упо́тайку, прысл.

Разм. Тое, што і употай. На вечары засталася толькі моладзь. Сярод яе была нават адна сама па сабе прывабная дзяўчына Вера Іжыцкая, з заняпалага дваранскага роду. Лабановіч употайку наглядаў за ёю. Колас. Аўстра замілавана глядзела на .. [Каспара]. «Не, не можа быць, каб такі хаваў нешта ўпотайку ад мяне». Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

успамяну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.; каго-што, пра каго-што і з дадан. сказам.

Разм. Тое, што і успомніць. Ужо шмат чаго ўспамянулі і перагаварылі мы, калі ў пакой увайшоў чалавек у форме афіцэра Чэхаславацкай арміі. Мележ. Люба ўспамянула, што ёй час дахаты, — казалі ж, каб не бавілася. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ую́н, ‑а, м.

1. Прэснаводная, вельмі рухавая рыба сямейства ўюновых з падоўжаным чэрвепадобным целам. Мяса ўюна тлустае, мяккае і крыху саладкаватае на смак. Матрунёнак.

2. перан. Разм. Рухавы, жвавы чалавек. [Сімачка] здрыганула ножкамі і ўюном выкаўзнулася, каб самой пабегчы да дзяцей. Гроднеў. // Пранырлівы, лаўкач. Гэты ўюн заўсёды выкруціцца.

•••

Віцца ўюном гл. віцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шала́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. неадабр. Бадзяцца, швэндацца. Замест таго, каб шалацца па станцыі, што было нават і небяспечна, настаўнікі прыпыніліся ў лесе на высокім узгорку над балотам, — адпачыць ды хоць трохі абмеркаваць сваё становішча. Колас. [Драч:] Проста салдат вунь колькі шалаецца па Піцеру, то няўжо кожнага на такі пачастунак? Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да шэсць. І тут Сцёпка не выказаў здзіўлення. — А я, каб паступаў, то наступаў бы ў шосты клас. Колас. І вось перад намі купэ шостага вагона плацкартнага. Васілёнак.

2. у знач. наз. шо́стая, ‑ай, ж. Шостая частка. Адна шостая.

3. у знач. пабочн. шо́стае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шталма́йстар, ‑тра, м.

1. Адзін з прыдворных чыноў у царскай Расіі. // Асоба, якая мела такі чын. [Віктар:] — Ён [Эверс] і яшчэ унь той, Чарткоў, шталмайстар, ды яшчэ тая порхаўка, сенатар Княжэвіч, міністр фінансаў — шырма. Каб не было блакітных «сяброў» з адпаведнага дома. Караткевіч.

2. Устарэлая назва рэжысёра манежа, які вядзе цыркавую праграму.

[Ням. Stallmeister.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.

1. што і без дап. Хутка прабегчы, праехаць якую‑н. адлегласць ці прамінуць каго‑, што‑н. Мы праскочылі хваёвы лясок, і да самых Круцілавіч конік ішоў подбегам. Адамчык. Коні шпарка праскочылі праз хмызняк і вынеслі санкі на адкрытае поле. М. Ткачоў. // без дап. Вельмі хутка прайсці, мінуць (пра час). Месяц праскочыў, як адзін дзень, і мая Неаніла павінна была ехаць дадому. Новікаў.

2. што і без дап. Хутка прайсці праз вузкае месца, праз якую‑н. перашкоду. Праскочыць у дзверы. □ Букрэй загадаў заваліць дарогу за грэбляю, каб конніца [палякаў] не магла праскочыць. Колас. Яраш не даехаў да бальніцы. Ён рабіў так часта, каб потым непрыкметна праскочыць прахадную і цераз скверык, абышоўшы галоўны корпус, трапіць у хірургічны. Шамякін. Пасты мы праскочылі на вялікай скорасці, паліцаі і не паспелі разгледзець, хто праехаў. Новікаў. // Прабрацца, прайсці незаўважаным або непашкоджаным. Бомбы сыпаліся, як той град, але мы неяк праскочылі. Рамановіч. — Таварыш камандзір, — нечакана парушыў маўчанне Кукарэка, — а можа нам правей узяць: там лужком ды кустамі, якраз і праскочым. Шчарбатаў. // Лёгка прайсці, упасці і пад. праз якую‑н. адтуліну. Шарык праскочыў праз кальцо.

