сасма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Знемагчы, змучыцца ад смагі, гарачыні. Недалёка ў кустах, у траве, верасах Булькатала паціху крыніца: — Не здавайся, салдат! Ты, магчыма, сасмаг? Дам уволю табе я напіцца. Бялевіч. / у перан. ужыв. Паведаміла матка і аб крамніку Ёселю, які нібы матцы сваёй прызнаўся, што яго сэрца даўно сасмагла па Рыве. Лынькоў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перасохнуць (пра губы, горла, рот). Прыступамі так хапала жывот, што хоць садзіся. На твары выступіў пот і сасмаглі губы. Мыслівец. / у безас. ужыв. Сасмагла ў роце. // Звянуць, пасохнуць ад недахопу вільгаці (пра траву, пасевы і пад.). Сасмаглі дрэвы навакол. І ўсё, што з іх радні. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сыць1 ’сытасць, насычэнне’, да сы́ці ’ўволю, удосталь’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Юрч. Вытв., Федар. 4), сыць вам ’пажаданне тым, хто есць’ (Касп.), сыць Божа ’тс’ (ашм., Стан.), сыць ’укорм’ (Бяльк.), ’корм, страва, ежа; пажыўнасць’ (Ласт.), ’пералічэнне’ (Пятк. 2), ’спажыва’ (віл., Сл. ПЗБ), сы́це ’тук’, ’сытасць, укормленасць’ (Нас.), сы́цце ’харчовае задавальненне, смачная і пажыўная ежа’ (Нік. Очерки), ’насычэнне; тлустасць’ (Нас.), ст.-бел. сыть ’ежа, харч’: оставила от сыти своеи (Альтбаўэр). Укр. сить ’тлустасць; сытасць’, рус. сыть ’ежа, корм’, ’сытасць’, ст.-слав. сыть ’сытнасць’, до сыти ’дасыта, уволю’. Прасл. *sytь < *sytъ (гл. сыты), варыянт з чаргаваннем у аснове захаваўся ў славен. dósti ’даволі’, серб.-харв. dȍsti ’даволі, вельмі’, польск. dość ’дастаткова’, в.-луж., н.-луж. dosć ’тс’. Гл. досыць.

Сыць2 ’расліна Cyperus L.’, сыць ілжывая ’асака, Carex pseudo-cyperus’ (Кіс.). Параўн. укр. дыял. сить ’расліна Cyperus L.’, рус. сыть ’тс’. Няясна; звычайна не адрозніваюць ад сіт, сі́тнік (гл.), параўн. укр. сіть ’сітнік, чарот’ (ЕСУМ, 5, 247). Гл., аднак, укр. дыял. сить ’ражкі, Claviceps purpurea Tul.’, якая мае на Палессі іншыя назвы, у тым ліку спары́ш ’тс’ (Лекс. Бел. Палесся), што дазваляе, насуперак ЕСУМ (там жа), звязаць назву з сыты (гл. сыць1), г. зн. багаты; які дае павелічэнне, напаўненне і інш. Адносна апошняга гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 74–76.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нагле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца і наглядзе́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. Уволю паглядзець. Дзяўчынцы вельмі хацелася пастаяць, добра нагледзецца на дзівосную кветку. Сіняўскі. [Стэпа:] — Хоць пасядзі на расстанні з мацерай. Бо калі мы ўжо ўгледзімся — хто можа сказаць... — Яна разгорнілася і заплакала. — Дай мне наглядзецца на цябе... Гартны. / (з адмоўем «не» або дзеясл. «магчы»). [Маці] — Не пушчу раней, не пушчу... Я яшчэ на вас, дзеткі, добра не нагледзелася. Пальчэўскі. Некалькі дзён .. [Галя і Зоя] не адыходзілі адна ад другой і не маглі наглядзецца адна на адну. Сяргейчык.

2. Паглядзець, убачыць многа чаго‑н.; убачыць не адзін раз што‑н. У хаце поўна кабет, яны пры ўваходзе Міці на хвіліну змоўклі, а потым зноў загаварылі пра сваё.. — чаго нагледзеліся яны, колькі набедаваліся... Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

завяза́ць 1, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Зрабіць вузел; змацаваць, злучыць канцы чаго‑н. вузлом, бантам, пятлёй і пад. Завязаць гальштук. □ Павады завязалі на шыях [коней]. Брыль. Забойцу, хоць не ўцякаў ён і не быў страшны, пастронкам завязалі за спіну рукі. Галавач. Адной рукой і вузла не завяжаш. Прыказка. // Абматаць, абгарнуць чым‑н., змацаваўшы канцы; абвязаць. Завязаць вочы. Завязаць мех. □ Панасаву нагу прамылі, агледзелі рану, завязалі, як маглі і чым маглі. Колас. // Апрануць, павязаць што‑н., змацаваўшы канцы вузлом. Завязаць шалік. □ — Хустку завяжы, зашпіліся, — наўздагон крыкнула .. маці. Васілевіч. // Увязаць у што‑н., сцягнуўшы канцы вузлом; упакаваць. Завязаць грошы ў хустачку.

