грыф 1, ‑а, м.

1. У антычнай міфалогіі — крылатае страшыдла з тулавам ільва і галавой арла або льва.

2. Вялікая драпежная птушка, якая гнездзіцца на скалах, абрывах, адзіночных дрэвах і жывіцца падлай.

[Грэч. gryps.]

грыф 2, ‑а, м.

1. Доўгая драўляная пласцінка на шыйцы музычных інструментаў, да якой у час ігры прыціскаюць струны. Гітара была добрая, з прыгожымі малюнкамі на версе, з вялікім чырвоным бантам на канцы грыфа. Васілёнак.

2. Стальны прут атлетычнай штангі, на які надзяваюцца шары, дыскі.

[Ням. Griff.]

грыф 3, ‑а, м.

1. Штэмпель з узорам чыйго‑н. афіцыйнага подпісу, а таксама адбітак з гэтага штэмпеля. Бланк з грыфам установы. □ Светла-жоўтыя, горда аздобленыя двухмоўным грыфам паўпрэдства СССР пакеты прыходзяць на лагерную пошту амаль штодня. Брыль.

2. Надпіс на дакуменце, выданні, які вызначае правілы карыстання імі. Апублікаваць брашуру пад грыфам: «На правах рукапісу». □ Палкоўнік запісаў.. [лічбы] на бланку з грыфам «Сакрэтна», затым утаропіўся ў іх вачамі і задумаўся. Дудо.

[Ад фр. griffe — кляймо, штэмпель.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры́нцып, ‑у, м.

1. Асноўнае, зыходнае палажэнне якой‑н. тэорыі, вучэння, навукі і пад. Прынцыпы знешняй палітыкі СССР. Прынцыпы пралетарскага інтэрнацыяналізму. Дэмакратычны прынцып кіраўніцтва. □ — Не турбуйцеся, — адказаў я. — Работа рэдакцыі абумоўлена святымі прынцыпамі нашага савецкага друку — выступаць толькі з праўдай. Ракітны. Змагаючыся за стварэнне масавай палітычнай арганізацыі, В. Тарашкевіч прызнае кіруючую ролю Кампартыі ў рэвалюцыйным руху і сам як камуніст умела і творча ажыццяўляе гэты прынцып. Палуян. // Асноўны закон якой‑н. дакладнай навукі. Прынцып сусветнага прыцягнення.

2. Унутранае перакананне ў чым‑н., норма або правіла паводзін. Гаварыў [бацька] пра свае маладыя гады, выкладаючы мне пры гэтым некаторыя свае жыццёвыя прынцыпы. Таўлай. Назанскі ніколі не адступаўся ад свайго правіла — кожны дзень свежая кашуля. Гэта быў яго жалезны прынцып: у свежай кашулі, гаварыў ён, працуецца лепш. Гаўрылкін.

3. Асноўная асаблівасць канструкцыі якога‑н. механізма, прыбора. Гучнагаварыцель зроблены па прынцыпу тэлефона. □ [Мірон:] — Пастукаем аб камень, зробім насечкі, каб не слізгала. Так сказаць, па прынцыпу пілы. Маўр.

•••

У прынцыпе — у асноўным, у агульных рысах.

[Ад лац. principium — пачатак, аснова.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клуб 1, ‑а, м.

1. Арганізацыя, якая аб’ядноўвае людзей пэўнай сацыяльнай групы для сумеснага адпачынку, забаў і пад. // Грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае спартсменаў або аматараў спорту. Яхт-клуб. Шахматны клуб.

2. Культурна-асветная ўстанова ў СССР, задачай якой з’яўляецца палітычная і вытворчая асвета працоўных, павышэнне іх культурнага ўзроўню, арганізацыя адпачынку і пад. Клуб чыгуначнікаў: Сельскі клуб. Загадчык клуба.

3. Будынак, памяшканне такіх арганізацыя, устаноў. Прыйшлі з поля, з гаспадаркі, Клуб запоўпіўшы да краю, Брыгадзіры і даяркі, Брыгадзіркі і свінаркі. Купала.

[Англ. club.]

клуб 2, а́, м.

