моц, ‑ы, ж.

1. Трываласць, мацунак. Моц тканіны. □ [Масладуда:] — Зрабіць якую рэч з жалеза — не хітрая штука. Жалеза само па сабе моц мае. Лынькоў.

2. Фізічная сіла. Моц мускулаў. □ Чалавек прагна піў ваду, і з кожным глытком яе да яго нібы варочалася страчаная моц. Лынькоў. З кароткіх рукавоў .. шэрай світкі тырчалі доўгія мазольныя рукі, і ў іх адчувалася моц. Чарнышэвіч.

3. Праяўленне чаго‑н.; сіла, ступень гэтага праяўлення. Голасам моцы, ціха і важна Гром пракаціўся ўгары. Колас. Сонца яшчэ не набралася моцы. Беразняк.

4. Магутнасць, аўтарытэт, сіла. Моц савецкай дзяржавы. □ Зачараваныя глядзім На сілу, моц сваёй радзімы, Што ззяе полымем жывым. Танк. // Здольнасць уздзейнічаць; сіла ўздзеяння. [У працы над роллю Благса] я пазнаў моц ўяўлення і фантазіі — іх месца ў творчасці акцёра. Сяргейчык. Шчыра веру я ў моц пажадання. Дзяргай. // перан. Духоўная стойкасць. Моц душы.

5. Насычанасць, канцэнтрацыя. — Вось летась быў у мяне тытунь, той, праўда, меў моц. Зацягнешся — дух займае. Пальчэўскі.

6. У спалучэнні з асабовай формай дзеяслова, прыметніка або займенніка (часцей з прыназоўнікам) выражае найвышэйшую ступень праяўлення дзеяння. Крычаць на ўсю моц. □ Лілося святло з вокнаў вакзала, на поўную моц гарэлі ліхтары. Васілёнак. Міхась з усяе моцы бразнуў дзвярыма. Савіцкі.

•••

Як (колькі) моцы стае гл. ставаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́сак, ‑ска, м.

1. Вузкі доўгі кавалак чаго‑н. (тканіны, скуры і пад.). Я ледзь не падскочыў ад радасці, падняў з зямлі дзягу, сеў на пянёк і пачаў кроіць яе на тонкія доўгія паскі. Капыловіч. Паўлік рэзаў нажом і лупіў доўгімі паскамі хваёвую кару. Лобан.

2. Шырокая рыска, лінія на чым‑н. [Мірон:] — Бачыш, іглы больш сціснутыя, а знізу во якія два сінявата-белыя паскі. Маўр.

3. чаго. Прадаўгаваты ўчастак, які вылучаецца чым‑н. з акружаючага. Праўда, лагчына выдалася нешырокая, .. [партызаны] хутка перайшлі яе і падаліся ўздоўж паскі хмызу, блізка, аднак, не падыходзячы да яго. Быкаў. Не паспее добра сцямнець, як ужо на ўсходзе вымалёўваецца залаты пасак світанку, і адразу ж прачынаецца лясное птаства. Сабаленка.

4. Рэмень, шнурок, матуз і пад. [Чалавек на фатаграфіі] у вайсковай форме, парусінавыя паскі са спражкамі прыціскаюць на плячах гімнасцёрку. Кулакоўскі. Купец выхапіў з кішэні пасак ды прывязаў пана да хвоі. Якімовіч. Маці, не разабраўшыся, расперазала фартух і адлупцавала Грышу паскамі. Пальчэўскі.

5. Частка конскай збруі — рэмень, працягнуты ад адной аглоблі да другой цераз падсядзёлак. Рукі яго [дзеда] дрыжалі больш, чым звычайна, і я памог яму засупоніць хамут і завязаць на аглоблі пасак ад падсядзёлка. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., што.

1. Адлажыць убок, палажыць побач. Пачуўшы стукат у дзверы, Карызна адклаў убок пяро і, паціраючы рукі, крыкнуў бадзёра і весела: — Уваходзь! Зарэцкі. [Рудзько] адклаў лічыльнікі ўбок, змёў далоняй махорку са стала ў падстаўленую лодачкай другую далонь і адарваў новы кавалачак газеты. Дуброўскі. // Палажыць асобна, аддзяліць. Адкласці сапсаваныя фрукты ў асобную скрынку. / у перан. ужыв. Ужо зіма свае ўборы На другі адклала год. Броўка. // Зберагчы якія‑н. сродкі, паклаўшы іх асобна; сэканоміць. Адкласці грошы.

