гра́мата, ‑ы, ДМ ‑мэце, ж.
1. Уменне чытаць і пісаць. Сельскі настаўнік павінен быў вучыць на сяле грамаце і дзяцей і дарослых. «Беларусь». Пайшоў Антось у армію цёмным хлопцам і вырас у барацьбе да камандзіра, навучыўся грамаце. Чарнышэвіч. // Пачатковыя звесткі з якой‑н. галіны ведаў. Музычная грамата. Палітычная грамата. Тэхнічная грамата.
2. Афіцыйны дакумент, якім узнагароджваюць за пэўныя поспехі. Пахвальная грамата. Ганаровая грамата.
3. Уст. Пісьмо, пасланне. □ Першае вядомае гісторыкам пісьмовае сведчанне, у якім адзначаецца роля Мінска ў Вялікім княстве Літоўскім, — гэта грамата вялікага князя літоўскага ад 1444 года. «Полымя».
•••
Ахоўная грамата — дакумент, які сведчыць, што асоба або яе маёмасць знаходзіцца пад асаблівай аховай дзяржаўнай улады.
Берасцяная грамата — старажытнарускія пісьмы і дакументы, напісаныя на бяросце.
Вярыцельная грамата — урадавы дакумент пра назначэнне пэўнай асобы дыпламатычным прадстаўніком у якой‑н. дзяржаве.
Кітайская грамата — пра што‑н. цяжкае для разумення; тое, у чым цяжка разабрацца.
Фількава грамата — непісьменны складзены дакумент; дакумент, які не мае юрыдычнай сілы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бала́нс 1, ‑у, м.
1. Раўнавага, ураўнаважванне. Гранічнае пачуццё балансу, выдатная спартыўная форма.. забяспечылі.. [эквілібрысту] дакладнае, нават прыгожае выкананне найскладанейшага труна з вострымі кінжаламі. «Беларусь».
2. Параўнальны падрахунак прыходу і расходу пры завяршэнні разлікаў, а таксама ведамасць з такім падрахункам. Радавы баланс. Квартальны баланс. Зводны баланс.
3. Колькаснае выражэнне суадносін паміж бакамі якой‑н. дзейнасці, якія павінны ўраўнаважваць адзін аднаго. Гандлёвы баланс. Баланс народнай гаспадаркі. // Суадносіны паміж узаемазвязанымі часткамі чаго‑н. Кармавы баланс. Паліўны баланс. Баланс падземных грунтовых вод.
•••
Актыўны баланс — падрахунак, у якім прыход большы за расход.
Пасіўны баланс — падрахунак, у якім расход большы за прыход.
[Фр. balance.]
бала́нс 2, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у, зб. Спец. Ачышчаныя ад кары бярвенні аднолькавай даўжыні, якія ідуць на выраб цэлюлозы.
2. ‑а. На чыгунцы — перакідная прылада для перацягвання рэек. [Сымон:] — Тут я нешта заспяшаўся, перакінуў няёмка баланс, што перацягвае рэйкі, дык пяро не прыкінулася як след да рамачнай рэйкі, і пайшлі вагоны па стрэлцы ўразрэз. Шынклер.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пратрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго-што. Патрымаць каго‑, што‑н. (на руках, у зубах, у роце і пад.) некаторы час. Пратрымаць дзіця на руках цэлы вечар.
2. каго-што. Не адпускаць, прымусіць быць, знаходзіцца дзе‑н. некаторы час. А Дануту доўга пратрымалі на Лукішках у турме, думаючы што-небудзь выпытаць. Карпюк. // што. Патрымаць што‑н. у сябе, не аддаваць некаторы час. Летась хлопцы пазычылі ў суседняй вёсцы, у сваяка, тоўсты том Гогаля, пратрымалі яго аж дагэтуль, дый то не хочацца аддаваць. Брыль. // што. Захаваць што‑н. у пэўным становішчы некаторы час. Пратрымаць акно адчыненым увесь дзень.
3. каго-што. Прымусіць прабыць каго‑н. у якім‑н. стане, становішчы некаторы час. Пратрымаць хворага ў пасцелі цэлы тыдзень.
4. без дап. Прабыць, захавацца, не змяняючыся некаторы час. Мароз пратрымаў два тыдні.
5. перан.; каго-што. Забяспечыць каго‑н. кормам; пракарміць. Цяпер Агаце не да парсюкоў, каб хоць як карову пратрымаць. Сабаленка. У .. [каваля] быў дробны кавалак зямлі, на якім льга было пратрымаць каня і карову. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спіс, ‑а, м.
1. Пісьмовы пералік каго‑, чаго‑н. Спісы выбаршчыкаў. Спіс дзеючых асоб п’есы. □ У суседнім пакоі, адкуль выбегла Зіна, складалі спісы тых, хто ідзе на будаўніцтва. Грамовіч. У сейфе сталёвым, у спісах ахвяр Быў знойдзены след маладой парабчанкі. Зарыцкі. Калі б скласці спіс добрых спраў парторга Абраменкава, яго давялося б друкаваць у многіх нумарах газеты. Дадзіёмаў. [Членам атрада] далі грошы і спіс усяго, што трэба было купіць. Шашкоў.
2. Перапісаны тэкст чаго‑н.; рукапісная копія. Вершы ў спісах. / Пра рукапісную копію старажытнага арыгінальнага помніка пісьменнасці. Вядомыя спісы беларуска-літоўскіх летапісаў і хронік вельмі неаднародныя паводле свайго складу. Чамярыцкі.
3. Дакумент, у якім пералічаны якія‑н. звесткі. Архіўныя дакументы і, у прыватнасці, фармулярныя спісы падрабязна паведамляюць пра ўсе .. перамяшчэнні [Багушэвіча] па службе. «Маладосць».
