ісці́, іду́, ідзе́ш, ідзе́; ідзём, ідзяце́, іду́ць; ішо́ў, ішла́, ішло́; ідзі́; незак.

1. Перамяшчацца, робячы крокі.

І. да суседа.

2. Ехаць, плысці, ляцець (часцей пра сродкі перамяшчэння).

Поезд ідзе хутка.

Рыба ідзе касяком.

3. у што, на што або з інф. Адпраўляцца, накіроўвацца куды-н.

І. на вячоркі.

І. ў паход.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Перамяшчацца, будучы адасланым куды-н. з якой-н. мэтай, дастаўляцца, прыбываць адкуль-н. куды-н.

Пісьмы ішлі з фронту.

Ідзе драўніна з Сібіры.

5. перан. Рухацца, развівацца ў якім-н. напрамку (для дасягнення якой-н. мэты).

І. заўсёды наперад.

6. на каго-што, супраць каго-чаго. Дзейнічаць якім-н. чынам, быць гатовым да якіх-н. дзеянняў.

І. супраць волі бацькоў.

І. на ўступкі.

7. Уступаць куды-н., прыступаць да якой-н. дзейнасці, станавіцца кім-н.

І. ў армію.

І. ў аспірантуру.

8. за кім-чым. Далучацца да чыіх-н. думак, поглядаў.

І. за сваім настаўнікам.

9. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Набліжацца, з’яўляцца, надыходзіць.

Нашы ідуць!

Вясна ідзе (перан.).

10. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра механізмы: дзейнічаць, працаваць.

Гадзіннік ідзе.

11. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Пра ападкі: ка́паць, цячы, ляцець.

Дождж ідзе.

12. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Мінаць, працякаць, праходзіць у часе, адбывацца.

Жыццё ідзе хутка.

Экзамены ідуць.

Справа ідзе да развязкі.

13. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Праходзіць дзе-н., пралягаць, мець пэўны напрамак.

Дарога ідзе полем.

14. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), з чаго і без дап. Выдзяляцца, выходзіць адкуль-н.

З комінаў ідзе дым.

Ідзе кроў з раны.

15. чым, з чаго. Рабіць ход у гульні.

І. канём.

І. з туза.

16. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), у што, на што, пад што. Прызначацца, выкарыстоўвацца, ужывацца для чаго-н.

На касцюм ідзе тры метры тканіны.

Дом ідзе пад знос.

17. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Рэалізуецца, прадаецца (разм.).

Тавар ідзе па зніжаных цэнах.

18. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рэгулярна налічацца, адпускацца (пра якія-н. сродкі).

Ідзе пенсія.

За звышурочную працу ідзе надбаўка.

19. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), каму-чаму. Падыходзіць, адпавядаць; быць да твару.

Сукенка ідзе да твару.

20. (1 і 2 ас. не ўжыв.), у што. Надзявацца без цяжкасцей, свабодна ўваходзіць, улазіць.

Чаравік не ідзе на нагу.

Цвік лёгка ідзе ў сцяну.

21. (1 і 2 ас. не ўжыв.), у што. Развівацца, расці пэўным чынам (пра расліны).

Бульба ідзе ў націну.

І. ў рост (хутка расці).

22. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выконвацца, паказвацца, ставіцца (пра п’есу, спектакль, фільм і пад.).

Ідзе новы фільм.

23. за каго. Уступаць у шлюб, выходзіць замуж.

Дзяўчына ідзе замуж.

24. 3 прыназоўнікамі «на», «у» і наступнымі назоўнікамі азначае наступленне працэсу, дзеяння, якое выражана назоўнікам.

І. на пасадку.

І. на спад.

25. (1 і 2 ас. не ўжыв.), аб кім-чым, пра каго-што. Весціся (пра гаворку, гутарку і пад.).

Ішла гутарка пра выхаванне моладзі.

Ісці ўгару (разм.) — паспяхова развівацца; атрымліваць павышэнне па службе, аўтарытэт і пад.

Ісці на карысць — быць карысным.

Не ідзе ў галаву каму (разм.) — не засвойваецца, не запамінаецца.

Ісці на папраўку — выздараўліваць пасля хваробы.

З торбай ісці (разм.) — пачаць жабраваць.

Ісці на свой хлеб (разм.) — пачаць зарабляць сабе на жыццё.

