Ба́цька, таксама ба́ця. Рус. ба́тя, ба́тько, ба́тька, укр. ба́тько, ба́тя; чэш. báťa ’брат, родзіч, сябар’, дыял. дзядзька’; балг. баща́, серб.-харв. bȁћa ’брат’. Прасл. batʼa, batę (гл. Бернекер, 46; але праформа batę няпэўная, гл. Полак, RS, 18, 28–29; Трубачоў, История терм., 21). Параўн. далей Голуб-Копечны, 66, 76; Махэк₁, 26; Трубачоў, там жа. Вельмі загадкавае слова. Большасць даследчыкаў лічыць, што прасл. batʼa (batę) з’яўляюцца гіпакарыстычнымі формамі ад прасл. brat(r)ъ ’брат’. Але з фанетычнага пункту погляду гэта тлумачэнне не вельмі надзейнае (надта складаная дысіміляцыя плаўных). Геаргіеў (ВЯ, 1952, № 6, 52–53) лічыў, што прасл. формы разам з грэч. (мінойск.) βάττος ’цар’ паходзяць ад і.-е. bhati̯a, якое не захавалася ў іншых мовах (ад гэтай этымалогіі адмовіліся ў БЕР, 1, 37). Полак (RS, 18, 29) думаў пра субстратнае слова. Лаўроўскі (Назв. родства, 13) лічыў (вельмі няпэўна!), што слав. слова адлюстроўвае і.-е. *pəter‑ ’бацька’. Таксама не пераконваюць спробы лічыць batʼa запазычаннем: з цюрк. моў (Міклашыч, 8), іранскай (Сабалеўскі, РФВ, 64, 149), венгерскай (Міклашыч, Fremdw., 5; супраць гэтага Мацэнаўэр, Cizí sl., 18–19). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 135. Адносіны паміж слав. batʼa і венг. bátya ’старэйшы брат’ вельмі складаныя (параўн. Кёвешы, SSlav., 8, 409–419; Кніежа, SSlav., 8, 421–435; Кніежа, 794). Але хутчэй за ўсё венг. слова ўзнікла самастойна і паходзіць з дзіцячай мовы (гл. MESz, 1, 259–260, там і іншая літ-pa). Можна паставіць пытанне, ці не такога ж паходжання і слав. слова batʼa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жу́жма1 ’вялікая колькасць’ (чавус., Нар. сл., 132), ’стос, шмат’ (Мат. Гом.), жу́шмо ’сноп, некалькі жмень (ільну, канапель)’, (Лексика Пол., 211–212), ’мера льну, вязка, вялікая колькасць’ (Сл. паўн.-зах.), жу́шма ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. смал. жу́шма ’вялікая колькасць’, укр. жу́жмом ’у пераблытаным выглядзе; разам, вялікай колькасцю’, ляшск. žižmo ’вялікая колькасць’. Параўн. славен. žúželj, žušelj ’жмут’. Паводле Сцяцко (Афікс. наз., 54), жужма ад жужаць з суфіксам ‑ма са зборным значэннем. Махэк₂ (729) таксама лічыў, што тут сувязь з жужэць, а першаснае значэнне тыпу ’рой’. Але такое тлумачэнне не ўлічвае значэння ’мера льну’, якое цалкам, верагодна, было першасным: пераход ад ’вязка льну’ да ’вялікая колькасць’ зразумелы. Яно прадстаўлена, відаць, у слове жма ’процьма’, дзе на ўзнікненне значэння ’вялікая колькасць’ магло ўздзейнічаць слова цьма. Вывесці значэнне ’мера льну’, наадварот, ад значэння ’мноства’ цяжка. Параўн. і жужма2. Пачатковае жу‑ можа быць вынікам паўтарэння ‑ж‑ у корані ‑жма. Калі ўлічыць жулёмак ’некалькі жмень ільну’ (гл.), магчыма ў жу‑ бачыць рэфлекс кораня *geu, што меў значэнне ’сціскваць, згінаць’. Не выключана і кантамінацыя слова тыпу жма са словам, якое мела значэнне ’мноства’ і было звязана з жужэць (* < geu‑), напр., рус. дыял. жужг ’насякомыя; смецце’. Але шэраг слоў мае элемент жу‑ ў значэнні ’вязка’ і да т. п. Параўн. журжах1, жужалкі, жушмень.

Жу́жма2 ’неахайная жанчына’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, пераноснае ад значэння жужма1 ’вязка льну, сноп’. Але параўн. яшчэ польск. żużmant ’народная сукенка (з XVIII ст.)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хі́трасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць хітрага. Пра хітрасць лісіцы нямала напісана. □ Вядома, гэта не было так выразна і проста сказана, а з мужычай хітрасцю, і Тоўхарт заўважыў гэта. Чорны.

2. Учынкі, прыёмы, паводзіны, разлічаныя на ўвядзенне каго‑н. у зман. Алесь не спіць — ён у трывозе: Што на сягонняшняй дарозе Яго з «начаткамі» чакае? Як сойдзе хітрасць яго тая? Колас. Але на гэты раз маленькая хітрасць дачкі не дапамагла. Шахавец. // Дзеянне, накіраванае на падман праціўніка. Апёкшыся на першай хітрасці, маёр не здолеў прыдумаць нічога іншага, апроч лабавога ўдара. Брыль. Але Генька ведаў, што ворага трэба браць не толькі сілай, але і хітрасцю. Паслядовіч.