2. Назбіраць, назапасіць; утварыць адклады. За доўгія гады возера адклала на дне многа ілу.

3. Палажыць яйкі для захавання патомства. Самка авадня здольна адкласці да 500 яечак.

4. Апусціць, адагнуць, адкінуць (аб прадметах, прымацаваных да чаго‑н. адным краем). Анісім ад звонкасці Алімпінага голасу прабудзіўся, адклаў каўнер кажуха і пачаў .. услухоўвацца ў Алімпіны словы. Сабаленка.

5. Перанесці на больш позні час; адтэрмінаваць. Прыйшлося адкласці падарожжа на заўтра. Маўр. Старыя раяць шлюб адкласці, А маладыя прагнуць шчасця, — Вось тут, як кажуць, і кукуй! Крапіва.

6. У геаметрыі — адмераўшы, адзначыць адрэзак на прамой. На прамой АВ адкласці адрэзак СД.

7. перан. Пакінуць след, адбітак, не знікнуць бясследна, зрабіць уплыў. Уражанні дзяцінства адклалі выразны адбітак на душы чалавека. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хва́ля, ‑і, ж.

1. Вадзяны вал, які ўтвараецца гайданнем паверхні вады. Марскія хвалі. □ Каля нізкага берага.. ледзь чутна, раскошліва пахлёбвае хваля. Брыль. Дробныя хвалі, як жывыя, пераліваліся і блішчэлі на месяцы. Колас. // перан. Пра тое, што сваім рухам, формай нагадвае хвалі. Акно расчынілася, хваля свежага паветра з ліпавым водарам абдала Зосю. Хомчанка. Дыхне ветрык і бягуць прыбоем жытнёвыя хвалі ў неабсяжную даль. Машара. // перан. Прыліў або праяўленне якога‑н. пачуцця, адчування. Сэрца захліснула цёплая пяшчотная хваля. Місько. З кожным новым пытаннем у душы чалавека падымаецца хваля ярасці. «Полымя».

2. Спец. Форма распаўсюджвання ваганняў у пругкім асяроддзі. Электрамагнітныя хвалі. Гукавая хваля.

3. перан.; чаго. Пра масу, плынь чаго‑н., што рухаецца адно за адным з пэўнымі інтэрваламі, перапынкамі. Раніцай.. наляцелі самалёты з чорна-жоўтымі крыжамі на фюзеляжах. Першая хваля, дзесятка паўтара, прайшла на вялікай вышыні, пабліскваючы чырванню ад набрынялай, гатовай выпусціць сонца на небакрай, зары. Хадкевіч.

4. перан.; чаго. Узмоцнены рух, праяўленне чаго‑н. Хваля пратэсту. Хваля арыштаў. □ У 1912–1913 гг. у краіне намячаецца новая хваля рэвалюцыйнага ўздыму. Навуменка.

•••

Доўгія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 1 да 10 км.

Кароткія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 10 да 100 м.

Сярэднія хвалі — радыёхвалі даўжынёй ад 100 да 1000 м.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ша́стаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць лёгкі шум, шоргат. Дождж шастаў па жалезным даху навеса, як бы нараджаючы спакойную, мяккую музыку. Навуменка. Крыху далей шастала пілка і адлічваліся гулкія ўдары сякер. Гартны. // чым. Рухаючы чым‑н., шамацець. То шастала [Ганна] сенам, то бегла к дубку, мяняла, сушыла пялёнку, давала малой грудзей, гушкала. Мележ. За вокнамі вые завіруха, шастаюць голымі галінамі яблыні ў садку, а ў пакоі цёпла ад напаленай грубкі. Хадкевіч.

2. Разм. Сцябаць, біць з шумам. Раса вельмі хутка змачыла калашыны маіх палатняных портак, і яны гучна шасталі па лытках. Сачанка.

3. Разм. Хадзіць, снаваць туды-сюды. Пакуль мы шасталі па лясах ды дбалі аб самым надзённым — пад’есці, перахавацца, узброіцца ды якога немца падстрэліць, — .. [Мароз] думаў, паглыбляўся, асэнсоўваў гэту вайну. Быкаў. Нячутна шасталі па сценах доўгія цені. Шамякін.

