смярдзю́чы, ‑ая, ‑ае.

Які вылучае смурод; смуродны. Іван сеў побач з Гэляю, Звесіўшы кудлатую галаву, прагна курыў смярдзючы самасад. Грахоўскі. Хворы Нор тры тыдні ляжаў паміж гарачымі катламі, на кучы смярдзючай прамасленай паклі. Шамякін. // Які насычаны смуродам, прапах ім. А вось жа брала яна мяне за душу. І мяне, і ўсіх, хто слухаў у смярдзючым бараку светлую музыку. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Трапасні́, трэпысні́ ’лахманы’ (іван., Жыв. сл.; Сл. Брэс.). Відаць, звязана з трэпасце́ць ’мільгацець, ззяць (пра зоркі)’ (пруж., бяроз., ЛА, 2), на аснове якога выводзіцца больш агульнае значэнне ’матляцца, брындаць’, параўн. роднаснае трапятаць, гл. Экспрэсіўная суфіксацыя дзеяслова, магчыма, пад уплывам субстратных балтыйскіх форм, параўн. літ. žybsė́ti, blyksė́ti ’мільгацець, пабліскваць’. Сюды ж трэ́псы ’махры ў хустцы’ (кобр., ЛА, 4), ад якой магло ўтварыцца трэпысні́ па тыпу за́барсні ’вушкі ў лапцях, у якія прасоўваецца абора’. Гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

камячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць і каме́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., што.

1. Рабіць камякі, ляпіць што‑н. з чаго‑н. мяккага, рыхлага. Камячыць шарыкі з паперы. □ Іван сядзеў на ложку, камечыў у зубах папяросу. Грахоўскі.

2. Сціскаць у камяк, мяць (звычайна пры хваляванні, перажыванні). Коля сядзеў, вінавата, нізка апусціўшы галаву, і камячыў шапку. Карпюк. // Націскаючы на што‑н., рабіць няроўным, мятым. Камячыць сукенку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

га́ліцца, га́люся, га́лішся, га́ліцца; незак., на каго-што.

Разм. Квапіцца на што‑н., імкнуцца завалодаць чым‑н. Галіцца на чужое дабро.

галі́цца, галю́ся, го́лішся, го́ліцца; незак.

1. Галіць сябе; брыцца. [Янукевіч] старанна галіўся і доўга ўціраў далонямі крэм у скуру шчок. Хадкевіч.

2. Не насіць барады і вусоў. Як і некалі, дзядзька Іван не адпускае барады, голіцца. Васілевіч.

3. Зал. да галіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падрыўны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да падрыву, узрывання. Падрыўныя работы. □ [Віктар] вывучаў падрыўную справу, авалодваў усімі відамі зброі, пазнаваў тайны разведкі ў тылу ворага. Шчарбатаў. // Які робіць падрывы, узрывы. Іван Груздовіч, былы настаўнік і камандзір падрыўной групы партызанскага атрада, загінуў смерцю героя вясной сорак трэцяга года. Шамякін.

2. перан. Накіраваны на падрыў чаго‑н.; шкодніцкі. Падрыўная дзейнасць імперыялістычных разведак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагрэ́цца, ‑грэюся, ‑грэешся, ‑грэецца; зак.

Поўнасцю пагрэцца. Стоячы на ўзгорку, дзе зямля ўжо падсохла, прагрэлася і рунь па-вясноваму зазелянела, Іван Васільевіч па жартаўлівых рэпліках, па іншых дробязях, па тым, напрыклад, як прыкурвалі, як смяяліся, адчуў: раптам змяніліся адносіны да яго гэтых двух саўгасных кіраўнікоў. Шамякін. Лес ужо добра прагрэўся сонцам, ад сасняка, які рос недалёка, патыхала цёплай смалой і багуном. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Замерці, змярцвець (ад жаху, нечаканасці і пад.). Азірнулася — умлела: Валіць следам ён [Дамянік], як дым. Колас. Убачыўшы чалавека з наганам, .. Іван умлеў. Лобан. Умлеў Шчаслівец... Сярод залы Стаіць ні мёртвы ні жывы. Бачыла. // Абамлець, страціць прытомнасць. З-пад задняй сцяны абзываецца чалавек у рудой кучомцы з чорным шалікам на шыі: — Пачынай, бо зараз дзед умлее. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпіло́г, ‑а, м.

Заключная частка літаратурнага твора, якая змяшчае кароткія звесткі пра далейшы лёс яго герояў. Надумана выглядаў эпілог рамана — сустрэча Тацяны з бацькам Віці Барысам Каганскім пасля вайны. Дзюбайла. // Заключная сцэна ў оперы. Урачысты эпілог оперы «Іван Сусанін». // перан. Канец, развязка чаго‑н. Эпілог паўстання. □ Іх [воінаў] нездарма хавалі ля дарог: Вандроўнікі тут слухаць будуць вечна Кароткага жыцця бясконцы эпілог. Жычка.

[Грэч. epílogos — пасляслоўе.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адшчапі́цца, ‑шчэпіцца; зак.

1. Адкалоцца, аддзяліцца. Трэска лёгка адшчапілася.

2. перан. Адысці, адступіцца ад каго‑, чаго‑н. [Пракоп].. чужы для ўсіх, лішні. Адшчапіўся ад грамады, ад сям’і, як пень тырчыць на іх дарозе. Колас. Перад.. [Кавалёвай] сядзеў Іван Лазоўскі і пераконваў, што з дачкою Лідай жыць не можа, раздзяліліся, а адшчапіцца няма куды. Дуброўскі.

3. Адкрыцца (пра кручок, зашчапку).

4. Адшпіліцца (пра што‑н. прышпіленае, зашпіленае). Адшчапіўся значок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расцерабі́ць, ‑цераблю, ‑цярэбіш, ‑цярэбіць; зак., што.

Расчысціць, вызваліць ад дрэў, кустоў. Іван Леўчык — старшыня калгаса — даўмеўся: каб тое балота не здратавала жывёла, расцерабіць яго, узараць дзірван і засеяць цімафееўкай. Сабаленка. [Танкісты] расцерабілі, падрыхтавалі палянку для танкавага парка. Мележ. // Выкарчаваць, выдаліць з якога‑н. месца. Тыя, каму на сядзібах трапілі палянкі з рэдкім лесам, лічылі сябе шчасліўчыкамі. Яны хутчэй расцярэбяць яго і хутчэй зрубяць зямлянкі-хаткі. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)