шабло́н, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Прылада ў выглядзе лекала, патрона і інш., па якой штампуюцца аднолькавыя па форме, памеру і пад. вырабы. Выразаць шаблон. □ Выконваючы першую самастойную работу, .. [Міхал Гуд] раптам прапанаваў зрабіць металічны шаблон для раздзелкі карнізаў унутраных вуглоў будынкаў. Харкевіч. // Прыстасаванне, інструмент для праверкі правільнасці формы і памеру гатовых вырабаў. Разьбовы шаблон. Радыусныя шаблоны. □ Напарніца Ніны Валянціна Пархоц бярэ цэлулоідны празрысты шаблон і накладае на экран. «Маладосць».

2. ‑у; перан. Неадабр. Агульнавядомы, збіты ўзор, які слепа пераймаюць; штамп. [Захараў:] — Нас, членаў бюро, непакоіць, што ў вас пачаў выпрацоўвацца трафарэт, шаблон у рабоце. Сіўцоў. Можна было б пахваліць аўтара [А. Вярцінскага] і за разнастайнасць саміх тыпаў верша, якімі ён карыстаецца: тут і класічная рыфмаваная сілаба-тоніка, і белы верш, і верлібр. У гэтым таксама відаць імкненне быць арыгінальным, пазбягаць аднапланавасці і паэтычных шаблонаў. Бугаёў.

3. ‑а. Спец. Чарцёж архітэктурнай дэталі ў натуральную велічыню.

[Ням. Schablone.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылі́ў, ‑ліву, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыліваць — прыліць.

2. Перыядычны пад’ём узроўню акіяна, мора. [Дно] знаходзілася досыць высока і залівалася вадой толькі ў час прыліву. Маўр.

3. Паяўленне каго‑, чаго‑н. у вялікай колькасці; прыток. Прыліў рабочай сілы. Прыліў грашовых сродкаў. □ Сталінградская бітва выклікала новы прыліў байцоў у рады народных мсціўцаў. Залескі. У канцы 50‑х гадоў закончыўся прыліў у паэзію тых, хто памятаў вайну непасрэдна, на вачах у каго яна праходзіла. Лойка. // перан. Пра адчуванне паўнаты сіл, энергіі, пачуцця. [Лабановіч] адчуў прыліў бадзёрасці, новай сілы, жаданне змагацца за сваё месца ў жыцці і за ўсіх добрых людзей. Колас. Антон Лескавец ажно задыхнуўся ад раптоўнага прыліву злосці і крыўды за сваю памылку. Шамякін.

4. перан. Уздым у развіцці чаго‑н. Прыліў рэвалюцыйнага руху. □ Пачалі арганізоўвацца калгасы. Не адну ночку сядзелі напралёт. Былі прылівы і адлівы. Гурскі.

5. Спец. Патаўшчэнне на адлітай дэталі. Бакавы прыліў бэлькі. Абсячы прылівы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

губля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Страчвацца, прападаць. Дробныя рэчы часта губляюцца.

2. Рабіцца непрыметным, нябачным, выпадаць з поля зроку. Аляксей Гарачун задуменна паглядзеў уздоўж састава. Канец яго губляўся недзе ў цемры. Васілёнак. Цяжка разгледзець унізе кварталы горада — усё губляецца ў дыме, які валіць з заводскіх комінаў. Новікаў. // Рабіцца нячутным (пра гукі). Жудасная цішыня, а ў гэтай цішыні плылі нейкія далёкія, глухія гукі і губляліся... Колас. // Перастаць прасочвацца, губляючыся ў далёкім мінулым. Пачатак вырошчвання збожжавых раслін губляецца ў глыбокай старажытнасці.

3. Станавіцца слабейшым, паступова страчвацца. А далей усё пачало рабіцца, як у сне, калі многія дэталі паўстаюць перад табою выразнымі да болю, а некаторыя губляюцца, і пасля цяжка прыпомніць іх. Паслядовіч.

4. Траціць самавалоданне, бянтэжыцца ад хвалявання. Абстраляны чалавек не так губляецца ў цяжкіх абставінах, у яго воля да перамогі не паралізуецца страхам. Новікаў.

5. Зал. да губляць.

•••

Губляцца ў здагадках — не ведаць, на якім з меркаванняў спыніцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́ць, збяру́, збярэ́ш, збярэ́; збяро́м, збераце́, збяру́ць; збяры́; сабра́ны; зак.

1. каго-што. Сканцэнтраваць у адным месцы, запрасіўшы або прымусіўшы прыехаць, прыйсці куды-н.

