Печары́ца ’шампіньён, Agaricus campestris L.’ (Нар. Гом.), пычуры́ца, пэчэры́ца, пэчуры́ца ’тс’ (стол., пін., Жыв. сл.), печурыца ’тс’ (Нас.; Растарг.; добр., брагін., Мат. Гом.; стол., Сл. Брэс.), печуры́ца і пячу́рка ’тс’ (уздз., Нар. словатв.), печэры́ца ’тc’ (ТС). Укр. печери́ця, печа́риця, рус. печери́ца, печери́ка, печурица, печерка ’тс’, польск. pieczarka ’грыб, які вырас у пячоры’ (Брукнер, 407), pieczarka, pieczarek pieczorynki ’шампіньён’, чэш. pečárka, pečurka, pekarka, pečirka, pečírek, славац. pečiarka, pečarka, pičurka ’розныя віды шампіньёна’, славен. pečȗrka, pečurica ’грыб’, серб.-харв. пѐчурка, пѐчурица ’тс’, ’шампіньён’, макед. печурка ’грыб’, балг. печу́рка ’шампіньён’. Прасл. *pečerъka/*pečerica/*pečura (Мяркулава, Этимология–1964, 95–96). Этымалогія лексемы не зусім ясная. Звычайна мяркуюць пра паходжанне лексемы ад дзеяслова *pekti (Міклашыч, 235; Фасмер, 3, 256; Машынскі, O sposobach, 120–121, які ў пацвярджэнне гэтага зазначае, што “яшчэ і зараз славянскія пастухі, знайшоўшы на пашы шампіньёны, пякуць іх, нанізаўшы на дубец, над агнём”). Супярэчыць гэтаму і наяўнасць у гэтым слове ва ўсіх славянскіх мовах гука č, што прадугледжвае першаснае k, а не ‑kt‑. Махэк₂ (441) мяркуе, што слова узнікла ў выніку намінацыі выразу накшталт pečena turova — такая назва бытуе ва украінскіх Карпатах: турова печеня, праўда, для іншага грыба (ЛБ, 1956, 6, 13). Для пацвярджэння паходжання лексемы з *pekti М. Майтанава (Slsl. 5, 1970 (1), 71) прыводзіць славац. biela huba na pečenie. На карысць такой этымалогіі прамаўляюць некаторыя сінанімічныя назвы: укр. печериця висока ’грыб-парасон, Lepiota procera (Scop.) Quel’, яшчэ называецца пряжівка (у Карпатах) < пряжити ’смажыць’, ці палес. пажа́рак, пажа́рки, а таксама варыянт з метатэзай да печерицячепериця ’шампіньён’, ’грыб увогуле’, шырока прадстаўлены ва Украіне, у Венгрыі, Румыніі і на балгарскай і сербскахарвацкай тэрыторыях (гл. Непакупны, Связи, 36–41).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

агу́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ажыццяўляецца ўсімі, у якім усе ўдзельнічаюць. Агульная справа. □ — Хлопцы, дзяўчаты, давайце танцаваць! Агульныя танцы! — камандаваў Андрэй. Дуброўскі.

2. Які належыць усім (пэўнай групе, калектыву); калектыўны. Дубейка пахадзіў па парабках, гаворачы, што трэба заводзіць агульную гаспадарку. Скрыган. Калгасны свіран, ну, як сонца, Святлее беллю сваіх сцен. А паглядзіце на гуменца — Прад ім старыя гумны — тлен. Прасторна, светла ў ім, утульна. Зірнеш — каўказская гара. А колькі зложана дабра. То — ўсё калгасны скарб агульны. Колас. // Прызначаны для сумеснага карыстання. Агульная кухня. □ Было некалькі агульных пакояў, дзе ў вольны час’заўсёды шмат збіралася людзей. Чорны.

3. Які аб’ядноўвае ўсіх у якую‑н. групу, калектыў; сабраны ў адно цэлае. Агульны сход. Агульны збор.

4. Аднолькавы, уласцівы каму‑н. адначасова з іншым (іншымі); той самы для аднаго і другога (другіх). Агульная задача. Агульная мэта. □ Дзед Талаш палічыў сваім абавязкам не пакідаць Букрэя і партызан, і ён цвёрда пастанавіў падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы інтарэсам агульным. Колас. Доўга яшчэ не спалі ў зямлянцы, успаміналі даваенныя дні, колішнія сустрэчы, агульных знаёмых. Лынькоў. У Данусі і ў радысткі я знаходзіў штосьці агульнае. Карпюк. Розніца эпахальная! Але пры гэтай гістарычнай розніцы агульным паміж паэтамі [Міцкевічам і Купалам] было тое, што яны жылі інтарэсамі народа. Палітыка. / у знач. наз. агу́льнае, ‑ага, н. Шмат агульнага маюць яны [навелы] з фальклорнымі казкамі. Казека.