Лятучая шарападобная маса пылу, дыму, пары і пад. Клубы туману. □ На заломе выбухнуў велізарны клуб белаватага дыму, за ім выкідаліся другія клубкі, следам за гэтым паказаўся паравоз кур’ерскага поезда. Колас. Клубы марознага паветра ўрываюцца праз адчыненыя дзверы. Асіпенка.

клуб 3, а́, м.

Знешні бок верхняй часткі бядра. Бразнулі дзверы, з сянец выскачыла дзяўчына — мабыць Волька! — і скоранька пайшла цераз двор, стукаючы загарэлымі пяткамі і лёгка пагойдваючы круглымі клубамі. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каза́к 1, казака і казака; мн. казакі, ‑коў і казакі, ‑аў; м.

1. На Русі ў 15–17 стст. вольны чалавек з прыгонных сялян, халопаў, гарадской беднаты, якія ўцякалі на ўскраіны дзяржавы — Дон, Запарожжа, Яік. Запарожскія казакі. □ Большая частка казакоў складалася з былых прыгонных сялян, якія ўцякалі на Украіну і паўднёвыя вобласці Беларусі ад прыгоннай няволі. «Беларусь».

2. У дарэвалюцыйнай Расіі з 18 ст. — прадстаўнік ваеннага саслоўя — ураджэнец вайсковых абласцей (Кубанскай, Арэнбургскай, войска Данскога і інш.), які быў абавязан несці службу ў асобых вайсковых часцях за льготнае карыстанне зямлёй. Данскія казакі. // Радавы асобых (звычайна кавалерыйскіх) вайсковых часцей, якія камплектаваліся з ураджэнцаў вайсковых абласцей. У вёсцы трывога: прыехаў земскі з казакамі. Якімовіч.

3. Ураджэнец некаторых (былых вайсковых) абласцей СССР.

4. перан. Пра спрытнага, маладога мужчыну. — Па-нашаму было гэтак, — хто хлопец хлёсткі і смелы, той і казак. Брыль.

•••

Вольны казак — пра свабоднага чалавека, які ні ад каго не залежыць.

[Ад цюрк. казак — вольны чалавек.]

каза́к 2, ‑а, м.

Тое, што і казачок (у 3 знач.). Разгарнуў Грамыка полы, Казака йдзе сам-адзін. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свабо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення, які карыстаецца свабодай (у 2 знач.). Пачуцці і мыслі народаў свабодных Лунаюць на Ўсходзе Далёкім. Колас. // Уласцівы краіне, народу, якія не ведаюць прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення. У свабоднай працы, у адпачынку, у весялосці, у чаканні новых радасцей дні і тыдні ляцелі незаўважна. Шамякін.

2. Які валодае дзяржаўнай незалежнасцю, суверэнны. Саюз непарушны рэспублік свабодных З’яднала навекі Вялікая Русь. Гімн СССР.

3. Які не з’яўляецца рабом, прыгонным. Свабодны селянін. □ Зярняты свабодны сявец З сяўні сее ў пульхны загон. Махае касою касец, Пазбыўшы галодны прыгон. Купала.

4. Які мае права, магчымасць распараджацца сабою па ўласнаму жаданню; незалежны, не звязаны ні з кім якім‑н. абавязкамі, адносінамі. Свабодны мастак. // Які адбываецца па сваёй волі, жаданню, без прымусу. За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права свабоднага выхаду з СССР.

5. Які не ведае перашкод, абмежаванняў. [Лукавіцып].. быў патайным прыхільнікам «свабоднай любві». Крапіва. Толькі ж ім [ворагам] свабодны рух Не стрымаць ніколі! Колас. // Не абмежаваны пэўнымі нормамі, правіламі, формамі. Канструкцыя свабоднай формы.

6. Бесперашкодны, неабмежаваны законам. Свабодныя выбары. Свабодны гандаль. Свабодны абмен думкамі. □ Свабоднае слова, ты, роднае слова! Зайграй ты смялей, весялей! Купала.

