вы́раб, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. вырабіць (у 1, 2 знач.).
2. Якасны бок апрацоўкі чаго‑н.
3. Спосаб, від вытворчасці прадукцыі. Ручны выраб скур. Машынны выраб дэталей. Рэчы хатняга вырабу. □ Перад.. [дзедам] стаяла лямпа на меднай падстаўцы свайго вырабу. Бядуля.
4. пераважна мн. (вы́рабы, ‑аў). Вырабленыя рэчы; прадукт працы. Галантарэйныя вырабы. Завод жалезабетонных вырабаў. □ [Вадзім Аляксандравіч:] — Скура і футра паўночнага аленя ідзе на розныя прамысловыя вырабы. В. Вольскі.
•••
Аўчынка вырабу не варта гл. аўчынка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
го́ран, ‑рна, м.
1. Кавальская печ для награвання металу, забяспечаная мяхамі і паддувалам. У кузні было горача. Ярка палала вуголле. У горне ляжаў прадаўгаваты кавалак распаленага дабяла жалеза, ад яго з лёгкім трэскам разляталіся ў бакі блакітныя іскры. Курто. // Спецыяльная печ для абпальвання керамічных вырабаў.
2. перан.; чаго. Цяжкасці, выпрабаванне якія загартоўваюць, робяць стойкім каго‑, што‑н. Паэзія М. Танка.. вытрымала суровыя выпрабаванні, прайшла сапраўдную загартоўку ў горне жыцця. Шкраба.
3. Ніжняя частка доменнай печы, дзе згарае паліва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сыраві́на, ‑ы, ж.
Матэрыял, прызначаны для далейшай прамысловай апрацоўкі і атрымання гатовых вырабаў. Сельскагаспадарчая сыравіна. Сыравіна для тэкстыльнай прамысловасці. □ [Віктар Мікалаевіч:] — Калійная соль, што мы выдаём з шахты, — гэта сыравіна, якую яшчэ трэба перапрацоўваць. Чаркасаў. // перан. Разм. Пра што‑н., не апрацаванае як след, тое, што з’яўляецца накідам для чаго‑н. А блакнот .. [Гната] быў заўсёды гусцей, як у каго іншага, нашпігаваны сыравінай для карэспандэнцый, замалёвак, інфармацыі... Карамазаў.
•••
Стратэгічная сыравіна — матэрыялы, якія адпавядаюць мэтам стратэгіі, неабходныя для ваенных мэт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тыпіза́цыя, ‑і, ж.
1. Спец. Распрацоўка тыпавых канструкцый або тэхналагічных працэсаў на аснове агульных для шэрага вырабаў (працэсаў) тэхнічных характарыстык, што з’яўляецца адным з метадаў стандартызацыі. Тыпізацыя і стандартызацыя аб’ектаў будаўніцтва.
2. Спец. Класіфікацыя па тыпах (у 1 знач.). Тыпізацыя азёр.
3. У мастацтве — адбор тыповага і ўвасабленне ў канкрэтных мастацкіх вобразах, фермах. Прыёмы тыпізацыі ў паэзіі Куляшова. □ Сам працэс тыпізацыі зводзіцца да таго, каб праз адзінкавае і індывідуальнае ўзысці да агульнага, пазнаць агульныя заканамернасці. Івашын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апа́л 1, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. апальваць — апаліць.
2. Тое, чым што‑н. апальваецца (дровы, драўнінныя адыходы, торф і пад.); паліва. Але яшчэ пытае люты. Зіму прывёўшы на прычал, Ці добра, людзі, вы абуты? Як вы багаты на апал? Колас.
3. Апрацоўка гліняных вырабаў высокай тэмпературай.
апа́л 2, ‑у, м.
Празрысты шклопадобны камень (звычайна малочнага колеру з блакітнаватым ці жаўтаватым адлівам), некаторыя гатункі яго лічацца каштоўнымі. А там Урал Хавае скарбы руд, Тапаз, апал, Цудоўны ізумруд. Зарыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хруста́ль, ‑ю, м.
1. Шкло высокай якасці, якое мае асобы бляск і здольнасць моцна праламляць святло. Бакалы, вазы і кілішкі са штучнага хрусталю пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі. Шамякін.
2. Вырабы з такога шкла. Сервант запоўнены фарфорам, хрусталём. / у вобразным ужыв. Ёсць хараство і ў гэтых зімах, І ў мёртва-белых тых кілімах, Што віснуць-ззяюць хрусталямі Над занямелымі лясамі. Колас.
3. Тое, што і горны хрусталь. Пацеркі з хрусталю.