3. Выкрутлівасць, спрытнасць. Любамір выглядаў гэтакім прасцячком, хаця на самай справе хітрасці яму не пазычаць. Шыцік. Мудры дзед. Век зжыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў. Такія ў вёсцы — філосафы. Варожаць і на ўраджай, і на пагоду. Дзе не розумам, то хітрасцю дойдуць... Пташнікаў.

4. Тое, што зроблена з майстэрствам, адмыслова. Замок з хітрасцю. □ Асабліва захаплялі розныя.. хітрасці [скрыпкі] пасля таго, калі я да мазалёў на пальцах і рабаціння ў вачах папакутаваў над уласным новым стварэннем. Кулакоўскі. [Ягор] уважліва агледзеў кручкі, паплаўкі, змераў вачыма тоню і, відаць, не знайшоўшы ў іх ніякай рыбацкай хітрасці, адказаў: — Вось гэта ўлоў! Ігнаценка.

•••

Не вялікая хітрасць з інф. — не цяжка, не складана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дазо́р, ‑у, м.

1. Абход для агляду, разведкі. Камсамольская ячэйка дзве начы засаб хадзіла ў сакрэтныя дазоры, але нікога злавіць не ўдалося. Пальчэўскі.

2. Невялікая група людзей, караблёў, самалётаў, якая высылаецца для аховы і разведкі; патруль. Раптам наперадзе, дзе ішоў пярэдні дазор, прагучэла аўтаматная чарга і некалькі стрэлаў. Мележ. Трэба было дзейнічаць асцярожна, каб не натрапіць на варожы дазор або вартавых. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакана́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Давесці да знясілення, пагібелі; загубіць. Як ні мацаваўся Сулкоўскі, але настойка яго даканала. Чарнышэвіч. І памёр Тарас. Няволя З горам даканалі. Зашумелі сумна-сумна Дняпровыя хвалі. Купала. // Дакончыць што‑н., скончыць з чым‑н. — Сена ў стагах, лён у павецях, — пануе над іншымі тонкі, трошкі зрывісты голас, — засталася бульба. Даканаем яе — і баста. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

газе́та, ‑ы, ДМ ‑зеце, ж.

Перыядычнае, звычайна штодзённае, друкаванае выданне інфармацыйнага характару, а таксама экземпляр гэтага выдання ў форме двух ці некалькіх вялікіх лістоў. Працаваць у газеце. Купіць газету. □ Газета — не толькі калектыўны прапагандыст і калектыўны агітатар, але таксама і калектыўны арганізатар. Ленін.

•••

Насценная газета — напісаная ад рукі або на машынцы і вывешаная на сцяне газета, орган якой‑н. арганізацыі або ўстановы.

[Іт. gazzetta.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

глушы́цель, ‑я, м.

1. Прыстасаванне для аслаблення сілы гуку або шуму ад работы рухавіка, механізма і пад. Бурмакоў ўключыў глушыцель, але і прыглушанае выццё, здавалася, урывалася ва ўсе куткі карабля, ледзь не даводзячы людзей да вар’яцтва. Шыцік.

2. Прыстасаванне ў мнагаструнных музычных інструментах для спынення хістання струн; дэмпфер.

3. перан. Той, хто заглушае якія‑н. імкненні або ініцыятыву. Глушыцель крытыкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адукава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад адукаваць.

2. у знач. прым. Які атрымаў шырокую адукацыю, мае рознабаковыя веды. [Янка] вучыўся ў беларускай гімназіі, і здаваўся нам тады вельмі адукаваным і разумным чалавекам. Брыль. // Інтэлігентны, культурны, выхаваны. Каб Раманчык быў паэт, ён цяпер злажыў бы самую жаласную элегію самому сабе, але ён — толькі проста адукаваны чалавек, здольны глыбока адчуваць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апра́віцца, апраўлюся, аправішся, аправіцца; зак.

1. Паправіцца, ачуняць; аднавіць свае сілы. Але гэтым разам не памёр стары, аправіўся. Гарэцкі. Андрыяну Цітавічу хацелася нешта такое гаварыць, нешта такое рабіць, каб Уладзік хутчэй аправіўся ад гора, ад пакутлівых перажыванняў. Марціновіч. // Дасягнуць ранейшага або блізкага да ранейшага стану. Аправіцца ад вайны.

2. Разм. Спаражніцца. Параўняўшыся з.. [вярбою], Булякін весела, жартаўліва скамандаваў: — Стой! Аправіцца, пакурыць! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

атру́та, ‑ы, ДМ ‑руце, ж.

1. Ядавітае рэчыва, якое згубна дзейнічае на жывы арганізм; яд. Атрута для мышэй.

2. перан. Тое, што шкодна ўплывае на каго‑, што‑н. [Пан Зяленскі:] — О-о... пан любіць жарты, але старыя жартаў не любяць, навошта яны, яны атрута старому сэрцу. Лынькоў. [Дзядзька:] — Ну ж і балота! Вось атрута, То не работа мне — пакута: Ступіў два крокі і спыняйся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)