праектава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. Распрацоўваць праект (у 1 знач.). [Пётр] у гэты час працаваў над дыпломным праектам — праектаваў дарогу з усімі неабходнымі пабудовамі. Шамякін.

2. і з інф. Мець намер, збірацца зрабіць што‑н. [Касперскі:] Чуў я, што праектуеце новы млын рабіць і электрастанцыю пры ім, дык добра было б, каб хоць даць святло ў цагельню. Гурскі.

праектава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. У матэматыцы — адлюстроўваць на плоскасці прасторавыя фігуры, чарціць праекцыю (у 1 знач.).

2. Спец. Перадаваць на экран праекцыю (у 2 знач.), павялічанае адлюстраванне чарцяжоў, фотаздымкаў, кінакадраў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапе́ць, ‑пяю, ‑пяеш, ‑пяе; ‑пяём, ‑пеяце; зак., што.

1. і без дап. Утварыць голасам музычныя гукі, выканаць голасам музычны твор. Прапець гімн. Прапець мелодыю. // Вымавіць нараспеў. Дзяўчына тым часам зусім супакоілася і з какецтвам прапела: — Малады чалавек, дазвольце ваш галаўны ўбор і паліто! Карпюк. // Утварыць пявучы гук (гукі). Прапелі пеўні галасіста. Даўно мінуў паўночны час. Танк. // Праляцець з пявучым гукам. Першая куля прапела над галавою, збіўшы з хвоі кару. Лупсякоў.

2. Разм. Страціць голас ад спявання. Прапець голас.

3. і без дап. Пець некаторы час. Прапець увесь вечар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прасла́віць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць зак., каго-што.

1. Зрабіць вядомым, славутым. — У часе вайны з фашысцкай Германіяй многія выхаванцы нашай школы праславілі сябе гераічнымі подзвігамі. Мікуліч.

2. Стварыць каму‑, чаму‑н. славу, папулярнасць, адлюстраваўшы ў мастацкім ці якім‑н. іншым творы. Праславіць у вершах народ. □ Я хачу праславіць у магутным гімне Дзень камунізма залаты. Танк. Ідэю падказала само жыццё і рэвалюцыйнае сумленне паэта: праславіць рыбацка-сялянскае паўстанне над Нараччу і гэтым самым узняць дух барацьбы ва ўсёй Заходняй Беларусі. У. Калеснік.

3. Іран. Распаўсюдзіць пра каго‑н. нядобрым звесткі, плёткі; абняславіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прына́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прынаджваць — прынадзіць.

2. Тое, чым прынаджваюць птушак, рыб, жывёл. Пад паплаўком, у тым таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася ўжо далікатная прыгажуня плотка. Брыль. Цяпер зайцы ў лясах гуляюць, Іх упалюеш без прынады. Колас. // Тое, што прыцягвае, прываблівае. Высокі ясень — прынада для птушак, і яны ляцяць з-за канала, з лясных і балотных гушчынь. Пестрак. [Гунава:] — Я гатовы паручыцца галавой, што праз гадзіну .. [салдаты] будуць тут. Х-хэ! Дымок над страхой — нядрэнная прынада. Самуйлёнак. Каханне — лёгкая прынада Для сэрцаў чуткіх, маладых. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлята́цца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да разляціцца.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Развявацца, аплятаць у бакі ад павеваў ветру і пад. Мужчына, што ішоў побач з Бялькевічам, увесь час адкідваў рукою чорныя валасы, а яны разляталіся і падалі на лоб ад хуткай хады. Савіцкі. Толя крадком, міжвольна зірнуў .. [Людзе] услед, — на светлы плашчык, што разлятаўся над загарам быстрых ног у басаножках, якія тапталі густую, нізкую траву. Брыль.

