слязі́цца, ‑зішся, ‑зіцца; незак.

1. (2 ас. не ўжыв.). Напаўняцца слязамі; выдзяляць слёзы (пра вочы). Ад .. [дыму] слязяцца вочы і кашаль раздзірае грудзі. Шамякін. Адно вока ў Аляксеева было крыху большае, яно слязілася, і таму здавалася, што Аляксееў смяецца, як вар’ят, і нават падміргвае. Карпаў.

2. Абл. Плакаць. Удзень і.. [Маня] гаварыла мала: толькі слязілася ды смаркалася. Мележ.

3. (2 ас. не ўжыв.); перан. Выдзяляць кроплі соку, вільгаці; выцякаць па кроплі; сачыцца. Крыштальнымі кроплямі цёплай жывіцы слязіліся свежыя пні і акоранае яловае бярвенне. Машара. З пашчапаных соснаў слязілася смала, павяла лісце на бярэзінах. Гурскі. // Пакрывацца кроплямі вільгаці. З сонцам Тчэ туман валокны. Дык чаго слязяцца вокны? Калачынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Знемагаць, мучыцца ад смагі, гарачыні. Ён [Рыгор] трызніў, смаг, прасіў ён піць, А смерць ужо шаптала: — Табе не ўстаць, Табе не жыць. Бялевіч.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перасыхаць, сохнуць (пра губы, горла, рот). Губы смагнуць. / у безас. ужыв. У горле смагла, але піць не хацелася. Гартны. // Сохнуць, перасыхаць ад недахопу вільгаці і ад празмернага сонца (пра траву і пад.). Далонь падставіў кожны ліст, Ды сціхла ўраз стыхія. І смаглі ўнізе на галлі Лісты зусім сухія. Кляўко.

3. перан. Прагнуць, моцна хацець чаго‑н. Разгінаючы дужыя рукі, Працавітыя людзі ў лясах Смаглі гэтага звону і груку, Сумавалі аб ім па начах. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Разм.

1. Тое, што і сотня (у 1 знач); сто. Ды толькі вось дзе закавыка: Купіць зямлю — купіць не лыка, Тут грошы трэба — і не сетка... Эх, брат, рука, рука каротка! Колас.

2. Адна сотая частка якой‑н. адзінкі, меры (гектара і пад.). Калі Антаніна прыйшла на поле, Надзя і Волька, выжаўшы ўжо соткі па паўтары, сядзелі на снапах і снедалі. Васілевіч. // толькі мн. (со́ткі, ‑так). Прысядзібны ўчастак, агарод. За градамі з капустай, буракамі і насеннай цыбуляй — соткі з бульбай. Кулакоўскі.

3. Уст. Мера гарэлкі ў адну сотую частку вядра, а таксама бутэлька такой ёмістасці. Гаспадыня дае [бацьку] сетку і ідзе спаць. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумятня́, ‑і, ж.

Бязладная беганіна, мітусня, клопаты. — Толя! — пачуў ён скрозь шум і сумятню пасадкі. Брыль. І хоць выгляд у людзей заклапочаны, адчуваецца, што іх радуе гэтая святочная сумятня. Палтаран. // перан. Хаос (пра думкі, пачуцці і пад.). У Максіма адразу ёкнула сэрца. Ён здагадаўся, аб чым пойдзе гутарка. Трэба рашацца, а ў душы яго — адна сумятня. Машара. // Паніка, перапалох. Лагчынай, алешнікам .. [Ганарацкі] прабраўся да сыраварні ў Дубовым гарадку, зняў варту, вызваліў палонных і ноччу нарабіў сумятні ў паліцэйскім гарнізоне. Грамовіч. Сумятня ў горадзе нарастала. Няхай. Улучыўшы хвіліну, стралою мільгануў .. [каршун] у паветры і ў момант вока схапіў кіпцюрамі куранё ды панёс у лес. Ой, якая паднялася тут сумятня, трывога! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суцяшэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. суцяшаць — суцешыць і стан паводле знач. дзеясл. суцяшацца — суцешыцца. Гаварыць у суцяшэнне. Выслухаць словы суцяшэння. □ Я сама шукала суцяшэння. Караткевіч. // звычайна мн. (суцяшэ́нні, ‑яў). Угаворы, спачувальныя словы. Я рад за вас быў. Я вам [таварышам] не зайздросціў. І вы суцяшэннямі не абражалі мяне. Панчанка. Ды ўжо суцяшэнні Сяргею не трэба, — адчуў ён сэрцам, Адчуў, што канец непазбежны, што піша хвароба прысуд. Жычка.

2. Тое, што суцяшае, дае супакаенне, палёгку. Аддаліліся ўсе тыя, з кім некалі спрачаўся, сварыўся, даводзіў сваё. Цяпер поўная яснасць і поўны спакой. Але ў гэтым мала суцяшэння. Шамякін.

