пабо́льшыцца, ‑шыцца; зак.

Тое, што і пабольшаць. Задачай сённяшняга дня з’яўляецца адно: зняць адну хату з сярэдзіны двара і прыставіць яе да другой. Паспраўнее двор і пабольшыцца казарма. Брыль. Радасць.. [Магдалены] яшчэ пабольшылася, калі яна знайшла ў Ганнінага сына рыс ад Ганны больш, як ад Тодзіка. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўнале́цце, ‑я, н.

Узрост, калі чалавек дасягае фізічнай і духоўнай сталасці і атрымлівае грамадзянскія правы. Душа .. [Магдалены] імкнулася да чагосьці яшчэ невядомага ёй, у што яна верыла і чаго чакала.. Падрасце Ганніна дзіця, дарасце да паўналецця Галена, і праз два гады вернецца ўжо зусім сталы Кастусь. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўнацэ́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае поўную, нармальную цэннасць (пра грошы, валюту). Паўнацэнная валюта.

2. Які мае ўсе неабходныя прыкметы, якасці. Паўнацэнныя кармы. Паўнацэнны твор. □ Але ўжо такая была натура ў Янкі: паўнацэнным чалавекам ён адчуваў сябе толькі тады, калі знаходзіўся ў коле сваіх сяброў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацерабі́ць, ‑цераблю, ‑цярэбіш, ‑цярэбіць; зак., каго-што.

1. Абцерабіць усё, многае. Селівон абцерабіў ліпу да вяршка. Засталося пацерабіць сукі. Баранавых.

2. і без дап. Церабіць некаторы час. Пацерабіць да абеду буракі. □ Сабачаня зірнула яму ў вочы і лізнула руку, калі Кіма пацерабіў яго за вушы. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падпа́л, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падпаліць (у 1, 2 знач.).

2. Смалякі, трэскі, ламачча і пад., якія служаць для распальвання. Даніла працаваў блізка ля балаціны і, калі ехаў пад вечар дадому, укінуў у воз пару пнёў — жонка паказала, каб прывёз на падпал смалякоў. Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наро́схрыст, прысл.

Расшпіліўшыся, расхінуўшы краі адзежы. Кашуля наросхрыст. □ Работа мая падыходзіла ўжо к канцу, калі да машыны падбег хлопец у сіняй спяцоўцы і вайсковым бушлаце наросхрыст. Кулакоўскі. У дзвярах будкі без шапкі, з раскудлачанымі валасамі, у расхінутай наросхрыст ватоўцы стаяў пуцявы абходчык. Васілёнак.

•••

Душа наросхрыст гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недае́сці, ‑ем, ‑ясі, ‑есць; ‑ядзім, ‑ясце, ‑ядуць; пр. недаеў, ‑ела; заг. недаеш; зак.

Паесці недастаткова, не дасыта. Калі чалавек паставіў сабе вялікую мэту, дык ён дзеля яе недаспіць, недаесць, вытрымае ўсё... Паслядовіч. Хутка.. [Міхаль] пачаў ездзіць у Маскву, Ленінград.. А ведама ж — дарога: і недаясі, і недаспіш. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неміну́часць, ‑і, ж.

Уласцівасць немінучага; непазбежнасць. Аўгіня спакойна, як чалавек, упэўнены ў немінучасці ліха, гадала, з якога боку і з якой сілай наваліцца на яе гэта ліха. Колас. У немінучасці.. змен ужо ніхто не сумняваўся, і спрачаліся толькі аб тым, калі і якія яны будуць. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

несало́дкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае салодкага смаку. Несалодкі тварог.

2. перан. Без радасці, невясёлы. Калі бываюць людзі горныя, стэпавыя, людзі лясоў і гэтак далей, дык.. [на Вогненнай зямлі] мы маем людзей мора, якія нараджаюцца, гадуюцца, жывуць і паміраюць на вадзе, на моры. Жыццё, як мы бачым, несалодкае. Маўр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагарава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

Зазнаць многа гора. Нагаравацца з дзецьмі. □ [Лабановіч:] — А якія заработкі — плыты? Калі прынясе дзесяць рубельчыкаў, то і добра. А колькі нагаруецца, нацерпіцца! Колас. — Мама, матуля наша родная! Шкадуем мы цябе... Ці мала ты нагаравалася, мала натупалася ў гэтым двары ды горадзе? Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)