скрыжава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. скрыжаваць (у 1 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. скрыжавацца (у 1, 3 знач.).

2. Месца, дзе скрыжоўваюцца дарогі, вуліцы і пад. На скрыжаванні палявых дарог Здаўна стаіць сяло Чырвоны Лог. Танк. На скрыжаванні вуліц Наташа спынілася, пачакала, пакуль пройдуць машыны. Гамолка. Развітання хвіліна На скрыжаванні лясным... Куляшоў. // Наогул месца, дзе перасякаецца што‑н. чым‑н. У змроку відаць было, як у неба ўрэзвалася скрыжаванне лат. Скрыган. У скрыжаванні нааконных крат — нябёсаў родных зрэзаны квадрат. А. Вольскі. / у перан. ужыв. Вёска ў Заходняй Беларусі стаяла на скрыжаванні нацыянальных і сацыяльных супярэчнасцей. У. Калеснік.

3. Спарванне жывёлін або апыленне раслін розных відаў, гатункаў, народ для атрымання новай пароды, новага віду ці гатунку.

4. Узаемадзеянне дзвюх або некалькіх моў. Скрыжаванне моў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Націскаць на што‑н. шмат разоў. Смагул ціскаў пяткамі вярблюджую шыю і ўскрыкваў: — І-па! І-па! Беразняк. // Разм. Іграць на гармоніку, баяне і пад. У яе [Агаты], бач, грышча сёння, Дык сышлася вёска ўся; Сцёпка ціскае гармонік, Той пішчыць, як парася. Крапіва. // перан. Уздзейнічаць прымусова на каго‑н.; прымушаць. [Старац:] Калісь і мяне ціскалі няшчасці з усіх бакоў. Купала.

2. Разм. Сціскаць у абнімках, моцна абнімаць. Не, [Антанюк] не праслязіўся. Але ціскаў хлопцаў у абдымках, тоўк кулакамі ў плечы, у жывот, без прычыны смяяўся. Шамякін. // Сціскаць рукой, рукамі, пальцамі; камячыць. Бацюшка ўвесь час ціскаў у руках пугу і капялюш. Чарот.

3. Спец. Друкаваць з дапамогай друкарскага прэса.

4. Разм. Змяшчаць у якім‑н. выданні, органе друку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

змо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. змоўк, ‑ла; зак.

1. Перастаць раздавацца, сціхнуць (пра гукі). Песня змоўкла. □ Змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Гоман працы змоўк у полі, Сціхлі гукі за ракой. Гілевіч.

2. Перастаць гаварыць, крычаць, пець і пад.; замоўкнуць, заціхнуць. Мікіта Мінавіч на хвіліну змоўк і зноў абвёў усіх спакойным поглядам. Кулакоўскі. Недзе далёка зноў закукавала зязюля і адразу змоўкла. В. Вольскі. / Пра музычны інструмент, радыё, тэлефон і пад. Ужо і радыё змоўкла, але сама [Маша] ніяк не магла заснуць. Гроднеў. // Спыніць стральбу (пра агнястрэльную зброю). Кулямёт змоўк. □ Самаходка тым часам змоўкла, затое ротныя мінамёты пачалі біць раз-поразу. Кулакоўскі. // Перастаць напаўняцца гукамі, гоманам і пад. Неяк нечакана змоўкла вёска, не чуваць было ні галасоў, ні шуму машын. Шамякін. Не інакш, як перад наступленнем Змоўкла франтавая паласа. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нейтра́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які захоўвае нейтралітэт у адносінах да ваюючых дзяржаў. Нейтральная краіна. // Які паводле міжнароднай дагаворанасці не можа быць тэатрам ваенных дзеянняў або месцам размяшчэння войск. Нейтральныя воды. Нейтральны порт. // Нікім не занятая прастора паміж двума ваюючымі бакамі. Наша вёска знаходзілася на нічыйнай зямлі, у нейтральнай паласе. Хадкевіч. Вагон мінае памежныя слупы, праходзіць вузкую паску нейтральнай зоны і ідзе пад драўлянай аркай. Галавач.

2. перан. Які не становіцца на чый‑н. бок (у палітычнай барацьбе, спрэчках і пад.). Заняць нейтральную пазіцыю ў спрэчках. Нейтральны наглядальнік. // Уласцівы для такога чалавека. Нейтральныя паводзіны.

3. Які не мае выразных адзнак (пра святло, колер і пад.). Святло ў Рэмбрандта ніколі не бывае рассеяным і нейтральным, яно заўсёды сканцэнтраванае, мэтанакіраванае. «Беларусь».

4. Спец. Які не дае ні шчолачнай, ні кіслай рэакцыі. Нейтральны раствор.

5. Спец. Які не нясе ні адмоўнага, ні дадатнага зараду. Нейтрон з’яўляецца нейтральнай, незараджанай часцінкай. «Маладосць».

[Ад лац. neuter — ні той, ні другі.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыляпі́цца, ‑ляплюся, ‑лепішся, ‑лепіцца; зак.