разлята́цца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Пачаўшы лятаць, захапіцца лятаннем, палётамі; разлётацца. Ластаўкі разляталіся перад дажджом.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Даваць магчымасць упасці, скаціцца таму, што аддзялілася, адарвалася. Ходзіць [Стася], слёзы раняе цяжкія, як шрот. Куляшоў. Лазняк раняў буйныя кроплі на мокры пясок. Няхай. // Пазбаўляцца чаго‑н., скідаць (лісты, спелыя плады і інш.). На дол хваёвы ігліцы Раняе бор. Пустэча скрозь. Прыходзька. / у перан. ужыв. У дубах крычаць сіваваронкі, І свіст над лугам рэзкі, звонкі Каршун маркотна так раняе І нейкі смутак закідае. Колас.

2. перан. Прыніжаць, траціць. Ды і як .. [Аўгіні], так ганебна .. выгнанай, было варочацца, кланяцца... [Васілю], раняць перад ім свой жаночы гонар? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раўні́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны да рэўнасці; ахоплены рэўнасцю, недавер’ем. Сустрэчы з Васілём і чакала [Ганна] і баялася: ведала, які раўнівы, асабліва да Яўхіма. Мележ. // Які выяўляе рэўнасць. Раўнівы погляд.

2. Выкліканы рэўнасцю, недавер’ем. У Леаніда ўзнікла раўнівае падазрэнне — а можа.. [Аля] ужо астыла да яго, можа гэтае спатканне ўжо не ў радасць? Мележ. На хвіліну ў .. сэрцы [Гелены] абудзілася раўнівая жаночая злосць, але яна адразу справілася. Караткевіч. // Напоўнены зайздрасцю, выкліканы бояззю перавагі каго‑н. над сабой. За ім ішлі старыя касцы, і на іх тварах Андрэй прачытаў раўнівае жаданне не адстаць ад яго. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салаўі́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да салаўя (у 1 знач.), належыць яму. Салаўіны пошчак. □ Плыве салаўіная песня, Ноч зорная спіць у гаі. Ляпёшкін. Ліся, шчаслівая Ноч салаўіная, Покуль каханы са мной. Карызна. // Які з’яўляецца месцам, дзе жывуць салаўі. Салаўіны гай, густы і цёмны, Многа бачыў радасці і слёз. Бялевіч.

2. Уласцівы салаўю; такі, як у салаўя. Пад мурог-мяжою, над калыскай сына Спевам салаўіным Песню папявала [жняя]. Глебка. Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, з косамі, як чысты лён. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

святкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.

Адзначаць, спраўляць свята (у 1 знач.); урачыста адзначаць якую‑н. падзею, які‑н. знамянальны дзень. Святкаваць Новы год. □ Набліжалася свята Кастрычніка. Кожны ўспамінаў, як ён летась святкаваў гэты дзень у сябе дома, як маці вешала чыстыя фіранкі, засцілала накрухмалены кужэльны абрус, пякла смачныя пірагі. Грахоўскі. У Мядзведзічах святкавалі зімняга Міколу. Крапіва. // Арганізоўваць банкет і пад., весяліцца з прычыны якой‑н. падзеі. [Максім:] — Праўда, святкаваць наваселле думаў крыху пазней, калі ў хаце ўсё да ладу будзе прыведзена. Шамякін.

•••

Святкаваць перамогу — браць верх над кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сенса́цыя, ‑і, ж.

1. Моцнае ўражанне ад якой‑н. падзеі, якога‑н. паведамлення. Артыкул выклікаў сенсацыю. □ Астэроід зрабіў сапраўдную сенсацыю ва ўсім свеце. Буржуазная прэса дайшла да таго, што пачала сцвярджаць, быццам услед за ім павінны з’явіцца метэоры значна большых памераў. Гамолка.

2. Падзея, паведамленне, якія выклікаюць такое ўражанне. Газетныя сенсацыі. □ [Шахрай:] — Браты-газетчыкі празвалі мяне каралём інфармацыю. А гэты кароль празяваў самую вялікую сенсацыю. Васілёнак. Амерыканскі друк падкі на сенсацыю, і ў пагоні за навінамі газеты часта прыўзнімаюць заслону над тым, што да пары да часу амерыканскія і некаторыя іншыя дыпламаты стараюцца замоўчваць. Новікаў.

[Фр. sensation ад лац. sensus — пачуццё, адчуванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)