5. Які ахоплівае ўсіх і ўсё, пашыраецца на ўсіх і на ўсё навокал. Агульнае правіла. Агульныя недахопы. □ Так, бяда наша агульная, і выбрацца з яе нялёгка, — загаварыў адзін камандзір. Новікаў. Да агульнага страху за хлопцаў і да гордасці імі ўпляталася.. няўпэўненасць у тым, што і цяпер у іх нешта выйдзе. Брыль. // Які распаўсюджваецца на ўвесь арганізм. Агульная паўза сэрца.

6. Які не мае спецыяльнага прызначэння. Агульны вагон. Агульны стол. Агульная адукацыя. □ — Нічога, — сказала маці. — Набудзе ў ізалятары дзень, а потым у агульны цялятнік пусцім [цялушку]. Яна ж амаль здаровая ўжо. Даніленка.

7. Увесь, у поўным аб’ёме, сукупны. Агульны аб’ём вытворчасці. Агульная плошча пасеваў. □ Гэта быў напрамак галоўнага ўдару. Ад удачы тут залежаў агульны поспех аперацыі. Шамякін.

8. Які датычыцца асноў чаго‑н. Агульны курс матэматыкі.

9. Які ўспрымаецца ў цэлым, без уліку дэталей, дробязей. Агульнае ўражанне. Агульны ход падзей. Агульны план экспедыцыі. □ Было яшчэ невялікае дапаўненне да агульнага малюнка: некаторыя хаты стаялі з павыбіванымі вокнамі і знятымі з крукоў сенечнымі дзвярыма. Чорны. // Галоўны, вызначальны, асноўны. Агульная накіраванасць твора. Агульны напрамак дзейнасці.

10. Схематычны, павярхоўны, неканкрэтны. Агульныя распараджэнні. Агульныя апісанні. □ Надзя суцяшала як магла, але сама адчувала, што ўсе гэтыя суцяшэнні, супакаенні былі такімі агульнымі, такімі ўмоўнымі, што яна і сама ў іх не верыла. Лынькоў.

•••

Агульны рынак гл. рынак.

Агульнае месца гл. месца.

(Знайсці) агульную мову гл. мова.

Прывесці да агульнага назоўніка гл. прывесці.

У агульных рысах гл. рыса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

треща́ть несов.

1. в разн. знач. трашча́ць;

лёд трещи́т лёд трашчы́ць;

пол трещи́т падло́га трашчы́ць;

моро́з треща́л маро́з трашча́ў;

в траве́ треща́ли кузне́чики у траве́ страката́лі ко́нікі;

песо́к треща́л у него́ на зуба́х пясо́к трашча́ў у яго́ на зуба́х;

ко́фточка трещи́т по швам ко́фтачка трашчы́ць па швах;

треща́ли автома́ты трашча́лі аўтама́ты;

голова́ трещи́т галава́ трашчы́ць;

2. перен. (говорить быстро, много, не умолкая), разг. трашча́ць, лапата́ць;

за уша́ми трещи́т аж нос у пры́сядкі гуля́е (ідзе́); аж ву́шы трашча́ць;

у́ши треща́т ву́шы трашча́ць;

треща́ть по всем швам трашча́ць па ўсіх швах.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

круг, -а, М кру́зе, мн. кругі́, -о́ў, м.

1. Частка плоскасці, абмежаваная акружнасцю, а таксама сама акружнасць.

2. Круглы ўчастак якой-н. паверхні.

3. Прадмет, падобны па форме на круг ці кола.

Выратавальны к.

4. перан., чаго. Пра замкнуты ланцуг дзеянняў, спраў, працэсаў, якімі завяршаецца што-н.

Завяршыць першы к. шахматнага спаборніцтва.

5. перан., чаго. Тое, што і кола (у 4 знач.).

К. дзейнасці.

6. каго або які. Сукупнасць, група людзей з агульнымі інтарэсамі, сувязямі; кола (у 5 знач.).

К. знаёмых.

Сямейны к.

7. Больш далёкі, абходны шлях, дарога і пад. (разм.).

Пайшоў не той сцежкай і зрабіў вялікі к.

Кругі пад вачамі ў каго — сінякі пад вачамі ў каго-н. ад хваробы, стомы, бяссонніцы.

Кругі перад вачамі (у вачах) — цямнее ў вачах ад слабасці, стомы і пад.

На круг (разм.) — па прыблізных падліках.

|| памянш. кружо́к, -жка́, мн. -жкі́, -жко́ў, м. (да 1—3 знач.).

|| прым. кругавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.) і кружны́, -а́я, -о́е (да 7 знач.).

Кругавыя працэсы.

Кружная дарога.

