папыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Задаць каму‑н. пытанне, каб даведацца пра што‑н. — Калі не памыляюся, Сцяпан Захаравіч Белавус? — няўпэўнена папытаўся я. Гурскі. Вэня.. запрасіў Любу сесці,.. папытаўся, як здароўе, пагаварыў. Чорны.

2. Папрасіць дазволу на што‑н., звярнуцца з якой‑н. просьбай. Камісара да іхняга ганку Мы прынеслі на ранку. Для яго папытаўся вады я, — У нас яна выйшла. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паску́днік, ‑а, м.

Разм. груб. Той, хто робіць гадасці, паскудства. — Як бы гэта лёгка было жыць на зямлі, каб за кожнае паскудства паскуднік чакаў немінучай кары. Караткевіч. — А зараз, выходзіць, я вінаватая, што той паскуднік, бацька маёй дарагой дачушкі, гэтак зганьбіў усё і ўцёк, як шкодны кот. Радкевіч. // Ужываецца як лаянкавае слова. [Ладымер:] — Што ты робіш, паскуднік! Лом у садзе ты пазбіраў? Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасмакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

1. што. Папрабаваць на смак, пакаштаваць. Потым.. [Апанас] узяў лыжку, пасмакаваў боршч. Савіцкі. Людзі пасмакуюць тое пойла, ды шусь міску пад плот. С. Александровіч. // Са смакам з’есці што‑н. Добра было спакваля, не спяшаючыся, пасмакаваць тую лусту. Даніленка.

2. Смакаваць некаторы час. Паверыў Вэня ці не, Сашка не цікавіўся дазнацца, яму важна было пасмакаваць рамантычныя дэталі падзей. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пастале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць сталым; памужнець. Цяпер Ліда пасталела і трымалася ў адносінах да настаўніка стрымана і нават як бы трохі холадна. Колас. Леташнія васьмікласнікі сталі дзевяцікласнікамі. Пасталелі, паразумнелі. Пачалі больш сур’ёзна ставіцца да ўсіх пытанняў школьных і жыццёвых. Дубоўка. Што за карысць, што малады і прыгожы, калі кручаны і невядома калі пасталее. Чорны. Я дарос, пасталеў на вайне. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасця́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Сцягнуць усё, многае або ўсіх, многіх. К вясне .. паразбіралі хаты і пасцягвалі бярвенне к дарозе. Чорны. — Узяў ён на рукі тое дзіця мёртвае і не бачыць, куды ісці... Ідзе і на дамы, на слупы натыкаецца, бы ўсё адно сляпы... Мы аж пілоткі з галоў пасцягвалі... Сачанка. Гэтым дротам чырвонаармеец пасцягваў дзіркі ў абодвух чаравіках. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пахвальба́, ‑ы, ж.

Разм.

1. Выхваленне сваімі справамі, учынкамі і пад.; самахвальства. Сцяпану хацелася расказаць дзяўчыне, што вось ён толькі што ўратаваў ад смерці дзіця.. Але ён баяўся, каб гэта не прагучэла пахвальбой, і змаўчаў. Шамякін.

2. Тое, што і пахвала. [Коля] мог абсачыць за суткі шырокі круг мясцовасці, .. вярнуцца яшчэ загадзя ў атрад і выслухаць пахвальбу і падзяку камандзіра. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашто́вы, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з поштай, з перасылкай пісьмаў, пасылак, грошай і пад. Паштовая сувязь. Паштовае агенцтва. □ Мне трэба .. напісаць пісьмо аднаму чалавеку, але я не ведаў, ці ёсць там у іх паштовае аддзяленне, ці трэба пісаць на горад. Чорны. // Прызначаны для адпраўленняў па пошце (пісьмаў, пасылак і пад.). Паштовыя маркі. Паштовы поезд. Паштовая скрынка. // Які абслугоўвае пошту. Паштовы служачы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паясне́ць, ‑ее; зак.

Стаць ясным, яснейшым. Нарэшце на ўсходзе за гарамі паявілася нешта затоена-светлае, паяснеў гарызонт, горы ў сіняй смузе яшчэ больш пачарнелі. Хомчанка. / у безас. ужыв. Пакуль узыйдзе месяц, яшчэ цёмна з вечара. А калі паяснее — там будзе ўжо лес, не гэтакая голая мясцовасць. Чорны. У галаве Каваля паяснела. Яму раптам блізка да сэрца прыйшоўся гэты худы хлапчук. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сква́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

1. што. Пячы на агні (пра сала і пад.). [Сабастыяніха] скварыла сала на вялікай скаварадзе. Чорны.

2. што. Запраўляць сквараным салам. Скварыць кашу.

3. перан.; каго-што і без дап. Апякаць прамянямі, паліць (пра сонца). Няшчадна скварыла сонца. □ На ясным блакіце зрэдку паказваліся белыя хмурынкі, але да паўдня рассейваліся, і сонца проста скварыла ўсё жывое. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скра́дваць, ‑ае; незак., што.

Рабіць невыразным, неадчувальным, непрыкметным. Таксама была ў .. [Саханюка] яшчэ адна загана, загана вымаўлення: ён не мог сказаць чыста «р», а нейк скрадваў яго і казаў «й». Колас. Цемра скрадвала далі, і здавалася, што тут нейкае дзікае бязлюддзе. Марціновіч. // Рабіць больш ціхім (пра гукі, шум і пад.). Сама сцежка была мяккая тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)