Ісці на той свет (разм.) — паміраць.

Ісці супраць цячэння (неадабр.) — дзейнічаць наперакор усяму.

Ісці ў прочкі (разм.) — сыходзіць з дому, не ўжыўшыся з мужам (жонкай).

Ісці на дно (разм.) — цярпець няўдачу; маральна апускацца, занепадаць.

Ісці на лад (разм.) — разгортвацца паспяхова.

Ісці прамой дарогай — жыць сумленна.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

капту́р 1, ‑а, м.

1. Дзіцячы або жаночы галаўны ўбор, які завязваецца пад падбародкам і пакідае адкрытым толькі твар; капар ​2. Усе ў святочных світках. Бабы ў новых каптурах з белымі карункамі. Бядуля.

2. Невялікі дах, заслона, навес конусападобнай формы над чым‑н. Для адводу пары была зроблена выцяжная труба над шырокім, бляшаным каптуром. Колас.

3. Абл. Верх печы ў выглядзе дзвюх сценак, якія ўзвышаюцца над ляжанкай. Кастрыца ляжаў на цёплых цаглінах, смактаў цыгарку за цыгаркай і часам з-за каптура пазіраў у акно. Стаховіч.

капту́р 2,

гл. коптур.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знадво́рку, прысл.

1. Са знешняга, надворнага боку; звонку. Знадворку Прохарава хата сапраўды мела цалкам прыстойны выгляд і нават сярод іншых вызначалася сваёй велічынёй і свежасцю. Зарэцкі. Скуратовіч замкнуў знадворку дзверы. Чорны.

2. З прасторы, размешчанай па-за межамі памяшкання; з вуліцы. Гадзіннік .. у прахадной павешаны быў на такім месцы, каб яго можна было бачыць знадворку. Корбан. Знадворку данёсся глухі тупат ног. Ваданосаў. // Па-за межамі памяшкання; на вуліцы, на дварэ. Дзецям стала зусім не страшна, хоць знадворку гулі сосны. Мележ. Знадворку ўсталёўваўся дзень. Пасвятлела ў хаце, праясніліся твары. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзеся́так, ‑тка, м.

1. Адзінка падліку, роўная дзесяці (пра аднолькавыя прадметы). Дзесятак яец. □ Пад Рагачовам у іх палку засталося не больш трэці байцоў і каля дзесятка танкаў. Мележ. // Дзесяць год узросту. Яму пайшоў шосты дзесятак.

2. толькі мн. (дзеся́ткі, ‑аў). Назва другой ад канца лічбы мнагазначнага ліку. Клас адзінак, дзесяткаў, соцень.

3. толькі мн. (дзеся́ткі, ‑аў). Пра вялікую колькасць чаго‑н. Таццяна заўважыла, што з кожнага двара праз шчыліны за .. [Лясніцкім] сочаць дзесяткі пар вачэй. Шамякін. — Часамі адзін чалавек даражэй за цэлыя дзесяткі людзей. Колас.

•••

Не з баязлівага (пужлівага) дзесятка — пра смелага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.

Разм. Пайсці, пабегчы хутка; паскорыць хаду, крок. Адзін толькі Кандрат заўважыў, як Андрушка шуснуў за дзверы. Ён прыпусціўся за ім і дагнаў на загуменні. Лобан. — Я іду, паненка! Я ўжо бягу! — адказаў Казік і прыпусціўся бягом. Чарнышэвіч. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пачаць ісці з большай сілай. Потым прыпусціўся сапраўдны цёплы дождж і зацягнуўся на ўвесь тыдзень. Пташнікаў. // Пачаць што‑н. рабіць; пусціцца. Прыпусціцца ў скокі. □ Кінуўшы томік Маякоўскага на стол, Галя прыпусцілася бегчы з газетаю ў руках. Сабаленка. Нічога не кажучы, прыпусцілася Шэсцель даганяць [калгаснікаў]. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раз’ю́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раз’юшыць.