2. Устанавіць (якія‑н. узаемаадносіны, сувязі), распачаць (якія‑н. узаемныя дзеянні, размову). Завязаць знаёмства. Завязаць гаворку. □ Узвод Пазняка першы прарваўся праз абарончыя лініі ворага і завязаў бой на вуліцы. Шахавец.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Даць пачатак, утварыць (плод). Ён знае абавязак свой, Нясе пылок ад хвой да хвой, З расліны на расліну, З травіны на травіну, Каб завязалі заедзь Антонаўка і вішня. Лужанін.

•••

Свет завязаць каму — зрабіцца перашкодай, абузай, пазбавіць свабоды дзеянняў.

Язык не завяжаш — не забароніш гаварыць.

Як завязаць — а) поўна, вельмі многа; колькі ўлезла. Дзесяць мяхоў, як завязаць, насыпалі мы з ямы трошкі падапрэлага, але яшчэ добрага жыта. Сабаленка; б) колькі можна; уволю. Яму было нясоладка, набраўся страху лапавухі як завязаць. Ляўданскі.

завяза́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да завязнуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вяжа; зак., каго-што.

1. Распусціць, расслабіць канцы чаго‑н. звязанага. Развязаць хустку. □ [Стафанковіч] паклаў клунак на другі стол, які стаяў пасярод пакоя. Развязаў рагі прасцірадла, пачаў выцягваць з яго крысо сапраўды добрага футра. Чорны. // Вызваліць ад завязку ўпакоўкі што‑н. завязанае, звязанае. Развязаць мех з бульбай. □ [Яцук] развязаў свой рукзак, вывалак кілаграмовы кавалак сала. Лупсякоў. // Зняць тое, чым былі звязаны хто‑, што‑н., вызваліць ад вяровак і пад. — Мы развязалі арыштаваных, нам трэба было адразу ж рушыць адсюль. Чорны. [Тата] развязаў казлу ножкі і пусціў яго на падлогу. Брыль. Вартавы развязаў палоннаму вочы. Шамякін.

2. перан. Разм. Рашыць, вырашыць што‑н. заблытанае. — Зараз! — адмахнуўся Казік і зноў схіліўся над задачай, якую ніяк не мог развязаць да канца. Шыловіч. — О-о! — жартліва ўсклікнуў Яўген, Рыгоравіч. — Справа тут складаная, прычын сямейная, мне не пад сілу развязаць яе. Хадкевіч.

3. перан. Даць чаму‑н. развіцца, разгарнуцца, праявіцца ў поўнай меры. Развязаць ініцыятыву мас.

4. Разгрузіць ад скаплення транспарту (дарогу), збудаваўшы развязку (у 3 знач.).

•••

Развязаць вайну — пачаць вайну.

Развязаць вочы каму — прасвятліць каго‑н. палітычна, духоўна і пад.

Развязаць рукі каму — даць свабоду дзеянняў, вызваліць ад залежнасці, абмежавання ў чым‑н.

Развязаць язык каму — а) прымусіць разгаварыцца, расказаць сакрэт, тайну. — Каб развязаць табе язык, я дам табе паспытаць вось гэтага, — сказаў афіцэр. Ён узяў ад салдат шомпалы і, скруціўшы іх дротам па тры разам, загадаў старому класціся на снег. Галавач; б) разгаварыцца, пачаць шмат гаварыць (пасля маўчання). Віно развязала язык і Віктару. Асіпенка.

Хоць пуп развяжы — колькі хочаш, уволю (есці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уле́зці, улезу, улезеш, улезе; пр. улез, ‑ла; заг. улезь; зак.