4. Разм. Лазіць, шнарыць з мэтай выгледзець што‑н., сцягнуць, адшукаць што‑н. Ужо заняўся веташок На макаўцы віхрастай. Забудзь стажок і муражок І ў сад чужы не шастай! Барадулін. — Цяпер усё, — трос барадой дзед. — З ўнукам пастараліся. Не будзе больш, шэры, шастаць, дзе не след. Даніленка.

5. Разм. Крэмзаць, пісаць. Ахутаўшыся густымі клубамі махорачнага дыму, .. [Аркадзь Куляшоў] ужо шастае алоўкам на папяровым лісце. Бялевіч.

6. што. Разм. Рэзаць. Шастаць нажом сала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лы́ндаць (рас., паст. лынтаць ’хадзіць, швэндацца без справы, бяздзейнічаць, бадзяцца’ (ТСБМ, Бір. Дзярж., Грыг., Янк. 3., Мат. Гом., ТС; маладз., бялын., докш., Янк. Мат. міёр., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), ’шпарка хадзіць, шырока ступаючы’ (КЭС, лаг.); лындава́ць, лында́чыць, лы́ндаць ’ленавацца’ (Сцяшк. Сл.), польск. łyndać się, рус. лындать, разан. лындовать. Паводле Грынавяцкене і інш. (Liet. term., 182), запазычаны з літ. lìndoti, lìndėti ’тырчаць, сядзець’, ’гультаяваць’, ’бадзяцца, лазіць’; Лаўчутэ (Сл. балт 31, 119) дадае да іх яшчэ lìnda ’праныра’, ’гультай’, ’той, хто пазбег работы’, lindė, lindéika ’праныра’ і інш., якія ўзыходзяць да lĩ̦sti (leñda, liñdo) ’пралазіць’, ’набрыдаць’, ’несціся некуды’, ’ехаць’, ’блытацца пад нагамі’, ’лезці, куды не трэба’, lándzioti, lándauti ’туды-сюды лезці, хадзіць з месца на месца’, ’швэндацца’, ’памалу праходжвацца’. Параўн. і лат. lundžât ’лазіць туды-сюды’, ’бадзяцца’. Відавочна, значэнні ’ногі’, ’лыткі’, ’калені’ фарміраваліся пры наяўнасці лексем лы́ды (параўн. рус. валаг., варон.доўгія ногі’, шырока пашыраная лытка ’нага’, урал. лыдка ’даўганогі чалавек’) і лыга2 (гл.) пры блізкіх ці тых жа значэннях дзеясловаў лыгаць і лындаць. Наступным этапам было ўтварэнне фразеалагізма лынды біць, што азначала спачатку ’збіваць, аббіваць ногі’, параўн. трок. дарма лынды збіў = дарма схадзіў (Сл. ПЗБ). Пры існаванні іншых запазычанняў з такой жа семантыкай: ды́нда ’гультай’, ’хлус’, ды́нды абіваць, дындаць ’хадзіць без справы’ ці блындаць, блэндаць ’тс’ (гл.); выраз лынды біць набыў сучаснае значэнне, мяняючы ў гаворках першую частку паводле існуючага ў гаворцы апорнага дзеяслова са значэннем ’хадзіць без справы, бадзяцца, гультаяваць’, ’марудзіць’ (як тут — лындаць), параўн. бел. і рус. фразеалагізмы (узятыя з Бел.-рус. ізал., 111–112) з гэтым жа значэннем: брынды біцьбрындаць, дрынды біцьбрындаць, байды біцьбайдосіць, банды біцьбандаць, балды битьбалдить, ланды битьландовать. Слаўскі (5, 407–408) услед за Фасмерам (2, 541) адносіць польск. łyndać się да рус. лынять і дапускае сувязь з прасл. дыял. lytati ’гультайнічаць, бяздзейнічаць’, lutati ’бадзяцца’, параўноўваючы з чэш. lʼundat se, loudati se ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. поўз, паўзла, ‑ло; незак.

1. Перамяшчацца па паверхні, рухаючыся ўсім целам (пра паўзуноў, якія не маюць ног). Негр падхопліваў змяю на палачку, што трымаў у руках, і змяя, выкручваючыся, нібы яе прыпякалі гарачым жалезам, паўзла па палачцы да старога. Арабей. // Перамяшчацца наперад на нізкіх нагах, амаль датыкаючыся тулавам да паверхні (пра паўзуноў, насякомых і пад.). Позірк .. [Рымы] падае на бальшак. Па ім паўзуць шэрыя чарапахі. Васілеўская. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху. Бядуля. // перан. Распаўсюджвацца, перадавацца (пра чуткі, гукі і пад.). Непрыемная млявасць паўзла па цел[е]. Савіцкі. Але паўзлі патайна чуткі З сырых падвалаў і муроў. Колас. Гэта дапамагала мала — па класе ўсё роўна поўз ціхенька, смех. Васілевіч.

