бы́ццам, злучн. і часціца.

1. злучн. параўнальны. Ужываецца пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару ў значэнні «як», «усё роўна як». Брызент, быццам ветразь, надзімаўся і трапятаў на ветры. Мележ. Быццам той карабель, да шчаслівых зямель ты плывеш праз гадоў акіяны. А. Вольскі. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару і па свайму значэннях адпавядае злучнікам: «нібы», «як быццам». Каля штыкецін гародчыка, ля свежаабчасаных калочкаў, быццам сёстры, стаялі бярозкі. Даніленка. Быццам дождж гарачы, Так з вачэй у маткі слёзы паплылі. Танк. Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна засланіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая. Шчарбатаў. // У гэтым жа значэнні злучае параўнальныя звароты і сказы з адценнем меркавання, здагадкі; па свайму значэнню збліжаецца са злучнікамі «як бы», «нібыта». Пастух, стары ўжо чалавек, згорблены і доўгі, хадзіў па ўзмежку, раз-пораз згінаўся, быццам нешта шукаў. Асіпенка. Саша прачнулася, аблітая халодным потам. Сэрца калацілася так, быццам сапраўды яна толькі што доўга бегла, змагаючыся з віхурай. Шамякін. / У спалучэнні з часціцай «бы». І вырас, быццам бы грыбок З цёплымі дажджамі, Ціхі сівенькі дзядок, З барадой, з вусамі. Бялевіч. // Ужываецца для сувязі параўнальных зваротаў і даданых параўнальных сказаў са значэннем неадпаведнасць неверагоднасці; у сэнсавых адносінах адпавядае злучніку «нібыта». Бачачы, што Сільніцкі .. трапіць у лапы жывадзёраў, жанчына дала яму на рукі дзіця, а сама з кашолкай пайшла побач з ім, быццам яго жонка. Крапіва. [Хлопцы] .. зрабілі пад.. [лаўжом] гняздо з лапак і склалі туды свой скарб. Потым апусцілі лоўж на месца і, быццам нічога не здарылася, рушылі тымі ж кустамі дахаты. Якімовіч.

2. злучн. тлумачальны. а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы, калі сказанае ў гэтых сказах не адпавядае сапраўднасці. Дзед штодня цешыць унукаў, быццам вясна ўжо блізка, што вось-вось ужо за гэтым лесам, што за рэчкай стаіць. Цётка. Ляснік папаўся такі, што баіцца слова сказаць, прыкідваецца, быццам не бачыць, што ў яго абходзе робіцца. Крапіва. б) Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы са значэннем няўпэўненасці. Пастам здалося, быццам нехта спрабуе акружыць лагер. В. Вольскі. в) Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы, якія паясняюць галоўны сказ шляхам умоўнага дапушчэння чаго‑н. [Алесь:] — У мяне такое адчуванне, быццам на свет зноўку нарадзіўся. Шыцік. / У спалучэнні са злучнікам «што», часціцай «бы» («што быццам», «быццам бы», «што быццам бы»). Шукаючы ратунку, .. я паглядзеў Закрэўскаму ў вочы і бачыў у іх такую ласкавасць да мяне, што быццам бы гэта быў мой родны бацька. Чорны.

3. часціца. Паказвае на няўпэўненасць, дапушчальнасць выказвання, яго ўмоўна-ўяўны характар. Ты і дапамагаеш, ты і быццам радуешся, што мы адстаём. Шамякін. Луг зялёны за ракою Быццам снегам замяло. Муравейка.

•••

Як быццам — тое, што і быццам (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шалёны, ‑ая, ‑ае.

1. Хворы на шаленства, на вадабоязь. Каханую жанчыну, жонку, некалі пакусаў шалёны воўк. Яна звар’яцела. Скрыган.

2. у знач. наз. шалёны, ‑ага, м.; шалёная, ‑ай, ж. Шаленец, вар’ят. [Дзед Юстын:] — Не пужайся! Гэта шалёны... Арцёмам завецца. Ён нікога не чапае. Бядуля.