С. студэнтаў.

2. што і чаго. Назапасіць дзе-н., паступова збіраючы, адшукваючы.

С. многа значкоў.

С. грошы на мэблю.

3. што. Размясціць блізка адно ля аднаго; злучыць што-н.

С. кветкі ў букет.

4. што. Зняць пасля паспявання ўраджай.

С. ягады з кустоў парэчак.

С. добры ўраджай пшаніцы.

5. што і чаго. Пазбіраць, падбіраючы з зямлі рассыпанае, раскіданае; прывесці ў парадак.

С. шчаўя ў суп.

С. бульбу пасля бараны.

С. інструмент са стала.

6. што. Узяўшы з розных крыніц, сканцэнтраваць, змясціць у адным месцы.

С. звесткі.

С. прапановы і заўвагі.

7. што. Пры галасаванні атрымаць пэўную колькасць галасоў за сябе, за сваю кандыдатуру.

С. большасць галасоў.

8. што. Склаўшы ў адно месца. падрыхтаваць, нагатаваць.

С. сумку ў дарогу.

9. каго (што). Падрыхтаваць у дарогу таго, хто ад’язджае.

С. сына ў паездку.

10. што. Злучыўшы асобныя часткі, дэталі. атрымаць што-н. цэлае.

С. матацыкл.

С. будзільнік.

11. перан., што. Мабілізаваць свае сілы, волю, энергію і пад., прывесці сябе ў актыўны стан.

С. волю.

12. што і без дап. Зрабіць зборкі на чым-н.

С. сукенку ў поясе.

13. што. Паставіць, прыгатаваць на стол усё неабходнае для яды.

Тое-сёе можна с. на стол.

С. абед.

|| незак. збіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. збор, -у, м. і збіра́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прыбы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; пр. прыбыў, ‑была, ‑было; заг. прыбудзь; зак.

1. Прыйсці, прыехаць куды‑н. Цягнік прыбыў своечасова. □ Інспектар паведамляў, калі і дзе назначаюцца экзамены, куды настаўнік павінен прыбыць са сваімі вучнямі. Колас. Ужо цямнела, калі Косця са сваім фанерным куфэркам прыбыў у інтэрнат. Карпюк. // Паступіць, быць дастаўленым куды‑н. (пра груз і пад.). — Якраз прыбылі дэталі магутнага земснарада, трэба паглядзець, як ідзе мантаж. Дадзіёмаў.

2. Павялічыцца, прыбавіцца (колькасна, у аб’ёме, велічыні і пад.). Вада прыбыла ў рэчцы. □ На хаду прычэсваючы валасы, са спальні выйшла маці. — На цэлы кілаграм прыбыла, — паказала яна на малую. Арабей. / у безас. ужыв. [Кавальчук:] — У цябе пойдуць справы яшчэ лепш, калі людзей у «Перамозе» прыбудзе. Паслядовіч. У Жыздрыцы за гэты час камсамольцаў прыбыло. Яшчэ запісаўся Арсей Анцішэўчык. Калюга. // З’явіцца ў дадатак да чаго‑н.; дабавіцца. Палічыў — прыбыў сучок адзін У ласіным кусце, між галін. Бялевіч.

•••

Не адбудзе, не прыбудзе гл. адбыць.