1. Пранікнуць, праціснуцца, забрацца ўнутр чаго‑н. Улезці ў склеп. Улезці ў кабіну. □ Лапко ўлез у печ і ўзяўся за работу. Памагала яму Анэтка, спрытная, гнуткая дзяўчына. Падавала гліну. Колас. Толькі падумаю ехаць — А як у аўтобус улезеш? На яго ж у суботу Людзей, нібы сосен у лесе. Карызна. Цяпер ужо льга было чалавеку ўлезці ў млын, вылезці назад і паставіць дошкі на месца. Чорны. // Разм. Увайсці, забрацца куды‑н. Не зважаючы на стрэлы і голле, якое драпала яго па твары, .. [Сотнікаў] бег, пакуль не трапілася імшарына, потым улез у нейкую твань і ўжо не мог з яе выбрацца. Быкаў. Цяжка дыхаючы, у штаб улез двухметровай вышыні шыракагруды чалавек з забінтаванай галавою. Шчарбатаў. [Дзядзька:] — Бабка твая .. улезла ў .. [куст маліны] і давай збіраць ягады ў вядзерца. Ляўданскі. [Ігнат:] — Пільнуй, каб коні, барані бог, у балота не ўлезлі. Мележ. // Разм. Пасяліцца, усяліцца куды‑н. Перабраліся ў зямлянку і жылі ў ёй, пакуль не ўлезлі ў новую хату. Лужанін. [Ганка Мікалаеўна:] — Каб сама не бачыла, не паверыла б, — і, памаўчаўшы, дадала: — Вось улезем у новую хату, першым госцем будзеце. Грахоўскі. // перан. Разм. Старанна ўнікнуць у якую‑н. справу. Эскіз дапамог мне яшчэ глыбей улезці ў вобраз. Сяргейчык. // Разм. Надзець што‑н. Насця .. ўлезла ў андарак і, тэпаючы босымі нагамі па падлозе, пайшла ў сенцы адчыняць. Навуменка.

2. Залезці ў шкоду. — Глядзі ж, каб яшчэ які конь не ўлез, — строга паказала Насця. Мележ. [Лапінка:] — Настуля Кукобіна .. моліцца, а сама ўсё цікуе за рэчку, каб гусі ў шкоду не ўлезлі. Брыль. Трэба было глядзець, каб у грады не ўлезла суседскае парася, сачыць за цялём, якое пасвілася на дзедавым прыгуменні і магло ўбіцца ў шкоду. С. Александровіч. // Пранікнуць куды‑н. тайком. У воласць гэтымі днямі прыдзе дывізія, якая, разумеецца, будзе стаяць па вёсках. Дрэнна толькі тое, што салдат любіць часамі і ў пограб зазірнуць і ў кубелец з салам улезці. Колас. // Захапіўшы чужое, залезці куды‑н. — От які сусед мне папаўся, Андрэй, — гаварыў па дарозе Сымон. — Свінушнік пабудаваў, дык па паўаршына ў маю сядзібу ўлез. Чарнышэвіч. // перан. Пранікнуць куды‑н. хітрасцю, лоўкасцю. [Клеманс] думаў, што старшыня паможа яму ўлезці ў сельсавет. Чорны.

3. Умясціцца, размясціцца ўнутры чаго‑н. Нага не ўлезла ў бот. Кнігі ўлезлі ў чамадан. □ Цётка Насця рэжа бульбу на кавалкі, каб больш улезла ў чыгун, і расказвае. Палтаран. [Юрка:] — Цягні яшчэ бутэльку — колькі ў яе ўлезе той вады, і яна сагрэецца адразу, — да лесу яшчэ не данясеш... Пташнікаў.

4. Уваткнуцца, увайсці ў глыб чаго‑н. Улезла стрэмка ў нагу. □ Тое, што першае трапіла на язык, спадабалася Алесю.. Але далей зубы ўлезлі ў нешта вязкае, — груша і не груша. Караткевіч. / у перан. ужыв. У вушы чамусьці ўлезла і гучыць — ні на хвіліну не змаўкае — дзіцячая песенька. Сачанка. // Асесці, апусціцца, увайсці ў што‑н. Старая хата неяк яшчэ больш улезла ў зямлю, нахінулася набок побач з новым зрубам. Хадановіч.

5. Разм. Умяшацца ў якую‑н. справу. У размову ўлезла цётка Таццяна. Яна спыніла Данілу, мабыць, на самым цікавым месцы. Асіпенка. Стары падла, як кажа жонка, а ўлез у кашу, звязаўся з гэтымі зладзеямі! Дамашэвіч.

•••

Колькі ўлезеуволю, колькі хочаш. [Мужчынскі голас:] — Знайшоў дзе месца чытаць. Бяры дахаты ды там і чытай, колькі ўлезе. Пальчэўскі.

Улезці ў даўгі (у доўг) — тое, што і залезці ў даўгі (у доўг) (гл. залезці).

Улезці ў душу — тое, што і залезці ў душу (гл. залезці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)