•••
Горны хрусталь — празрыстая бясколерная разнавіднасць кварцу, якая выкарыстоўваецца для аптычных і ювелірных вырабаў.
[Ад грэч. krýstallos — крышталь.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
калі́бр, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Дыяметр канала ствала агнястрэльнай зброі. Зброя розных калібраў. □ Удалося дастаць амаль спраўную супроцьтанкавую гармату, калібр–45. Брыль. // Дыяметр гільзы, кулі або снарада. Гільза дванаццатага калібру. Кулі шаснаццатага калібру.
2. ‑у. Дакладны размер якіх‑н. прадметаў вытворчасці. Калібр цвікоў. Раскласці шрубы па калібрах.
3. ‑у; перан. Памер, велічыня, форма чаго‑н. Палічкі трэцяй шафы займаліся прадуктамі — гарохам, макаронамі, крупамі, — перасыпанымі з магазінных кулькоў у белыя торбочкі рознага калібру. Ракітны.
4. ‑а. Вымяральны інструмент для праверкі размераў, формы вырабаў. Праверыць калібрам.
[Фр. calibre.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Рамяство́ ’вытворчасць вырабаў ручным саматужным спосабам; саматужніцтва’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Касп.), рамясло́ ’тс’, рэмясло́ ’ручное майстэрства, умельства’ (Ласт., Сл. ПЗБ), рэмесло́ ’рамяство, занятак’ (ТС), раме́сніцтва ’занятак рамяством’ (Байк. і Некр.). Параўн. укр. ремесло́, реме́ство ’тс’, рус. ремесло́, дыял. ремество́, польск. rzemiosło, в.-луж. rjemjesło, н.-луж. ŕemesło ’тс’, чэш. řemeslo, славац. remeslo, ст.-серб. ремезьство, ст.-слав. ремьство. Параўн. таксама ст.-літ. remẽsas ’рамеснік’, remẽstas ’рамяство’, лат. remêsis ’цясляр’, ramtýti ’секчы сякерай’, лат. ram̃stît ’секчы тупой сякерай, пілаваць тупой пілой’, ст.-прус. romestue ’сякера’, англ.-сакс. remian ’напраўляць, аднаўляць’. Фасмер (3, 469) мяркуе пра сувязь са ст.-рус. ремезъ (адзіная фіксацыя XIV ст.), рус. цвяр. ремеза́ ’спраўны, дзелавы чалавек’, што няпэўна. Паводле Віткоўскага (Зб. Русэку, 237), форма ремесло з’яўляецца з XVI ст. паланізмам ва ўсходнеславянскіх мовах, які ў пачатку XIX ст. канчаткова выцясніў з ужывання ў рускай мове формы на ‑ство (ремьство, ремество).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
вытво́рчасць, ‑і, ж.
1. Працэс стварэння матэрыяльных даброт, неабходных для існавання і развіцця грамадства. Таварная вытворчасць. Сацыялістычная вытворчасць. Сродкі, рэзервы вытворчасці. Узровень вытворчасці. □ Моцнай эканамічнай асновай грамадства стала сацыялістычная ўласнасць на сродкі вытворчасці. Праграма КПСС.
2. Выраб, стварэнне якой‑н. прадукцыі; выпрацоўка. Вытворчасць сталі, машын, мяса. □ Якаснае паляпшэнне зямель дало магчымасць многім гаспадаркам значна павялічыць вытворчасць сельгаспрадукцыі. Машэраў.
3. Галіна, від народнай гаспадаркі. Прамысловая, сельскагаспадарчая вытворчасць. Буйная, дробная вытворчасць.
4. Праца па стварэнню якой‑н. прадукцыі. Працаваць на вытворчасці. Вучыцца без адрыву ад вытворчасці.
•••
Адзінкавая вытворчасць — вытворчасць некаторых вырабаў адзінкамі або невялікімі разавымі партыямі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чака́н 1, ‑а, м.
1. Штэмпель для выбівання відарысаў на паверхні металічных вырабаў (манет, медалёў і пад.).
2. Адбітак відарыса на паверхні металічнага вырабу; чаканка (у 2 знач.).
3. Інструмент у выглядзе зубіла з тупым ці закругленым канцом, якім робяць чаканку (у 1 знач.).
4. Старажытная зброя ў выглядзе доўгага дзяржання з насаджаным на яго завостраным з абуха малатком. У верхнім памяшканні было ціха, праз вузкія вокны лілося пыльнае святло. На сценах віселі старыя чаканы, двухручныя мячы, кальчугі. Караткевіч.
чака́н 2, ‑а, м.
Птушка сямейства драздовых з чорным або чорна-бурым апярэннем галавы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)