бар 1, ‑а, м.

1. Невялікі рэстаран або частка рэстаране, дзе наведвальнікаў абслугоўваюць ля высокай стойкі. У бары былі асобныя пакоі, дзе сталыя наведвальнікі маглі займацца картачнай гульнёй. Лынькоў.

2. Невялікі буфет або аддзяленне ў шафе, буфеце для він.

[Англ. bar.]

бар 2, ‑а, м.

Спец. Адзінка вымярэння ціску.

[Ад грэч. baros — цяжар.]

бар 3, ‑а, м.

Падводная пясчаная наносная мель у прыбярэжнай паласе мора перад вусцем ракі.

бар 4, ‑а. м.

Спец. Галоўная рабочая частка ўрубавай машыны і горнага камбайна, якая ўгрызаецца ў народу.

[Англ. bar.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

або́ра 1, ‑ы, ж.

Вераўчаны або раменны шнур пры лапцях для прывязання іх да нагі. У пакоі селянін азірнуўся на бакі і, развязаўшы аборы з лапця, дастаў з-пад анучы лісток паперы. Мурашка. Мокрыя аборы рэзалі ногі, ціснула на плечы сярмяга. Каваль.

або́ра 2, ‑ы, ж.

Вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік. З краю, на ўзгорку, былі заўсёды добра відаць доўгія будыніны калгасных абор і свірнаў. Мележ. У свінарніках пішчаць парасяты, рыкае цельная карова, дзесьці ў аборы... Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

казема́т, ‑а, М ‑маце, м.

1. Абарончае збудаванне ў крэпасцях, фортах, батарэях для ўкрыцця ад бомб і снарадаў, захоўвання боепрыпасаў і пад. Земляныя валы,.. вялікія скляпенні казематаў да гэтага часу захоўваюць на сабе адбіткі былых баёў. «Беларусь».

2. Браніраванае памяшканне на караблях для ўстаноўкі гармат сярэдняга калібру.

3. У дарэвалюцыйнай Расіі — адзіночная камера ў крэпасці для трымання палітычных зняволеных. Казематы Петрапаўлаўскай крэпасці. □ Унізе, у казематах, сядзелі бясстрашныя барацьбіты-вязні, а наверсе ў прасторным пакоі былі каты. Няхай.

[Фр. casemate ад іт. casamatta.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́цаць, мацаю, мацаеш, мацае; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся, распазнаваць што‑н., упэўнівацца ў чым‑н. Падарункі пайшлі па руках жанчын і дзяўчат, яны мацалі, разглядалі, прыцэньваліся да іх. Сабаленка. [Сярожа] аглядаў і мацаў кожную рэч, нібы правяраючы якасць усяго, што было ў пакоі. Шамякін.

2. Шукаць вобмацкам. У цёплыя дні Міколжа лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Лынькоў.

3. перан. Абшукваць. Роўнядзь ракі лізнуў кінжал пражэктара і некалькі хвілін асцярожна мацаў партызанскі бераг. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́дак, -дку, мн. -дкі, -дкаў, м.

1. Наладжаная сістэма размяшчэння чаго-н., належны стан чаго-н.

У пакоі поўны п.

Навесці п. дзе-н. Усё ў парадку (усё так, як належыць). Для парадку (для падтрымання парадку, для захавання прынятых правіл, фармальнасцей). Сваім парадкам (як заўсёды, як звычайна).

2. Паслядоўны ход чаго-н.

Расказаць усё па парадку. П. дня (пералік пытанняў, якія неабходна абмеркаваць на пасяджэнні). У рабочым парадку (у ходзе работы).

3. Спосаб, метад, рэжым чаго-н.

П. аплаты працы.

П. галасавання.

Завесці новыя парадкі.

4. Вайсковае пастраенне.

Баявы п.

Рухацца паходным парадкам.

5. Разнавіднасць, тып чаго-н.

Пытанні агульнага парадку.

6. У матэматыцы: лікавая характарыстыка той або іншай велічыні.

Крывая другога парадку.

