штуршо́к, ‑шка, м.

1. Кароткі, рэзкі дотык ці ўдар рухам ад сябе. Старшыня рэдкалегіі насценгазеты атрымаў ад суседа лёгкі штуршок у бок. Бядуля. Васіль моцным штуршком адапхнуў ад сябе Антося і прыўзняўся на левы локаць. Кулакоўскі. // звычайна мн. (штуршкі́, ‑оў). Біццё сэрца, пульсацыя крыві. Кроў штуршкамі біла ў скроні, туманіла свядомасць. Карпаў. — Заўтра ўстану і прыбягу сюды, — вырашыў Алежка і адразу адчуў, як гарачымі штуршкамі забілася сэрца, як забегалі па спіне халодныя дрыжыкі: весела і страшна стала яму. Вышынскі. // Рэзкае хістанне ў выніку ўдару, рыўка і пад. Падземныя штуршкі. □ Глухія штуршкі раз-пораз устрасаюць карабель. «Звязда». Ад рэзкага штуршка паляцяць з лавак пасажыры і чамаданы, не ўтрымаецца і жонка з дзіцем... Не, нельга спыняць састава! Васілёнак.

2. Рэзкі рух, якім адпіхваюцца ад чаго‑н. Штуршок ад трампліна. Штуршок ад берага. // Рэзкі рух уперад або ўгору; рывок. Андрэйка робіць моцны штуршок наперад, размахвае рукамі і то правым, то левым плячом сячэ цемру, і яна, як вада, расступаецца. Кавалёў.

3. Спец. Асобнае практыкаванне ў штурханні спартыўнага снарада. Па класічнаму трохбор’ю.. [Хальфін] набраў 305 кілаграмаў і ўстанавіў 2 рэкорды Беларусі — у рыўку дзвюма рукамі — 94,5 кілаграма і ў штуршку — 122,5 кілаграма. «Маладосць».

4. перан. Знешняе або ўнутранае пабуджэнне, што паскарае ці ўзмацняе якое‑н. дзеянне, служыць стымулам для развіцця чаго‑н. — А голад у дзевяностых гадах — .. быў штуршком да рэвалюцыйнага руху? — акрылілася Ліба. Гартны. Уздым патрыятычнай свядомасці беларускага народа.. даў моцны штуршок развіццю.. літаратуры. Барысенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

По́лах ’спалох, перапуд, пярэпалах’ (Др.-Падб., Гарэц., Яруш., Нас., Касп.). Укр. поло́х ’страх’, рус. поло́х ’тс’, н.-луж. płoch ’тс’, сюды ж чэш., славац. plachý ’палахлівы; нясмелы’, славен. plah ’нясмелы’, серб.-харв. пла̏х ’хуткі, рэзкі’, балг. плах ’нясмелы, палахлівы; страх’. Прасл. *polxъ, магчыма, роднаснае грэч. πάλλω ’ўзбуджаю, уражваю’ (Фасмер, 3, 317). Паводле Сноя (448; гл. таксама SR, 35, 3, 269–275), узыходзіць да і.-е. *polo‑ ’страх’, вытворнае ад *pel‑ ’устрывожыць’, сюды ж гоц. us‑filma ’перапалоханы’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

піка́нтны, ‑ая, ‑ае.

1. Востры на смак, рэзкі. Пікантны соус.

2. перан. Які сваёй незвычайнасцю выклікае цікавасць. — Цікава, цікава, — адразу загарэўся Леў Іванавіч, падкі на ўсякія нечаканыя і пікантныя здарэнні. Васілевіч. // Не зусім прыстойны. Наконт тытулавання па бацьку.. [Іван Мацвеевіч] зараз жа расказаў пікантны анекдот. Бядуля.

3. перан. Прывабны, спакуслівы. Пікантная жанчына. □ Другія ж кінатэатры відаць здалёку. Ля іх ззяюць неонавыя рэкламы, на якіх паказаны самыя пікантныя кадры з фільмаў. Філімонаў.

[Фр. piquant. — калючы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыпу́чы, ‑ая, ‑ае.

Які рыпіць, скрыпіць. Рыпучыя вароты. Рыпучыя колы. □ Лейтэнант падаўся назад, усеўся на рыпучыя дошкі лаўкі. Лынькоў. Вачурка не ведаў, як аддзякаваць Сашку. І вось вырашыў пашыць яму рыпучыя боты. Гроднеў. // Рэзкі, непрыемны (пра голас, гук). Рыпучы голас. □ У школе было вядома — кожны дзень трэба рыхтаваць урокі, і хоць мачыха і перашкаджала сваёй рыпучай буркатнёю, дзяўчына ні разу не прыйшла ў школу, не падрыхтаваўшы іх. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыпу́чы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які скрыпіць, вылучаецца скрыпам. Скрыпучыя дзверы. Скрыпучы снег. □ Ад хутара застаўся толькі сад, скрыпучы журавель над зрубам студні і тая самая хата. Брыль. Аднойчы раніцою Яўмен Шчырык павёз зяця на скрыпучай фурманцы да чыгуначнай станцыі. Пянкрат. // Рэзкі, падобны на скрып (пра голас, гукі). Скрыпучы голас. Скрыпучы смех. □ З-пад санных палазоў ішоў скрыпучы енк. Чорны. За душу браў скрыпучы крык драча ў алешніку на рэчцы. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мета́л, -у, мн. -ы, -аў, м.