Кругавая абарона — лінія абароны, якая ўтварае замкнуты ланцуг вакол якога-н. пункта.

Кругавая парука

а) адказнасць усіх за кожнага і кожнага за ўсіх;

б) узаемнае ўкрывальніцтва, узаемная выручка ў нядобрых справах.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адзна́ка, ‑і, ДМ ‑знацы, ж.

1. Метка, знак, пастаўлены з мэтай абазначыць што‑н., паказаць на што‑н. Адзнака на дрэве. Адзнака на карце. // Запіс, штамп і пад., якія сведчаць што‑н. — Адзінае, што я магу зрабіць, — сказаў .. [дзяжурны па станцыі], разглядаючы паперкі, — гэта адзнаку аб прычынах затрымання грузу. Самуйлёнак. [Паліцай:] — Бачыце, бачыце, пан афіцэр, тут [у кнізе запісу хворых] ёсць свежыя адзнакі аб выпісцы. Лынькоў. // Прадмет, які служыць умоўным абазначэннем чаго‑н. Тры стужкі — адзнакі аб раненнях, ордэны і медалі на гімнасцёрцы самі сабой сведчылі аб яго шляху ў гады вайны. Хадкевіч. // Знак, які астаўся пасля чаго‑н. на якой‑н. паверхні; след. Абапал дарог усюды віднеліся адзнакі нядаўніх баёў — чорныя варонкі, скарэжаныя машыны. Мележ. Дзе была запляснелая сінь, Там няма і адзнакі балота. Глебка.

2. Знак, прыкмета, акалічнасць, паводле якіх можна пазнаць, вызначыць што‑н. Адзнакі хваробы. □ І вось яно выхадзілася, выстаялася гэтае новае жыццё, набыло такія адзнакі, па якіх відаць было, што стаяць яму назаўсёды. Лынькоў. Прывычка гаварыць сам з сабой у некаторых ёсць адзнака блізкай ці сапраўднай старасці. Чорны. // Прыкмета, акалічнасць, якая прадвяшчае, прадказвае што‑н. Гадавалі вока дружныя ўсходы яравых; па ўсіх адзнаках, ураджай павінен быць добры. Гурскі.

3. Асаблівасць, рыса, якімі асоба, прадмет і пад. адрозніваюцца ад іншых асоб, прадметаў і пад. — Пад языком у.. [сакаляняці] знаходзіцца зубец — характэрная адзнака ўсіх сокалаў, — гаворыць Лёня. В. Вольскі. Разам з тым.. [Крапіва] дбайна збярог і традыцыйныя ўласцівасці, традыцыйныя адзнакі баечнага жанру. Казека.

4. Агульнапрынятае абазначэнне ступені ведаў і паводзін навучэнцаў. Жарынку не зацікавіў па-сапраўднаму ні адзін прадмет, ёй было ўсё роўна, што вучыць, абы атрымаць добрую адзнаку. Шыцік. Гартаючы сшыткі, Святлана прыкмеціла, што ў іх было многа добрых і выдатных адзнак. Шахавец.

5. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад. Маці беражна з хусцінкі Зорку з гонарам вымала. — Бацька твой — баец славуты, Гэта бацькава адзнака. Броўка.

•••

Дыплом з адзнакай гл. дыплом.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пункт м.

1. в разн. знач. пункт;

назіра́льны п.воен. наблюда́тельный пункт;

перагаво́рны п. — перегово́рный пункт;

асно́ўныя ~ты дакла́да — основны́е пу́нкты докла́да;

кульмінацы́йны п. — кульминацио́нный пункт;

2. то́чка ж.;

п. перасячэ́ння дзвюх прамы́хмат. то́чка пересече́ния двух прямы́х;

п. апо́ры — то́чка опо́ры;

п. замярза́нняфиз. то́чка замерза́ния;

зыхо́дны п. — исхо́дная то́чка;

3. (место) то́чка ж.;

гандлёвы п. — торго́вая то́чка;

агнявы́ п. — огнева́я то́чка;

мёртвы п.физ., тех. мёртвая то́чка;

насе́лены п. — населённый пункт;

п. по́гляду (гле́джання) — то́чка зре́ния;

зру́шыць з мёртвага ~ту — сдви́нуть с мёртвой то́чки;

на пу́нкце замярза́ння — на то́чке замерза́ния;

па ўсіх ~тах — по всем статья́м

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

вы́явіць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., каго-што.

1. Знайсці, адшукаць; заўважыць. Ноччу пры святле ракет гітлераўцы яшчэ раз прачасалі ўчастак паўднёвых варот, але, як і першы раз, нікога не выявілі. Лупсякоў. Не пакідаць жа хлопца ў лесе або ў чужых людзей, дзе яго лёгка маглі б выявіць. Колас. // Выкрыць што‑н. Выявіць злачынства. □ [Свірыд] толькі што зрабіў вялікую шкоду і баіцца, каб яго не выявілі. Сабаленка.

