зак.

Схапіцца, счапіцца ў бойцы, барацьбе, сварцы. Народ прачынаецца ад доўгага сну, страсае з душы рахманасць і .. гатовы твар у твар сцяцца з ворагам-акупантам. Машара. Волечка сцялася грызціся з Гельскім. Чорны.

сця́цца 2, сатнуся, сатнешся, сатнецца; ‑нёмся, ‑няцеся; пр. сцяўся, сцялася, ‑лося; зак.

1. Сабрацца ў камяк, скурчыцца; сціснуцца. [Шыковіч:] — Я хацеў спытаць у вас пра Савіча. Доктара Савіча. Сцяпана Андрэевіча. — Як .. [Сухадоліха] адразу змянілася! Адступала на крок, нібы спалохалася. Сцялася неяк уся, ажно ростам паменшала. Шамякін. Не вытрымаў тут Міколка, аж затрымцеў увесь, сцяўся ў камочак. Лынькоў. Вяргейчык неяк ураз увесь сцяўся, звяў, зрабіўся маленькі, палахлівы, як верабей. Сачанка.

2. Шчыльна злучыцца (пра губы, пальцы і пад.). Прачытаў [Лазавік] першыя словы, і шчокі яго пабялелі, сцяўся рот. Хомчанка. Рысы твару .. [Скуратовічыхі] ахаладзелі, губы сцяліся. Чорны. Гэлька не магла глядзець у вароты хлява, яна адвярнулася ў другі бок. Сашчапіліся пальцы ў кулакі, сцяліся зубы. Сташэўскі.

3. перан. Сціснуцца, выклікаўшы цяжкае дыханне (пра грудзі, горла і пад.). Чарнеў маўкліва чакаў, і ў Клімчанкі сцялося ўнутры. Быкаў. Адчуць боль пад уплывам якога‑н. пачуцця (пра душу, сэрца). І ад нейкіх блытаных, перам[я]шаных думак, ад усяго, што прынёс гэты дзень, у Сяргея сцялося сэрца. Адамчык.

4. Зацвярдзець пад уздзеяннем марозу. На дварэ люты, а ў паветры зусім мякка, маразы бываюць ледзь-ледзь, як вадзе сцяцца. Ермаловіч. На вечар хмары разышліся, зусім недарэчы высвеціў месяц, пачала халоднай скарыначкай падстываць гразь, і ў лужынах тонка і лёгка сцяўся лядок. Жук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

туля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Блукаць, хадзіць без пэўнай мэты; бадзяцца. Быў і яшчэ адзін чалавек, які ў нядзельныя дні не сядзеў у бараку, а ўсё хадзіў, туляўся па ферме. Сачанка. // Знаходзіцца дзе‑н., хаваючыся ад каго‑, чаго‑н. Многа яшчэ дзён туляўся .. [Адам] паблізу свайго дома, але ні разу не зайшоў пабачыцца з бацькам. Чорны. // Пазбягаць сустрэчы з кім‑н. [Загадчык гаража:] — Скажы [Надзя] проста, што не хочаш, са мною сустракацца, туляешся ад мяне. Кулакоўскі. Дзікім загнаным зверам туляўся .. [чалавек] па глухіх кутках, дзе можна было ўнікнуць непажаданых сустрэч. Ваданосаў. [Маці:] — Ты чаго ж гэта, нягоднік, абняславіў дзяўчыну, а цяпер туляешся па завуголлю, другой галаву чмуціш? Васілевіч. // Ухіляцца ад чаго‑н., быць незанятым чым‑н. — А што? — трохі збянтэжыўся гэтай грубасцю студэнт. [Дзядзька Антось:] — Як гэта — што? Людзі робяць, а ён туляецца, круціць. Прывык сабе на дурнічку. Брыль. Адзін толькі Яхім Суднік туляўся ад усяго новага і глядзеў на ўсё скоса і падазрона. Колас. [Штрыпке:] — Загадайце, каб .. [Верабей] адшукаў усіх, хто яшчэ туляецца недзе без справы. Лынькоў. [Сакратар партячэйкі:] — Дык ты, Антось, не туляйся там, а выйдзі наперад ды і скажы, што маеш. Калюга.

2. Быць бяздомным, беспрытульным. [Балатніцкі:] — Трэба думаць не толькі пра сваіх дзяцей, але і пра другіх. Бачыў, колькі босай, галоднай дзетвары туляецца па лесе. Гурскі. Ля крам туляюцца галодныя, рабрыстыя сабакі. Гарэцкі. // Быць адзінокім. Рамір дастаў пачак папярос, закурыў: — Разумееш, абрыдла аднаму туляцца. Асіпенка. Сымон Карызна прыехаў у раён змрочны, пахмуры і праз увесь час, пакуль не пачалося пасяджэнне райкома, туляўся ў баку ад усіх. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ты́тул, ‑а, м.