Хімічна простае рэчыва або сплаў, якім уласцівы бляск, коўкасць і добрая праводнасць цеплыні і электрычнасці.

Высакародныя металы — металы, якія не акісляюцца і не ржавеюць (золата, серабро, плаціна).

Каляровыя металы — усе металы і іх сплавы, акрамя жалеза і яго сплаваў.

Лёгкія металы — металы, якія валодаюць малой шчыльнасцю, ніжэйшай за шчыльнасць жалеза (алюміній, магній, натрый і інш.).

Цяжкія металы — металы з вялікай атамнай вагой або шчыльнасцю (жалеза, ванадый, свінец, ртуць і інш.).

Чорныя металы — жалеза і яго сплавы (чыгун, сталь).

|| прым. металі́чны, -ая, -ае.

Металічныя грошы.

М. голас (перан.: звонкі і рэзкі).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

то́нкі, -ая, -ае.

1. Невялікі ў папярочным сячэнні, у абхваце.

Тонкія ніткі.

Тонкія пальцы.

Тонкая бярозка.

2. Невялікі па шырыні, вузкі.

Тонкая рыска.

3. Пра гукі, голас: высокі.

Т. голас.

4. Пра твар, рысы твару: не грубы, прыгожа абрысаваны.

Тонкія рысы твару.

5. Складаны, выкананы з вялікай увагай, умела, па-мастацку.

Тонкая работа.

Тонкая разьба.

6. Пра смак, пах і пад.: вытанчаны, не рэзкі.

Т. водар кветак.

7. Пра розум, мысленне, гумар і пад.: гібкі, праніклівы, які схоплівае малапрыметнае.

Т. розум.

Тонкая крытыка.

8. Чуллівы, які ўспрымае самыя слабыя раздражненні (пра органы пачуццяў і іх дзейнасць).

Т. слых.

|| наз. то́нкасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

тупы́, -а́я, -о́е.

1. Недастаткова навостраны, такі, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць і пад.

Т. нож.

Тупая піла.

2. Які не звужаецца або мала звужаецца ў канцы, з закругленым канцом.

Туфлі з тупымі насамі.

3. перан. Разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы.

Т. вучань.

Т. як абух.

4. перан. Які прыйшоў у стан атупення; раўнадушны, абыякавы.

Тупое паслушэнства.

5. Невыразны, бяздумны, бяссэнсавы.

Т. погляд.

6. Не востры, не вельмі адчувальны; глухі (пра боль).

Т. боль.

7. Глухі, не рэзкі, не звонкі (пра гукі).

Пачуўся т. трэск.

8. Пра вугал: большы за 90°.

|| наз. ту́пасць, -і, ж. (у 3 і 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Разві́кацца ’пачаць крычаць’ (Юрч. СНЛ). Вытворнае ад вік ’крык, піск’ (Юрч.), якое лічыцца выключна паўднёваславянскім (БЕР, 1, 146), параўн. аднак побач з балг. вик ’крык’, славен. vík ’тс’, рус. дыял. ви́кот ’пранізлівы, рэзкі крык; віск’, ви́канье ’крык, віск жывёл’, ви́кать ’скуголіць, вішчаць, выць’, а таксама серб.-харв. разви́кати се ’раскрычацца’, балг. ви́кам ’крычаць; клікаць, гукаць’, славен. vikati ’тс’, што ўзыходзяць да гукапераймальнага *vy < і.-е. , параўн. выць (гл.). Роднасныя да літ. ap‑úokas ’сава’, лат. aũka ’бура’, ūkšuot ’верашчаць’ (БЕР, 1, 146–147; Сной₃, 820).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

су́таргавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікаецца сутаргай, з’яўляецца ёю. Дыхнуўшы цёплага паветра,.. [Сотнікаў] пачаў кашляць, як заўжды, да сутаргавых спазмаў у грудзях, да болю ў галаве. Быкаў. // Які суправаджаецца сутаргамі, неадвольны і моцны. Сутаргавы кашаль. □ Лейтэнант зрабіў некалькі сутаргавых глыткоў і перарывіста задыхаў. Курто. Пачулася ўсхліпванне — прыдушанае, сутаргавае. Місько.

2. перан. Парывісты, напружаны, рэзкі. Сутаргава парыў ветру быў моцны і нечаканы. Савіцкі.

3. перан. Хваравіта-неспакойны, ліхаманкавы. Паступова крыкі .. [Рывы] слабеюць, глухнуць, пераходзяць у сутаргавы шэпт. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)