1. Прыстаць да чаго‑н., прыліпнуць, прыклеіцца (пра што‑н. ліпкае, клейкае і пад.). Пластыр прыляпіўся. Камяк гліны прыляпіўся. □ Да фартуха прыляпіліся шматочкі белай тканіны і нітак — відаць, жанчына нешта шыла. Савіцкі. // перан. Разм. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). А калі мянушка прылепіцца — аж да самай смерці можаш хадзіць з ёю... Гамолка. // перан. Разм. Змясціцца, размясціцца вельмі блізка да чаго‑н. Нейкаю сотняю саламяных стрэх прыляпілася гэтая вёска да спаду гары. Брыль. // перан. Разм. Прымасціцца дзе‑н. (звычайна нязручна). — Едуць, бывала, у школу, у раён, — мой на веласіпедзе, а Федзька — ззаду ў яго, на багажніку. Прылепіцца, як верабей, і едуць, быццам бацька з сынам. Ракітны. Бургамістр прыляпіўся на самы край крэсла і ледзьве не саскаўзнуў. Новікаў.

2. перан. Разм. Адчуць прывязанасць да каго‑, чаго‑н. У Шукевіча я браў Тагора і надоўга прыляпіўся да яго душою. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Магі́ла ’яма для пахавання мёртвых’, ’капец зямлі над магілай’ (перан.) ’смерць, таямніца’ (ТСБМ, Грыг., Бяльк., Яшк., Булг., Сл. ПЗБ), укр., рус. моги́ла ’капец зямлі, курган’, ст.-рус. могыла ’капец’, польск. mogiła ’яма’, ’капец зямлі над ёй’, палаб. mügʼȧla ’яма’, в.-луж. mohila, ст.-луж. mogyla, н.-чэш. mohyla — з больш ранняга перыяду захаваліся толькі тапонімы: Mohelno, Mohelnice і інш.; славац. mohyla, славен. gomíla ’куча зямлі’, серб.-харв. го̀мила, мо̀гила ’тс’, макед. могила ’капец, узгорак’, балг. могила ’капец’. Гэта значэнне было першасным. Генетычна блізкія: рум. măgură і алб. magulʼë ’узгорак’, gamule ’куча зямлі і травы’, якія Фасмер (Stud. zur albanes. Wortforsch., Dorpat, 1921, 1, 18) выводзіць са слав. Міклашыч (420), Фасмер (там жа), Жалтоў (ФЗ, 1877, 4, 68 і наст.) сцвярджаюць сувязь са слав. mogǫ ’магу’ > ’пануючае месца’. Гэтак жа Брукнер (343) — з кораня mog‑ ’моцны’, параўн. аналагічна ўтворанае слова курган, якое з тур. kurgan ’крэпасць’, г. зн. ’зямная цытадэль’. Машынскі (Zasięg, 215) збліжае слав. mogyla ’капец, куча’ з сібір. тат. mogol, марыйск. mugõlʼo ’стог сена’. Паводле Алесіо (RIO, 3, 1951, 243) — гэта субстратнае слова, аснова якога балканская: magũla; Хубшмідт (Этимология–1967, 243–245) лічыць слав. слова даіндаеўрапейскім, крыніца запазычання невядомая. Сюды ж: маглі́цы, магіліцы, магілёва, магі́льня, ’могілкі’, магі́льнік, могільнік ’тс’, ’могільнік’ (Жд. 1, Бяльк., ТСБМ, Грыг., Нас., Сл. ПЗБ, докш., Янк. Мат.), магільніцавёска, ля якой шмат панасыпаных курганоў (Янк. 1).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Роўны ’просты, прамы, без выгібаў’, ’гладкі, без упадзін і ўзгоркаў’, ’аднолькавы, пастаянны’, ’ураўнаважаны’, ’які аднолькава з кім-небудзь вырастае’, ’які мае аднолькавыя правы, становішча, значэнне’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’палогі (пра бераг ракі, возера)’, раўні́сты ’тс’ (жлоб., рэч., глус., ЛА, 2), рі́мны ’роўны’ (драг., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.). Укр. рі́вний, рус. ро́вный, ро́вен, стараж.-рус. ровьнъ; польск. równy, н.-луж. rowny, в.-луж. runy, палаб. ruovnė, чэш., славац. rovný, славен. ráven, серб. ра́ван, ра̂вни ’тс’, харв. rávan ’роўны’, rȃvan ’раўніна’ чак. ravȁn, rõvan, шток. ràvan, ж. р. rámna, н. р. râmno, макед. рамен, балг. ра̀вен, ст.-слав. равьнъ. Прасл. *orvьnъ(jь) — прыметнік, утвораны ад асновы *orvo‑es‑, роднаснай ст.-прус. arwis ’сапраўдны’, якое Смачынскі (IF, 94, 307) лічыць калькай-запазычаннем з ням. мовы; хецк. aruna‑ ’мора’, авест. ravah‑/raunah ’свабодная, адкрытая прастора’, ірл. róe, rói ’роўнае поле’, лац. rūs ’зямля, поле, вёска’, ст.-в.-ням. rûm ’памяшканне’, англ. room ’пакой’, ням. Raum ’прастора’ < і.-е. *réu̯H1‑es‑ ’адчыняць’ (Фурлан–Бязлай, 3, 155–156; Фасмер, 3, 489; Махэк₂, 520; Сной₂, 604; ESJSt, 13, 754–755). Сюды ж: ро́ўніца ’раўняцца’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ), ро́ўна ’адначасова’ (браг., Мат. Гом.), ро́ўня ’раўня’ (ТСБМ, ТС; слуц., Чуд.), ’узровень’ (Гарэц.), ’раўніна’ (слонім., Сцяшк. Сл.) і ро́ўнядзь ’раўніна, роўнае месца’ (ТСБМ, ТС, Бяльк., Касп., Байк. і Некр.), ’плошча (паверхні)’ (Стан.), ’гладкая паверхня вады’ (БРС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вунь, часціца.