3. Які страціў разважлівасць, цвярозы розум. [Раіна:] — Чым быць тваёй, лепш з хвалямі ракі Здружыцца мне ці згінуць у пятлі. — Шалёная! Самой жа будзе горш, — Казаў сабе, выходзячы на двор, Гарыдавец. Танк. // Які знаходзіцца ў стане крайняга раздражнення, які вар’юецца, лютуе. А тут жа блізка — сорак першы год... Слязамі і крывёй дзяцей заліты І па-сапраўднаму яшчэ нікім не біты, Шалёны фюрэр рваўся на ўсход. Жычка. // Люты, нястрыманы. Вельмі ўжо ўчэпістыя І задзірыстыя вочы ў Карніцкага І шалёны характар. Паслядовіч. Размах рэвалюцыйнага руху выклікаў страх і шалёны гнеў польскіх памешчыкаў і капіталістаў. Хромчанка. // Які выражае шаленства (у 2 знач.); уласцівы крайне раздражнёнаму, лютаму чалавеку. Лётчык устаў, шалёным позіркам акінуў усіх, рэзка ступіў правай нагой да Валодзі і выхапіў пісталет. Федасеенка. Шура зацяўся — у грудзях віравала шалёная злосць. Навуменка. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі.

4. перан. Вельмі інтэнсіўны, хуткі, моцны па сіле праяўлення. Шалёны вецер. Шалёная скорасць. □ І вось тры дні таму назад Міхал прачнуўся ад шалёнага брэху сабак. Чарнышэвіч. Узнімаецца густы, шалёны кулямёты агонь. Брыль. // Які вельмі хутка рухаецца, перамяшчаецца. Заўсёды стрэлачнікі ўваходных стрэлак закрывалі вочы, калі праносіліся каля іх віхрам шалёныя вагоны не менш шалёнага цягніка. Лынькоў. // Нястрыманы ў пачуццях; гарачы. [Кастусь] абхапіў Яніну і прынік да яе ў безразважным, шалёным пацалунку. Марціновіч. «Ваша ўсмешка запальвала ў маіх вачах шалёную радасць, выклікала жаданне бегаць, скакаць». Васілёнак. // Нечаканы, незвычайны, неверагодны. Дзядзька не захацеў І слухаць пра гэтую шалёную прапанову свайго пляменніка. Паслядовіч. // Азартны, заядлы. Што ты, што ты, карцёжнік шалёны! — Зямля жахнулася: трэба жыць. Схапіла ў абдымкі рукамі зялёнымі І загадала: ляжы, ляжы. Панчанка.

5. перан. Поўны небяспекі, нечаканасцей, рызыкі. Шалёнае падарожжа. □ Сама.. [жонка] трываць не магла шалёных горных дарог і звычайна ад гэтых экзатычных падарожжаў адмаўлялася. Васілевіч. // Неспакойны, бурны. Пасля той шалёнай ночы Аміля зноў стала ад яго [Бушмара] плакаць. Чорны.

6. Свавольны, дураслівы. Рабілася шкада, па-бацькоўску шкада хлопцаў, крышку шалёных, а ўсё ж такі добрых, сваіх... Брыль.

7. перан. Выпадковы, нечаканы, бязладны (пра кулю, снарад). Здарылася няшчасце. [Дзядзька Ігнат:] — Выпадковая куля, як кажуць, шалёная куля падкасіла партызана, калі ён адыходзіў з лагера. Ваданосаў. Разарваўся шалёны снарад. Дзяргай.

8. перан. Празмерна вялікі, завышаны (пра заработак, цану і пад.). [Марголін:] — Табе, танкісту, — шалёны заработак.. Дзве тысячы ў месяц. Грамовіч. Па-першае, шалёная цана, А па-другое, не абутак, а пародыя адна. Валасевіч.

•••

Шалёны поп хрысціў каго гл. поп.

Шалёныя грошы — грошы, якія лёгка дастаюцца і таму расходуюцца вельмі неэканомна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чорт, ‑а, М ‑рце, м.

1. Паводле забабонных уяўленняў — злы дух, які мае выгляд істоты, пакрытай чорнай поўсцю, з рагамі, капытамі і хвастом; д’ябал. Хто супроць нас? Прэч з дарогі! Бачыш нашу грамаду? Мы [камсамольцы] саб’ём і чорту рогі, Богу вырвем бараду. Крапіва. Хацеў чорт балота запаліць, але гарэць не хоча. Прыказка.

2. Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. — Стойце, чэрці! — зноў крыкнулі салдаты. Маўр. [Афіцэр] гнеўна крыкнуў старому: — Ты, стары чорт... Табе хлеб даю, што ты робіш? Лынькоў. [Камандзір:] — А ты [Рома], чорт, не зяваў бы на сонцы, а сеў ды чытаў. Брыль. // Разм. Ужываецца як пабочнае слова і ў значэнні выклічніка для выражэння прыкрасці, незадаволенасці, раззлаванасці. [Апанас:] — От чорт! Акурат такі самы, як Параска. Чарнышэвіч. [Боткін:] — Прыязджаю — пляменнікі скігочуць... От чорт! Ламі цяпер галаву, як вярнуць.. [цётку] з дарогі. М. Ткачоў.

3. перан. Разм. Пра каго‑н. вельмі спрытнага, смелага, дужага і пад. Прыборны засмяяўся. — Вось чэрці, гэтыя жаўноўцы. Хвіліны супакою фрыцам не даюць. Шамякін. Васіль Гайдук, цябе мы, чорт, усе, Гарачы палкавы наш агітатар, Прамоў і песень баявых аматар, Любілі ў прыфрантавой паласе. Панчанка.

•••

Аддаць (прадаць) чорту душу гл. аддаць.

Адзін чорт — тое, што і адна трасца (гл. трасца).

Да чорта — пра вялікую колькасць, мноства каго‑, чаго‑н.

Куды яго чэрці ўхапілі — куды ён дзеўся, знік.

К чорту — а) на кавалкі, ушчэнт. А потым, брат, калі рвануўся, — Усё к чорту — вуда і кручок, Пайшоў гуляць мой шчупачок! Колас; б) прэч, вон; выражае злосць на каго‑, што‑н., жаданне пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н. К чорту касцёлы, капліцы, Цэрквы, званіцы, званы! Досыць працоўным маліцца Рэчам папоўскай маны. Крапіва.

К чорту на рогі — вельмі далёка, у глухія мясціны (ехаць, адпраўляцца і пад.).

К чорту ў зубы — у небяспечнае месца, на рызыкоўную справу (ісці, лезці, трапіць і пад.).

На чорта (груб.) — навошта, дзеля чаго?

Ні богу свечка ні чорту качарга гл. свечка.

Ні к чорту (не варты) — ні на што не прыгодны.

Ніякага чорта — нічога.

(Сам) чорт галаву (нагу) зломіць — аб вялікім беспарадку дзе‑н.; пра непраходнае месца, дарогу.

Сам чорт не брат каму — пра таго, хто нічога не баіцца, ні ад кога не залежыць, якому ўсё лёгка, даступна.

Скруціць чорту рогі гл. скруціць.

Чарцям млосна (будзе, стане) гл. млосна.

Чорта лысага — абазначае поўнае адмаўленне чаго‑н. — Кінь званіць! — у абурэнні крыкнуў .. [Петрусю] а. Ціт і ціха дадаў: — Ні чорта лысага не вызваніш там. Колас.

Чортам падшыты гл. падшыты.

Чортам свістаць гл. свістаць.

Чорт ведае (хто, што, які, куды, дзе і пад.) — невядома (хто, што, які, куды, дзе і пад.).

Чорт ведае што! — а) нешта неймавернае, такое, што цяжка ўявіць; б) усё, што хочаш.

Чорт (кадук, ліха, пярун, халера) з ім (з табой, з ёй, з вамі, з імі) — хай, няхай будзе так.

Чорт лазаты — пра таго, хто з’яўляецца ўвасабленнем зла, несправядлівасці. Ён [Богут] там здохне, чорт лазаты, І захлынуцца ўсе паны. Колас.

Чорт не бярэ (не возьме) — нічога не здараецца (не здарыцца), не шкодзіць (не пашкодзіць).

Чорт падаткнуў — аб якім‑н. дзеянні, якое робіцца без патрэбы, невядома для чаго.

Чорт пацягнуў каго за язык — навошта было гаварыць што‑н. (як шкадаванне з прычыны сказанага недарэчы, не па сутнасці).

Чорт прынёс (паднёс, прыгнаў) каго — пра таго, хто прыйшоў, з’явіўся не ў пару, недарэчы, не тады, калі трэба.

