бяле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца белым. Некалькі разоў твар Паліводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў. Чорны. Ноч яшчэ спала, хоць на ўсходзе пачынала ўжо бялець неба. Дамашэвіч.
2. Вылучацца сваім белым колерам, віднецца (пра што‑н. белае). Зараз жа за Выганамі па шырокім пляцы, што раздзяляў дзве вёскі, Выганы і Высокае, паказалася школа.. прыветна бялеючы шырока раскрытымі аканіцамі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вако́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Размешчаны наўкола. Вакольныя нівы. □ Адсюль добра відны вакольныя вёскі, зялёныя палі з лугамі, лес за сялом. Каваль.
2. Які ляжыць у баку ад самага кароткага шляху, кружны. Ехаць вакольнай дарогай. □ [Мужчыны] выйшлі на Жукаву вуліцу, каб абагнуць рынак і вакольным шляхам спусціцца на Лог. Гартны.
3. у знач. наз. вако́льнае, ‑ага, н. Навакольнае асяроддзе. У некаторых апавяданнях наглядаецца чулае, індывідуальнае ўспрыманне ўсяго вакольнага. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
валачы́ся, ‑лакуся, ‑лачэшся, ‑лачэцца; ‑лачомся, ‑лачацеся; пр. валокся, ‑лаклася, ‑лаклося; заг. валачыся; незак.
1. Тое, што і валачыцца (у 1 знач.). // Паволі цягнуцца, сцелючыся над зямлёй. Туман валокся над лагчынамі. Чорны. З захаду валакліся калматыя сіваватыя хмары. Сабаленка.
2. Разм. Ісці з цяжкасцю, вельмі павольна; плесціся. След у след валокся воўк. Лужанін. Недзе ззаду, цяжка дыхаючы, кашляючы, валокся незнаёмец. Лупсякоў. За санкамі валачэцца прывязаная повадам карова. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маёмасць, ‑і, ж.
Рэчы, прадметы, каштоўнасць, якія належаць каму‑н., знаходзяцца ў чыім‑н. уладанні. Дзяржаўная маёмасць. □ Панская зямля і маёмасць былі канфіскаваны і перададзены батракам і бедным сялянам. Кавалёў. З прыфрантавой паласы ўжо былі эвакуіраваны ўсе паязныя саставы і ўся чыгуначная маёмасць. Чорны.
•••
Нерухомая маёмасць — маёмасць, якая складаецца з зямельнага ўчастка і будынкаў.
Рухомая маёмасць — маёмасць, якая складаецца з каштоўнасцей, рэчаў, мэблі і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мачы́ць, мачу, мочыш, мочыць; незак., каго-што.
1. Рабіць мокрым, вільготным. На аўсе яшчэ не абсохла раса. Яна мочыць і халодзіць ногі. Крапіва. [Чалавек] быў па пояс мокры: з ног мачыла збажына, а зверху адзежына правяла. Чорны.
2. Трымаць што‑н. у чым‑н. вадкім, прамочваць, насычаць вадкасцю, каб надаць адпаведныя якасці, уласцівасці. Ля дзвярэй — лаўка, а побач з ёю — цэбар. У ім мачылі дубцы. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жа́хнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Разм. Гучна, з сілай упасці, ударыцца. Жахнуцца аб падлогу.
жахну́цца, ‑ну́ся, ‑не́шся, ‑не́цца; ‑нёмся, ‑няце́ся; зак.
Разм. Прыйсці ў жах, моцна спалохацца. Учора зранку Мікалай Аляксеевіч заглянуў на ферму і жахнуўся. Сена выйшла зусім. Навуменка. // У жаху адхіснуцца. Ад рэзкага свісту паравоза .. [Шагаметаў] жахнуўся, як ад страшэннае навалы, і мімаволі кінуўся ўцякаць. Каваль. Дайшоўшы да месца, .. [чалавек] аж жахнуўся, аж адскочыў назад. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́баўка, ‑і, ДМ ‑баўцы; Р мн. ‑бавак; ж.
1. Тое, што і забава. [Пятро Захаравіч] перагортваў альбом проста так, дзеля забаўкі, але хутка зацікавіўся не на жарт. Краўчанка. Праз нейкі час рыба пачала браць прынаду. Кравец захапіўся гэтай забаўкай. Чорны.
2. Рэч, якая служыць для гульні дзецям, цацка. З гліны пеўнікі-свісткі — Забаўкі для малых. Броўка. Паходня пазіраў то на забаўкі на стале, то на Марынчын твар. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мэ́ндлік, ‑а, м.
Пяць снапоў ячменю, аўса, пастаўленых у кучкі для прасушкі і накрытых распасцёртым снапом зверху. Перад.. [Сцёпкам] раскрываюцца ўсё новыя і новыя рысункі дарогі: лясы, лужкі, мосцікі, пажоўклыя гоні палёў, дзе пападаюцца сям-там яшчэ непрыбраныя мэндлікі аўсоў. Колас. // Тое, што і бабка 2 (у 6 знач.). Досвіткам.. [Густаў] дайшоў да поля, дзе стаялі мэндлікі нязвезенага жыта. Чорны. За лесам жытні палетак, устаўлены мэндлікамі без шапак. Мурашка.
[Ням. Mandel.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нале́ва, прысл.
1. У левы бок; проціл. направа. Паглядзець налева. □ Сава, доўга не думаючы, звярнуў налева і, як птушка, знік на шляху. Пестрак. // На левым баку, з левага боку. Налева пры сцяне відзён быў рог ложка. Чорны. / у знач. прыназ. (у спалучэнні з «ад»). Налева ад парога стаяў доўгі стол. Пестрак.
2. перан. Разм. Не па прамому назначэнню, незаконна.
•••
Направа і налева гл. направа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наўцёкі, прысл.
Бягом, уцякаючы ад каго‑, чаго‑н. Калі Лабановіч паказаўся ў кухні, .. [вучні] кінуліся наўцёкі. Колас. Яшчэ хвіліна, і малады алень адскочыў убок, потым павярнуўся і кінуўся раптам наўцёкі. В. Вольскі. Дзяўчаткі зарагаталі і, падхапіўшы пад рукі сваю меншую сяброўку, пабеглі наўцёкі. Чорны. / у знач. вык. [Алеська:] — Не паспеў падысці да абгарэлай сасны.., а нехта як выскачыць з лесу ды як запляскае. Я — наўцёкі. Ігнаценка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)