дасту́пны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, да якога можна прайсці, падысці. Глухое, даступнае толькі заядлыя рыбакам,.. [возера] сягоння стала зборышчам людзей. Арочка. // Адкрыты для зроку. Даступны для назірання.
2. Магчымы, пасільны для ўсіх, многіх. Даступныя цэны.
3. Лёгкі для разумення, даходлівы. Перадаць думку ў даступнай форме. □ Купала па-майстэрску перадае старажытны тэкст у форме, лёгка даступнай нашаму мастацкаму ўспрыманню. Палітыка.
4. Які лёгка выклікае прыхільнасць да сябе; просты, абыходлівы. Невысокі, кучаравы, у панто[ф]лях і чорнай рабочай кашулі, .. [К. Чорны] быў увесь нейкі хатні, даступны. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
губі́ць, гублю, губіш, губіць; незак., каго-што.
1. Нішчыць, псаваць, рабіць непрыгодным. Ад лясоў, як даведаўся Петрык, і клімат робіцца мякчэйшым, і знікаюць засухі, што губяць пасевы. Якімовіч. // перан. Дарэмна, бязмэтна траціць (час, сродкі, сілы і пад.). Нашто губіць век малады І траціць леты без карысці? Колас.
2. Зводзіць са свету, забіваць. Воўк пад дубам скалазубы — Ажно страх — Варана патрошыць, губіць У кустах. Шушкевіч. // перан. Рабіць няшчасным, пазбаўляць нармальнага жыцця. [Марыля:] Няшчасная дзяўчына! Дарэшты губіць яна сама сябе гэтай гульнёй непатрэбнай. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запыні́ць, ‑пыню, ‑пыніш, ‑пыніць; зак., каго-што.
Разм.
1. Спыніць рух, ход каго‑, чаго‑н., затрымаць каго‑, што‑н. на месцы. Запыніць машыну. □ Людзі разыходзяцца. Намерыўся выйсці і Свідэрскі, але яго запыніў сержант. Глебка. // Запаволіць, прыпыніць. Запыніць дыханне. Запыніць крок.
2. на кім-чым. Затрымаць, сканцэнтраваць на кім‑, чым‑н. (сваю ўвагу, позірк, думку і пад.). Ніна запыніла позірк на маршчынках, што выразаліся пад вачамі. Мележ. // Прыцягнуць да сябе чыю‑н. увагу. Вось тая шчаслівая думка, што запыніла на сабе Пракопаву ўвагу. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́вучыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
1. Навучыць каго‑н., даць адукацыю; абучыць. Вывучыць сына цяслярскаму рамяству. □ Каб вывучыць усіх дзяцей, працавалі і бацька, і маці. Шыцік.
2. Вучачы, засвоіць, запомніць; развучыць. Вывучыць замежную мову. Вывучыць урок. Вывучыць песню.
3. Даследаваць што‑н. Вывучыць прычыны засухі. Вывучыць старажытную архітэктуру.
4. Уважліва наглядаючы за кім‑, чым‑н., добра спазнаць, зразумець, пазнаёміцца. Вывучыць характар сябра. □ Лясніцкі ішоў і лаяў сябе за тое, што не пазнаёміўся блізка, не вывучыў як належыць гэтага камандзіра. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́нік, ‑у, м.
1. пераважна мн. (вы́нікі, ‑аў). Канчатковыя паказчыкі якіх‑н. дзеянняў, з’яў, развіцця чаго‑н. Падвесці вынікі работы за дзень. □ Ад імя камісіі Іван Паўлавіч зачытаў вынікі экзаменаў і павіншаваў вучняў са сканчэннем школы. Васілевіч. // Плён, здабытак працы, намаганняў. Вынікі шмат гадовай працы. Вынікі экспедыцыі, творчых поспехаў.