Чорт сеў (уссеў) на каго — пачаць нервавацца, раптоўна праявіць раздражненне, злосць.

Чорт сядзіць у кім — пра злоснага, свавольнага чалавека з дрэнным характарам.

Чорту лысаму — некаму, невядома каму (аддаць, пакінуць і пад.).

Чорт што — а) нешта недарэчнае, незразумелае, што выклікае злосць, раздражненне. — Чорт што, — раптам вырвалася ў .. [Мароза], і ён хапіўся за кішэні. — Ты [Шэмет] разумееш? Вот ключ не магу знайсці. Лобан; б) вельмі многа. [Базылькевіч:] — То вы ж, пане Бірыла, чорт што збожжа прадалі! Чорны.

Чорт яго бяры — добра, няхай будзе так; згода.

Чорт яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).

Чэрці носяць каго — аб тым, хто ходзіць невядома дзе, невядома нашто.

Што за чорт! — як выражэнне здзіўлення, незадаволенасці.

Якога чорта — выражэнне негатыўных адносін да каго‑н., зласлівасці, незадавальнення.

Як чорт ад ладану — усімі сіламі, любымі сродкамі, імкнучыся пазбавіцца (бегчы, адмахвацца і пад.) ад каго‑, чаго‑н.

Як чорт крыжа (ладану) — вельмі, надта моцна (баяцца каго‑, чаго‑н.).

Як чорт пад крыжам — вельмі моцна (дрыжаць, калаціцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак., каго-што.

1. Вярнуць назад узятае ў каго‑н. Аддаць доўг. □ Што вінен, аддаць павінен. Прыказка. // Вылучыўшы святло, цяпло, вільгаць і пад., уздзейнічаць на што‑н. Аддасць сонейка моц сваю жыватворную, вылье праменямі гарачымі на зямлю. Шынклер.

2. Даць, перадаць што‑н. каму‑н. Марыя аддала дзяўчынцы свой шынель, а сама ўзяла малога на рукі. Кулакоўскі. Аддай рукамі, а хадзі нагамі. Прымаўка. // Перадаць што‑н. каму‑н. ва ўласнасць або на карыстанне. [Алесь:] — Я сваю хату аддаю пад калгасныя яслі. Васілевіч. Мікіта.. быў мужчына гарачы, часта лаяўся, соваўся біцца, аднак, калі прышлося блаславіць Марылю перад шлюбам — расплакаўся, як бабёр, і ўсё аддаў пасля, і вяселле справіў, як людзі. Брыль. // перан. Перадаць што‑н., падзяліцца чым‑н. Аддаць вопыт, веды, пачуцці. // перан. Ахвяраваць кім‑, чым‑н. дзеля каго‑, чаго‑н. Аддаць сілы, здароўе. □ [Азорыч:] Ах, каб зламаць, разбіць глухія краты. Каб вырвацца на волю і сказаць: Смялей наперад — перамога наша! За гэта я не толькі рад памерці, Гатоў па кроплі кроў сваю аддаць. Глебка. [Ружак:] — Дзесяткі тысяч герояў аддалі сваё жыццё за шчасце, свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Шамякін. // Не ўтрымаць, уступіць што‑н. непрыяцелю ў барацьбе. Хіба ж можам яе [зямлю] мы аддаць Чорнай бандзе дзяліць і таптаць? Глебка. // Патраціць час, працу, намаганні на што‑н. Некалькі дзён.. [Тоўхарт] аддаў нейкім сваім заняткам за сталом, а пасля выехаў паглядзець.. старыя акопы. Чорны. // Здаць што‑н. куды‑н. для якой‑н. мэты. Аддаць бялізну ў пральню. Аддаць туфлі ў рамонт. □ Даўно гатовыя ўспаміны Я ў той жа дзень Аддаў бы ў друк! Барадулін.

3. Накіраваць на вучобу, службу. Аддаць у салдаты. □ Любу тым часам бацька аддаў у гімназію. Мурашка. А слова невуцтва не раз Служыла дурням за наказ. — Дык вось, нарэшце, узялі Асла ў навуку аддалі. Купала. // Выдаць замуж. А ўсяму, не сляпы я, была толькі прычына — Не аддаць Кацярыны за батрацкага сына. Танк.

