абакра́сці, ‑краду, ‑крадзеш, ‑крадзе; зак., каго-што.

Тайна забраць чужое; зрабіць пакражу. // перан. Несумленным спосабам пазбавіць каго‑н. якіх‑н. духоўных каштоўнасцей. І калі яшчэ не пакаралі — Пакараем той крывавы зброд, Тых, што чалавецтва абакралі На мільёны год. Панчанка. Анатоль Сяргеевіч, якога ўсе паважаюць, абакраў яе [Алёнчына] сэрца, забраў нешта дарагое, жаданае. Пянкрат.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рызыко́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з рызыкай, напоўнены рызыкай. Самая цяжкая ўсё-такі служба ў парашутыстаў-дэсантнікаў. Мужная, смелая. І рызыкоўная. Хомчанка. Доўнар ведаў, што яшчэ маладым інжынерам Пазняк пайшоў на рызыкоўную падпольную работу ў тыле ворага. Дуброўскі.

2. Непрыстойны, двухсэнсоўны. Нявеста сарамліва апускала вочы, калі п’яныя, аўдавелыя маладзіцы спявалі рызыкоўныя прыпеўкі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саламя́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да саломы. Саламяны стог. Саламяны пыл. // Зроблены з саломы. Саламяны капялюш. Саламяная страха. // Набіты саломай. Саламяны сяннік.

2. Светла-жоўты, колеру саломы. У блакітных вачах [Якуба], што сядзелі глыбока пад колкімі саламянымі бровамі, усё яшчэ жыла незадаволенасць сынам. Савіцкі.

•••

Саламяная ўдава гл. удава.

Саламяны ўдавец гл. удавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

своекары́слівы, ‑ая, ‑ае.

Які клапоціцца толькі аб сабе, дбае пра ўласную выгаду; карыслівы. Своекарыслівы чалавек. □ У літаратуры нярэдка здаралася, што ў процівагу ідэальнаму герою паказваўся нядрэнны працаўнік, але не без заган: то своекарыслівы, то круты ў сям’і, то яшчэ з якой-небудзь хібай. «Полымя». // Заснаваны на асабістай выгадзе, карысці. Своекарыслівыя мэты. Своекарыслівы разлік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́дня, ‑і, ж.

Разм. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. сядзець. Мы яшчэ не сагрэліся пасля седні ў ельніку, і цяпер у нас ні ў кога не трапляў зуб на зуб. Пташнікаў. Зноў маладзік з нябеснай седні Прасунуў рожкі праз вазон, І пахне ноч духмяным сенам, І сніцца добры даўні сон... Камейша.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бяздзе́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не можа мець дзяцей, бясплодны. У Эмы няма цяпер пакойчыка з асобным ходам, яна жыла ў нейкіх пенсіянераў, пры якіх быў яшчэ жанаты сын з бяздзетнаю жонкай. М. Стральцоў.

2. Які не мае сваіх дзяцей. Смяюха — гэта жанчына гадоў пад шэсцьдзесят, бяздзетная і замужам ніколі не была. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бязлю́дны, ‑ая, ‑ае.

Ненаселены або маланаселены. Толькі свае песні спявае.. [лясны жаваранак] у бязлюдных мясцінах, дзе рэдка бывае чалавек, і мала хто чуе іх. Колас. // Такі, дзе не відаць або няма ў дадзены момант людзей. Сяргей пакрочыў у бок калгаснага двара пакуль што яшчэ бязлюднай вуліцай. Шахавец. Бязлюдная лясная дарога была зусім ціхая. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вадзяні́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўтрымлівае многа лішняй вады, вільгаці. Вадзяністая бульба. Вадзяністыя ягады. // Які звадзянеў; які ператварыўся ў ваду. Вадзяністае чарніла. □ Будзе вясна. Хоць адвячорак у пушчы яшчэ ўсё як быццам зімовы. З рэшткамі хлюпкага, вадзяністага снегу. Брыль. // Які стаў рэдкім, падобным на ваду. Вадзяністы клей.

2. Бясколерны, бялёсы. Вадзяністыя вочы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завя́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. завяў, ‑вяла; зак.

1. Страціць свежасць; засохнуць, звянуць. Кветкі завялі. □ Час ад часу на дарозе трапляліся паваленыя дрэвы, на якіх яшчэ нават не паспеў завянуць зялёны ліст, — відаць, яны ўпалі зусім нядаўна. Краўчанка.

2. перан. Страціць жывасць, свежасць; паблякнуць. Прытухнуць ад слёз ясны вочы, Завяне, паморшчыцца твар. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыго́жасць, ‑і, ж.

Тое, што і прыгажосць (у 1–3 знач.). [Аксіння:] — І паглядзець на яе — вока радуецца: стройная дзяўчына, і прыгожасці ў меру, і здароўем не пакрыўджана. Лынькоў. Сонца яшчэ не было, але адчувалася, што вось-вось пырснуць яго першыя промні і ўсё навокал заззяе тысячамі колераў, захапляючы сваёй казачнай прыгожасцю. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)