2. Перамяшчацца лежачы, на жываце, на карачках і пад. (пра людзей і жывёл). Сёмка спачатку пачаў паўзці, а потым прыстаў, падышоў да Петруся і прылёг. Брыль. Сакольны некалькі разоў прыпыняўся, каб прыслухацца, ці паўзуць за ім людзі, ці не парушаецца кім цішыня. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Павольна рухацца, перамяшчацца. Ды дзядзька страх перамагае, Ён шапку загадзя знімае, Па ўсходах чыстых, як мурашка, Паўзе ўгару, ступае цяжка. Колас. На двор паўзлі падводы, людзі. Асіпенка. Цягнік поўз паволі, нібы краўся цішком у цемры праз тую граніцу. С. Александровіч. // Павольна распаўсюджвацца, перамяшчацца; слацца (пра туман, дым і пад.). [Туман] поўз, распаўзаўся па дрыгвяністых нетрах. Лынькоў. Шэрыя дажджавыя хмары нізка паўзлі над счарнелым, мокрым горадам. Грамовіч. З ляснога гушчару асцярожна выпаўзаў змрок, поўз па кустах, паміж стагамі. Шамякін.

4. Слацца па паверхні, чапляючыся за што‑н. (пра расліны). І жоўты хмель віецца на плятні. І дзерава расце, паўзе пад шула. Кірэенка. Доўгія галіны вінаграду.. паўзуць па высокіх драўляных рэйках, утвараючы цяністы калідор, у якім добра хавацца ад летняй спякоты. Бяганская. / Пра агонь, пажар. І зноў то выцягваюцца, то абрываюцца.. жоўтыя языкі [полымя], паўзуць, пераскакваюць, асыпаюцца дымнымі іскрамі. Лынькоў. Агонь вырываўся ўжо з вокнаў друкарні, хапаўся за сцены, поўз па іх на дах. Паслядовіч.

5. Павольна сунуцца ўніз. Гліна і пясок паўзуць па кручах З гор у Алазанскую даліну. Хведаровіч. Спяваў жаўрук, у яр паўзлі снягі, як звозілі ў адну мы клець мяхі. Русецкі. // Павольна сцякаць, ліцца (пра вадкасці). Па разгарачаным счырванелым твары паўзуць мутныя пісягі поту. Быкаў. І паўзе раса слязой у дуба, Па ствалу з тугіх лістоў паўзе... Кірэенка.

6. Марудна праходзіць, цягнуцца (пра час). Неахвотна, марудна паўзуць доўгія зімовыя месяцы. Мурашка. І вужакамі хцівыя рукі Лезуць, лезуць у шафу, ў камод — І хвіліна паўзе, нібы год. Агняцвет.

7. перан. Пралягаць, віцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, сцежку і пад.). То цераз алешнік, то праз дубнякі, То борам, нібыта жалезная змейка, Паўзе, выгінаецца вузкакалейка. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неспако́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не жадае спакою; няўрымслівы, мяцежны. І рашыў будаваць Неспакойны салдат Гідрастанцыю На трыццаць пяць кілават. Куляшоў. Скончылася кіно, і з клуба на калідор хлынула і расплылася па вестыбюлі неспакойнае мора студэнцкай моладзі. Адамчык. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Колас. // Які ўласцівы такому чалавеку. Неспакойны характар. □ Акіліна гатова была паверыць, што ў жыцці яе павінны адбыцца нейкія перамены, пасля якіх вальней і радасней будзе яе неспакойнаму сэрцу. Вітка.

2. Які адчувае і выказвае трывогу, хваляванне. [Антось] вярнуўся ў амбулаторыю хвілін праз дваццаць, вельмі неспакойны. Мележ. // Які выражае неспакой, трывогу. Неспакойныя думкі. □ Шчокі пунсавелі ад марозу, а доўгія веі прыкрывалі неспакойны бляск чорных вачэй. Алешка.

3. Поўны трывогі, неспакою. Трымаць.. [стрэльбу] дома ў гэты неспакойны час было не з рукі. Колас. Сны неспакойныя, нядолі поўныя, Спаць не даюць мне начамі. Купала. // Такі, на якім няма спакою. Атрад Кавалевіча быў на самым неспакойным участку. Мележ. Было неспакойнае начное дзяжурства, а потым гэтакі ж цяжкі быў дзень. Васілевіч.