4. Прадаць (па якой‑н. цане). — А божухна! Дык ты ж танна аддаў! — заенчыла кабета. Чыгрынаў. // Заплаціць за купленае. [Цётка Палагея:] — Гэта ж дваццаць рублёў аддала. Дорага кабанчыкі. Ермаловіч.

5. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са значэннем дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. Аддаць загад. Аддаць рапарт. Аддаць перавагу. Аддаць каманду.

6. без дап. Зрабіць рэзкі, кароткі рух назад пры выстрале (пра зброю). Вінтоўка перш тузанула, потым аддала прыкладам у плячо. Баранавых. // Прымусіць адступіць назад (пра каня); ад’ехаць заднім ходам на невялікую адлегласць, каб уступіць месца, не перашкаджаць каму‑, чаму‑н.

7. безас. Адазвацца болем у якой‑н. частцы цела. Аддало ў спіну.

8. Зак. да аддаваць (у 2 знач.).

9. Спец. Адвязаць, паслабіць якар і пад.

•••

Аддаць (богу) душу — памерці. Скуратовічыха больш не ўстала з пасцелі і аддала богу душу. Чорны.

Аддаць голас — прагаласаваць за каго‑н. на выбарах. Выбаршчыкі заяўляюць аб сваёй гатоўнасці аддаць галасы за лепшых сыноў і дачок народа. «Звязда».

Аддаць даніну — выказаць павагу, выканаць доўг пашаны, прызнаць. Аддаць даніну традыцыям.

Аддаць (даць) «добрай раніцы», «добры дзень» («дабрыдзень»), «добры вечар», «добрай ночы» («дабранач») — прывітацца ці адвітацца, сказаўшы «добрай раніцы», «добры дзень» і г. д. Лявон «добры вечар» аддаў, але гаворкі не пачаў. Чарнышэвіч.

Аддаць жыццё за каго‑, што‑н. — памерці, абараняючы каго‑, што‑н. Аўтар успамінае пра тых, што аддалі сваё жыццё за перамогу. Бугаёў.

Аддаць забыццю — лічыць забытым што‑н., не ўспамінаць аб чым‑н.

Аддаць за так — аддаць бясплатна.

Аддаць за чорта лысага — аддаць каго‑, што‑н. за каго‑н. невядомага, чужога. Нагу аддаў на [імперыялістычнай] вайне за нейкага чорта лысага маёра Пігулеўскага. Скрыган.

Аддаць канцы — а) памерці; [Афіцэр:] — Панове! Наш паважаны камандзір.. Грыгорый Апалінаравіч аддалі канцы! Мележ; б) у марской справе — адвязаць, паслабіць швартовы.

Аддаць што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) — тое, што і скласці што на алтар бацькаўшчыны (навукі, мастацтва, перамогі і пад.) (гл. скласці).

Аддаць належнае каму‑, чаму‑н. — ацаніць па заслугах каго‑, што‑н.

Аддаць на суд каму — прадставіць што‑н. для разгляду і ацэнкі.

Аддаць пад суд — узбудзіць супраць каго‑н. судовую справу. — Паказвай запісную кніжку! — загрымеў кантроль да старасты і ніяк духу перавесці не можа. — Я аддам цябе пад суд! Колас.

Аддаць пад распіску — распіскай засведчыць згоду атрымаць ці перадаць каго‑, што‑н. пад сваю адказнасць.

Аддаць паклон — пакланіцца каму‑, чаму‑н. Тваёй красе, тваёй чароўнай сіле Яшчэ не раз паклон, відаць, аддам. Панчанка.

Аддаць перавагу каму‑, чаму‑н. — прызнаць лепшым, больш мэтазгодным у параўнанні з іншымі. Што ні кажы, а я аддаю перавагу звычайнаму зямному транспарту. Лынькоў.

Аддаць свой (апошні) доўг — ушанаваць памяць каго‑н., правесці да магілы.

Аддаць у людзі (уст.) — адправіць, паслаць служыць. Узяла яго хрышчоная маці, падгадавала трохі дый аддала ў людзі пасвіць гусей. Янкоўскі.

Аддаць чорту душу — прадацца (пра несумленных, здрадлівых людзей, пра злачынцаў).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)