прыхі́льнік, ‑а, м.
1. Той, хто прытрымліваецца якіх‑н. поглядаў, ідэй; прыхільна адносіцца да каго‑, чаго‑н.; паслядоўнік. Кангрэс прыхільнікаў міру. Прыхільнікі рамантызму ў мастацтве. □ Іван Дамінікавіч спакваля, ціха адказаў: — Я лепш пераеду вось у гэты дом, — і ён паказаў на прыгожы ансамбль сяміпавярховых будынкаў. — Тут і ванна будзе, і ліфт, і гарачая вада. Адным словам, я не прыхільнік індывідуальнай хутарской гаспадаркі. Хведаровіч.
2. Той, хто выказвае сімпатыі, прыхільнасць да каго‑н.; паклоннік. Насустрач Мечык. Вася Мечык — Яе [Аксаны] прыхільнік, лепшы друг. Гатовы да любых паслуг. Бачыла.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ану́, выкл.
Разм.
1. Выражае заклік ці прымушэнне да дзеяння. — Ану, сып! Палі! — пачаў прытупваць фарсісты салдат, нябачаныя каленцы выкідваць, запрашаючы іншых у круг. Гурскі. — Ты чаго тут? — гневаецца жанчына, пазнаўшы сына. — Ану, вылазь! Гарбук.
2. (у спалучэнні з Р займ. 2 і 3 ас. адз. і мн.). Адпавядае па значэнню словам: «адчапіся», «адвяжыся» і пад. [Ярына:] — Ану цябе, Ігнат! От, як прыстане, дык хоць ты яму кол на галаве чашы. Бажко.
3. (у спалучэнні з часціцай «ж»). Можа быць. Ану ж ды выйдзе што-небудзь.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., каго-што.
1. Абсыпаць з усіх бакоў чым‑н.; пакрыць усяго слоем чаго‑н. сыпучага. Тут вясна асыпала ўсё цветам. Танк.
2. Скінуць лісце, пялёсткі, іголкі і пад.; агаліцца. Асыпаў сад свае пялёсткі.
3. перан.; чым. Шчодра, багата абдарыць чым‑н.; накіраваць на каго‑н. што‑н. у мностве. Асыпаць пахваламі. □ — Тады... я не пайду. Зусім не пайду! — Сказала [Макрына], мяркуючы асыпаць Яўгена іскрамі злосці. Баранавых.
4. безас. Разм. Пакрыць высыпкай, абкідаць (губы, рот, цела).
асыпа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да асы́паць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паце́ха, ‑і, ДМ ‑цесе, ж.
1. Забава, забаўка, весялосць. Бубніць тут човен, ходзіць рэха — Такая хлопцу з ім пацеха! Колас. Саўка стаў задуменным, шкада яму было егера, які прызначаўся для пацехі панам. Гурскі. // Якое‑н. смешнае здарэнне. Гаспадар глядзеў з вясёлай цікаўнасцю.., быццам хацеў сказаць: «Пачакайце, зараз будзе такая пацеха!» Маўр.
2. у знач. вык. Смешна, цікава. — Ой, пацеха! — перабіў .. [дзядзьку] са смехам Пятрусь. — Наскочыў, Цімох? Брыль. Гэта ж хто? Ну вось пацеха!.. Ну няўжо спявае рэха? Шушкевіч.
•••
З ласкі на пацеху гл. ласка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пералама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; заг. пераламі; зак.
1. што. Паламаць напалам, на часткі. Пераламаць палку. // Ударам пашкодзіць, перабіць (пра косці). Пераламаць руку. □ Як баліць спіна, здаецца — яе пераламалі ў паясніцы. Пташнікаў.
2. што. Паламаць усё, многае. Вецер пераламаў усе дрэвы.
3. што. Крута сагнуць. Пераламаць ліст кардону.