4. Які знаходзіцца ў хваляванні, бурны (пра з’явы прыроды). Шумелі дрэвы ў гарадскім садзе. Неспакойны вецер кідаўся над горадам. Самуйлёнак. Гальфстрым! Я нават ў чую яго подых Гарачы, неспакойны, ад якога Аж застагналі рэі парахода З трывогай. Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пляцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.

1. Роўнае месца на зямлі, прыгоднае або падрыхтаванае для якіх‑н. мэт. Некалькі дзяўчат зносілі ў кучы жалезнае ламачча, расчышчалі пляцоўку, мужчыны заканчвалі крыць павець. Хадкевіч. Пасадачную пляцоўку рыхтавалі ў раёне Межаў, кіламетраў за дваццаць ад Ласінага вострава. Шамякін. // Месца, падрыхтаванае для якіх‑н. работ. На будаўнічых пляцоўках.. [карэспандэнт] пачуў размовы пра зарачанскі калгас, на зямлі якога будавалася станцыя, і вырашыў яго наведаць. Шахавец. Пляцоўка была гатова для здачы пад мантаж, перад вачыма вырысоўваліся абрысы падмурка, які павінен трымаць такую грамадзіну. Хадкевіч.

2. Роўнае вольнае месца ў якім‑н. збудаванні паміж двума лесвічнымі маршамі. Лёнік грукнуў дзвярыма і выскачыў на лесвічную пляцоўку. Васілёнак.

3. Пярэдняя або задняя частка вагона, звычайна без месц для сядзення. Сідарук выйшаў на пляцоўку вагона і, як толькі цягнік на раз’ездзе крыху сцішыў рух, скокнуў у мяккі снег. Галавач. І толькі трамвай спыніўся, .. [Рыгор] спрытна ўскочыў на заднюю пляцоўку. Гартны.

4. Тое, што і платформе (у 2 знач.). [Сярго:] Вагоны скора будуць: Я сёння з Оршы выслаў тры пляцоўкі. Глебка. Нінка спынілася і глядзела, як унізе ішоў доўгі таварны састаў. Маленькія вагоны з чырвонымі дахамі, доўгія пульманы з белымі люкамі, пляцоўкі з трактарамі, з лесам. Шамякін.

•••

Дзіцячая пляцоўка — сезонная выхаваўчая ўстанова для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. чым і без дап. Вылучаць, распаўсюджваць які‑н. пах. Асабліва здорава, зусім па-хатняму, пахла ў зямлянцы цыбуля. Брыль. Рукі пахнуць зярнятамі, Што высяваў, Ці снапамі, нажатымі У часе жніва. Арочка. Пасля летняга цёплага дажджу каралінская вуліца пахне кветкамі і духмянай мятай. Сабаленка. / у безас. ужыв. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. У паветры пахла сенам, грыбамі. С. Александровіч.

2. перан.; чым. Разм. Мець прыкметы або рысы чаго‑н. [Багуцкі:] — Я даўно заўважыў яго злачынную работу, якая пахла нічым іншым, як звычайнай дыверсіяй. Лынькоў. / у безас. ужыв. Раптам .. [Міхал Тварыцкі] убачыў грошы. Гэта быў ужо не трохсотрублёвы пачак. Тут пахла ўжо не сотнямі, а тысячамі. Чорны.

3. перан.; чым. Разм. Сведчыць пра набліжэнне чаго‑н., магчымасць чаго‑н. — Вы ведаеце, што гэта пахне выключэннем, мой юны сябра? — сказаў Гедымін. Караткевіч. — Вось што, сынок, — Еўдакім узяў Юрку за плячо. — Бяжы да старшыні, скажы, што госці завіталі. А я сачыць за імі буду. Тут нечым нядобрым пахне... Курто. / у безас. ужыв. З дахаў звісаюць доўгія ледзя[ш]ы капяжу. Пахне вясной. Асіпенка.

•••

Грошы не пахнуць гл. грошы.

Зямлёю пахнуць — быць блізкім да смерці (пра вельмі хворага, пра зусім старога чалавека).

І не пахне чым‑н. — няма і не прадугледжваецца з’яўлення, наступлення чаго‑н.

Порахам пахне — пагражае вайна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)