У нашым палку прыбыло — нас стала больш, такіх, як мы, стала больш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кальцо́ ’кольца’, ’прадмет, які мае форму вобада, абруча, акружнасці’ (ТСБМ, Радч.), у гаворках звычайна канкрэтызуецца: ’кольца на рэгулятары ў плузе’, ’кольца ў дузе’ (кольцо драгіч., Жыв. сл.), ’металічны кружок, за які чапляюць ворчык у баране’ (лун., Шатал.), ’абручы ў нераце’ (навагр., Жыв. сл.), ’кольца на розе ў каровы’ (рас., Шатал.). У розных гаворках адзначаны кальцо ’пярсцёнак’ (Бяльк., Радч., Сакал., Сцяшк., ТС); Тураўскі слоўнік адзначае яшчэ кольцо ’дзіцячая гульня’. Аб распаўсюджанні лексемы кольцо ’пярсцёнак’ на Палессі гл. Сакалоўская, Лексіка Палесся, 293. Укр. кільце ’кольца наогул, за выключэннем пярсцёнка і інш.’, рус. кольцо ’прадмет, які мае форму абруча, акружнасці з металу або іншага матэрыялу’, ’пярсцёнак’ і інш., у гаворках: ’кольца, якое сцягвае калодку кола’, ’дэталь у баране’, арханг., цвяр.дэталі сахі’, пск. і інш. ’абручы ў венцеры’ і інш., польск. kolce ’кольца’, дыял. kolco ’частка плуга, кола ў плузе’ (крак. і інш.); чэш. матэрыял няпэўны, славац. дыял. koľca ’кола ў плузе’, славен. kólce ’кольца, маленькі круг’, серб.-харв. kólce, памянш. ад коло; слоўнікі адзначаюць з XVIII ст., адносна фінальных гукаў у гаворках параўн. макед. колце ’кола, кольца’, балг. колце, колцо, памянш. да коло. Лексема фіксуецца таксама ў пісьмовых помніках: ц.-слав. кольцє, ст.-рус. кольце, кольцо; кольце ў Скарыны. Вытворнае з суф. ‑ьце ад kolo, гл. Трубачоў, Эт. сл., 10, 167, магчыма і праславянскае. Звяртаюць на сябе ўвагу відавочна познія семантычныя інавацыі тыпу кальцо ’пярсцёнак’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падагна́ць, падганю, падгоніш, падгоніць; пр. падагнаў, ‑гнала; заг. падгані; зак., каго-што.

1. Гонячы, наблізіць або прымусіць наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Пасля снедання ля тока паставілі малатарню, падагналі трактар. Асіпенка. Пастушок пачуў умоўны свіст і падагнаў статак бліжэй да лесу. Пальчэўскі. / у безас. ужыв. Падагнала да берага вялікую крыгу. Шамякін.

2. Загнаць пад што‑н. Падагнаць лодку пад мост.

3. Прымусіць хутчэй ісці, бегчы, ехаць. Шумейка імпэтна тузануў лейцы, працяглым покрыкам падагнаў каня: Нно-оо! Савіцкі. // Прымусіць рабіць, выконваць што‑н. хутчэй. — Трэба адзявацца ды выходзіць на месца, — падагнала сама сябе Зося і хутка павярнула ў хату. Гартны. // перан. Прыспешыць надыход чаго‑н. Час не конь: не падгоніш і не прыпыніш. Прыказка.

4. Зрабіць адпаведным па форме адно другому; прыладзіць. Падагнаць дэталі. □ Праз пяць дзён заказ мой быў гатовы — арматуру новенькую адлілі, .. вінцік да вінціка падагналі. Краўчанка. // Зрабіць адпаведным росту, фігуры каго‑н. Я па некалькі разоў вадзіў.. [пакупнікоў] у прымерачную, круціў перад люстэркам, каб хоць як-небудзь падагнаць мешкаваты і доўгі пінжак або шырачэзнае паліто. Нядзведскі.

5. Разм. Гонячы, даставіць. [Вінцук:] — Тут, хлопча, крыху [са статкам] пачакай. Толькі не распускай лішне. Я зараз падганю яшчэ табе ў чараду... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

збо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца месцам збору, збірання каго‑н. Зборны пункт. □ У воласці, у зборным пакоі, калі зайшоў туды Тарэнта, каля стала цэлым натоўпам стаялі сяляне. Галавач. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. У дарэвалюцыйнай вёсцы — памяшканне, плошча, дзе рабіліся сходы грамады. Настаўнікі пераступілі парог і апынуліся на зборнай. Зборная была прасторная, як абора. Колас.

2. Пабудаваны, сабраны з гатовых асобных частак, блокаў і пад. Зборныя канструкцыі. Зборны дом. // Які служыць для зборкі такіх збудаванняў, канструкцый. Зборныя дэталі. Зборны жалезабетон. // Заснаваны на прымяненні метаду зборкі асобных гатовых частак. Зборнае будаўніцтва.

3. Састаўлены з разнародных частак, прадметаў. Зборная мэбля. □ Вялікае селішча мела падабенства .. да зборных выселак. Чорны.

4. Які складаецца з асоб, сабраных з розных месц, арганізацыя. Зборная каманда. Зборны аркестр. □ Публіка была зборная і разнастайная, мяшчанская і абывацельская. Гартны. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. Спартыўная каманда, якая складаецца з лепшых спартсменаў розных каманд. Зборная СССР. Зборная Мінска па валейболу.

5. Які абагульняе характэрныя прыметы шэрагу аднародных прадметаў, з’яў і пад. Зборны літаратурны вобраз.