4. перан.; каго-што. Перамяніць, зрабіць іншым (характар, звычкі, паводзіны і пад.). Максім з гэтага зрабіў вывад, што Таня і тут патрапіла пераламаць свой характар. Машара. Не знайшлі падыходу к чалавеку, не дапамаглі яму па-сапраўднаму пераламаць сябе. Казлоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перашко́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
З’явіцца перашкодай для каго‑, чаго‑н.; не даць магчымасці здзейсніць што‑н.; не дапусціць чаго‑н. Скончыць інстытут перашкодзіла вайна. □ Цяжкая рана, атрыманая ў баях пад Керчу, перашкодзіла жанчыне застацца ў марскім флоце пасля вайны. Кулакоўскі. Хто перашкодзіць нам прабіць камення грань І долю казачную выткаць? Танк. [Насця:] — У вас тут гамонка, здаецца, вельмі душэўная была. Прабачце, калі перашкодзіла. Мележ. Андрэй Шыбянкоў, цяжка аддыхваючыся, вярнуўся назад з пахмурным выглядам чалавека, якому перашкодзілі зрабіць хоць і жорсткі, але высокасправядлівы ўчынак. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
імпэ́т, ‑у, М ‑пэце, м.
1. Разгон, парывістасць, імклівасць. [Калёсы] коцяцца самі пасля вялікага разгону, і імпэт іх слабее з кожнай хвіляй. Бядуля. — Зірні на ручайкі — з якім імпэтам Яны свідруюць снег, туманах сточаны! Гілевіч. // Гарачы парыў, запал. Працоўны імпэт. □ [Таможнік і жандар] завіхаліся сярод багажу з такой рашучасцю, з такім імпэтам, што нам аж шкада стала: трэба ж нарабіць такога клопату людзям. Лынькоў.
2. Абл. Пах, дух. Калі дзьмуў вецер з поўначы, тут заўсёды пахла смалою, ішоў здаровы лясны імпэт. Чорны. Па хаце расплыўся цяжкі ўдушлівы імпэт атрутлівага самасею. Гартны.
[Ад лац. impetus — парыў, разбег, напор.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заглу́хнуць, ‑не; пр. заглух, ‑ла; зак.
1. Стаць нячутным, заціхнуць. Нейкі камяк зацяў горла, і крык заглух. Хадкевіч. Заглухла цяжкіх бомб выццё. Прануза. // Перастаць працаваць, дзейнічаць (пра матор, рухавік, кулямёт і пад.). Калі матор чмыхнуў і заглух, Каліта высунуўся з люка. Паслядовіч.
2. Стаць занядбаным, закінутым. Сад заглух. Сядзіба заглухла. // перан. Спыніць развіццё, зачахнуць. — Заглухнеш ты тут, звянеш без часу. Хадкевіч.
3. перан. Загаснуць, прытупіцца, забыцца (пра пачуцці, думкі і пад.). А памяць аб Раманчыку так і заглухла, і толькі я цяпер успамінаю яго. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́трасці, ‑трасу, ‑трасеш, ‑трасе; пр. вытрас, ‑сла; зак., што.
1. Трасучы, высылаць, выкінуць што‑н. Вытрасці траву з мяшка. □ Развязан куль. Тут гоман, смех, І рыбу вытраслі на снег. Колас. // Згубіць. [Марынчук:] — Кісет з махоркай прапаў. Ці я вытрас яго ўчора, ці ўкраў хто... С. Александровіч.
2. Трасучы, ачысціць ад чаго‑н. Вытрасці пыл з коўдры. Вытрасці дыван. / у перан. ужыв. [Каваль:] — Мы з табой заўтра пагаворым? Я з цябе гэтую чумакоўшчыну вытрасу! Савіцкі.
•••
Вытрасці душу (дух) — а) змучыць дарогай; б) надакучыць каму‑н. кпінамі, сваркай, скаргамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
глуш, ‑ы, ж.
1. Густа зарослы ўчастак лесу. Перасяляюцца штодня з глушы Лясной К нам ліпы ў мінскія алеі. Астрэйка. Пайшоў мядзведзь па лесе, Далёка ў глуш залез.. Журба.
2. Аддаленае ад паселішчаў пустыннае месца. А раней тут была глуш. Шэсцьдзесят кіламетраў трэба было ехаць на балаголы, каб трапіць на адну з бліжэйшых чыгунак. Ермаловіч. // Аддалены ад культурных цэнтраў населены пункт; захалусце. Дзяцінства і юнацтва Змітрака Бядулі прайшлі ў вясковай глушы. Каваленка.
3. Позняя, глухая пара; цішыня. Глуш начы разлеглася шматвёрстая, Не чуваць гамонкі анідзе. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)