1. указальная. Ужываецца для ўдакладнення месца ці месцазнаходжання каго‑, чаго‑н. Вунь там, каля тых дубоў. Вунь дзе ён вынырнуў. А вунь, што гэта за дрэва? □ Вунь дзе ён, наш «саманны завод», каля самай дарогі, у глінішчах. Брыль.

2. вылучальная. Вылучае або падкрэслівае значэнне таго ці іншага слова ў сказе. Глядзі, вочы вунь у іх зусім зліпаюцца. Вунь і нядаўна іх бачылі на вуліцы. □ І ці не Яноль толькі выглядае гэта вунь там з-за елкі? Колас. [Тэкля:] — На дварэ ўжо восень, лісты вунь асыпаюцца. Краўчанка.

3. узмацняльная. У спалучэнні з займеннікамі ўказвае на меру або ступень якасці чаго‑н. Вунь глядзіце, колькі каменняў выбралі. Бядуля. [Дзямід:] — Вунь след які глыбокі ды шырокі. В. Вольскі.

4. у знач. прысл. У тым месцы, не тут. Вунь відаць вёска. □ Стой! Здаецца, вунь зірнула, Як бы зорка, як бы сонца! Ах, не тое!.. Адвярнула!.. Гэта шышка на сасонцы. Купала.

•••

Вунь (яно) што! Вунь (яно) як! — вокліч для выказу здзіўлення.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звані́ць, званю, звоніш, звоніць; незак.

1. Выклікаць, ствараць звон, удараючы ў што‑н., чым‑н. Дае дарэктару ён бляху. — Звані ў яе, бі, чым папала, Абы мацней яна гучала — На ўсю Свяржэнскую граду! Колас. Каля адной крамы стукаюць у патэльні, каля другой звоняць косамі, — пакупнікоў заклікаюць. Якімовіч. // Ствараць звон (пра які‑н. механізм, апарат). Будзільнік звоніць. Куранты звоняць. Тэлефон звоніць. // Падаваць сігнал званком. Званіць на ўрок. // Удараць у звон, апавяшчаючы пачатак службы ў царкве. Калі з ветрам, дык тут у хвойнічку нават чуваць, як вызвоньваюць гадзіны на замкавай вежы або як звоняць на імшу ў касцёле ці царкве. Чорны.

2. перан. Разносіць чуткі, плёткі; нагаворваць на каго‑н. — Уся вёска звоніць, што калгасам цяпер кіруеш не ты, а Кацубіха. Шамякін.

3. Выклікаць да тэлефона званком тэлефоннага апарата; гаварыць па тэлефоне. — Мне не званілі? — на хаду запытаўся сакратар. — Не, — адказала Зоя. Асіпенка. Дадому Алесь ехаў адзін: Кібрык пайшоў некаму званіць па тэлефоне. Шыцік.

•••

Званіць ва ўсе званы — расказваць усім пра што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зваць, заву, завеш, заве; завём, завяце; незак., каго-што.

1. Голасам або кіўком запрашаць падысці ці абазвацца; клікаць. Зваць да сябе дзяцей. □ Дзед, здаецца, нічога не чуў і не цяміў. Ён толькі катурхаў сына, будзіў, зваў яго. Колас. // Запрашаць куды‑н. Рабочыя падкідвалі бацьку ўгору, качалі на руках, звалі да сябе ў госці. Лынькоў. На маёўку ў бліжнія бары завуць сяброўку юныя сябры. А. Вольскі. // Заклікаць, агітаваць да выканання чаго‑н. Я адплаціў народу, Чым моц мая магла: Зваў з путаў на свабоду, Зваў з цемры да святла. Купала. [Адась:] Трэба зваць сялян на дэманстрацыю, а там і на барыкады. Козел. // перан. Прывабліваць, прыцягваць. Вызначаюцца трохі шырокія далі, завуць яны да сябе сваім размахам і воляй. Чорны. Сонца.. вабіла і звала да сябе малога Янку. Бядуля.

2. Называць. Івана Сцяпанавіча і Мар’ю Сцяпанаўну Юра зваў татам і мамай... Васілевіч. Салаўіны гай, а побач — вёска, І завуць Мядзведзічы яе. Бялевіч.

•••

Памінай як звалі гл. памінаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)