Парадак слоў — у граматыцы: размяшчэнне членаў сказа адпаведна сінтаксічным нормам або камунікатыўным задачам маўлення.

|| памянш. пара́дачак, -чку, м. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зардзе́цца і заірдзе́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

1. Стаць ярка-чырвоным; пачырванець. Даніла прахапіўся, як толькі зардзеўся на ўсходзе малады вясновы ранак. Сабаленка. // Пачырванець ад сораму, хвалявання і пад. Зіна, пабачыўшы.. [Сяргея і Васіля], адразу зардзелася і разгублена забегала па пакоі, то падаючы крэслы, то выціраючы стол. Няхай. Заірдзелася ў Нямка правая шчака і задрыжалі, сцяліся пад рыжаватымі вусамі губы. Кулакоўскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучыцца сваім ярка-чырвоным колерам, паказацца (пра што‑н. ярка-чырвонае). Заірдзеліся між травы суніцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чыгу́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Рэйкавая дарога, прызначаная для руху паяздоў. Гасцінец.. быў адзіны шлях зносін паміж гарадкамі, чыгунка была далёка. Чорны. А там за возерам, як струнка, Пралегла роўненька чыгунка. Вось пераезд даўно знаёмы; Правей вакзальныя харомы. Колас.

2. Комплекснае транспартнае прадпрыемства, якое забяспечвае перавозку пасажыраў і грузаў па такой дарозе. Працаваць на чыгунцы. □ [Кавалеўскі:] — Ужо дамовіўся з Упраўленнем чыгункі, даюць чатыры пакоі ў новым доме. Карпаў.

3. Разм. Жалезная печка. На чыгунцы грэўся чайнік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няба́чаны, ‑ая, ‑ае.

Выключны, незвычайны (па сіле праяўлення). Дрэвы растуць, імкнуцца да сонца, дасягаюць нябачаных памераў, старэюць, падаюць і трухлеюць, уступаючы сваё месца маладняку. В. Вольскі. Нябачанымі да гэтага часу тэмпамі расцвітае эканоміка і культура. Пестрак. // Такі, які не сустракаўся раней, якога не даводзілася бачыць. Усіх ахапіла цікавасць... Хацелася бліжэй пабачыць гэту нябачаную штуку-самалёт. Чарот. [Музыку] прывезлі ў панскія пакоі, і ён здзівіўся нябачанаму ніколі багаццю. Чорны. // Таямнічы, дзіўны. Іван і Арцём дужа зблізіліся. Нейкія нябачаныя, невядомыя ніці прыцягвалі іх адзін да другога. Ставер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пячу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Невялікая ніша ў сцяне печы. У хаце, пад вялікай рамкай з фотакартачкамі, стаяў стол, засланы белым .. абрусам.. Насупраць, у кутку — печ з мноствам пячурак. Сіняўскі.

2. Невялічкая печка. У рэдакцыйным пакоі няўтульна і холадна. Гудзе чыгунная пячурка. Хведаровіч. У зямлянцы нічога не змянілася: па-ранейшаму пахла травамі, зімою весела шумеў у пячурцы агонь. Васілеўская.

3. Абл. Ніша збоку прыпечка, куды заграбаюць вуголле, попел. Маці загрэбла ў пячурку вуголле і ў куток печы паставіла два невялічкія гаршкі. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́пачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш. да шапка (у 1 знач.); маленькая або дзіцячая шапка. Між .. [дзецьмі] была і яе [Кацярыніна] пяцігадовая Марылька, чырванашчокая дзяўчынка ў доўгай сіняй сукенцы, з чырвонай шапачкаю-кульком на галаве. Якімовіч. На другім паверсе, у асобным пакоі, сястра памагла .. [Ярашу] надзець стэрыльны халат, шапачку, павязку і палатняныя бахілы вышэй калень. Шамякін.

2. Верхняя, расшыраная частка чаго‑н., што мае стрыжань, ножку і пад. Грыб рос на купінцы і выглядаў на свет невялікай, з пятак, рыжаватай шапачкай. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)