2. Праявіць, выказаць якую‑н. скрытую якасць, уласцівасць. Выявіць талент. Выявіць спрыт. □ Навічок, калі яго абступіла дзетдомаўская дзетвара, адразу выявіў свой характар. Васілевіч. // Разм. Паказаць сябе. Сцёпка адчуваў патрэбу выявіць сябе хоць чым-небудзь у гэтую ноч. Колас.

3. Вызначыць па якіх‑н. прыкметах; высветліць. Выявіць запасы карысных выкапняў. Выявіць падрыхтоўку вучняў. // Бясспрэчна даказаць што‑н., выкрыць. У дакладзе.. Грышка выявіў прычыны ўсіх вясковых бед. Чорны.

4. Разм. Выпісаць, выключыць са складу. Выявіць кватарантаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адно́сіны, ‑сін; адз. няма.

1. Характар паводзін, абыходжання каго‑н. з кім‑, чым‑н. Выхаваць сацыялістычныя адносіны да сродкаў вытворчасці. □ Дзіўнымі былі адносіны Максіма да Машы. Шамякін. Дзеці нейкім сваім дзіцячым пачуццём разбіраюцца ў шчырасці дарослых, у адносінах іх да сябе. Васілевіч. // Погляд на што‑н., разуменне чаго‑н. Камуністычныя адносіны да працы.

2. Сувязі паміж людзьмі, пэўнымі групамі ці краінамі, якія ўзнікаюць у працэсе іх дзейнасці, суіснавання. Дыпламатычныя, гандлёвыя, эканамічныя адносіны. Адносіны паміж настаўнікамі і вучнямі. Таварыскія адносіны.

3. Узаемная сувязь, залежнасць з’яў або іх кампанентаў. Адносіны прычыны да выніку. Пытанне аб адносінах свядомасці да матэрыі.

4. Дачыненне да каго‑, чаго‑н., сувязь з кім‑, чым‑н. І прозвішча яго — Дарожка — ніякіх адносін, здаецца, да дзятлаў не мае. Якімовіч.

•••

Ва ўсіх адносінах — з любога пункту гледжання.

У адносінах да каго, чаго — ужываецца ў якасці прыназоўніка са значэннем напрамку дзеяння.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кабіне́т, ‑а, М ‑неце, м.

1. Рабочы пакой у доме, кватэры. Як пісьменнік працуе над словам? Звычайна адбываецца гэта ў цішыні кабінета, за зачыненымі дзвярамі. Шкраба. // Службовае памяшканне ва ўстанове, на прадпрыемстве для адказнага работніка. Кабінет старшыні. □ Кабінет Ніны Іванаўны, дырэктара дзіцячага дома, быў квадратным з адным шырокім акном на паўднёвы ўсход. Васілевіч. Начальніка цэха, які.. ўсіх навічкоў прымаў асабіста, .. [Міхал і Лёдзя] знайшлі ў кабінеце. Карпаў.

2. Спецыяльнае памяшканне, абсталяванае для заняткаў, працэдур (у навучальных і навукова-даследчых установах, паліклініках і пад.). Хімічны кабінет. Рэнтгенаўскі кабінет. Кабінет мовы і літаратуры.

3. Урад у некаторых дзяржавах (Індыі, Аўстраліі і інш.), які складаецца з міністраў. Змена кабінета.

4. У Расіі 18 — пачатку 19 ст. — назва некаторых урадавых устаноў (асабістай канцылярыі цара, кіраўніцтва гаспадарчымі і фінансавымі справамі царскага двара). Кабінет яго вялікасці.

•••

Кабінет міністраў — тое, што і кабінет (у 3 знач.).

[Фр. cabinet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і здале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. з інф. Быць у стане зрабіць, выканаць што‑н. [Таня] ведала; каб яна здолела расказаць усё шчыра бацьку, ёй адразу было б лягчэй, яна адразу адчула б сябе дома. Шамякін. Вее крыл узмах На прасторы сінім, Мы пракласці шлях Здолеем, асілім. Пушча.

2. з інф. Атрымаць магчымасць зрабіць што‑н. пры пэўных абставінах. Цяпер, стоячы над калонамі людзей, чалавек здолеў сказаць моцныя словы пра задачы і патрэбы ўсіх тых, што сабраліся тут. Чорны. — У нас сёння на які сеанс білеты? На дзесяць трыццаць? Ну дык вось, я не здолею пайсці. Васілёнак.

3. каго-што. Адолець, асіліць, змагчы. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. // перан. Цалкам завалодаць (пра фізічны стан). У палатцы пад ялінай Сон здалеў, схіліў Марата, Задрамаў, заснуў хлапчына. Шушкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)