6. У граматыцы — які абазначае сукупнасць, колькасць прадметаў або асоб, што ўспрымаюцца як адзінае цэлае. Зборныя назоўнікі. Зборныя лічэбнікі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уніка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. чаго. Пазбягаць чаго‑н., ухіляцца ад чаго‑н. Я не раз здзіўляўся, як спрытна ўнікалі шафёры амаль непазбежных аварый. Мележ.

2. чаго. Ухіляючыся, пазбягаць чаго‑н. Калі праўду казаць, дык Яўген і ўнікаў тых заданняў, якія былі звязаны з паездкамі ў родныя мясціны. Сабаленка. Але ў размове ўжо [Зося і Паходня] не закраналі таго, аб чым толькі што гаварылі і што патрабавала яснасці. Абое баяліся і знарок унікалі яе — няхай яна акрэсліцца як-небудзь пазней, ці варта спяшацца!.. Хадкевіч. // Устрымлівацца ад чаго‑н. Насця была здзіўлена пераменай у паводзінах мужа, але цярпліва маўчала. Яна ўнікала лаянак. Сіняўскі. // Ратавацца ад чаго‑н., мінаць што‑н. Сабака сарамяжа павільваў хвастом, быццам сказаць хацеў: — Бывае ж такі выпадак, што як ні ўнікаеш, а ўсё ж спатыкаешся. Мурашка.

3. каго-чаго. Стараюцца, не жадаць сустракацца з кім‑, чым‑н. Кінуўшы мужа, Марына Паўлаўна як мага старалася ўнікаць з ім сустрэчы. Зарэцкі. [Тапурыя:] — Пачаў я ўнікаць людзей, і нейкі час як бы хвароба ў мяне такая была: дрэнна мне пры людзях! Самуйлёнак. Непакоіла няпэўнасць адносін з Ленай. Чаму дзяўчына ўнікае яго [Андрэя]? Няўжо яна пагарджае ім? Сапрыка. // ад каго. Быць заўважаным, убачаным. Так, глытаючы слёзы, прыўды, разважае Алена. Ад Ганькі не ўнікае матчын настрой. Васілевіч.

4. у што. Удумвацца, імкнуцца зразумець сутнасць чаго‑н. Віктар учытваўся, унікаў у змест. І раз, і другі прабягаў вачыма напісанае. Паўлаў. Толькі там, пад зямлёю, калі сачыў за працай Сапегі, унікаў у складаныя яе дэталі, ён [Савіцкі] перайначваўся. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Па якіх‑н. знешніх прыкметах выявіць, убачыць у кім‑, чым‑н. знаёмага або што‑н. знаёмае; пазнаць. [Марыя Іванаўна] добра да яго прыгледзелася, нават падышла бліжэй і з вялікім здзіўленнем прызнала ў ім былога ахоўніка завода. Няхай. Ледзь прызнаў яе. Некалі бачыў маленькай дзяўчынкай, а цяпер — нявеста. Пянкрат. Але Крыма сады, Як жа іх не прызнаць, І з якімі садамі Яны параўнаюцца?! Тарас.

2. каго-што. Палічыць кім‑, чым‑н., за каго‑, што‑н., якім‑н. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Мележ. І не такі .. [Мартын] чалавек, каб бяссільна палажыць вясло і прызнаць сябе пераможаным. Колас.

3. каго-што. Палічыць законным, зацвердзіць сваёй згодай права на існаванне чаго‑н. Прызнаць дзяржаву. □ Лепей згінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю. Колас.

4. каго-што. Ацаніць каго‑, што‑н. па заслугах. І ўсё ж... карціну не прызналі; Адна з прычын тае бяды: Блакіт і сонца — ўсе дэталі Не з неба ўзяты, а з вады. Непачаловіч.

5. што і з дадан. сказам. Дапусціць рэальнасць, наяўнасці, чаго‑н.; згадзіцца з чым‑н. Прызнаць свае памылкі. □ [Хлапец] з вінаватай, кплівай усмешкай пакруціў галавою, перад усімі прызнаў кволасць сваю: — Запарыўся!.. Мележ. Сцёпка змушан быў прызнаць сваё паражэнне. Колас. Чалавек сумленны, Міхал таксама не мог не прызнаць, што начальнік цэха меў рацыю. Карпаў. // Прыйсці да якога‑н. заключэння, вываду; устанавіць. Жанчына ляжала, як нежывая. — Ад хворых нерваў, — прызнаў доктар. Чорны. Грышка рад, бо ўсе прызналі, Што найлепшы ён стралок. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)