•••
Імянны спіс — спіс, у якім пералічваюцца прозвішчы і імёны якіх‑н. асоб.
Паслужны спіс — дакумент са звесткамі аб праходжанні службы.
Чорныя спісы — у краінах з рэакцыйным рэжымам — спісы асоб, якіх па палітычных матывах не прымаюць па працу, звальняюць у першую чаргу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узро́вень, ‑роўню, м.
1. Умоўная гарызантальная лінія або плоскасць, якая з’яўляецца мяжой вышыні чаго‑н. Сонца апусцілася на ўзровень маладых сосен. Шамякін. Хвілін праз пяць .. [Раман] падняў на ўзровень грудзей ляшча і гукнуў: — Во!!! Ляўданскі. Дом быў злеплены так недарэчна, што вокны ў ім знаходзіліся па розных узроўнях. Маўр. // Вышыня пад’ёму вады або чаго‑н. вадкага. Вада ў Нарачы безупынна папаўняецца шматлікімі крыніцамі як па берагах, так і на дне возера, і таму ўзровень яго ніколі не зніжаецца. В. Вольскі.
2. перан. Ступень, якая характарызуе якасны стан, велічыню развіцця чаго‑н. Жыццёвы ўзровень. Ідэйны ўзровень. Узровень механізацыі гаспадаркі. □ Тэхнічны ўзровень савецкай эканомікі цяпер пераўзыходзіць дасягненні сусветнай капіталістычнай гаспадаркі, а ў многіх галінах — і найбольш разбітых капіталістычных краін. Машэраў.
•••
Нулявы ўзровень — узровень паверхні мора.
На ўзроўні (быць, знаходзіцца і пад.) — у адпаведнасці з неабходнымі патрабаваннямі.
На ўзроўні каго-чаго, якім — у якім‑н. пэўным рангу, у якой‑н. інстанцыі. Вырашаць пытанні на ўзроўні міністраў. Сустрэчы на вышэйшым узроўні.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
блы́таны, ‑ая, ‑ае.
1. Бязладна пераплецены, заблытаны. Блытаныя сляды. □ Ніжэй павуцінне плыве доўгімі блытанымі ніткамі. Алешка. Яшчэ на сцежках блытаных Стаяць іх [партызанаў] буданы. Хведаровіч. // Няцвёрды, няўпэўнены (пра крокі, хаду). Блытаныя крокі.
2. У якім цяжка разабрацца, няясны, недакладны, супярэчлівы. Блытаная справа. Блытаныя паказанні. □ Прамова Лабановіча была наўперад крыху блытаная, словы неяк не слухалі яго, і язык варочаўся не так, як належыць. Колас. Хлопцы недаўменна слухалі блытанае Казікава апавяданне і не зусім разумелі яго. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́дзеліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
1. Вылучыць з агульнай масы для якой‑н. мэты. Выдзеліць падводы для вывазкі дроў. Выдзеліць звеннявых. // Адзначыць якім‑н. чынам. Выдзеліць асноўную думку. □ Косця быў першы, каго Марынка тут нейкім чынам выдзеліла з астатніх. Шыцік.
2. Аддаць у карыстанне. Выдзеліць сыну частку маёмасці. □ Праўленне калгаса выдзеліла.. [Нямку] хатку ля канюшні. Кулакоўскі.
3. Вывесці на паверхню (з арганізма, са свайго саставу). Выдзеліць пот. Выдзеліць вуглякіслы газ. Выдзеліць цяпло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адмо́віць, ‑моўлю, ‑мовіш, ‑мовіць; заг. адмоў; зак.
1. Не задаволіць чыёй‑н. просьбы, патрабавання; не згадзіцца даць што‑н., каму‑н. У Валодзі многа, вельмі многа сяброў-прыяцеляў, якім ён дапамагае, і яны яму ні ў чым не адмовяць. Вішнеўскі. // Абмежаваць у чым‑н., пазбавіць чаго‑н. Адмовіць сабе ва ўсім неабходным.
2. Не даць згоды на шлюб. Вера прыйшла.. з намерам адмовіць сватам, як раіла маці, з павагаю, не трацячы сваёй годнасці. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адсве́чвацца, ‑аецца; незак.
1. Тое, што і адсвечваць (у 2 знач.). Высокі барадаты дзед жвава махаў вяслом, рассякаючы ясную гладзь ціхай Свіслачы, у якой як у люстры, адсвечваліся водбліскі полымя. Якімовіч. Сонца заходзіла чыста, на мокрых платах адсвечвалася яно і аж калола ў вочы. Чорны. Вочы чалавека .. гарэлі.. дзіўным бляскам.. Ці то застыглая жорсткасць.., ці то захапленне бойкай адсвечвалася ў іх позірку. Лынькоў.
2. Адліваць якім‑н. колерам. Смуглявы твар адсвечваўся бронзай. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адсве́чваць, ‑ае; незак.
1. Адбіваючы святло, свяціцца, даваць водсвет. Конь прыціх, супакоіўся, ледзь адсвечвала нерухомая падкова. Лынькоў. // Адліваць колерам чаго‑н. або якім‑н. колерам. Золатам адсвечвала пажоўклае лісце вішняку. «Маладосць».
2. Адбівацца на чым‑н. Выгібы хваль, разварушаных лодкай, пабліскваюць, адсвечваюць на пясчаным дне. Брыль. [Міхалковіч:] Унь, бачыш, бляск. Гэта, мусіць, сонца ад шыб адсвечвае. Чорны. // перан. Адбівацца (у вачах, на твары — пра душэўны стан). Але ў [Рыгоравай] ухмылцы адсвечвала сур’ёзная ўвага да Ганны. Гартны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)