7. Які адбываецца, працякае лёгка, без перашкод, цяжкасцей. Свабоднае дыханне. Свабоднае валоданне французскай мовай. // Не напружаны (пра позу, рухі і пад.). Свабодная пасадка ў сядле.

8. Нікім, нічым не заняты; пусты, вольны. У аўтобусе былі свабодныя заднія месцы, і селі ўсе трое. Пташнікаў. Калі сенцы ад лучыны асвятліліся, ён [салдат] агледзеў свабодную лаву і прысеў. Лобан. // Нічым не заняты (пра рукі і інш.). Першы коннік, маёр, ловіць свабоднай рукой галлё, пад якое нельга нагнуцца. Брыль. // Нікім не замешчаны, вакантны. Свабодная адзінка.

9. Разм. Які не знаходзіцца ў дадзены момант у карыстанні. Свабодныя грошы. Тэлефон свабодны.

10. Больш чым дастатковы па велічыні; раскошны. Свабодны касцюм. Паліто свабоднага крою.

11. Які ні да чаго не прымацаваны, ні з чым не злучаны. Свабодны канец вяроўкі.

12. Які не перадае руху іншым часткам механізма, вызвалены ад счаплення, ад нагрузкі. Свабоднае кола. Свабодная шасцярня.

13. Які не знаходзіцца ў хімічным злучэнні з чым‑н. Свабодны кісларод.

•••

Свабоднае падзенне цела — падзенне цела пад уплывам сілы цяжару.

Свабодны ўдар гл. удар.

Свабодныя электроны гл. электрон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ла́стаўка1 ’птушка Hirundo rustica L., Chelidon urbica і інш.’ (ТСБМ, БРС, Шат., Грыг., Сцяшк., Гарэц., Бяльк., Касп., Яруш., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.), ла́стувка (Бес.), ла́стоўка (Кл.), ластавіца (Шн.), ла́стачка, шчуч. ластавачка ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. ла́стівка, ластовиця, ласточка, гластівка, рус. ластка, ластовица, ластовка, ластуша, ст.-рус. ластовица, ластка ’тс’, ластунъ ’стрыж’; на сучаснай польск. тэрыторыі лексема сустракаецца толькі ў пагранічных з ЧССР і СССР дыялектах: палаб. lostěvaičă/lostovaićă, в.-луж. łastojčka, łastojca, łastolca, fastojnčka, głasiowica, чэш. vlaštovka, lašťovka, laštovice, hlaštověnka, ст.-чэш. vlasiovica, vlaštovica, lastovica, славац. lastovica, славен. lástovka, lástovica, hlastovica, старое lástavica, серб.-харв. ла́ста, lastac, ла̏ставица, ла̏стовица, lastova, макед. ласто́јца, ласта, љастовица, балг. ластавица, ластовица. Прасл. lasta, lastavica, lastovica (Слаўскі, 1, 513; Скок, 2, 274; Булахоўскі, 3, 244) і alstavica (Клепікава, ВСЯ, 5, 172–178). Агульнапрынятай этымалогіі няма. Міклашыч (161) гэту лексему этымалагічна суадносіць з літ. lė̃kti, lakstýti ’лётаць’, lakstùs ’хуткі’, лат. lèkt, lakstiĩt ’шчабятаць’, ’бегаць, скакаць туды і назад’. Таксама Фрэнкель (ZfslPh, 11, 45–47) і Фасмер (2. 463). Голуб-Копечны (419), Махэк₂ (694), Слаўскі (там жа) і Шустар-Шэўц (10, 763) мяркуюць, што ў аснове лексемы ляжыць анамата-экспрэсіўны пачатак (jaskotati, jaskati, ch‑lastati ’шчабятаць’, chlap‑ati ’стукаць, балбатаць’). Развадоўскі (RSPWF, 25, 441) прабуе звязаць яе з ірл. los, кімр. llost ’хвост’. Трубачоў (ЭИРЯ, 2, 1962, 29) суадносіць з роднасным прасл. laska ’ласка, каханне’ і ласка, ласіца ’Mustela vulgaris’. Сапраўды, найбольш блізкімі аказваюцца такія лексемы, як бел. ласы, пад‑ласы ’белабрухі’, ’з белымі бакамі і грудзьмі’ < прасл. lasъ (гл. ласіца1). Сюды ж пераноснае ла́стаўкі, ла́стаўке ’рабацінне, вяснушкі’ (Сл. паўн.-зах.).

