паслу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Зак. да слухаць.
2. і без дап. Слухаць некаторы час. Мы летуцелі ўсе аб тым, каб сесці ў засень на хвіліну, паслухаць, як шумяць лісты ў зялёных, пышных верхавінах... Дубоўка. Чалавек прыткнуўся да дрэва плячыма і астаўся так паслухаць і паглядзець. Чорны.
3. заг. паслу́хай(це). Ужываецца пры звароце да каго‑н. звычайна ў пачатку фразы, каб прыцягнуць увагу. Я таргануў за рукаў кулямётчыка: — Паслухайце, таварыш! Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пафарсі́ць, ‑ршу, ‑рсіш, ‑рсіць; зак.
Фарсіць некаторы час. [Тамаш:] — Чаму яна босая ходзіць?.. Каб чаравік[аў] у гразь не запэцкаць. А падыдзе пад мястэчка.., абуе чаравікі і пафарсіць па мястэчку. Чорны. // Пахваліцца, выстаўляючы што‑н. напаказ. Пан Вашамірскі захацеў пафарсіць перад госцем, ляснуў па баках жарабца канчуком і панёсся, як вецер. Бядуля. Учора было позна, і Кастусь не паспеў нагуляцца з ёю і пафарсіць, і маці адабрала планшэтку і схавала ў куфар, а яго пратурыла спаць. Кудравец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скляпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і скляплю, склеплеш, склепле; зак., што.
1. Злучыць, змацаваць пры дапамозе кляпання. Трэснула тая дуга якраз пасярэдзіне, ды так, што ніяк яе не склеіш і не скляпаеш. Жычка. Цяпер скажу: тады назвалі былі мяне ў маёнтак дзеля таго, каб я скляпаў разарваны сабачы ланцуг і прымацаваў яго да будкі. Кулакоўскі.
2. перан. Разм. Сабраць, стварыць (гаспадарку або калектыў). [Тамаш:] — Я от усё пра алейню думаю, няўжо мы яе не скляпаем?.. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сме́ла, прысл.
1. Прысл. да смелы.
2. Разм. Несумненна; з поўнай абгрунтаванасцю. — А новага старшыню ў вас выбраць няцяжка, мы ж ведаем, — сказаў Вітушка, — Любога брыгадзіра можна смела ставіць хоць сёння. Шамякін. Можна смела сказаць, што каб Гальвас крыкнуў на яе... [Аміля] не вытрымала б узятай на сябе ролі. Чорны. — Дык ты лічыш, што я яшчэ не старая? — спытала раптам Галіна. — Ані не старая, — сказаў я. Ты яшчэ смела можаш выскачыць замуж. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сплы́сціся і сплы́цца, сплывуся, сплывешся, сплывецца; сплывёмся, сплывяцеся; пр. сплыўся, сплылася, сплылося; зак.
1. Прыплысці з розных бакоў у адно месца. Качкі сплыліся разам. // перан. Злучыцца, сабрацца ў адным месцы. Як толькі Міхалючок і Іллюк, вывесіўшы газету, адышліся на другі бок вуліцы і селі на прызбу, каб глядзець, што будзе рабіцца ля газеты, да Ладымеравай хаты адразу паплылі людзі. Так, можна сказаць, уся вёска і сплылася. Чорны.
2. Разм. Зліцца, страціць выразнасць абрысаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спры́тнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць спрытнага. Спрытнасць конніка. / Пра рукі, пальцы. Наўмыснік здзівіўся спрытнасці рук гэтага чалавека. Чорны. // Хуткасць у рухах; лоўкасць, спрыт. Хлопец адчуў незвычайную спрытнасць, пераходзячы на польку. Кулакоўскі. Ён — каменшчык, праўда, не знатны яшчэ, Ды, думаю, слава яго не ўцячэ — Такая ўжо спрытнасць у дужых руках, Такая рашучасць у карых вачах. Гілевіч.
2. Тое, што і спрыт (у 3 знач.). [Пасажыр:] — Давялося і мне некалькі гадкоў займець за .. лішнюю спрытнасць у справаздачах. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сюды́-туды́, прысл.
1. У той і другі бок; у розныя бакі. [Міхал] выпраг каня.., жуючы хлеб, прайшоў сюды-туды паміж .. кустоў. Чорны. І чалавек бегае сюды-туды з самага цямна з потным ілбом. Кулакоўскі. Трымаючыся на задніх нагах,.. [вусень] вадзіў сюды-туды сваёй чорнай бліскучай галавой. Гарбук.
2. У некаторыя месцы. Трэба сюды-туды схадзіць.
3. Нішто сабе, ніштавата, дапушчальна. Калі днём яшчэ сюды-туды, то ў гэты вячэрні змрок адчуваеш сябе нібы ў магіле. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
убы́ць, убуду, убудзеш, убудзе; пр. убыў, убыла, ‑ло; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшаць, убавіцца ў колькасці, аб’ёме, сіле і пад. Убыла вада ў сажалцы. Убыў дзень. // Знікнуць, аслабець. Убыла рашучасць.
2. (звычайна з адмоўем «не»). Пражыць, прабыць пэўны час дзе‑н. Парабак не ўбыў доўга на адным месцы. Чорны. // Ужыцца з кім‑н. [Старая:] — Ты вось ляжы, як пан, а я табе ўсюды спраўлюся .. З табою ж не ўбудзе ніхто. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узвалачы́, ‑лаку, ‑лачэш, ‑лачэ; ‑лачом, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. узвалок, ‑лакла, ‑ло; зак., каго-што.
Разм.
1. Падняць наверх што‑н. цяжкае, грувасткае; усцягнуць. Узвалачы мех на воз. □ Нехта вулей узвалок на верхавіну. Лобан. // Намагаючыся, з цяжкасцю ўзвезці куды‑н. Але вось конь узвалок сані на горку і пайшоў лягчэй, мы нават пачалі адставаць. Дамашэвіч.
2. З цяжкасцю паставіць на ногі. Леапольд Гушка сяк-так узвалок каня на ногі і павёў дадому. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уразуме́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., што.
1. Зразумець, ахапіць розумам. Уразумець ісціну.
2. Асэнсаваць што‑н. Уразумець свой патрыятычны абавязак. □ Азірнуцца і ўразумець, што з табою здарылася, ці жывая ты — няма калі... Няма калі перавесці дух і азірнуцца на казачную прыгажосць падземнага царства. Васілевіч. Але ў гэты момант адбылося нешта такое, чаго Мірон зусім уразумець не мог. Маўр.
3. Усвядоміць, зразумець што‑н. Уразумець свае памылкі. □ [Брат] яшчэ не мог уразумець Зосінага ўчынку. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)