3. перан. Занятак, прадмет, які прыносіць здавальненне, радасць. Кнігі — маё суцяшэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траха́, прысл.

Разм. Чуць, амаль. Касніцкі ўскінуў на плечы граблі і вілы і рушыў ісці, цень яго быў гэтакі доўгі, што галава ўпіралася ў былы папоўскі сад, а граблі з віламі каб траха, дык дайшлі б да самай царквы. Чорны. Затое мы самі назвалі пастку лаўком, гэты лавок нагадваў цыліндр даўжынёю не болей за метр, а дыяметрам траха меней паўметра. Масарэнка.

•••

Траха не... — чуць не, амаль не. Дачка акінула бацьку такім ледзяным позіркам, што таго траха не скаланула, але ён не падаў выгляду, што адчувае сябе няёмка. Чарнышэвіч.

Траха што — амаль што. Ды траха што і ўсе выкладчыкі мелі дачыненне да друку — былі аўтарамі першых беларускіх падручнікаў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тры, трох, тром, трыма, (аб) трох, ліч. кольк.

1. Лік і лічба 3. Напісаць лічбу тры. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 3. Тры кніжкі. Тры дарогі. □ Садок быў, праўда, невялічкі: Дзве верабіны ды тры дзічкі. Колас.

2. Тое, што і тройка (у 2 знач.).

•••

Бачыць на тры аршыны (на тры сажні) пад зямлёю гл. бачыць.

Гнуцца ў тры пагібелі гл. гнуцца.

Гнуць у тры пагібелі гл. гнуць.

Да трох не гавары каму гл. гаварыць.

Заблудзіць у трох соснах гл. заблудзіць.

За тры крокі ад каго-чаго гл. крок.

Злупіць тры скуры гл. злупіць.

Тры чвэрці да смерці гл. чвэрць.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць, уставіць) свае тры грошы гл. уткнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., каго-што.

1. Парушаць чый‑н. спакой, непакоіць каго‑н., перашкаджаць каму‑н. — Дзень добры, — павіталася Зоя Уладзіміраўна. — З бібліятэкі вас турбуюць. Шыловіч. Ці стомлены буду, Ці лень успадзе — Турбуй мяне, дружа, І ў ночы, і ў дзень. Гілевіч. [Раіса:] — Мне думалася, што на гэтай рабоце мяне ніхто не будзе турбаваць, нікому я не патрэбна буду. Ды і ні на што я больш не здатна. Лобан.

2. Пастаянна хваляваць, трывожыць, не даваць спакою. Вынасіў дзед Талаш, як маці дзіця, сваю неспакойную думку. Наўперад мільгала яна цьмяна і нясмела, але патроху ўсё болей і болей акрэслівалася, часцей і часцей турбавала дзедаву галаву. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

удава́ць, удаю, удаеш, удае; удаём, удаяце; незак.

Разм.

1. Незак. да удаць.

2. (пераважна са словамі «сябе», «з сябе»). Рабіць выгляд, паказваць; прыкідвацца. Не кідалася [Верачка] радасна да Яўхіма, удавала сябе нават абыякавай, але Яўхім бачыў: рада яму, падабаецца ёй. Мележ. Пытанні і абвінавачванні сыпаліся на Смірніцкага, як удары. Але ён не ўгінаў галавы пад іх цяжарам, ён толькі чырванеў і ўдаваў з сябе пакрыўджанага ды гордага чалавека. Шахавец. [Надзя] ўдае, што кудысьці спяшаецца. Козел.

3. Здавацца. Лаза .. зазелянела першым, яшчэ не густым, кволым лісцем, і здаля, з берага, удавала не зялёнаю, а празрыста-жоўтаю. Сачанка. Як дамоў ішла Хрысціна — не згадала, Незнаёмаю мясціна ўдавала. Дзяргай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упадаба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Спадабаць, захапіцца кім‑, чым‑н. [Канстанцін Міхайлавіч:] — Прачытаў яму [бацьку] свой верш за чужы. А ўжо як бацька ўпадабаў, прызнаўся, што напісаў сам. Лужанін. Стаўшы калгасным конюхам,.. [Павел] так упадабаў гэтую работу, так звыкся з коньмі, што не хацеў і адыходзіць ад іх. Кулакоўскі.

2. Палюбіць каго‑н. Упадабала.. [Лукер’я] тады мужнага чэкіста-камсамольца, выйшла за яго замуж. Місько. [Жняя:] — Зямляк то зямляк, але ж і ўпадабаў. Ды і чаму цябе не ўпадабаць: ты ж як тая кветачка. А кветачка ж кожнай пчолцы кідаецца ў вочы. Сабаленка. Дзе гэта відана, каб шляхцянка ўпадабала бацькавага парабка і каб ён так прысох да яе. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)