3. перан.; што. Разм. З’явіцца дзе‑н., ухіліўшыся ад чаго‑н., пераадолеўшы што‑н. Паэт па памяці аднавіў радкі і строфы, што былі ў свой час заняты, каб праскочыць цэнзурныя загарадкі. С. Александровіч. // Астацца, апынуцца дзе‑н. з-за недагляду, няўважлівасці. У карэктуры праскочыла некалькі памылак. □ Трэба быць вельмі пільным, каб ніякіх недакладнасцей пры мантажы не праскочыла. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аддзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.

1. Вылучыць з агульнай адзінай масы што‑н. або адасобіць тое, што знаходзіцца ў злучэнні з чым‑н. Аддзяліць бялок ад жаўтка. □ [Клаўдзя:] — Колькі я табе гаварыла, каб аддзяліць калгасных кароў ад агульнага статка. Шамякін. // Адасобіць, раз’яднаць. Аддзяліць царкву ад дзяржавы.

2. Вылучыць, пазнаць. Аддзяліць істотнае ад выпадковага, галоўнае ад другараднага. Аддзяліць праўду ад хлусні.

3. Раздзяліўшы, засланіўшы, адмежаваць. Новы напор ветру густой заслонай пылу аддзяліў.. [Берднікава] ад групы людзей. Мікуліч.

4. Выдзеліць каму‑н. долю з агульнай гаспадаркі і даць магчымасць весці самастойную гаспадарку. [Данілка:] Дык.. [Сымона і Зоську] аддзяліць трэба, калі ім кепска з намі жыць. Купала. [Мікіту Лазуну] не дае спакою грамадскі выган, дзе ён хацеў бы паставіць другую хату, каб аддзяліць жанатага сына. Хромчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адсе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; зак.

1. Аддзяліцца, адстаць (пра малако, хлеб і пад.). Цётка Хіма, набраўшы ў жменьку з карца вады, абгладжвала кожны бохан, мо для таго, каб блішчала скарынка, а мо каб ён не адсеў, і накрыла доўгім вышываным ручніком. Сабаленка. // Распасціся на тварожыстую масу і сыроватку; адкіпець (пра малако). Прывезла [старая] малако і парыць пачала. Яно ж яшчэ не закіпела, Як тут жа і адсела. Корбан.

2. Здаць назад. Тады [Ратушняк] узяў тузануў за лейцы — конь падагнуў яшчэ горш галаву і адсеў назад у аглоблях: не пайшоў. Пташнікаў.

3. перан. Разм. Адлегчы, спасці. Ганна Кухарава знарок мігнула Зосі і паклікала пайсці на двор «паглядзець, ці мароз адсеў». Крапіва. І ўсе згрызоты нейк адселі, І ўсе тут зноў павесялелі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замяні́ць, ‑мяню, ‑меніш, ‑меніць; зак., каго-што.

1. кім-чым. Узяць, скарыстаць, паставіць узамен другога. Замяніць зношаныя дэталі новымі. □ Казанцаў замяніў сваю паласатую піжаму бездакорным светла-шэрым касцюмам. Васілевіч. // Падмяніць адно другім. Работу словам не заменіш. Прымаўка.

2. Заняць месца каго‑, чаго‑н., выконваючы яго абавязкі, ролю. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям’ю. Чарнышэвіч. Панаса забралі як заложніка, каб дзед Талаш прыйшоў і замяніў сына. Колас.

3. З’явіцца на змену каму‑, чаму‑н. Сум заменіць песня. □ Я быў рад усяму, Што пісала яна, І адпісваў. Зіму замяніла вясна. Нядзведскі.

4. Выпадкова або наўмысна ўзяць чужую рэч замест сваёй; падмяніць. Замяніць кніжку. Замяніць галошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)