1. Ганаровае радавое або дараванае дваранскае званне (барон, граф, князь і пад.), якое падкрэслівала прывілеяванае становішча асобы і патрабавала адпаведнага тытулавання (ваша благароддзе, ваша вялікасць, ваша яснавяльможнасць і пад.). Гаварылі, што .. [Гальвас] меў тытул не то графа, не то варона. Чорны. // Разм. Называнне асобы па роду занятку, займаемай пасадзе і пад. — Ну што ж, — сказаў Віктар. — Тытул домаўласніка — гэта якраз тое, чаго мне не хапала. Але нічога не зробіш, будзем будаваць свой дом. Палтаран. У каменданцкім загадзе, які быў расклеены па сценах дамоў гарадка, Паўлік значыўся поўным сваім тытулам: грамадзянін Арэшка Павел Фёдаравіч. Хомчанка. Новыя свацці (жадалі яны сабе гэтых тытулаў, прысвоеных ім дзецьмі, ці не) напярэдадні сышліся абмеркаваць план дзеянняў. Васілевіч. // Якое‑н. званне, што прысвойваецца каму‑н. у гонар прызнання заслуг. Францыск Скарына, узброены доктарскімі тытуламі, зарукай і грашыма віленскага гарадскога галавы, перакладаў, каменціраваў і друкаваў у Празе кнігі бібліі. «Полымя». Паказалі каляровыя афішы з партрэтамі [артыстаў]. У кожнага тытул: лаўрэат якогасьці конкурсу. Жычка. / у іран. ужыв. Акрамя выключнай схільнасці да красамоўства, уладальнік ёмістай лысіны быў надзвычай прагны да славы, да гучных тытулаў і чыноў. Лынькоў.

2. Загаловак кнігі. // Першая старонка кнігі, на якой надрукаваны загаловак, імя аўтара, год і месца выдання; тытульны ліст. Тытул набіраецца буйным шрыфтам. □ Устаючы, Алесь з нейкім дзіўным пачуццём пагладзіў пальцамі ліст тытула. Гэты сумны, нікому непатрэбны ліст з доўгім надпісам. Караткевіч.

3. У буржуазнай юрыспрудэнцыі — аснова якога‑н. права. Тытул уласнасці.

4. Спец. Назва каштарысаў капітальнага будаўніцтва ў СССР па аб’ектах, якія ўключаны ў тытульныя спісы.

[Лац. titulus — надпіс, ганаровае званне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уда́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які завяршаецца ўдачай; удачны, паспяховы. Удалы баявы вылет. □ Байсак быў у лагодным настроі пасля ўдалай вылазкі на шашу. Лынькоў. Рэйд той наш, па сутнасці першы, быў ўдалы. Шамякін.

2. Вельмі добры. Удалая пшаніца. □ Кузьма славіцца сваім квасам на ўсю ваколіцу — ні ў кога ён не бывае такім удалым, як у Кузьмы. Пестрак. Здаецца, ні адзін год не была такая ўдалая сенажаць! Нікановіч. Удалая восень стаяла ў гэтым годзе. Чарнышэвіч. У жыцці ўсім удалым, У прыгодах-уцехах Міхасю скрозь гучала Адшуканае рэха. Кірэенка. / Пра людзей, жывыя істоты. Нездарма вяла [маці] ў святліца, За дубовы стол саджала. Слёзы капалі расіцай, Што сынок такі ўдалы. Купала. // Які адпавядае якім‑н. патрабаванням, падыходзіць для чаго‑н. Месца пад бальніцу выбрана ўдалае, ля самага бору, у закутку, крыху наводшыбе. Пестрак. Ды не зусім удалы час выбраў для знаёмства .. Нервы .. [Стасі] здалі, яна зрабілася запальчывая. Карпюк. Усё бегаючы па пакоі,.. [Іван Іванавіч] быў, здаецца, на мяжы адчаю, ды раптам ад нейкай удалай думкі ўраз успыхнуў надзеяй і ўскінуў руку. Быкаў. // Правільны, верны. Гульня пайшла жвава, і праз некалькі ўдалых ходаў Зоя выйшла пераможцай. Якімовіч.

3. Здатны на ўсё; спрытны, умелы. [Ігнат] хлапец .. удалы і на навуку, і на працу, куды хочаш! Чарнышэвіч. [Пракоп:] — Чыста ў вас, хораша. І няўжо ж гэтак у вас штодзень. Ці можа жонка ваша такая ўдалая гаспадыня? Колас.

4. Смелы, адважны, храбры; хвацкі. [Яношык:] — Каб была пры мне дружына Юнакоў — хлапцоў удалых, Ускалыхнуў бы я Карпаты. Бажко.

•••

Удалая галава гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)