2. Тое, што вынікае з чаго‑н., з’яўляецца лагічным вывадам. Поспехі з’яўляюцца вынікам напружанай штодзённай працы. □ Мы павінны заўсёды правяраць сябе, вывучаючы ланцуг палітычных падзей у іх цэлым, іх прычыннай сувязі, іх выніках. Ленін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апярэ́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Рухаючыся ў адным кірунку з кім‑, чым‑н., апынуцца наперадзе; абагнаць. Мартын раптам скідае з сябе павольнасць. Абагнаць Аўгіню, апярэдзіць яе і першым даплыць да забітай качкі! Колас. // Зрабіць што‑н. раней за другога. Лёня ўжо збіраўся, як толькі яны наблізяцца да скрыжавання, пастукаць па брызенце, але яго апярэдзіў Хоміч. Брыль.
2. перан. Дасягнуць лепшых вынікаў у параўнанні з кім‑, чым‑н.; апынуцца наперадзе каго‑, чаго‑н. у якіх‑н. адносінах; перавысіць. Апярэдзіць графік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
безжыццёвы, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены жыцця, мёртвы. Візэнер з жудасцю адпіхнуў ад сябе ўжо безжыццёвае цела. Шамякін.
2. Нерухомы, вялы, малавыразны. Правая рука [Каршукова] абыякава ляжала на Ядвісіным плячы. Гэтая безжыццёвая халодная рука чамусьці раздражняла Ядвісю. Асіпенка. У яго [гаспадара] быў безжыццёвы, пусты позірк, і пад вачыма ляжалі цені. Лупсякоў.
3. Без прыкмет якога‑н. жыцця, руху. Моцны звонкі гук набліжаўся, і нельга было зразумець, адкуль ён ідзе: ні то з горада, ні то з безжыццёвых караблёў, што стаяць па той бок бухты. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парыва́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. парываць.
2. Імкненне да чаго‑н., жаданне, намер што‑н. зрабіць. Сцёпка ў няясным парыванні яшчэ неразгорнутых маладых крыл[аў] адчуваў патрэбу выявіць сябе хоць чым-небудзь у гэтую ноч. Колас. У гэтым новым пачуцці былі тая ж удзячнасць і тыя ж парыванні, не менш пяшчоты, чым раней, але з’явілася нейкая дзіўная адказнасць. Шамякін.
3. Тое, што і парыў (у 2 знач.). Пад парываннямі ветру дрэвы шумяць панура, ківаюцца і ківаюцца, наганяючы беспрытульнасць. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Незак. да парваць (у 5 знач.).
2. Настойліва вабіць, заманьваць куды‑н. З якой незвычайнай сілай парываюць .. [старасвецкія шляхі Беларусі] да сябе і як моцна дакранаюцца да струн душы! Колас. / у безас. ужыв. Паходню парывала неадкладна зайсці да Кудзіных — хоць бы яны дазналіся пра яго прыезд. Хадкевіч. // Узрушаць, хваляваць. І ўстануць з’явы, як жывыя, Малюнкі сэрцу дарагія, І моцна душу парываюць. Колас. Праз колькі дзесяткаў год ужо гучалі .. [словы Купалы], узрушалі, парывалі не адно сэрца. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паступі́цца, ‑ступлюся, ‑ступішся, ‑ступіцца; зак., чым.
Добраахвотна пазбавіць сябе чаго‑н., адмовіцца ад чаго‑н. на карысць каго‑, чаго‑н. І ўжо сама гэтая бескампраміснасць і паслядоўнасць у адстойванні сваіх намераў, немагчымасць паступіцца самай малой часцінкай праўды, схібіць хоць бы ў прыватных рэчах пэўным чынам гарантуюць лірычнага героя ад дробязнасці. Бугаёў. Для блізкага чалавека Іван можа нават і паступіцца чым-небудзь, а калі гэты чалавек яшчэ хоць трохі для чаго карысны, то яму Тхорык можа і зорку з неба дастаць. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)