2. у знач. прым. Які ашалеў ад злосці, раз’ятраны, разлютаваны. Раз’юшаны звер. □ Злы, раз’юшаны, са сцятымі зубамі, з ссунутымі брывамі пераступіў .. [войт] парог свае хаты. Колас. Раз’юшаная, ашалелая ад рэўнасці жанчына стукае з усяе сілы ў дзверы. «Полымя». Раз’юшаны .. бугай .. прыпёр хлопчыка да дуба, узняў высока на рогі і кінуў вобзем. Краўчанка. // Які адлюстроўвае крайняе ўзбуджэнне, шаленства. Прычыніўшы за сабою дзверы, .. [Понтус] шукаў раз’юшанымі вачыма жонкі. Карпаў. // перан. Шалёны, неўтаймаваны. Як толькі мы выйшлі за браму, раз’юшаны вецер наляцеў на нас, закідваючы калючай снежнай трухой. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фо́рменны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да формы (у 10 знач.); які з’яўляецца формай. Форменная фуражка. □ За сталом сядзіць маладая жанчына ў форменным кіцелі з бліскучымі пагонамі на плячах. Васілёнак. Толькі форменныя пятліцы на чорным кіцелі з дзвюма сінімі зорачкамі на іх сведчаць, што гэта — дырэктар. Шынклер.

2. Складзены па пэўнаму ўзору, форме; афіцыйны. У пакой заходзілі людзі, запаўнялі форменныя бланкі, падавалі бялявай дзяўчынцы. Асіпенка. А хутка прыйшло пісьмо ў форменным канверце. Марціновіч.

3. Разм. Сапраўдны. Не даючы апомніцца, [Канстанцін Міхайлавіч] учыніў форменны разнос за непаслядоўнасць пісання. Лужанін. [Андрэй:] — Гэта ж форменны падпал! Гэта ж злачынства. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; незак.

1. Паслядоўна, па чарзе заменьваць адно другім. Мы вывучылі .. кожны крок [вартавых], ведалі, як яны чаргуюцца на пастах: ведалі, хто калі патрулюе за агароджай, калі стаіць ля ўваходу, калі адпачывае. С. Александровіч. Непаўторныя ап’яняючыя часіны шчасця чаргаваліся з часінамі роспачы і душэўнага болю. Краўчанка. // Перыядычна паўтарацца. Шорганне чаргавалася размерна і рытмічна — раз-два! раз-два! Колас. // Размяшчацца паслядоўна адно за другім. Сасновыя бары чаргаваліся з забалочанымі хмызнякамі. Няхай.

2. У лінгвістыцы — заканамерна замяняцца адзін другім (пра гукі) у каранях або афіксах роднасных слоў або форм.

3. Зал. да чаргаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блы́тацца, -аюся, -аешся, -аецца; -аны; незак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Бязладна пераплятацца (пра ніткі, валасы, дарогі і пад.).

Ніткі блытаюцца.

2. Чапляцца за што-н., заблытвацца.

Ногі блытаюцца ў траве.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Траціць яснасць, дакладнасць (пра думкі, словы і пад.).

Думкі пачалі б.

4. Рабіць, гаварыць няясна, недакладна; збівацца.

Б. ў адказе.

5. Пераходзіць з месца на месца; блукаць (разм.).

Б. па хатах.

6. Падтрымліваць сувязь з людзьмі, паводзіны якіх выклікаюць неадабрэнне (разм.).

Б. з дрэннай кампаніяй.

|| зак. заблы́тацца, -аюся, -аешся, -аецца; -аны (да 1—4 знач.), зблы́тацца, -аюся, -аешся, -аецца; -аны (да 1, 3, 4 і 6 знач.), пераблы́тацца, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., -аецца (да 1 і 3 знач.) і ублы́тацца, -аюся, -аешся, -аецца; -аны (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Закаба́іна ’невялікі заліў’ (полац., З нар. сл.), закаба́ліна ’затока ў рацэ’ (слаўг.), закабе́нь ’месца, выбітае вадой на лузе, якое перашкаджае касьбе’ (Яшкін), закуба́нь ’затока ў рацэ’ (Бяльк.). Словаўтварэнне сустракаецца ў геаграфічнай тэрміналогіі: за + + ‑іна ці за + + ‑ень (параўн. западзіна, укр. закосень). Корань прадстаўляе сабой варыянты тэрміна каба́ня ’яма з вадой’ (гл.); ва ўкр. гэты корань прадстаўлены і ў форме кубаня (Юркоўскі, Ukr. hydrogr., 72). Талстой, СГТ, 230–233; Нітшэ, 207; Варбат, Этимология, 1979, 36–37.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)