Ла́стаўка2, ла́стоўка, ла́стовочка, ла́сточка, ла́стачка, ла́стка, ла́сткі ’ўстаўка ў штанах ці портках’ (Грыг., Жд. 1, Сакал., Касп., Шатал., Мат. Гом., Мат. Маг., Сл. паўн.-зах.), ’цвікля, клін які ўстаўляецца ў пройму рукава пад пахамі пры ўшыванні яго ў станіну кашулі’ (Бяльк., Сцяшк., Шатал., Мат. Гом., Сакал., Тарн., Бел. нар. адзенне, Бел. хр. дыял.), ’гестка’ (Шатал.). Перанос паводле падабенства з ла́стаўка1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

наро́д, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑а. Насельніцтва якой‑н. краіны, дзяржавы. Народ Савецкай краіны. □ І сэрцы, і воля, І думы народа Злучыліся ў плыні адной, Як хвалі патокаў, Як шумныя воды, Дзе сонца гуляе вясной. Колас. Іду з маім народам я, Вядзе мяне дарога проста. Краіна родная мая, — Вялікія тваім мы ростам. Бялевіч.

2. ‑а. Нацыя, нацыянальнасць, народнасць. Непарушны саюз народаў. Братняя дружба народаў. □ Нямецкі народ, да цябе маё слова — Вайне сваё «не» ты скажы. Бачыла.

3. ‑а; толькі адз. Асноўная, працоўная маса насельніцтва. Працоўны народ. □ Ідзе народ сярпа, касы, станка і молата. Таўлай. // У гістарычным матэрыялізме — сацыяльная супольнасць, якая ўключае ў сябе тыя слаі і класы, якія здольны ўдзельнічаць у вырашэнні задач прагрэсіўнага развіцця грамадства.

4. ‑у; толькі адз. Людзі. Сабралася шмат народу. □ Народ з пакункамі валіў з вакзала. Чорны. Народу ў клубе ўсё прыбывала. Шахавец. // Разм. Пра групу людзей, якія маюць нейкія агульныя, аднолькавыя рысы. Хлапчукі — народ спрытны. □ [Тата:] — Тут, у школе, народ вучоны, займаецца сур’ёзнай справай. Брыль. Бацькі — нецярплівы народ! Грамовіч.

•••

Савецкі народ — новая сацыяльная і інтэрнацыянальная супольнасць людзей, якая ўзнікла ў СССР за гады сацыялістычнай будаўніцтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

курс 1, ‑у, м.

1. Напрамак руху, шлях (карабля, самалёта і пад.). Змяніць курс карабля. □ Самалёт цвёрда лёг на свой курс — на захад. Новікаў.

2. перан. Напрамак палітыкі, дзейнасці. Курс на політэхнізацыю навучання. Курс на індустрыялізацыю краіны.

курс 2, ‑а, м.

1. Сістэматычны выклад якой‑н. навуковай дысцыпліны, галіны ведаў, а таксама падручнік, які з’яўляецца такім выкладам. Курс гісторыі партыі. Курс вышэйшай матэматыкі.

2. Увесь аб’ём якога‑н. навучання. Курс сярэдняй школы. Універсітэцкі курс.

3. Навучальны год у спецыяльнай сярэдняй і вышэйшай навучальных установах. Закончыць тры курсы інстытута. // Разм. Студэнты пэўнага года навучання. Пяты курс здае дзяржаўныя экзамены.

4. толькі мн. (ку́рсы, ‑аў). Форма паскоранай падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў. Курсы шафёраў. Курсы перападрыхтоўкі настаўнікаў.

5. Закончаны цыкл лячэбных працэдур. Курс лячэння.

6. У СССР — вартасць каштоўных папер, якая ўстанаўліваецца спецыяльнымі дзяржаўнымі нарматыўнымі актамі; у капіталістычных краінах — цана, па якой на біржы прадаюцца і купляюцца акцыі, аблігацыі, вэксалі і інш. каштоўныя паперы.

•••

У курсе чаго (быць) — пра дасведчанасць у чым‑н.

Увайсці ў курс гл. увайсці.

Увесці ў курс гл. увесці.

[Ад лац. cursus — ход, цячэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́гер, ‑а, м.

1. Часовая стаянка войска ў палявых умовах, а таксама войска, размешчанае такім чынам. Чуўся ціхі шум ротнае лагера ў ляску, ціха гулі галасы. Чорны. Калі Шутаў вярнуўся ў брыгадны лагер, было ўжо за поўнач. Мележ. // Сталае месцазнаходжанне партызан, паўстанцаў. Чорныя праталіны ля зямлянак партызанскага лагера курыліся парай. Лынькоў.

2. Часовае пасяленне, стаянка каго‑, чаго‑н. Лагер лесарубаў прачнуўся з усходам сонца. Машара. Пасялілі [Валерыя] у лагеры палатак, разам з іншымі будаўнікамі. Б. Стральцоў. Прыкованы вочы, увага мільёнаў Да лагера Шміта на здрадлівым лёдзе. Колас. // Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы. — Пакуль свінарнік пабудуем, будзем трымаць маладняк у лагерах, — прапанаваў адзін [член праўлення]. Сергіевіч.

3. Месца ўтрымання ваеннапалонных ці зняволеных. Вясной .. акупанты прадбачліва сталі збіраць сейбітаў. Каб загнаць іх за браты лагераў і там замарыць ці завезці ў Нямеччыну. Брыль. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч.

4. перан. Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў. Лагер міру і сацыялізма. □ Міхалка падзяліў людзей сваёй ваколіцы на два лагеры — на ворагаў і прыяцеляў савецкай улады. Бядуля.

•••

Канцэнтрацыйны лагер — месца масавага зняволення і знішчэння барацьбітоў за дэмакратыю і сацыялізм, ваеннапалонных і інш.

Піянерскі лагер — выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для піянераў і школьнікаў у СССР.

[Ням. Lager.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гісто́рыя, ‑і, ж.

1. Рэчаіснасць у працэсе развіцця. Законы гісторыі. Дыялектыка гісторыі.

2. Сукупнасць фактаў і падзей, якія адносяцца да мінулага чалавечага грамадства. Беларусь увайшла ў гісторыю як краіна-партызанка. «Маладосць».

3. Навука аб развіцці чалавечага грамадства. Гісторыя СССР. Гісторыя сярэдніх вякоў. Гісторыя старажытнага свету.

4. Паслядоўнае развіццё чаго‑н. Гісторыя гандлёвых адносін.

5. Навука, якая разглядае паслядоўнае развіццё, змяненне якой‑н. галіны прыроды або культуры. Гісторыя зямной кары. Гісторыя беларускай мовы. Гісторыя тэатра. Гісторыя архітэктуры.

6. Сукупнасць фактаў і падзей, звязаных з кім‑, чым‑н. Сямейная гісторыя.

7. Расказ, апавяданне. Хлопец з фантазіяй, ён спакушаў таварышаў вясёлымі гісторыямі, выдумкамі і нечаканымі прапановамі. Карпаў.

8. Здарэнне, падзея, выпадак. Кабушкін расказваў вясёлыя гісторыі са свайго жыцця. Новікаў.

•••

Гісторыя хваробы — медыцынскі дакумент аб стане здароўя хворага, які запаўняецца ўрачом ад пачатку лячэння і да яго канца.

Вечная гісторыя — тое самае, увесь час адно і тое.

Вось дык гісторыя! — пра нечаканы, непрадбачаны паварот справы.

Доўгая гісторыя — тое, што і доўгая песня (гл. песня).

Павярнуць кола гісторыі назад гл. павярнуць.

Пра гэта гісторыя маўчыць (жарт.) — што‑н. застаецца невядомым, лічаць непатрэбным гаварыць пра што‑н.

Трапіць у гісторыю гл. трапіць.

Увайсці ў гісторыю гл. увайсці.

[Грэч. historia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)